wd wp Пошук:

Прамысловасць будаўнічых матэрыялаў Беларусі

Прамысловасць будаўнічых матэрыялаў і канструкцый Беларусі (ПБМК) — галіна нацыянальнай эканомікі, якая з’яўляецца шматрофільнай высокаразвітай галіною, для якой у агульным аб’ёме промысловай вытворчасці Беларусі складае 5,5 % (2011). Дадзеная галіна мае вялікае значэнне для развіцця краіны, і з кожным годам яно ўзрастае. Гэта звязана з пастаяннай неабходнасцю будаваць жыллё, узводзіць розныя аб’екты гаспадарчага і сацыяльна-культурнага прызначэння. Прамысловасць будаўнічых матэрыялаў — аснова будаўніцтва.

Гісторыя

Вытворчасцю керамічных вырабаў, цэглы, чарапіцы, кафлі, шкла на Беларусі займаліся з даўніх часоў; кераміка была асвоена аж у неаліце. Са з’яўленнем ганчарнага круга у (X ст.) вытворчасць вырабаў з гліны вылучалася ў ганчарнае рамяство. Асаблівага росквіту ганчарства на Беларусі дасягнула ў XV ст. Вядомымі яго цэнтраі былі Івянец, Нясвіж, Копысь, Мір, Ружаны, Ракаў, Чашнікі. З XV ст. інтэнсіўна развівалася вытворчасць кафлі. Буйным цэнтрам яе вытворчасці стаў Копысь. Першымі мануфактурамі (XVIII ст.) былі шкляныя заводы ў Налібаках, Урэччы, Іўі (Вілейскі раён), фаянсавы завод у Свержані.

У канцы XIX — пачатку XX ст. фабрычна-заводская сілікатна-керамічная прамысловасць займала 5-е месца па ўдзельным аб’ёме сваёй прадукцыі, размяшчалася пераважна ў Магілёўскай (30 %), Мінскай (26 %), Гродзенскай (19 %) губернях. Пераважалі шкланая і кафляная вытворчасці, цэглу выраблялі на невялікіх заводах амаль ва ўсіх гарадах і мястэчках. Найбуйнейшы цагляны завод з кальцавой печчу і стужачным прэсам пабудаваны ў 1893 у Мінску. У 1900 дзейнічала 50 кафляных прадпрыемстваў, 57 цагельных, 73 шкляных і ганчарных; усяго ў сілікатна-будаўнічнай прамысловасці на той час працавала 185 прадпрыемстваў з 8,1 тыс. рабочых і сумарнай вытворчасці 4,6 млн руб.

У 1913 дзейнічалі 42 цагельна-чарапічныя прадпрыемствы, якія давалі 1,6 % усёў прамысловай прадукцыі. Буйныя заводы па выпуску аконнага шкла ў 1910 размяшчаліся ў вёсках Серкавіцы і Наспа. У 1913 на Беларусі дзейнічала 20 кафляных заводаў, у т.л. 14 у Копысі. Цэмент вырабляўся на Ваўкавыскім цэментным заводзе. У 1913 на Беларусі было выраблена 58 млн шт. цэглы, 33 тыс. т. цэменту, 1,76 млн м² аконнага шкла.

Савецкі перыяд (да 1941)

У міжваенны перыяд у БССР былі пабудаваны буйныя механізаваныя прадпрыемствы: «Мінскі завод будматэрыялаў» (1925), «Гомельскі шклозавод» (1933), «Крычаўскі цэментны завод» (1933), завод па вырабе сілікатнай цэглы ў Клімавічах (1928) і Оршы (1935). Перад вайной на Беларусі выпускалася 3,5 % цэменту, 3,4 % аконнага шкла, 4 % буд. цэглы агульнасаюзнай вытворчасці.

