Славя́нская мікрамо́ва — тэрмін, уведзены ў канцы 1970-х гадоў расійскім лінгвістам Аляксандрам Дулічэнкам для пазначэння асаблівых літаратурных і лінгвістычных форм, што існуюць побач з больш вядомымі славянскімі мовамі. Славянскія мікрамовы звычайна вызначаюцца як стандартызаваныя формы некаторых ізаляваных або перыферыйных дыялектаў буйнейшых нацыянальных моў, пры гэтым мікрамовы, як і нацыянальная мова, маюць шэраг літаратурных функцый у грамадстве, аднак у прыкметна меншым аб’ёме ў адрозненне ад нацыянальнай. Усе літаратурныя мікрамовы, як правіла, маюць некаторую лінгвістычную сувязь з нейкай нацыянальнай мовай, у выніку чаго славянскія мікрамовы часта фактычна ўяўляюць сабою стандартызаваныя формы дыялектаў нацыянальнай мовы. Тым не менш, з гэтага правіла могуць быць выключэнні.
Носьбіты або карыстальнікі сучасных славянскіх мікрамоў звычайна пражываюць сярод няроднасных моўных супольнасцей, складаючы тым самым своеасаблівы этнічны «востраў», або ў перыферыйных рэгіёнах сваёй гістарычнай этнічнай групы. Адпаведна з гэтым, славянскія мікрамовы падзяляюцца на «астраўныя» і «перыферыйныя» (таксама вядомыя як рэгіянальныя). Сярод астраўных славянскіх мікрамоў найвядомейшымі з’яўляюцца панонска-русінская, градышчанска-харвацкая, малізска-славянская, рэзьянская, (часам азначаецца як «паўастраўная») і банацка-балгарская мікрамовы. Асноўнымі перыферыйнымі славянскімі мікрамовамі з’яўляюцца прэкмурская, усходнеславацкая, ляшская, русінская, заходнепалеская і г.д.
Дакладныя іерархічныя зносіны між нацыянальнымі літаратурнымі мовамі і мікрамовамі могуць быць устаноўленымі шляхам даследаванняў унутраных уласцівасцей, такіх як неадпаведнасць між строгай маўленчай нормай нацыянальнай мовы і ўмеранай нормай мікрамовы, якая нярэдка зліваецца з дыялектамі. Нацыянальная літаратурная мова часта адлюстроўвае стандартызаваную форму маўлення, што, аднак, можа адсутнічаць у мікрамоў, чые нормы нярэдка складаюцца з досыць розных дыялектаў. Апрача таго, розніца можа складацца між шырынёй выкарыстання нацыянальнай мовы і мікрамовы.
Між тым, мікрамовы звычайна маюць большае функцыянальнае выкарыстанне ў адрозненне ад адпаведных дыялектаў; яны праяўляюць тэндэнцыю да стандартызацыі, што цягне за сабою значнае пашырэнне лексікі, больш кадыфікаваную граматыку (часта — шляхам знешніх запазычанняў), а таксама зварот да папярэдняй літаратурнай і лінгвістычнай традыцыі іншых дыялектаў. У адрозненне ад дыялектаў, якія могуць ужывацца ў мастацкіх мэтах, мікрамова звычайна ў той ці іншай ступені рэгулюецца арганізаваным літаратурным і моўным працэсам, які ўяўляе стварэнне і функцыянаванне мікрамовы.
З пункта гледжання геаграфіі славянскія мікрамовы могуць існаваць сярод іншых славянскіх альбо сярод не-славянскіх рэгіёнаў. Такім чынам, адны з мікрамоў маюць становішча своеасаблівых «астравоў», узнікшых у выніку міграцыі, у той час як іншыя — як мовы, што не адасабляліся ад рэгіёна свайго паходжання.
Ніжэй прыведзены спіс шырока вядомых сучасных славянскіх мікрамоў. Мікрамовы згрупаваныя паводле дыялектнай прыналежнасці да іншай, буйной нацыянальнай мовы (то бок да мовы, адным з дыялектаў якой ёсць дыялект, на якім заснавана мікрамова), а таксама паводле прыналежнасці да той ці іншай групы славянскіх моў.
Асаблівае становішча займае панонска-русінская мова (русіны-перасяленцы ў Ваяводзіне і Харватыі, таксама вядомая як югаславарусінская), якая генетычна адносіцца да славацкага моўнага масіву, аднак мае моцны субстратны і адстратны русінскі ўплыў. Па сукупнасці крытэрыяў займае прамежкавае становішча між мікрамовамі і асноўнымі славянскімі мовамі.
