wd wp Пошук:

Вінцук Вячорка

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Вячорка.

Валянці́н Рыго́равіч Вячо́рка, вядомы таксама як Вінцу́к Вячо́рка (нар. 7 ліпеня 1961, Брэст) — старшыня БНФ «Адраджэньне» і партыі БНФ (1999—2007), філолаг, выкладчык, журналіст, палітвязень Беларусі.

Біяграфія

Нарадзіўся 7 ліпеня 1961 года ў Брэсце.[1][2] Бацька быў памочнікам Першага сакратара Камуністычнай партыі Беларусі П. М. Машэрава, затым — намеснікам старшыні Дзяржплана БССР.

З 1975 жыве ў Мінску. Яшчэ падчас вучобы ў школе ў яго заўважылі праявы вальнадумства. Ён свядома пайшоў на філалагічны факультэт БДУ па спецыяльнасці беларуская і руская мова і літаратура. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1983), аспірантуру Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР (1986). Працаваў выкладчыкам у Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце, з 1988 — журналіст, з 1990 — выкладчык Беларускага гуманітарнага ліцэя, з 1.1.1991 — супрацоўнік, потым намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Спадчына». Няўдала балатаваўся ў Вярхоўны Савет XII і XIII скліканняў.

З 1979 года актыўна ўдзельнічае ў нацыянальна-дэмакратычным руху Беларусі, неаднаразова арыштоўваўся і штрафаваўся за ўдзел у масавых грамадскіх акцыях, у знак пратэсту ў зняволенні трымаў галадоўку (крас. 1996, пасля «Чарнобыльскага шляху»). Адзін з стваральнікаў і кіраўнікоў моладзевых груп і арганізацый «Майстроўня» (1979—1984), «Талака» (1986—1989), Канфедэрацыі беларускіх маладзёжных аб’яднанняў (1988—1989). У 1979—1985 гг. браў удзел у дзейнасці самвыдавецкай суполкі «Беларуская Талеранцыйная Грамада». У 1985 г. быў адным з заснавальнікаў Клуба імя У.Караткевіча. У 1986—1990 гг. уваходзіў у групу «Незалежнасць». У 1986—1987 разам з Сяргеем Дубаўцом і Алесем Бяляцкім выдаваў самвыдавецкі часопіс «Бурачок», які выклікаў пільную ўвагу КДБ. З 1990 па 1993 уваходзіў у склад рэдакцыі «Навін БНФ „Адраджэньне“».

Адзін з заснавальнікаў БНФ (член Аргкамітэта, 1988), узначальваў Камісію праграмных дакументаў, член Сойма. Намеснік старшыні БНФ (1995—1999), старшыня БНФ «Адраджэнне» і партыі БНФ (1999—2007). Адзін з аўтараў тэксту праграмы БНФ. Стваральнік і кіраўнік няўрадавай грамадскай арганізацыі асветніцкай скіраванасці — Цэнтра «Супольнасць» (з 1995). Старшыня працоўнай групы Асамблеі няўрадавых арганізацый Беларусі (1999—2000). Падчас кампаніі па выбарах Прэзідэнта Беларусі 2006 года быў даверанай асобай адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча. З мая 2007 года — сустаршыня Палітсавета аб’яднаных дэмакратычных сіл, адказвае за інфармацыйна-мабілізацыйную працу і міжнародныя адносіны.

17.12.2005 перавыбраны старшынёй Партыі БНФ і грамадскага аб’яднання «Беларускі народныя фронт „Адраджэнне“». Намеснікамі кіраўніка партыі абраныя Аляксей Янукевіч, Юрый Хадыка, Віктар Івашкевіч, Алесь Міхалевіч. У снежні 2007 на 9 з’ездзе Партыі БНФ кіраўніком партыі абраны Лявон Баршчэўскі. На з’ездзе Партыі БНФ 9.12.2007 абраныя намеснікі старшыні партыі. Першым намеснікам, кіраўніком камісіі па міжнароднай дзейнасці абраны Вінцук Вячорка. За яго кандыдатуру прагаласавалі 173 дэлегаты з’езду з 237. Намеснікам старшыні Партыі БНФ па арганізацыі палітычных кампаній і працы з мэтавымі групамі — Віктар Івашкевіч. За яго прагаласавалі 202 дэлегаты. Намеснікам старшыні Партыі БНФ па партыйным будаўніцтве і арганізацыйных пытаннях абраны Алесь Міхалевіч (131), па працы з рэгіянальнымі структурамі — Юрый Губаревіч (116), па інфармацыйна-ідэалагічнай працы — Аляксей Янукевіч (134).

Выступае ў беларускім і замежным перыядычным друку па грамадска-палітычным пытаннях.