Савецкі перыяд (пасля 1945)

У выніку страт у гады ВАВ у 1945 валавая прадукцыя галіны складала 15 % да ўзроўню 1940. У пасляваенныя гады ПМБК хутка развівалася, што было абумоўлена вялікай патрэбай у будаўнічых матэрыялах для аднаўлення народнай гаспадаркі. У 1947 уведзены ў экспуатацыю «Мінскі гіпсавы завод», у 1948—1950 — Крычаўскі шыферны завод.

У 1950 вытворчасць цэменту ў параўнанні з 1945 вырасла ў 6,8 раза, вапны — 3,6, цэглы — 12,7, аконнага шкла — 12,5. Да 1958 наладжана вытворчасць арміраваных сілікатных пліт, гіпсакартонных перагародных пліт і панэлей, фасаднай керамікі, мінеральнай ваты, аглапарыту, пачалася вытворчасць аўтаклаўных сілікатных вырабаў. У 1955—1965 пабудаваны заводы зборнага жалезабетону ў Мінску (найбуйнейшы), Віцебску, Гомелі, Магілёве, Брэсце; асвоена вытворчасць керамзітавага жвіру ў Віцебску.

З 1959 наладжаны выпуск дэталей для зборнага домабудавання ў Мінску на заводзе зборнага жалезабетону і асваеннем буйнапанэльнага домабудавання адбыўся пераход на завадскія метады будаўніцтва.

У Мінску створаны домабудаўнічыя камбінаты № 1, 2, 3; на працягу 1960-70-х пабудавана больш за 20 падобных прадпрыемстваў і цэхаў. Асвоена вытворчасць новых відаў прадукцыі: ячэістага сілікатабетону, буйных канструкцый з аглапарыту, сілікатабетону, каляровай сілікатнай цэглы, каляровага шыферу, арміраваных сценавых панэлей з ячэістага бетону з архітэктурнай апрацоўкай, лёгкіх запаўняльнікаў. У 1968 пабудаваны «Маладзечанскі завод лёгкіх металаканструкцый», 1978 — «Добрушскі фарфоравы завод», 1979 — «Любанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў», 1987 — «Новалукомльскі завод керамзітавага жвіру». У 1990 на базе Новабярозаўскага вапнавага завода і завода сценовых блокаў створаны камбінат сілікатных вырабаў.

Незалежная Беларусь

Найлепшыя паказчыкі галіна мела ў 1990. З 1992 назіраюцца крызісныя з’явы. З 1992-95 вытворчасць будаўнічых матэрыялаў скарацілася на 58 % да ўзроўню 1991. Тым не менш, у 1994 на ААТ «Гідрашклоізол» была ўведзена тэхналагічная лінія па вытворчасці гідрашклоізолу, а на базе ВА «Мінскбудматэрыялы» створана ААТ «Керамін»; у 1996 уведзены ў дзеянне Беларускі цэментны завод (г. Касцюковічы), а на ААТ «Гомельшкло» — прадпрыемства па вытворчасці паліраванага шкла, у 1999 — ААТ «Забудова»; у 2001 шляхам зліцця «Краснасельскцэмент» і Гродзенскага абласнога міжкалгаснага прадпрыемства па вытворчасці цэменту створана ААТ «Краснасельскбудматэрыялы».

