wd wp Пошук:

Асіповічы

Асіпо́вічы[2] (трансліт.: Asipovičy) — горад у Магілёўскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Асіповіцкага раёна, на р. Сіняя. Размешчаны за 136 км на паўднёвы захад ад Магілёва, 3 км ад аўтамабільнай дарогі МінскГомель. Буйны чыгуначны вузел: лініі на Мінск, Гомель, Магілёў, Баранавічы. Насельніцтва 31 298 чал. (2017)[3].

Этымалогія

Назву горада мясцовыя жыхары павязваюць з легендай пра асілка Асіпа, які меў непадалёк ад сённяшніх Асіповічаў карчму.

Гісторыя

Заснаванне

У адрозненне ад іншых мястэчак сучаснай Беларусі, Асіповічы з’яўляюцца параўнальна маладым населеным пунктам. Гісторыя мястэчка цесна звязаная з пракладкай праз Асіповічы Лібава-Роменскае чыгункі ў другой палове XIX ст.

На XVIII ст. прыпадае верагодны час узнікнення паселішча[4]. У 1777 годзе паводле тарыфа Слуцкай парафіі, у Асіповічах было 16 дымоў[4].

У 1793 годзе ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў Асіповічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Па падзеле ўвайшлі ў склад Бабруйскага павета Мінскай губерні. Паводле рэвізіі Бабруйскага павета гэтага ж года з’яўляліся ўласнасцю Дамініка Гераніма Радзівіла, размяшчаліся ў складзе заставы Ратынскага. Паводле гэта ж рэвізіі, у тагачасных Асіповічах налічвалася 83 мужчынскія душы і 71 жаночая, існавала карчма[4].

У другой палове 1794 года падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі ў Мінскай губерні адбыўся рэйд 3-тысячнага атраду палкоўніка Стэфана Грабоўскага, які прайшоў у тым ліку і цераз Асіповічы, аднак 4 верасня быў разбіты пад Любанню[5].

Чыгуначная станцыя Асіповічы, 1874 г.

У 1872 годзе за 2 км ад Асіповічаў заснавалі аднайменную станцыю Лібава-Роменскай чыгункі, дзе існавала 5 двароў і пражывала сорак чалавек. У 18801890 гг. у Асіповічах збудаваныя два лесапільныя заводы, млын, адкрыта паштовае аддзяленне[6]. Паводле стану на 1890 год станцыя Асіповічы займала на Лібава-Роменскай чыгунцы трэцяе месца па звароце грузаў пасля Рудзенска і Беразіна, а ў 1896 годзе была пракладзена вузкакалеўка Асіповічы — Дараганава. Перапіс насельніцтва Расійскай імперыі 1897 года засведчыў існаванне на месцы сучасных Асіповічаў трох асобных населеных пунктаў з назвай Асіповічы: вёскі з насельніцтвам у 526 жыхароў і ўтрыманнем 78 гаспадарак, чыгуначнай станцыі з насельніцтвам каля ста жыхароў і ўтрыманнем адзінаццаці гаспадарак, а таксама пасёлка насельніцтвам у прыкладна дзвесце чалавек з утрыманнем 3 гаспадарак і наяўнасцю заезнага двара і чатырох крамаў. Пазней гэтыя населеныя пункты зліліся і ўтварылі сучаснае адзінае паселішча[6]. У 1899 годзе каля станцыі Асіповічы збудавалі лесапільны завод, праз 5 гадоў — яшчэ адзін, а таксама млын і некалькі жылых будынкаў. У 1900 годзе Асіповічам нададзены статус гарадскога паселішча [7].

Развіццё

Вакзальная вуліца Асіповічаў, пач. XX ст. Цяпер вуліца Інтэрнацыянальная, паўночна-ўсходняя палова горада.
Вуліца Рынкавая, пач. XX ст.

На пачатак XX ст. у Асіповічах было каля 150 будынкаў, 246 двароў; працавалі школа для дзяцей чыгуначнікаў і царкоўна-прыходская школа, паштова-тэлеграфнае аддзяленне; з прамысловых прадпрыемстваў — паравознае дэпо, і два лесапільныя заводы, два млыны, сукнаваляльня, воўнабітная майстэрня, піварозліўны завод, таксама шэраг дробных кавальскіх, бандарных, каўбасных, гандлёвых і іншых устаноў. У 1900 годзе засноўваецца шпалапрапітны завод, праз дзевяць гадоў — смаляны, таксама ў 1909 годзе адкрыўся тэлеграфны пункт. Існуюць звесткі пра існаванне ў тагачасных Асіповічах большай колькасці двароў (больш за трохсот), 41 вуліцы і аднаго завулку, пры гэтым насельніцтва мястэчка складала каля 1 500 чалавек. У 1917 годзе перапіс насельніцтва засведчыў пражыванне ў Асіповічах прыкладна 4 200 чалавек[6]. На той момант у складзе Бабруйскага павета ўваходзілі ў склад Замашанскай воласці[8].