Вінцук Вячорка адчуў на сабе прэсінг з боку недэмакратычнай улады яшчэ за савецкім часам: 13 чэрвеня 1984 года ён быў затрыманы за ўдзел у мітынгу пратэсту супраць зносу будынка тэатра 19 стагоддзя ў Мінску ў раёне кансерваторыі.[3]

Супраць Вінцука Вячоркі была распачата крымінальная справа ў сувязі з падзеямі 25 сакавіка 1996 г., калі было разагнана святочнае шэсце ў гонар Дня Волі. В. Вячорка быў абвінавачаны ў ціску на супрацоўніка Цэнтральнага райаддзела міліцыі Мінска. Акрамя таго, раніцай 27 красавіка 1996 года, пасля разагнанага напярэдадні «Чарнобыльскага Шляху», Вінцука Вячорку затрымала міліцыя ў двары дома, дзе ён жыў. Чацвёра сутак палітык правёў пад арыштам і быў вызвалены толькі таму, што адразу ж пачаў галадоўку пратэсту. Крымінальная справа супраць В. Вячоркі была спынена толькі праз паўтара года.

8 сакавіка 2006 года В. Вячорка, як давераная асоба А.Мілінкевіча, у адным з раёнаў Мінска ўдзельнічаў у сустрэчы апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты з выбаршчыкамі. Праваахоўныя органы расцанілі гэтую сустрэчу як несанкцыянаваны мітынг. В. Вячорка быў прызнаны адным з арганізатараў і актыўных удзельнікаў несанкцыянаванага мітынгу і асуджаны да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.[4]

В. Вячорка спрабаваў зарэгістравацца кандыдатам у дэпутаты на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у 2008 г. Але выбаркам адмовіў яму ў рэгістрацыі.[5]

Кандыдат у дэпутаты Мінскага гарадскога савета па 43-й Мірашнічэнкаўскай акрузе на выбарах дэпутатаў Мінскага гарсавета 26-га склікання у 2010 г.[6]

З 9 чэрвеня 2020 года — сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў[7].

Сям’я

Удавец, трое дзяцей — Радаслава, Ружана і Францішак.

У мовазнаўстве

Як мовазнаўца вывучаў мову выданняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаванне беларускага класічнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных устаноў. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сімволіку.[8][9][10]

У 2016 г. Вінцук Вячорка выпусціў кнігу навукова-папулярных нарысаў пра адметнасці беларускай мовы. Прэзентацыя выдання «Па-беларуску з Вінцуком Вячоркам» адбылася 19 мая 2016 года ў мінскай галерэі «Ў»[11]. У кнізе сабраны нарысы пра беларускую мову, пісаныя для Радыё Свабода у 2014—2016 гг. Жывая практыка і прыгажосць, якія грунтуюцца на навуковым мовазнаўчым падмурку, спалучаюцца з эканомнай лёгкасцю выкладання і філалагічным густам аўтара[12].

7 жніўня 2017 Вінцук Вячорка прэзэнтаваў у Баранавічах кнігу «Не смяшыце мае прыназоўнікі».[13]. Аўтар расказвае, як гаварыць дакладна і прыгожа дома, у краме, на мітынгу, у дарозе, на іспытах, каб родная мова жыла ўсюды[12].

Узнагароды

Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі[14].

Творы

Кнігі

Артыкулы

Зноскі

  1. Вечерко ВинцукЭлектронная Энцыкляпэдыя slounik.org Архівавана 31 сакавіка 2022.
  2. Вячорка Вінцук (архіў ад 13 мая 2021) — Грамадскі вэб-архіў Вытокі
  3. Вінцук Вячорка — palitviazni.info (архіў ад 15 чэрвеня 2015)
  4. Доверенное лицо единого кандидата в президенты Белоруссии получил 15 суток ареста за встречу с избирателями (архіў ад 26 мая 2022)
  5. Апазіцыя лічыць адмову ў рэгістрацыі кандыдатаў палітычным рашэннем Архівавана 20 ліпеня 2021.
  6. Вінцук Вячорка будзе абскарджваць вынікі галасавання па выбарах дэпутатаў Мінгарсавета Архівавана 17 мая 2021.
  7. Прынятыя ў сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў (нявызн.). СПБ (11 чэрвеня 2020). Архівавана з першакрыніцы 11 чэрвеня 2020. Праверана 11 чэрвеня 2020.
  8. Вінцук Вячорка на Svaboda.org
  9. Вінцук Вячорка на Беларускай Палічцы Архівавана 26 сакавіка 2022.
  10. Вінцук Вячорка на livelib.ru Архівавана 26 мая 2022.
  11. Вінцук Вячорка прэзентаваў кнігу нарысаў пра адметнасці беларускай мовы (архіў ад 9 жніўня 2020)
  12. 1 2 Усе кнігі Бібліятэкі Свабоды Архівавана 20 мая 2022.
  13. Вінцук Вячорка прэзэнтаваў у Баранавічах кнігу «Не смяшыце мае прыназоўнікі» Архівавана 26 мая 2022.
  14. Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100 Архівавана 19 красавіка 2022.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (17):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Філолагі Беларусі
Члены Талакі
Выпускнікі філалагічнага факультэта БДУ
Асобы
Вікіпедыя:Біяграфіі сучаснікаў
Нарадзіліся ў Брэсце
Нарадзіліся 7 ліпеня
Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў
Узнагароджаныя медалём да стагоддзя БНР
Палітыкі Беларусі
Члены Беларускай спеўна-драматычнай майстроўні
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Нарадзіліся ў 1961 годзе
Члены Партыі БНФ
Палітвязні Беларусі
Дысідэнты Беларусі