wd wp Пошук:

IQ48

IQ48 — беларускі музычны гурт з Мінску.

Гісторыя

Гурт IQ48 утварыўся ў 2000 годзе. Першапачаткова калектыў складаўся з двух вакалістаў, якія чыталі рэп пад жывы акампанемент гітары і драм-машынкі, а ў 2002 годзе гурт абзавёўся ударнікам, басістам і саксафаністам. Змянілася і музыка калектыву: IQ48 зайгралі мілагучную сумесь рока, хіп-хопу, ска і фанку. Стылістычнымі рамкамі гурт сябе не абмяжоўвае і па гэты дзень, прапаведуючы поўную волю творчасці. Прыблізна ў гэты ж перыяд нарадзіўся і знакаміты слоган калектыву «IQ48 — здаровыя лосі!». Адначасова з гэтым гурт прынцыпова і канчаткова перайшоў на беларускую мову выканання песень. У новым амплуа IQ48 сталі пераможцам рок-фестывалю «Басовішча-2003» (Польшча), паклаўшы пачатак сваім штогадовым выступам на гэтым фестывалі. У 2008 годзе IQ48 выступалі на «Басовішчы» ўжо ў якасці хедлайнераў.

У перыяд 20032004 гадоў гурт нечакана пакідаюць саксафаніст Іван Зуеў і другі вакаліст Фрэйд (псеўданім Паўла Зыгмантовіча), які акрамя вакальнай нагрузкі яшчэ і пісаў тэксты. Музыкі вырашылі не шукаць Фрэйду замену, і адзіным вакалістам застаўся Аляксандр Ракавец, месца ж саксафаніста заняў Дзяніс Дзеравенка (ex- Meduza).

У 2004 годзе гурт IQ48 перамог у конкурсе на лепшы гімн чэмпіёна Беларусі па футболу — каманды «Шахцёр» (Салігорск). У гэтым жа годзе гімн быў запісаны і выкананы на ўшаноўванні чэмпіёнскага клуба.

У 2005 годзе кампаніяй «West Records» быў выдадзены дэбютны альбом IQ48 пад назвай «Вар’яты». Плытка была адзначана крытыкамі як адна з лепшых у беларускай альтэрнатыўнай музыцы таго часу, а такія песні, як «Таполі», «Выйсце» і «Карыда» разышліся па масе зборнікаў-кампіляцый і хіт-парадаў. Ужо тады слухачамі быў адзначаны своеасаблівы гумар калектыву ў спалучэнні з уменнем памеркаваць аб надзённым. Па выніках сезону 20052006 гадоў кампазіцыя «Выйсце» з альбома «Вар’яты» заняла 2-е месца ў конкурсе на званне «песня года» беларускага інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў».

Перыяд з 2005 па 2006 год гурт правёў, удзельнічаючы ў розных музычных фестывалях як у Беларусі, так і за мяжой (Польшча, Украіна, Прыбалтыка). У 2006 годзе ў Польшчы быў зняты кліп на песню «Святло ў цемры», які трапіў у ратацыю на польскім тэлебачанні. 15 верасня 2006 года гурт «IQ48» выступіў разам з гуртам «Zet» у клубе «Юла». У 2007 годзе з’явіўся кліп на песню «Карыда» (вытворчасць польскай «TV Working Studios»). Улетку таго ж года на фестывалі «Be2gether» гурт «IQ48» выступіў на адной сцэне з сусветнымі зоркамі: Morcheeba, Bloodhound Gang і Therapy. Увесну 2008 года ў рамках беларуска-польскага фестывалю «Solidarny z Białorusią» гурт выступіў перад 15 тысячамі гледачоў, атрымаўшы захопленыя водгукі ў польскай прэсе і на тэлебачанні. Той жа вясной быў зняты яшчэ адзін відэакліп на песню «Гэй, наперад!», пасля чаго гурт у Мінску прыступіў да запісу свайго другога альбому. Праца ў студыі перамяжоўвалася ўдзелам у канцэрце лепшых рок-калектываў Беларусі на ўкраінскім фесце «Be Free», а таксама ў горадзе Гуляйполе разам з гуртамі «Бумбокс» і «Zdob și Zdub», чым заслужыла любоў і ўкраінскіх слухачоў.

Другі альбом IQ48 атрымаў назву «Героі!» паводле адной з песень плыткі і быў выдадзены кампаніяй «West Records». Рэліз адбыўся 17 лістапада 2008 года, а 12 снежня ў адным з найбуйнейшых мінскіх клубаў прайшла яго прэзентацыя. Канцэрт трансляваўся інтэрнэт-радыёстанцыяй «NETradio» у сусветнай сетцы, што дазволіла слухаць яго ў любой кропцы планеты. Альбом IQ48 «Героі!» па выніках продажаў лэйбла ўвайшоў у пяцёрку лепшых.