Рэвалюцыйны перыяд

У снежні 1905 года працоўнымі Асіповічаў была зладжана першая забастоўка, працоўныя шпалапрапітачнага завода 17 сакавіка 1908 года арганізавалі эканамічную стачку з патрабаваннямі паляпшэння ўмоў працы, якая, аднак, была здушана паліцыяй і салдатамі. Летам 1915 года адбыліся салдацкія хваляванні на чыгуначнай станцыі. Па рэвалюцыі ў Расіі 1917 года ў Асіповічах былі ўсталяваны савецкія органы ўлады, што адбылося ў лістападзе, у снежні гэтага ж года быў створаны мясцовы чырвонагвардзейскі атрад[6].

З 19 лютага па май 1918 года Асіповічы былі заняты польскім корпусам Доўбар-Мусніцкага, адразу ж пасля чаго ў рамках парушэння расійска-нямецкага міру ад 15 снежня 1917 года Германія акупавала мястэчка, што працягвалася да 4 снежня 1918 года[6]. Гэтыя змены на фронце былі замацаваны дзякуючы Брэсцкаму міру, заключанаму 3 сакавіка 1918 года. Неўзабаве 25 сакавіка гэтага ж года Радай БНР была прынятая Трэцяя Устаўная грамата, паводле ўмоў якой Бабруйскі павет склаў адну з заяўленых тэрыторый Беларускай Народнай Рэспублікі, але органы ўлады рэспублікі не разгарнулі ў мястэчку дзейнасць з прычыны агульнай неарганізаванасці сярод структур БНР і адмоўнага стаўлення нямецкага франтавога камандавання да ўтварэння БНР. Разам з тым, на фоне Лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі і адклікання нямецкіх войск у снежні 1918 года бальшавікі занялі большую частку Мінскай губерні, пасля чаго Асіповічы апынуліся ў складзе Заходняе вобласці Расіі.

1 студзеня 1919 года Заходняя вобласць распускаецца, Бабруйскі павет фармальна перадаецца ў склад абвешчанай ССРБ. З 20 жніўня 1919 да 10 ліпеня наступнага года тэрыторыя горада знаходзіцца пад акупацыяй Польшчай[6], дзе размяшчалася ў Бабруйскім павеце Грамадзянскай Управы Усходніх Земляў, пасля чаго на кароткі час трапляе ў склад Бабруйскага павета Літоўска-Беларускай ССР, якая ўжо 31 ліпеня 1920 года была распушчана з перадачай земляў цэнтральнай Беларусі ў склад новаўтворанай БССР. У часы польскай акупацыі ў наваколлях горада дзейнічала партызанка агульным складам каля 200 чалавек[6], дзейнічаў асобны атрад на чале з Я. Багдановічам і А. Каральком[9].

Савецкае кіраванне

Са студзеня 1922 года Асіповічы становяцца цэнтрам воласці і праз два гады ўваходзяць у склад Бабруйскай акругі БССР, дзе становяцца цэнтрам раёна, 17 ліпеня 1924 года Асіповічы атрымліваюць статус мястэчка[6]. Варта адзначыць, што Асіповічы не былі закрануты перадачай земляў усходу беларускага этнічнага арэалу ў склад РСФСР, што адбылося праз два тыдні пасля абвяшчэння ССРБ у 1919 годзе. З 15 студзеня 1938 года — цэнтр аднайменнага раёна, што непасрэдна ўваходзіў у склад БССР з прычыны скасавання акруговага падзелу, але 20 лютага гэтага ж года раён увайшоў у склад Магілёўскай вобласці, дзе знаходзіцца і дагэтуль[10].

У 1921 годзе пра чыгуначнай станцыі быў адкрыты клуб «Чырвоны кастрычнік», дзе існавала таксама бібліятэка-чытальня. У наступным годзе збудоўваюцца электрастанцыя, у 1923 годзе — бібліятэка. У 1925 годзе адчыненыя бальніца і амбулаторыя, у 1927 годзе — дзіцячы сад, праз пяць гадоў — маслазавод і маторна-трактарная станцыя[6].

