wd wp Пошук:

Сяргей Іванавіч Дубавец

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Дубавец. У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Паўлоўскі. Сяргей Іванавіч Дубавец (нар. 17 верасня 1959, Мазыр; Псеўданімы: Алесь Кебік; Андрэй Корсак; Іван Мялешка; Сяргей Паўлоўскі; Адам Праціста; С.Пхоў; Крыптанімы: С. Д.; С. П.; і інш.) — беларускі журналіст, літаратар, крытык і выдавец.

Біяграфія

Пераехаў у Мінск раз з бацькамі ў дзяцінстве. Пасля сканчэння сярэдняй школы (1976) працаваў выпускным у газеце «На страже Октября» заводу «Гарызонт». Скончыў факультэт журналістыкі БДУ (1979—1984). Падчас вучобы Сяргей Дубавец стаў адным з заснавальнікаў моладзевага аб’яднання Беларуская спеўна-драматычная майстроўня («Майстроўня»), якакая адраджала традыцыйныя народныя гулянні (напр. Купалле), ставіла народную драму «Цар Максіміліян», арганізоўвала калядаванне. За актыўны ўдзел у акцыях «Майстроўні» Дубавец, разам з іншымі, некалькі разоў быў затрыманы міліцыяй і атрымаў вымовы па камсамольскай лініі. Працаваў малодшым рэдактарам рэдакцыі літаратуры БелСЭ, у рэдакцыі абласной газеты «Гомельская праўда» (Гомель).

Літаратурную дзейнасць пачаў у «самвыдаце». Падчас службы ў Савецкай арміі выконваў абавязкі карэспандэнта дывізійнае газеты «Боевой призыв», якая знаходзілася на тэрыторыі Мінскага аператыўнага палка («Белполк»). На рэдакцыйнай машынцы Сяргей Дубавец друкаваў самвыдавецкую газету «Люстра дзён», якую пачаў выдаваць у 1980 разам з Вінцуком Вячоркам і Сяргеем Сокалавым, пад калектыўным псеўданімам «Беларуская талеранцыйная грамада». У 1984 у Слоніме разам з Сяргеям Астраўцовым выдаюць літаратурную газету «Набойні», дзе змяшчаюць свае творы. У 1986 разам з талакоўцамі выпускаў скандальны «Бурачок». З 1987, жывучы ў Маладзечне, працаваў у аддзеле крытыкі і мастацтва часопіса «Нёман» (1987). У 1988 °C. Дубавец разам з Алесем Бяляцкім пачынаюць выдаваць бюлетэнь Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» — «Кантроль». Рэдактар альманаха «Літаратура» (1989), удзельнічаў у выданні газеты «Навіны БНФ». Абіраўся членам Сойму БНФ. Рэдактар газеты «Свабода» (1990—1991). З 1990 Сяргей Дубавец жыве ў Вільнюсе, быў сведкам, а часам і ўдзельнікам барацьбы літоўскай грамадскасці за атрыманне Літвой незалежнасці. З 1991 галоўны рэдактар абноўленай «Нашай Нівы».

Удавец, жонка — Таццяна Сапач, паэтэса, тэлежурналіст; дачка — Адэля (псеўд. Тэда Лі), спявачка і празаік. Уначы на 28 снежня 2010 года Сяргей Дубавец і Тацяна Сапач трапілі ў аўтакатастрофу. Аварыя здарылася на тэрыторыі Літвы, пад Алітусам, каля 22:00 27 снежня па беларускім часе[1]. Тацяна загінула, Сяргей Дубавец быў паранены. Сям’я вярталася ад дачкі, якая нядаўна нарадзіла ім унучку[2].

Масон. З 2019 года — Вялікі майстар Вялікай ложы Беларусі[3].

Творчасць

Друкаваўся ў зборніках «Дзень паэзіі», «З гісторыяй на Вы», «Вобраз», часопісах «Полымя», «Нёман», «Крыніца», у «Литературной газете». Напісаў прадмовы да кнігаў «Мур» Ж.-П. Сартра (1991), «Адвечным шляхам» І. Абдзіраловіча (1993), пераклаў гэты твор на рускую мову для «Нёмана».

Кніга «Тантамарэскі» (2019) пра беларускамоўнага мытніка і асветніка Алеся Юркойця, які апынуўся за кратамі.

Узнагароды

Узнагароджаны медалем Літоўскай Рэспублікі «13 студзеня» за «адвагу і самаадданасць, праяўленыя пры абароне незалежнасці Літвы», медалем імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтра (1998) за аўтарскую праграму «Вострая брама» на «Радыё Свабода», медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі[4].

Лаўрэат прэмій «Гліняны Вялес» (2005)[5] і «Залаты апостраф» (2015; у намінацыі «проза» за кнігу «Вайна і мір. Справаздача»)[6].

Лаўрэат галоўнага прыза літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца за нон-фікшн «Тантамарэскі».

Бібліяграфія

Зноскі

  1. Загінула паэтка Тацяна Сапач
  2. Аўтакатастрофа: загінула Таццяна Сапач, Сяргей Дубавец паранены
  3. «Кіраваць працэсам»: Сяргей Дубавец даў першае інтэрв’ю ў якасці Вялікага майстра беларускай масонскай ложы
  4. Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100
  5. Гліняны Вялес
  6. Прэмію «Залаты апостраф» атрымалі Дубавец, Сільнова і Найдзёнаў

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (21):
Супрацоўнікі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі»
Вікіпедыя:Пісьменнікі без мовы твораў
Лаўрэаты прэміі імя Алеся Адамовіча
Супрацоўнікі газеты «Наша Ніва» (1991)
Галоўныя рэдактары газеты «Наша Ніва»
Выпускнікі Інстытута журналістыкі БДУ
Вікіпедыя:Біяграфіі сучаснікаў
Нарадзіліся ў 1959 годзе
Лаўрэаты прэміі імя Ежы Гедройца
Члены Беларускай спеўна-драматычнай майстроўні
Пісьменнікі паводле алфавіта
Лаўрэаты прэміі «Залаты апостраф»
Лаўрэаты прэміі «Гліняны вялес»
Масоны
Літаратуразнаўцы Беларусі
Узнагароджаныя медалём да стагоддзя БНР
Супрацоўнікі часопіса «Нёман»
Літаратуразнаўцы СССР
Асобы
Нарадзіліся 17 верасня
Нарадзіліся ў Мазыры