wd wp Пошук:

Міхал Анемпадыстаў

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Анемпадыстаў.

Міхаіл Уладзіміравіч Анемпадыстаў (16 сакавіка 1964, Мінск, Беларуская ССР, СССР — 24 студзеня 2018, Мінск, Беларусь[2]) — беларускі мастак, дызайнер, паэт, культуролаг, мастацтвазнавец.

Сям’я

Нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года ў Мінску ў рускай сям’і. Спачатку Міхал з бацькамі жыў у Мінску на бульвары Шаўчэнкі, а пасля сям’я пераехала ў раён Камароўкі. Міхал лічыў Мінск сваім горадам: «Я мянчук. Жылі мы на бульвары Шаўчэнкі, а пасля пераехалі на Камароўку. Так што для мяне Менск, безумоўна, родны горад, які я люблю і нават ведаю»[3].

Маці Міхала нарадзілася ў Львове, але сваімі каранямі паходзіць з-пад Варонежа, дзе яе дзеда і бабулю раскулачылі пасля Кастрычніцкага перавароту ў Расіі ў 1917 г.: Міхалавага прадзеда саслалі на Салаўкі, а прабабулю і пяць яе дачок (у тым ліку і бабулю Міхала) выселілі ў найбліжэйшы населены пункт каля Варонежа. Бабуля Міхала выйшла замуж за чыгуначніка, з якім у 1945 годзе пераехала на сталае жыхарства ў далучаны да Савецкага Саюза горад Львоў. Маці Міхала працавала на геаграфічным факультэце БДУ ў Мінску[3].

Бацька Міхала нарадзіўся ў Рагачове, куды сям’я бацькі патрапіла ў час Першай сусветнай вайны, пераехаўшы з Падмаскоўя. 6 верасня 1937 года ў Рагачове дзед Міхала быў арыштаваны супрацоўнікамі ГПУ і расстраляны ў кастрычніку 1937 г., калі бацька Міхала (Уладзімір) быў першакласнікам. Бацька Уладзімір у часы Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў Баранавічах, а пасля вайны паступіў у Маскоўскі горны інстытут. Частка Міхалавых рускіх сваякоў (стрыечная бабуля) пераехала ў Польшчу[3].

Прозвішча «Анемпадыстаў» утворана ад мужчынскага імя «Анемпадыст», якое маецца ў праваслаўных святцах. Па выказванні Міхала, яго «досыць экзатычнае» прозвішча «цяжка кладзецца на вуха», а таму Міхалу прыходзілася чуць ад прачытання іншымі людзьмі нават такія версіі яго прозвішча як «Антыфашыстаў» ці «Апладысмэнтаў», да чаго сам Міхал адносіцца з гумарам і разуменнем[3].

Яго сапраўднае імя «Міхаіл», але яшчэ ў часы навучання ў мастацкім вучылішчы з падачы сяброў за ім замацаваўся неафіцыйны «польскі» варыянт імя «Міхал» (з націскам на першы склад), бо Міхаіл Аменпадыстаў часта выязджаў у савецкія часы за мяжу да сваякоў (па стрыечнай бабулі) у Польшчу, што для савецкага часу было вялікім прэстыжам і «дэфіцытам». З таго часу ён пачаў публічна карыстацца варыянтам «Міхал» (з націскам на другі склад), а не «Міхаіл», хоць не мае этнічна польскіх каранёў[3].

Жонкай Міхала Анемпадыстава была Алена Георгіеўна Дашкевіч[4][5][6].

Выхаванне і адукацыя

У дзяцінстве Міхал марыў стаць заолагам альбо біёлагам, вандроўнікам і шукальнікам скарбаў. Добра маляваць пачаў у дзяцінстве — свае першыя малюнкі Міхал размяшчаў у сваіх энцыклапедыях пра жывёл, якія рабіў сам: рабіў старонкі з уласна намаляванымі малюскамі, іншымі рознымі жывёламі і асабіста падпісваў[6].

Рос у рускамоўным асяроддзі, але яшчэ ў школьныя часы захапіўся беларускай мовай і беларускай культурай, чаму ён пачаў надаваць вялікую ўвагу і што пачаў даследваць і пазней развіваць ужо сам[7]. Глебай гэтага была спрыяльная атмасфера ў коле яго знаёмых: адным з лепшых сяброў Міхала быў тады Андрэй Занеўскі, чый бацька працаваў на факультэце архітэктуры ў Беларускім політэхнічным інстытуце і запрашаў да сябе дамоў беларускіх мастакоў, якія ўжывалі беларускую мову ў гасцях. Спрыялі таксама і падарожжы па беларускай правінцыі, дзе Міхал непасрэдна пазнаёміўся з багатай і цікавай беларускай народнай культурай[3].