Статыстыка

Вытворчасць асноўных відаў прадукцыі прамысловасці будматэрыялаў і канструкцый Рэспублікі Беларусь
від \ год1985199019951996199719981999200020012002200320112017
Цэмент, тыс. т2119225812351467187620351998184718032171247246044490
Зборныя жалезабетонныя канструкцыі і вырабы, тыс. м³60107424171913701996213017591424132613631545
Будаўнічая цэгла, млн. шт. умоўнай цэглы199723311109102511491200101382779888978937091661
Сценавыя буйныя бетонныя і сілікатныя блокі
(у т.л. бетонныя блокі сцен падвалаў), млн. шт. умоўнай цэглы
309672173182151192202139998694
Мяккія дахавыя матэрыялы і ізол, млн. м³1371406982971088277503725
Азбестацэментныя лісты (шыфер), млн. умоўных плітак369451138150223195182142123124113
Азбеставыя трубы і муфты, тыс. км умоўных труб2,52,60,70,81,31,41,20,9110,9
Вапна, тыс. т9281089453450551684663586554601659793462
Нярудныя будаўнічыя матэрыялы, млн. м³45,775,320,314,716,819,82017,616,617,418,8
Керамічныя глазураваныя пліткі для ўмоўнай
абліцоўкі сцен з фасоннымі дэталямі, тыс. м²
3514549669876467782581088172888410 65110 67911 175
Лінолеум, тыс. м²3728546519691730228925302098991345337242
Санітарныя керамічныя вырабы, тыс. шт.73621434552587591479600452566647
Вапнавая і дамалітавая мука, млн. т5,35,6222,72,31,51,51,71,92,1
Фарфора-фаянсавы посуд, млн. шт.2729212328303029262322

Структура

У складзе галіны дзейнічае больш за 1400 прадпрыемстваў і вытворчасцей, з іх на самастойным балансе 126, якія даюць больш за 70 % аб’ёмаў таварнай прадукцыі (2002). Сярэднегадавая колькасць прамыслова-вытворчага персаналу — 65,9 чал (2003). На прадпрыемствах галіны вырабляюць больш за 150 відаў буд. матэрыялаў і вырабаў 20 падгалін. Прадпрыемствамі ПБМК выраблена прадукцыі на 980 млрд руб., рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі — 8,3 % (2003). Вядучая роля ў ПБМК належыць прамысловасці зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў, цэментнай, сценавых матэрыялаў і буд. керамікі. Такая структура склалася пад уплывам патрэб буйнамаштабнага будаўніцтва і дзякуючы наяўнасці значнай мініральна-сыравіннай базы для вытворчасці буд. матэрыялаў.

Прамысловасць зборных жалезабетонных і бетонных вырабаў

Галіна займае 1-е месца ў ПБМК па аб’ёме валавай прадукцыі (22,7 %, 2001). Ёй належыць важная роля ў развіцці будаўнічай індустрыі, аднак памяншэнне маштабаў бадаўніцтва, высокая энергаёмістасць вытворчасці прывялі да рэзкага зніжэння вытворчасці зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў (з 7424 у 1990 да 1545 тыс. м³ у 2003). Прадпрыемтсвы размешчаны на тэрыторыі краіны параўнальна раўнамерна, але асноўныя магутнасці сканцэнтраваны ў Мінску (34 % агульнай вытворчасці, 2002), абласных гарадах, а таксама ў Салігорску, Наваполацку, Баранавічах, Оршы, Барысаве. Найбуйнейшыя прадпрыемствы (2003): «Мінскжалезабетон», «Мінскі завод эфектыўных прамысловых канструкцый», «Завод ЗЖБ» (Барысаў), «Камбінат ЗЖБВ і К» (Орша), «Баранавіцкі камбінат ЖБК», «Гроднажалезабетон», «завод ЗЖБК» Мінскпрамбуду, «Наваполацкі жалезабетон».

Цэментная прамысловасць

Асноўны артыкул: Цэментная прамысловасць Беларусі Сыравінай для вытворчасці цэменту ў Беларусі з’яўляюцца мел, мергель, гліны. Працуюць тры прадпрыемствы: у Крычаве (цэмент, шыфер), у Касцюковічах (цэмент) і ў гарадскім пасёлку Краснасельскі (высакаякасны цэмент, шыфер, вапна, азбестацэментныя трубы) (мал. 117). У 2017 г. у рэспубліцы было выраблена 4,5 млн т цэменту. У перспектыве вытворчасць гэтага будматэрыялу значна ўзрасце. Цэментныя заводы экспартуюць сваю прадукцы ў Расію, Польшчу, Літву і іншыя краіны.