Гурт актыўна працуе адначасова над дзвюма канцэртнымі праграмамі.

У 2009 годзе з гурту сышоў саксафаніст Дзяніс Дзеравенка, замест саксафону ў гурце зараз гучыць другая гітара, на якой грае Павел Яноўскі[1]. Таксама ў сувязі з пераездам у Польшчу ўвесну з гурту сышоў Кастусь Калеснікаў. У сеціве з’явілася аб’ява, што ў гурт патрабуецца бас-гітарыст, на якую адгукнуўся Юрый Жухараў. Літаральна за тры дні ён падняў рэпертуар IQ48, прайшоў праслухоўванне і з верасня 2009 года пачаў граць у гурце. З ім гурт выступіў 20 лістапада 2009 на 10-годдзі гурту «:B:N:»[2]. 9 чэрвеня 2009 года гурт выступіў у супольным канцэрце разам з Band A, Vinsent, Rahis у клубе «Графіці».

У 2009 годзе на студыі Паўла Яноўскага «Таксафон» гурт запісаў акустычную праграму, запрасіўшы Уладзіслава Плюшчава (Крамбамбуля) падыграць на бас-гітары. У лістападзе 2009 года IQ48 прапанавалі ў сеціве акустычны альбом «Зрабі сам. Акустыка»[3] ў аўдыё і відэа-версіях. Кліп на песню «Карыда» атрымаў 2-ю прэмію ў «Кліп-марафоне 2009»[4].

У красавіку 2010 года гурт разам з «NETradio» выпускае новы сінгл «Просты хлопец», у які ўвайшлі дзве новыя песні «Просты хлопец» і «Я памёр», у запісу якіх прымаў удзел Юрый Жухараў[5]. У маі 2010 года яго выключылі са складу гурту. На яго месца прыйшоў былы ўдзельнік «Крамбамбулі» Уладзіслаў Плюшчаў. 27 чэрвеня 2010 года на канале «СТБ» было паказана тэлевізійнае шоу «Зорны рынг», у якім прымаў удзел гурт IQ48. Запіс шоу адбываўся яшчэ ўвесну. IQ48 змагаліся за глядацкія сімпатыі з Аляксандрай Гайдук[6].

У лістападзе 2011 года выйшаў новы альбом «HMR»[7] (перавыдадзены ў 2012).

Далей музыкі зрабілі паўзу ў дзейнасці, якую аднавілі ў 2016 годзе. Гэты год адзначыўся сінглам «Зброя»[8] і чацвёртым студыйным альбомам «Трымай свой час»[9]. Пасля прэзентацыі дыска 18 снежня ў клубе TNT з IQ48 сышоў адзін з яго заснавальнікаў Яўген Бузоўскі. Як паведаміў Аляксандр Ракавец, з гэтага моманту гурт знаходзіцца на паўзе[10].

Дыскаграфія

Альбомы

Сінглы

Удзел у зборніках

Відэакліпы

Удзельнікі

Літаратура

Былыя ўдзельнікі

Зноскі

  1. Напярэдадні «Рок-каранацыі» гурт IQ48 памяняў саксафон на другую гітару — euroradio.fm(недаступная спасылка)
  2. Шчырая душа гурта IQ48 — navokal.com Архівавана 19 ліпеня 2010.
  3. «Зрабі сам. Акустыка» — IQ48 прэзентаваў у Сеціве свой першы unplugged — Беларускае Generation Y
  4. Абраныя найлепшыя беларускія кліпы. Тузін Гітоў Архівавана 14 лютага 2010.
  5. Гурт IQ48 стаў камунай і рыхтуе новы альбом | Experty.by — белорусская музыка
  6. Группа «IQ48»: Если в космос, то только с Солодухой! Архівавана 25 снежня 2010.
  7. 1 2 IQ48 «HMR» (+аўдыё) / Experty.by
  8. 1 2 Гурт IQ48 прэзентуе «Зброю» (+слухаць/+спампаваць) / Experty.by
  9. 1 2 IQ48 «Трымай свой час» (+аўдыё) / Experty.by
  10. Гітарыст Яўген Бузоўскі сыйшоў з IQ48 / Experty.by

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Музычныя калектывы паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Рок-гурты Беларусі
Катэгорыя·Артыкулы пра музычныя калектывы без ілюстрацый