Вучыўся ў дзіцячай народнай студыі выяўленчага мастацтва пры Палацы культуры тэкстыльшчыкаў (1965—1985) у Мінску, якой кіраваў беларускі жывапісец Васіль Сумараў[8].

У 1979—1983 гг. вучыўся і скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (цяпер — Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава), дзе панавала пэўная свабода і плюралізм, а само вучылішча стала прыкметнай кузняй творчых асоб[3]. На першым курсе яшчэ не вельмі добра ведаў беларускую мову і здаў іспыт па беларускай мове на 3 балы з 5 мажлівых, але на трэцім курсе ўжо чытаў з захапленнем Уладзіміра Караткевіча, а на чацвёртым курсе спецыяльна папрасіў настаўніцу пераздаць іспыт па беларускай мове і пераздаў яго на «пяцёрку». Дыпломная работа ў вучылішчы была па плакату[6].

Непрацяглы час уваходзіў у склад мінскай нефармальнай маладзёжнай суполкі, якая мела назву «пацыфісты» (неахіпі), і пачаў з таго часу насіць звычайна доўгія валасы. Усе нефармальныя маладзёжныя суполкі аж да распаду СССР знаходзіліся пад пільнай увагай КДБ ці міліцыі, таму за доўгія валасы быў аднойчы схоплены міліцыяй і меў непрыемнасці. Па ўласным прызнанні, Міхал своечасова перастаў цікавіцца «пацыфістамі» (неахіпі), бо там прысутнічалі наркотыкі, і многія юнакі, хто своечасова не выйшаў з суполкі, на жаль, загінулі ад наркотыкаў. У вучылішчы бачыў, які робіцца пераслед з боку міліцыі і дырэктара вучылішча юнакам, што размаўлялі без аніякіх крамольных думак на беларускай мове ў вучылішчы і па-за яго межамі[3].

Удзельнічаў у маладзёжным грамадскім аб’яднанні «Беларуская Майстроўня» (1979—1984), уступіўшы ў суполку ў 1982 г. Прывёў Міхала ў суполку Тодар Кашкурэвіч[3]. Пазней Міхал сам прывёў у «Беларускую Майстроўню» сваіх сяброў — Сяргея Харэўскага і Андрэя Лапцёнка (апошнія два з’яўляюцца адзін аднаму стрыечнымі братамі і ім было па 15 год)[9], Юлію Лыскову[10]. Міхал Анемпадыстаў вельмі цаніў свой досвед і сувязі, атрыманыя ў «Беларускай Майстроўні». У «Майстроўні» ён, паводле ўласнага сведчання, знайшоў для сябе тое, што цікавіла — магчымасць свабодна дакрануцца да беларускай мовы, гісторыі і культуры і жыць імі. Яму асабліва падабалася слухаць у суполцы даклады і мець мажлівасць размаўляць па-беларуску. Анемпадыстаў адзначае, што ў «Беларускую Майстроўню» (1979—1984) людзей вяла цікавасць моладзі да нацыянальнай культуры, а не нейкі пратэст супраць афіцыйнай улады[3].

У 1983—1985 гг. праходзіў тэрміновую службу ва Узброеных сілах СССР. У час службы ў войску ліставаўся са сваімі сябрамі з «Беларускай Майстроўні», асабліва з Сяргеем Харэўскім і Вінцуком Вячоркам: Харэўскі з радасцю паведамляў Міхалу, што ў Мінску партыйныя ўлады зацвердзілі план рэстаўрацыі гістарычнай забудовы цэнтра Мінска — абнавіць і аднавіць усе каталіцкія і ўніяцкія кляштары мінскага Верхняга горада, у Траецкім прадмесці адкрыць музей, цалкам рэстаўраваць Татарскае прадмесце[3][11].

Аб сваіх густах Міхал выказаўся: «У мяне няма любімага колеру, любімай песні, любімай стравы, таму што мне болей падабаецца разнастайнасць і спалучэнне»[6].

Творчая дзейнасць

Жывапіс і дызайн

У першую чаргу Міхал лічыў сябе мастаком, але стаў таксама вядомы як паэт, фатограф, культуролаг і публіцыст[12].