15 ліпеня 1935 года Асіповічы атрымліваюць статус горада. Паводле даваеннага перапісу насельніцтва, які праводзіўся ў 1939 годзе, у Асіповічах пражывала 1 694 яўрэяў, якія складалі 12,34 % ад агульнага ліку жыхароў горада. У 1941 годзе ў Асіповічах працавалі дзве сярэднія школы, два дзіцячыя сады, дзве амбулаторыі, бальніца, дванаццаць прамысловых прадпрыемстваў з каля дзвюх тысяч працаўнікоў, у тым ліку паравознае дэпо, вагонарамонтны пункт, маторна-трактарная станцыя, маслазавод, прамысловы камбінат, лясная прамысловая гаспадарка і чатыры арцелі («Перадавік», «Прагрэс», «Звязда», «Чырвоны хімік»). З 1931 года дзейнічала чыгуначнае адгалінаванне ў бок Магілёву[6].

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ўначы з 22 на 23 чэрвеня 1941 года немцамі была дзейснена першая бамбардзіроўка Асіповічаў. Горад быў акупаваны 30 чэрвеня 1941 года падраздзяленнямі 2-й танкавай групы Гудэрыяна. Тэрыторыя Асіповічаў пры гэтым не знаходзілася ў складзе Генеральнай акругі Беларусь, а увайшла ў зону ваеннага тылу групы арміі «Цэнтр». У 1941 годзе на поўдні горада было створана яўрэйскае гета, куды нацыстамі была сагнана пераважная большасць пакінутых у горадзе яўрэяў. Гета ліквідавана ў 1942 годзе.

У ліпені 1941 года створаная падпольная суполка КП(б)Б, якой 14 кастрычніка 1942 года рушыла ўслед стварэнне суполкі ЛКСМБ, абедзве дзейнічалі да 2 ліпеня 1944 года. Таксама разгортвалі дзейнасць падпольнікі, якія распаўсюджвалі ў горадзе савецкія СМІ, і партызанскія групы: першая Асіповіцкая, першая Бабруйская, 161-я імя Р. І. Катоўскага партызанскія брыгады, з ліпеня 1943 года — Асіповіцкая ваенна-аперацыйная група. У 1943 годзе было створана каля дваццаці падпольных камсамольскіх груп. 30 ліпеня 1943 года на чыгуначнай станцыі Асіповічы была здзейснена дыверсія, падчас якой было знішчана чатыры эшалёны, у тым ліку эшалён з танкамі Тыгар. Наогул падчас падпольнай дзейнасці ў Асіповічах было знішчана трыццаць эшалёнаў і пашкоджана 70 паравозаў, рабіліся рэйды на адміністрацыйныя будынкі, знішчаліся прадпрыемствы[11]. 26 чэрвеня 1944 года над Асіповічамі ўзноўлены кантроль СССР дзякуючы войскам Першага Беларускага фронту[6].

У 1946 годзе на вуліцу Кастрычніцкую (паўднёвы ўсход Асіповічаў) з вёскі Зборск Асіповіцкага раёна пераносяць праваслаўную Царкву Узвышэння Святога Крыжа, якая была пабудавана ў 1826 годзе ў гэтай вёсцы ў стылі народнага дойлідства на сродкі графа Завішы і раней звалася Свята-Казьмадзям’янаўская. Як сведчаць жыхары горада, набажэнствы ладзіліся кожныя выходныя без перапынкаў не зважаючы на адмоўнае стаўленне савецкай улады да праяваў рэлігійнага жыцця вернікаў[12].

25 верасня 1944 года Асіповічы застаюцца раённым цэнтрам, пераходзячы ў падначаленне Бабруйскай вобласці, з 8 студзеня 1954 года — зноў у складзе Магілёўскай вобласці. З 25 снежня 1962 года Асіповічы пераходзяць у склад Бабруйскага раёна, пасля 7 сакавіка 1963 года атрымліваюць статус горада абласнога падпарадкавання, але выходзяць са складу Бабруйскага раёна толькі 6 студзеня 1965 года. Паводле стану на 1959 год у горадзе пражывала 15,8 тыс. чал.[6]

У часы другой паловы XX ст. горад значна пашырыў свае межы, у ім пачалі дзейнічаць або працягвалі сваю дзейнасць завод аўтаагрэгатаў, хлебазавод, маслазавод, кардонна-руберойдавы завод, завод жалезабетонных канструкцыяў, камбінат хлебапрадуктаў, кансервавы завод, фабрыка канцылярскіх тавараў; пяць сярэдніх агульнаадукацыйных школаў, школа-інтэрнат, музычная школа, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, сярэдняя вячэрняя школа, адзінаццаць дашкольных устаноў, міжшкольны вытворчы камбінат, дом піянераў і школьнікаў, два клубы, дзевяць бібліятэк, два кінатэатры[6].

