wd wp Пошук:

Анатоль Нарцысавіч Занеўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Занеўскі. Анатоль Нарцысавіч Занеўскі (8 красавіка 1938, Масква, СССР — 30 чэрвеня 2018, Чыкага, ЗША) — беларускі архітэктар, графічны дызайнер. Кандыдат архітэктуры (1969), дацэнт (1973).

Біяграфія

У 1955—1961 гадах вучыўся на кафедры архітэктуры Беларускага політэхнічнага інстытута ў Мінску. У 1961—1964 гадах па размеркаванні працаваў старшым архітэктарам у праектных арганізацыях Цалінаграда (цяпер Нур-Султан) у Казахстане. З 1964 года член Саюза архітэктараў СССР. У 1964—1974 гадах аспірант, асістэнт, дацэнт кафедры архітэктуры Беларускага політэхнічнага інстытута. Кандыдат архітэктурных навук (1968). У 1968/1969 гадах стажыраваўся ў Польшчы, выкладаў у Варшаве, Кракаве, Уроцлаве, пазнаёміўся і захапіўся мастацтвам плаката.

У 1974—1976 гадах дацэнт кафедры прамысловага мастацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Адзін са стваральнікаў кафедры нагляднай агітацыі, прамысловай графікі, арганізацыі выставак і рэкламы БДТМІ, першы яе загадчык (1976—1986).

У 1986 годзе А. Н. Занеўскі паехаў па запрашэнні працаваць у Таджыкістан. У 1986—1988 гадах намеснік галоўнага архітэктара Душанбэ. У 1987 годзе ўдзельнік устаноўчага з’езда Саюза дызайнераў СССР. У 1988—2003 гадах узначальваў Саюз дызайнераў Таджыкістана, актыўна займаўся праектнай і грамадскай дзейнасцю. У 1992—2002 гадах прафесар, загадчык кафедры тэкстылю, адзення і дызайну імя Зухура Хабібулаева Тэхналагічнага ўніверсітэта Таджыкістана. У 1997 годзе стажыраваўся ў Небраскім універсітэце[ru] ў Омасе, ЗША.

У 2000 годзе расійскі ВАК надаў А. Н. Занеўскаму званне прафесара па кафедры мастацтва і дызайну.

Да 2002 года быў членам Камітэта па дзяржаўных прэміях Рэспублікі Таджыкістан імя Абуабдулы Рудакі ў галіне літаратуры, мастацтва, архітэктуры і журналістыкі пры Урадзе Рэспублікі Таджыкістан, членам Нацыянальнай Камісіі Таджыкістана па справах ЮНЕСКА. Таксама да 2002 года быў віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай грамадскай асацыяцыі Саюз дызайнераў Расіі (Масква, Расія).

У 2002 годзе пераехаў у ЗША. У 2003—2018 гадах фрылансер, графічны дызайнер, архітэктар, дызайнер інтэр’ераў (Чыкага, ЗША).

Сын Андрэй, працуе праграмістам[1].

Дзейнасць і творчасць

Адзін з аўтараў вынаходніцтва «Апарата для фатаграфавання маштабных макетаў», якое атрымала дыплом Саюза архітэктараў СССР на Усесаюзным аглядзе дыпломных праектаў (1961) і бронзавы медаль ВДНГ СССР (1970).

На стажыроўцы ў Польшчы ў 1968/1969 гадах выкладаў у Варшаве, Кракаве, Уроцлаве, пазнаёміўся з калегамі — мастакамі і дызайнерамі. Польскі плакат займаў пазіцыі лідара ў свеце, тым часам у СССР плакат быў сродкам прапаганды і агітацыі, выконваў фармальныя функцыі рэкламы і інфармавання, а дамінаванне ідэалогіі і кантроль над выканаўцамі дрэнна адбіваліся на творчым узроўні мастацтва плаката. Тады А. Н. Занеўскі захапіўся мастацтвам плаката, адна з яго работ заняла высокае прызавое месца на міжнародным конкурсе плаката ў Польшчы.

