Ру́ба[2] — былы гарадскі пасёлак у Віцебскай вобласці Беларусі, зараз у гарадскіх межах Віцебска. Знаходзіўся ў юрысдыкцыі Віцебскага гарсавета (Чыгуначны раён). На рацэ Заходняй Дзвіне, за 15 км ад Віцебска, аўтамабільнымі дарогамі Руба злучаная з Віцебскам, Гарадком, Суражам. Насельніцтва 7 662 чал. (2017)[1].
Руба вядомая з пачатку XIX стагоддзя як цэнтр фальварка, куды ў 1834 годзе ўваходзіла 4 вёскі Вярхоўскай воласці Віцебскага павета, паблізу найбуйнейшых на Заходняй Дзвіне парогаў, небяспечных для суднаў і плытоў. У 1909 годзе вёска і фальварак ва ўласнасці Піскунова.
З 20 жніўня 1924 года вёска ў Бабінавіцкім сельсавеце Віцебскага раёна. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 да чэрвеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 13 чэрвеня 1942 года карны атрад расстраляў у былым пасёлку Вярхоўе і яго акрузе 75 жыхароў.
З 31 ліпеня 1970 года — гарадскі пасёлак у падпарадкаванні Чыгуначнага райсавета горада Віцебска[3]. 7 ліпеня 1972 года ў склад Рубы ўвайшла вёска Вярхоўе[4]. У 2017 годзе Руба была ўключаная ў гарадскія межы Віцебска.
Каля Рубы, уздоўж ракі і па яе рэчышчы, на паверхню выходзяць старажытныя пласты даламітаў — найбуйнейшае ў Беларусі радовішча высакаякасных вапнякоў. У 1931 годзе каля Рубы заснаваны вапнавы завод, вакол якога вырас завадскі пасёлак. Была пабудавана чыгуначная ветка даўжынёй 22 км.
Прадпрыемствы будаўнічых матэрыялаў і харчовай прамысловасці. Гарналыжны цэнтр «Руба». Побач з Рубай аздараўленчы цэнтр «Жалезнякі».
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Руба
Геаграфічныя звесткі па тэме Руба на OpenStreetMap
Гарадскі пасёлак Руба Архівавана 8 ліпеня 2013.
Горнолыжный центр в г. п. Руба Архівавана 24 лютага 2012.
Руба(недаступная спасылка) ў Вялікай савецкай энцыклапедыі