Сучаснасць

З 25 жніўня 1991 года — у складзе незалежнай Беларусі. У 2002 годзе на вуліцы Інтэрнацыянальнай, што ў цэнтры горада, быў усталяваны помнік у выглядзе раней дзеючага паравоза Эм726-23, перад якім усталяваная памятная шыльда (варта адзначыць, што на шыльдзе змешчаны надпіс, дзе сцвярджаецца пра заснаванне горада ў 1872 годзе; гл. фота ніжэй). 3 студзеня 2005 года былі зацверджаны два ўказы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць выкарыстанне сцяга і герба Асіповічаў[13]. З гэтага ж перыяду вядзецца пабудова новых шматкватэрных дамоў на паўночным усходзе горада, здзейсненая рэканструкцыя пешаходнага мосту над чыгуначнымі шляхамі станцыі Асіповічы. З лета 2013 года з чыгуначнай станцыі Асіповічы ў бок Бабруйску працягнутыя кантактныя лініі, якія дагэтуль заканчваліся ў Асіповічах, што дазволіла фарміраванне цягнікоў па маршрутах Мінск—Бабруйск і Мінск—Жлобін на аснове электрычнай цягі.

Насельніцтва

На тэрыторыі Асіповічаў станам на 2010 год пражывае каля 34,4 тыс. чалавек. Нягледзячы на тое, што ўрбанізацыя СССР была выканана паспяхова і па сённяшні дзень у горад мігруюць патокі насельніцтва як з Асіповіцкага раёна, так і з суседніх раёнаў, аднак моладзь часцей выязджае на пастойнае жыхарства і заробкі ў Мінск.

Эканоміка

У Асіповічах працуюць прадпрыемствы па вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, перапрацоўцы драўніны, лёгкай і харчовай прамысловасці.

Працуюць РУП «Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў», СП ААТ «Дах», ААТ «Асіповіцкі малочны камбінат», Асіповіцкі завод жалезабетонных канструкцый, РУП «Асіповіцкі завод камунальнага машынабудавання», ААТ «Асіповіцкі камбінат хлебапрадуктаў», Парфумерна-касметычная фабрыка «Сонца», ЗАТ «Алтимед», ТАА «Кубокстрой».

Паблізу ад горада (на поўнач) на рацэ Свіслач размяшчаецца Асіповіцкая ГЭС.

Інфраструктура

Працуе рынак, існуе дзве гасцініцы, два кінатэатры, рэстараны («Радзіма»), клубы, вялікая колькасць дробных прадуктовых крамаў, некалькі ўніверсамаў, некалькі банкавых і паштовых аддзяленняў. Вагоннае і лакаматыўнае дэпо.

Культура

Працуюць гісторыка-краязнаўчы музей, Асіповіцкі раённы цэнтр культуры і клуб дзіцячага і юнацкага турызму і краязнаўства. Дзейнічаюць чатыры бібліятэкі: адна дзіцячая і тры агульнага карыстання.

Адукацыя

У Асіповічах дзейнічаюць 4 сярэднія агульнаадукацыйныя школы, Асіповіцкая беларуская гімназія, Асіповіцкі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж, 1 спецыяльная школа — інтэрнат, спартыўная школа, школа мастацтваў, дзве музычныя школы.

Спорт

У месце працуюць стадыёны «Юнацтва», «Лакаматыў», «Алімпіец», фізкультурна-аздараўленчыя комплексы на АЗАА і Асіповіцкім заводзе «Камаш». Папулярнасцю ў гараджан карыстаюцца клубы «Юны дэсантнік», прыхільнікаў цяжкай атлетыкі «Мускул», аэробікі, валейболу, «Бадзёрасць», мотавеласпорту, шахматна-шашачны «Дэбют».

У чэрвені 2003 прайшла рэгістрацыя дзяржаўнай установы — фізкультурна-спартыўнага футбольнага клуба «Асіповічы».