У 1974—1976 гадах дацэнт кафедры прамысловага мастацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Адзін са стваральнікаў кафедры нагляднай агітацыі, прамысловай графікі, арганізацыі выставак і рэкламы БДТМІ, першы яе загадчык (1976—1986). Гэта быў перыяд пачатку і актыўнага развіцця прамысловай графікі ў СССР, станаўлення методыкі адукацыі ў графічным дызайне. Дзякуючы ініцыятыве і асабістаму прыкладу А. Н. Занеўскага беларускі плакат выйшаў на высокі міжнародны ўзровень і стаў адным з найзначнейшых і вядомых відаў мастацтва Беларусі за мяжой. Захапіў мастацтвам плаката сваіх студэнтаў, акумуляваў інфармацыю пра конкурсы плаката ў СССР і краінах сацлагера. Натхняў да ўдзелу ў міжнародных, саюзных, рэспубліканскіх выстаўках і конкурсах плаката студэнтаў сваёй кафедры і агулам мастацка-прамысловага факультэта. Быў вельмі патрабавальны да якасці работ, ад студэнтаў чакаў высокага ўзроўню выканання, неабходнага для ўдзелу ў міжнародных конкурсах, натхняў студэнтаў на эксклюзіўнасць і адначасовую трапнасць выказу ідэі, але рабіў гэта заўсёды дасціпна, арыгінальна і весела.

У 1977 годзе на міжнародным конкурсе плаката на тэму «Экалогія. Ахова прыроды» ў Балгарыі, студэнт кафедры нагляднай агітацыі, прамысловай графікі, арганізацыі выставак і рэкламы У. Цэслер атрымаў сярэбраны медаль, а студэнтка кафедры прамысловага мастацтва М. Лагунова другую прэмію. На XI Міжнародным Варшаўскім біенале плаката (1986) выпускнікі кафедры нагляднай агітацыі, прамграфікі, арганізацыі выстаў і рэкламы С. Войчанка, У. Цэслер, А. Шэлюта атрымалі вышэйшую ацэнку – Гран-пры і спецыяльную прэмію Генеральнага сакратара ААН. Пазней, на Міжнародным конкурсе студэнцкага плаката «Чаму голад? Чаму жабрацтва?» (NATIONAL STUDENT DESIGN COMPETITION «Why Hunger? Why Poverty? Spansared by International Typeface Corporation», ЗША, 1987), дзе ўдзельнічалі плакатысты больш за 100 краін, выхаванцы А. Н. Занеўскага і калектыву кафедры, студэнты С. Яўлампіеў і А. Ляшкевіч атрымалі першае месца — Гран-пры.

А. Н. Занеўскі і калектыў кафедры стварылі методыку навучання студэнтаў мастацтву плаката, замацаваўшы ў ім новыя тэхнічныя і мастацкія прыёмы дызайнерскага, а не станковага падыходу, выхавалі плеяду таленавітых беларускіх плакатыстаў. Дзякуючы ініцыятыве А. Н. Занеўскага беларускі плакат выйшаў на міжнародную арэну.

Сцяг Таджыкістана

У 1992 годзе адзін з аўтараў дызайну сучаснага герба і сцяга Рэспублікі Таджыкістан.

Герб Таджыкістана
У 1997 годзе адзін з аўтараў дызайну сучаснага герба Душанбэ, дзяржаўных ордэнаў і медалёў Рэспублікі Таджыкістан, грашовых знакаў Рэспублікі Таджыкістан, эмблемаў міністэрстваў і дзяржаўных арганізацый Рэспублікі Таджыкістан.

У 1997—2000 гадах аўтар канцэпцыі экспазіцыі Таджыкістана на сусветнай выстаўцы Экспа-2000 (EXPO 2000 HANNOVER, Гановер, Германія).

Прызнанне

Зноскі

  1. Andrew Zanevsky

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (21):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1938 годзе
Катэгорыя·Выкладчыкі Беларускай акадэміі мастацтваў
Катэгорыя·Артыкулы пра архітэктараў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Артыкулы пра архітэктараў без партрэтаў
Катэгорыя·Дызайнеры Беларусі
Катэгорыя·Члены Беларускага саюза архітэктараў
Катэгорыя·Кандыдаты архітэктуры
Катэгорыя·Выкладчыкі БНТУ
Катэгорыя·Нарадзіліся 8 красавіка
Катэгорыя·Памерлі ў 2018 годзе
Катэгорыя·Памерлі 30 чэрвеня
Катэгорыя·Члены Саюза архітэктараў СССР
Катэгорыя·Архітэктары паводле алфавіта
Катэгорыя·Архітэктары Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Узнагароджаныя бронзавым медалём ВДНГ
Катэгорыя·Памерлі ў Чыкага
Катэгорыя·Архітэктары XX стагоддзя
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Маскве
Катэгорыя·Выпускнікі БНТУ
Катэгорыя·Памерлі ў Чыказе