Прамысловасць сценавых матэрыялаў

Галіна прамысловасці будаўнічых матэрыялаў, якая складае 16 % валавой прадукцыі (2001). Вырабляецца будаўнічая цэгла (75 прадпрыемстваў), сценавыя бетонныя і сілікатныя блокі, панэлі розных памераў (53 прадпрыемствы). Колькасць цагельных заводаў скарачаецца. вытворчасць цэглы з 2331 у 1990 паменшылася да 789 млн шт. умоўнай цэглы ў 2003. Найбольш магутныя прадпрыемствы па вытворчасці цэглы: «Мінскі завод будаўнічых матэрыялаў», «Брэсцкі КБМ», «Гомельбудматэрыялы», «Гродзенскі камбінат будматэрыялаў», «Кераміка» (Віцебск), «Керамін», «Радашковіцкі керамічны завод», «Мінскі камбінат сілікатных вырабаў», «Магілёўскі КСВ», «Любанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў», «Оршабудматэрыялы», «Смаргоньсілікатбетон», «Забудова» (пас. Чысць), «Обальскі керамічны завод».

Сценавых буйных бетонных і сілікатных блокаў у 2003 выраблена 94 млн шт. умоўнай цэглы. Сценавыя блокі і панэлі вырабляюць на прадпрыемствах «Мінскжалезабетон», «Смаргоньсілікатбетон», «Лідабудканструкцыі», «Салігорскпрамбуд», «Бяроза КСВ», «Краснасельскбудматэрыялы», «Баранавіцкі камбінат ЖБК», «Завод ЖБК» (Маладзечна).

Вытворчасць лінолеума і аўталіну — «Гомельбудматэрыялы»

Будаўнічая кераміка

Будаўнічую кераміку вырабляюць 11 прадпрыемстваў і вытворчасцей, яе ўдзельная вага ў галіне 15 % (2001). У 2003 на Беларусі выраблена 11 175 тыс. м² керамічнай глазураванай пліткі для ўнутранай абліцоўкі сцен з фасоннымі дэталямі, 647 тыс. шт. сан. керамічных вырабаў, а таксама пліткі для падлогі, чарапіца, кафля для камінаў і пячэй, дрэнажныя і каналізацыйныя трубы, кіслота- і вогнетрывалыя вырабы і г.д.

Найбуйнейшае прадпрыемства па вырабе будаўнічай керамікі ААТ «Керамін» (Мінск). Будаўнічную кераміку вырабляюць таксама ААТ «Кераміка» (Віцебск), «Мінскі завод будаўнічых матэрыялаў», «Радашковіцкі керамічны завод», «Оршабудматэрыялы», «Брэсцкі КБМ», «Обальскі керамічны завод», «Бярозабудматэрыялы», «Рэчыцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў», «Полацкі камбінат будаўнічых матэрыялаў».

Нярудныя будаўнічны матэрыялы

Валавой аб’ём НБМ у структуры прамысловасці будаўнічых матэрыялаў Беларусі складае 7,6 % (2001), выраблена 18,8 млн м³ нярудных будаўнічых матэрыялаў (2003).

Прадпрыемствы і вытворчасці размяшчаюцца паблізу радовішчаў пяску, пясчана-жвіровых матэрыялаў, будаўнічага каменю. Разведана больш за 130 радовішчаў пясчана-жвіравых матэрыялаў з агульнымі запасамі 704,4 млн м³, эксплуатуецца каля 80 радовішчаў. Прадпрыемствы спецыялізуюцца на здабычы, здрабненні і абагачэнні будаўнічага каменю, друзу, жвіру, будаўнічага пяску.