Працаваў у жанрах ужытковай графікі, ілюстрацыі, плаката, фатаграфіі: пачынаў з плаката, пасля зацікавіўся графікай, а пазней і фатаграфіяй. Удзельнічаў у калектыўных і персанальных выстаўках у Беларусі і за мяжой.

З сакавіка 1987 г. быў членам арт-лабараторыі «Галіна» (нефармальнай мастацкай суполкі) у Мінску, якая сваёй платформай абвясціла «неакрытычны рэалізм як метад, скіраваны на бічаванне застойных з’яў у нашым грамадскім жыцці»[13].

З 1989 па 1994 г. працаваў мастацкім рэдактарам у беларускім часопісе «Бярозка», дзе рэалізоўваў сябе супольна з такімі талентамі як Адам Глобус, Уладзімір Сіўчыкаў, Ігар Бабкоў, Максім Клімковіч, Алесь Бадак і інш.[6]

З 1997 г. быў членам Беларускага саюза дызайнераў, а з 2011 г. членам яго праўлення.

Быў дызайнерам вядомых лагатыпаў — у тым ліку, лагатыпа беларускай грамадска-культурнай кампаніі «Будзьма беларусамі!», беларускага рок-фестывалю «Басовішча-2007» і «Басовішча-2008»[14] і інш. Стварыў серыю анімаваных паштовак «Будзьма з беларускімі святамі», а таксама іншыя серыі[15].

Стаў аўтарам ілюстрацый для кнігі Сяржука Вітушкі «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі» (2011) і інш. Аўтар альбомных вокладак для CD-дыскаў гурта «N.R.M.», гурта «Партызанская школа», спевака Зміцера Вайцюшкевіча і інш.[6] Зрабіў беларускамоўны дызайн этыкеткі для маркі гарэлкі і вокладкі для кружэлак[6].

У 2011 г. дэбютаваў як фатограф, прэзентаваўшы фотавыстаўку «Under Ground»: у фотапрацах засяродзіўся на беларускай гародніны, каб такім спосабам адкрыць глыбейшае вымярэнне беларускай культуры. Выбар сваёй тэматыкі патлумачыў тым, што беларусы, на думку Анемпадыстава, як гародніна, хаваюць цікавыя рэчы ў сабе, не паказваюць іх навонкі — нацыя заглыбленых у сябе людзей: выглядаюць звычайна, а ўнутры фантастычныя — пад запэцканай (ад глебы) кажурой бульбы схавана «залатое сонца»[16].

Групавыя выстаўкі

Персанальныя выстаўкі

Літаратурная творчасць

Міхал Анемпадыстаў (злева) і Лявон Вольскі ў Львове, фота 2009 г.

Пачынаючы з 1990-х гг. Міхал Анемпадыстаў быў адным з актыўных стваральнікаў беларускай рок-паэзіі. Пісаў на беларускай мове.

Аўтар ідэі і тэкстаў (апроч двух народных) культавага беларускамоўнага музычнага праекту — рок-мюзікла «Народны альбом», які выйшаў у 1997 г. і быў абраны «альбомам году» (паводле музычнай прэміі «Рок-каранацыя»). Менавіта стварэнне «Народнага альбому» Міхал лічыў сваім галоўным дасягненнем у жыцці, бо гэты праект паўплываў на цэлае пакаленне беларускай моладзі: "«Народны альбом» — гэта любоў. Не проста ж так на вокладцы сэрца. Гэта любоў да свайго і тых цудаў, якое нясе ў сабе жыццё. Гэта альтэрнатыва нянавісці і жыццёвай пазіцыі, пабудаванай на адмаўленні. Мы хацелі вывесці людзей з дэпрэсіі і прапанаваць эмацыйную альтэрнатыву.“Народны альбом” аптымістычны і вітальны. Любоў да чагосьці болей стваральная матывацыя, чым нянавісць. Асабліва, калі нам патрэбная матывацыя на працяглы перыяд"[21].

Песні на беларускамоўныя вершы Міхала Анемпадыстава выконваюцца беларускімі музычнымі гуртамі «Новае Неба», «N.R.M.», «IQ48», спявачкай Касяй Камоцкай[22]. Аўтар перакладаў тэкстаў польскіх музычных гуртоў «Brygada Kryzys», «Republika», «Chłopcy z Placu Broni(польск.) бел.», «Perfekt», а таксама, Марка Грэхуты.

Член Беларускага ПЭН-цэнтру з 2009 г.[23]

Выступаў з паэтычнымі чытаннямі сваіх вершаў[23]:

У 2013 г. выдаў зборнік сваіх вершаў «Глыбока, глыбока, на дне філіжанкі кавы».