Да апошняга часу адзіным моўным арэалам, дзе не ўзніклі літаратурныя мікрамовы, заставалася руская мова. У пачатку ХХІ ст. у Расіі з’явілася некалькі праектаў, сярод якіх можна адзначыць сібірскую і паморскую мікрамовы. У пачатку мінулага стагоддзя ставіліся спробы стварэння літаратурнай мовы на аснове мясцовых гаворак для Усевялікага Войска Данскога — кароткатэрміновай дзяржавы на поўдні Расіі.
Большасць славянскіх мікрамоў, як правіла, прасоўваюць не нацыі або этнічныя групы, а культурна-моўныя і этнамоўныя групы як субэтнічныя групы таго ці іншага славянскага этнасу.
Перыферыйныя літаратурныя мікрамовы функцыянуюць у асяроддзі культурна-моўных груп, што існуюць у межах перыферыйнага (этнічнага) арэала і вылучаюцца ў яго межах толькі мясцовымі асаблівасцямі культурна-гістарычнага і дыялектнага (моўнага) характару, — да падобных груп належаць чакаўцы, кайкаўцы ў Харватыі і г.д. Да астраўных літаратурных мікрамоў адносяцца этнамоўныя групы, што рэзка адрозніваюцца ад навакольнай большасці — градышчанскія харваты, малізскія славяне, банацкія балгары і г.д., у адрозненне ад культурна-моўных груп гэтыя групы характарызуюцца трохі большай этнічнай і моўнай адасобленасцю. І перыферыйныя, і астраўныя этнічныя групы ў пераважнай большасці (за некаторымі выключэннямі) разглядаюць уласную ідэнтычнасць як частку большай, буйной славянскай нацыі (банацкія балгары — балгар; малізскія славяне, градышчанскія харваты, чакаўцы, кайкаўцы — харватаў і г.д.). Зыходзячы з падобнага крытэрыя, панонска-русінская мова можа разглядацца як асобная з прычыны прэтэндавання панонскіх русінаў на статус асобнага народа. З іншага боку, пад падобны крытэрый і пад вызначэнне мікрамова не трапляюць лужыцкія мовы, якія маюць астраўное размяшчэнне, але не адносяцца да якой-небудзь буйнейшай славянскай мовы, а таксама кашубская мова, якая, нягледзячы на перыферыйнае становішча адносна польскай, лічыцца большасцю лінгвістаў асобнай мовай.
Сярод асноўных умоў, што садзейнічалі ўзнікненню літаратурных мікрамоў, найперш вылучаюцца наяўнасць кампактнага асяроддзя і звязаная з гэтым адасобленасць ад асноўнага дыялектнага кантынуума; усведамленне моўнай і этнічнай спецыфічнасці; складанасць дыялектнага ландшафту, якая вымушае звярнуцца да пошукаў уласнай літаратурнай мовы (асабліва ў перыяд фарміравання нацыянальных літаратурных моў) на бліжэйшай дыялектнай аснове; наяўнасць літаратурна-моўнай перадтрадыцыі на роднаснай ці няроднаснай мове, якая забяспечвала ўмовы для эксперыментаў па прымяненні роднага маўлення ў ролі літаратурнай мовы. Пры гэтым колькасны фактар не з’яўляецца вырашальным, але аказвае ўплыў на патэнцыйныя магчымасці літаратурна-моўнага працэсу.
Стымуламі для ўзнікнення рада мікрамоў стаў пратэстантызм, які быў распаўсюджаны сярод некаторых славянскіх этнічных груп і прапагандаваў богаслужэнне на мясцовай мове (XVI ст.), рухі за нацыянальнае адраджэнне славянскіх народаў (ХІХ ст.) і суб’ектыўны фактар — існаванне асветнікаў, здольных уласным прыкладам, у асноўным у літаратурнай галіне, даць штуршок да арганізацыі літаратурна-моўнага працэсу на мясцовых дыялектах.
Асаблівасцю перыферыйных літаратурных мікрамоў з’яўляецца тая акалічнасць, што амаль усе з іх на пачатковай стадыі свайго развіцця (да эпохі нацыянальнага адраджэння) прадстаўлялі сабою рэгіянальныя варыянты, якія ўступалі ў канкурэнцыю адзін з адным з мэтай стаць асновай для стварэння нацыянальнай літаратурнай мовы.