Буйнейшае прадпрыемства РУВП «Граніт» (Мікашэвічы). Сыравіна — дыярыт, гранадыярыт і граніт (Мікашэвіцкае радовішча). У ліку буйных вытворцаў пяску і жвіру — «Смаргоньбетонсілікат», «Нярудпрам», «Оршабудматэрыялы», «Заслаўебудіндустрыя», «Оршабудматэрыялы», «Полацкі камбінат будаўнічых матэрыялаў».

Вытворчасць вапнавых, гіпсавых і мясцова вяжучых матэрыялаў

Дадзеная галіна прамысловасці сканцэнтравана на 18 прадпрыемствах і складае 3,2 % валавой прадукцыі галіны ПБМК (2003). У 2003 годзе ў Беларусі выраблена 2,1 млн т. вапнавай і даламітнавай мукі, 659 млн т. вапны. Даламітавую муку і вапну вырабляюць на ААТ «Даламіт» (пас. Руба); гіпс, гіпсавыя пліты і панэлі, гіпсакардонныя лісты — на ААТ «Белгіпс» (Мінск); вапну — на ААТ «Бяроза КСВ», «Красносельскбудматэрыялы», «Забудова», «Клімавіцкі вапнавы завод».

Прамысловасць мяккіх дахавых і гідраізаляцыйных матэрыялаў

Дадзеная галіна прамысловасці складае 6,2 % (2001). У 2003 выраблена 25 млн м² мяккіх дахавых матэрыялаў і ізолу; вядучае прадпрыемства СП ААТ «Дах» (Асіповічы), якое вырабляе рубероід, толь, пергамін, біпалікрын, бікрын, дахаэласт. Гідрашклоізол вырабляюць на ААТ «Гідрашклоізол» (Бронная Гара) і «Гідрашклоізол» (Мар’іна Горка).

Вытворчасць лёгкіх порыстых запаўняльнікаў

Дадзеная галіна прамысловасці склада 1,6 % валавой прадукцыі галіны (2001).

Керамзіт выпускаюць на «Завод керамзітавага жвіру» (Новалукомль). Вядучае прадпрыемства па вытворчасці перліту, тэнісіту, аглапарыту — «Мінскі завод будаўнічых матэрыялаў».

Цеплаізаляцыйныя матэрыялы (мінеральная вата і вырабы з яе) выпускае «Гомельбудматэрыялы»; пліты цеплаізаляцыйныя з пенапласту полістырольнага — «Бяроза КСВ». Азбестацэментныя вырабы — «Краснасельскбудматэрыялы» і «Крычаўцэментнашыфер»; вытворчасць камплектаў лёгкіх металаканструкцый, шматслойных сценавых панэлей з эфектыўнымі ўцяпляльнікамі, афарбаванай рулоннай сталі — на РУП «Маладзечанскі завод лёгкіх металаканструкцый»

Шкляная і фарфора-фаянсавая прамысловасць

Асноўны артыкул: Шкляная прамысловасць Беларусі Асноўны артыкул: Фарфора-фаянсавая прамысловасць Беларусі Гэта галіна зараз уключае каля 50 прадпрыемстваў, частка з якіх існуе ўжо працяглы час. Самыя вялікія прадпрыемствы па вытворчасці рознага шкла знаходзяцца ў Касцюкоўцы (Гомельская вобласць), Гродне. Шкляны посуд вырабляюць на прадпрыемствах, якія размяшчаюцца ў невялікіх пасёлках (Ялізава), сартавы крышталёвы посуд і мастацкія вырабы — у Барысаве і Бярозаўцы (Гродзенская вобласць), люстраное шкло — у Мінску, Гомелі і Бабруйску. Фарфора-фаянсавая прамысловасць узнікла адносна нядаўна ў Мінску і Добрушы. Прадпрыемствы гэтай галіны вырабляюць якасную фарфора-фаянсавую прадукцыю. Вытворчасць тэхнічнага фарфору наладжана ў Клецку.

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Старонкі з нелікавымі аргументамі formatnum
Катэгорыя·Прамысловасць Беларусі