Культаралагічная і асветніцкая дзейнасць

Драўляны дом у Юрацішках. Фота 2013 г.

У 2004—2011 гг. быў членам журы фестываля «Бардаўская Восень» (г. Бельск, Польшча). У 2007 г. быў членам журы рок-фестываля «Basowiszcza» (г. Гродак, Польша)[23].

У 2009 г. паэты Міхал Анемпадыстаў і Леанід Дранько-Майсюк уручалі ўзнагароды беларускай музычнай прэміі «Рок-каранацыя» (акрамя Галоўнай Рок-кароны, якую ўручыў бізнесмэн і шоўмен Алесь Мухін).

Быў удзельнікам (лектарам і выкладчыкам) беларускай грамадскай адукацыйнай праграмы «Лятучы ўніверсітэт», якой кіруе Уладзімір Мацкевіч: у 2011 г. Міхал Анемпадыстаў чытаў у рамках праграмы ў Мінску лекцыю «Беларусь: вобраз і стыль», у 2012 г. у Мінску і Магілёве — лекцыю «Колер Беларусі», у 2012 г. у Магілёве — лекцыю «Беларускі стыль», а ў 2014 г. — лекцыю «Межы памежжа». У рамках той жа праграмы вёў у 2012—2013 гг. дызайнерскую майстэрню «Дэзань!», у 2014 г. — майстэрню «D2», а ў 2015 г. вёў майстэрню «DIII: Дызайн як сродак камунікацыі»[24].

Быў удзельнікам грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!»[12]. З 30 студзеня 2013 г. вёў аўтарскую калонку «Простыя рэчы» на сайце грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!», дзе разважаў пра штодзённыя і адначасова элітарныя праявы беларускай культуры і культуры ўвогуле[25].

З 2006 г. мэтанакіравана рабіў шмат фотаздымкаў Мінска, бо хацеў зафіксаваць у фатаграфіях сучасны Мінск, архітэктура і дызайн якога, на думку Міхала, з вялікай хуткасцю змяняюцца ў горшы бок. Хацеў зрабіць выстаўку сваіх фатаграфій Мінска і напісаць кнігу пра Мінск, якая, як плануецца, будзе працягам кнігі Артура Клінава «Мінск. Горад сонца» (2006) і аўтарскай ацэнкай і адлюстраваннем гораду з розных бакоў, каб асэнсаваць гісторыю, асяроддзе і жыццё горада і дапамагчы стварэнню агульнагарадскога «міфа»[6].

Пакроўская царква з вёскі Логнавічы — у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту

Даўно цікавіўся колерам у гісторыі і культуры Беларусі і пісаў кнігу «Колер Беларусі» — аб тым, як выкарыстоўваўся той ці іншы колер у традыцыйнай культуры Беларусі. Міхал Анемпадыстаў лічыў, што менавіта шэры колер займаў значнае месца ў традыцыйнай сялянскай і шляхецкай культуры Беларусі і мае дызайнерскія вартасці з-за сваіх адценняў і мажлівасцей выкарыстання: «З пункту гледжання прафесіяналаў — архітэктараў, дызайнераў — ён адзін з лепшых. Ён нейтральны, ён не раздражняе, ён ідэальна пасуе да любой драўніны, да металу, да керамікі, да фарфору»[21][26]. Міхал адзначае, шэры колер (традыцыйны колер інтэлекта) мае пазітыўную канатацыю і прысутнічае паўсюль у Беларусі: шэры колер — гэта беларускае неба і азёры, беларускі лён і ільняное адзенне, шэрыя беларускія палі ранняй вясной і позняй восенню, шэрыя беларускія старажытныя драўляныя хаты і шляхецкія двары, героі народных казак для дзетак (шэры кот, шэры воўк, шэрая мышка, шэры зайчык, шэрая галка і інш.), шэрань, шэрыя вочы і г.д.[26]

Выказванні пра жыццё і мастацтва

Музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі ва ўрочышчы Мерачоўшчына каля Косаўскага палаца
Бела-чырвона-белыя сцягі на святкаванні 600-годдзя Грунвальдскай бітвы на Грунвальдскім полі, фота 2010 г.