Планіроўка

Тыповая гарадская забудова (вул. Чарняхоўскага)

Дамінуючым кампанентам у планіроўцы горада з’яўляецца лінія Лібава-Роменскай чыгункі, якая праходзіць цераз Асіповічы, гэтая лінія падраздзяляе мястэчка на дзве прыкладна роўныя часткі, паўднёва-заходнюю і паўночна-ўсходнюю. Большая частка вуліц спланаваная перпендыкулярна. На захадзе горада, паміж вуліцамі Гарбатава і Сташкевіча, праходзіць аўтамабільны мост над чыгункай, які дублюе іншы аўтамабільны пераезд на ўсходзе горада, паміж вуліцамі Якуба Коласа і Крыловіча.

Крайнюю поўнач і паўночны ўсход мястэчка займаюць кварталы сучаснай забудовы. Агулам большая частка забудовы (асабліва ў паўднёва-заходняй палове горада) прыватная, існуе некалькі кварталаў «сталінскай» забудовы і некалькі спальных раёнаў са шматпавярховых жылых дамоў. На захадзе горада чыгуначныя магістралі падзяляюцца на два рукавы — пасажырскі (на поўначы) і таварны (на поўдні), між імі забудова адсутнічае за выняткам невялікага кварталу на крайнім усходзе Асіповічаў.

У цэнтральнай частцы горада, пры вуліцы Інтэрнацыянальная, размяшчаецца чыгуначная пасажырская станцыя Асіповічы, поруч з якой размешчаная аўтастанцыя. На крайнім захадзе Асіповічаў таксама дзейнічае станцыя Юбілейны.

Рэкрэацыйныя зоны

На Свіслачы, за 5 км ад горада стварылі Асіповіцкае вадасховішча (1953), якое стала галоўнай зонай адпачынку гараджан.

Славутасці

  1. Воданапорная вежа
  2. Службовыя карпусы на чыгуначнай станцыі

Вядомыя асобы

Асноўныя артыкулы: Вядомыя асобы Асіповічаў і Ганаровыя грамадзяне Асіповічаў

Зноскі

  1. Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаНациональный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
  3. 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  4. 1 2 3 4 Анішчанка Я. Асіповічы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 257. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
  5. Грыцкевіч А. Паўстанне 1794 // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  6. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 А. І. Валахановіч, Г. І. Дулеба. Асіповічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
  7. Собрание узаконений и распоряжений Правительства, издаваемое при Правительствующем сенате. — СПб.: Сенат. тип., 1900. — С. 5116—5117
  8. A. Jel. Osipowicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886. — S. 640
  9. Ладысеў, У. Ф. Беларусь на пераломе эпох // Гісторыя Беларусі. Курс лекцый: у 2 ч. / П. І. Брыгадзін [і інш.]. — Мінск: РІВШ БДУ, 2002. — Т. 2. XIX—XX стст. — С. 318. — 655 с.
  10. Административно-территориальное деление Беларуси(руск.) . Белорусский научно-исследовательский центр электронной документации. Праверана 27 жніўня 2014.
  11. А. М. Літвін. Асіповіцкае патрыятычнае падполле // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
  12. Мордаунт, Юрий. Царква Узвышэння Святога Крыжа. Крестовоздвиженская церковь(руск.) . Radzima.org (19 кастрычніка 2009). Праверана 27 жніўня 2014.
  13. Геральдические символы(руск.) . Афіцыйны партал Асіповіцкага раённага выканаўчага камітэта. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Праверана 27 жніўня 2014.
  14. Исторические хроники Осиповичского района Архівавана 4 снежня 2009. на Могилевский областной исполнительный комитет Архівавана 4 снежня 2009.
  15. Осиповичи // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  16. Осиповичи // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
  17. Перапіс насельніцтва Беларусі 2009 года Архівавана 18 верасня 2010. // Белстат (руск.)
  18. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (15):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Вікіпедыя:Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без аўтара
Населеныя пункты паводле алфавіта
Вікіпедыя:Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без нумароў старонак
Асіповічы
Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Вікіпедыя:Старонкі з модулем Hatnote з чырвонай спасылкай
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Населеныя пункты Асіповіцкага раёна
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Вікіпедыя:Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без назвы артыкула
Вікіпедыя:Артыкулы з разыходжаннем каардынат з Вікідадзенымі
Населеныя пункты Беларусі без сельсавета