Адзнакі і ўзнагароды

Калумністыка ў Сеціве

Смерць і пахаванне

Памёр 24 студзеня 2018 года ў Мінску ад інсульту[30]. Развітанне з Міхалам адбылося 25 студзеня ў Мінску ў культурнай прасторы «ОК-16» (вуліца Кастрычніцкая, 16). Цела было крэміравана на мінскіх Паўночных могілках, а пасля рэшткі былі пахаваны на Чыжоўскіх могілках Мінска[5]. У 2020 годзе на магіле быў пастаўлены помнік[31].

Зноскі

  1. Анемпадыстаў МіхалKamunikat.org.
  2. Памёр паэт і мастак Міхал Анемпадыстаў (нявызн.). Радыё Свабода (24 студзеня 2018). Праверана 24 студзеня 2018.
  3. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 Дубавец, С. Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду… С. 94-99
  4. Памяці Міхала Анемпадыстава
  5. 1 2 Беларусь развітваецца з Міхалам Анемпадыставым. «Класік! Асоба! Грамадзянін!»
  6. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 КУЛЬТурныя людзі: Міхал Анемпадыстаў
  7. Дубавец, С. Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду… С. 98—99.
  8. Харэўскі, С. В. Сто твораў XX стагоддзя… С. 324.
  9. Дубавец, С. Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду… С. 207.
  10. Дубавец, С. Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду… С. 239.
  11. Нічога з плана рэстаўрацыі гістарычнага цэнтру Мінска не было зроблена.
  12. 1 2 Міхал Анемпадыстаў адзначае юбілей
  13. Мастацкая суполка «Галіна» Архівавана 26 лістапада 2016.
  14. «Бясконцы рух і васьмёрка як лічба году» — Міхал Анемпадыстаў распрацаваў лягатып Басовішча-2008
  15. Міхал Анемпадыстаў // mogilove.com
  16. 1 2 Край у колеры Зямлі. Размова з Міхаілам Анемпадыставым пра сучасную Беларусь ды беларусаў Архівавана 14 лютага 2019.
  17. 1987 — выстава аб’яднання «Галіна» Архівавана 5 сакавіка 2016.
  18. 1987 — выстава групы «Галіна» Архівавана 26 лістапада 2016.
  19. «Under Ground» / фотавыстава Міхала Анемпадыстава
  20. В немецком Леверкузене открылась выставка Андрея Щукина и Михаила Анемподистова
  21. 1 2 3 4 Міхалу Анемпадыставу — 50! Пра 90-ыя, 2014-ты, любімы колер беларусаў і прыгажосць (+відэа!) Архівавана 7 сакавіка 2016.
  22. О’К (1998). “Анемпадыстау, Мiхал :: Атэкстацыi (вершы для песень, книга)” (in ru). Музыкальная газета (34). http://www.nestor.minsk.by/mg/1998/34/mg83426.html. Retrieved on 2020-04-22.
  23. 1 2 3 Міхал Анемпадыстаў // kamunikat.org
  24. Міхал Анемпадыстаў Архівавана 9 ліпеня 2017.
  25. Калонка Міхала Анемпадыстава — «Простыя рэчы»
  26. 1 2 Ахраматычныя беларусы Архівавана 10 лістапада 2012.
  27. 1 2 3 4 Які колер з’яўляецца колерам Беларусі? Архівавана 17 сакавіка 2018.
  28. „Простыя рэчы“ Міхала Анемпадыстава: Сцяг
  29. Скарабагатава, Алена. Два тэксты - адна перамога (бел.)  (недаступная спасылка). Тузін Гітоў (16 жніўня 2006). Архівавана з першакрыніцы 23 мая 2012. Праверана 13 ліпеня 2020.
  30. Памёр стваральнік «Народнага альбому» Міхал Анемпадыстаў
  31. «Простыя словы, простыя рэчы». Глядзіце, які помнік паставілі на магіле Міхала Анемпадыстава // nashaniva.by 26 лістапада 2020

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (24):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Пахаваныя на Чыжоўскіх могілках
Мастакі паводле алфавіта
Постаці Мінска
Памерлі ў Мінску
Памерлі 24 студзеня
Нарадзіліся ў Мінску
Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Вікіпедыя:Запыты на пераклад з польскай
Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Мастакі Беларусі
Нарадзіліся 16 сакавіка
Памерлі 23 студзеня
Члены Беларускай спеўна-драматычнай майстроўні
Нарадзіліся ў 1964 годзе
Фатографы Беларусі
Дызайнеры Беларусі
Фатографы паводле алфавіта
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Пісьменнікі Беларусі
Выпускнікі Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава
Асобы
Памерлі ў 2018 годзе