wd wp Пошук:

Уладзімір Мікалаевіч Сіўчыкаў

Уладзімір Мікалаевіч Сіўчыкаў (3 мая 1958, Жодзіна, Смалявіцкі раён, Мінская вобласць — 21 ліпеня 2021) — беларускі пісьменнік, перакладчык, мастак, выдавец.

Біяграфія

Нарадзіўся 3 мая 1958 года ў Жодзіна ў сям’і служачых. Скончыў педагагічнае аддзяленне Мінскага мастацкага вучылішча (1977).

Працаваў настаўнікам малявання і чарчэння ў Траянаўскай сярэдняй школе Барысаўскага раёна. Служыў у арміі (1977—1979). Быў мастаком-афарміцелем у Мінскім палацы культуры і спорту чыгуначнікаў (1979—1983). У 1981 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (пад час вучобы праходзіў стажыроўку ў Тбіліскім дзяржаўным універсітэце, дзе вывучаў грузінскую мову і літаратуру). Пасля заканчэння ўніверсітэта (1986) — рэдактар аддзела літаратуры і мастацтва, у 1989—1990 гг. — адказны сакратар часопіса для дзяцей і падлеткаў «Бярозка». З 1990 г. — прэзідэнт Беларускай асацыяцыі дэтэктыўнага, прыгодніцкага і палітычнага рамана, з 1994 г. — дырэктар выдавецтва «Радыёла-плюс».

З 2004 года як індывідуальны прадпрымальнік займаўся ўласнай выдавецкай справай. Удзельнік літаратурна-грамадскага таварыства «Тутэйшыя» (1986—1990). Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1990, Беларускага ПЭН-Цэнтра з 2004, Беларускай асацыяцыі журналістаў з 2009 года. Грамадскі дзеяч. Вёў актыўную краязнаўчую працу найперш па родным Жодзіне, па ўшанаванні памяці князя Багуслава Радзівіла.

Памёр 21 ліпеня 2021 года[1].

Творчасць

У друку выступаў з 1982 г. Аўтар кнігі вершаў «Адліга» (калектыўны зборнік «Лагодны прамень раніцы», 1988), адзін з аўтараў зборніка апавяданняў «Жнівеньскі праспект» (1988). Таксама аўтар кніг апавяданняў і п’ес «Гульня ў тастамант» (1992), кніг прозы «Лісты да брата» (1998), «Бювар» (2009), «Уладзевы гісторыі» (2015), кнігі паэзіі «Высакосны год» (2004), кніг вершаў дзецям «Кошык Велікодны» (2014), «Багоўка» (2018), слоўніка-даведніка «2000 русских, 2000 белорусских идиом…» (сумесна з А. Баярынай, 2006). Укладальнік (разам з А. Марачкіным) і адзін з аўтараў альбомаў «Жодзінцы. Жывапіс. Графіка. Мастацкае слова» (2008), а таксама «Рыцары Пагоні і Арла» (2010). Укладальнік зборнікаў дэтэктываў «Кінжал з крыламі» (1994) і «Карона Вітаўта Вялікага» (2004), анталогіі вершаў і песень пра каханне «Яна і Я» (разам з Р. Шастак, 2005), зборніка выбраных твораў Максіма Багдановіча «Інтымны дзённік» (2006), Рыгора Барадуліна «Руны Перуновы» (разам з А. Камоцкім, 2006), зборнікаў беларускіх казак, легенд, паданняў, песень «Залатая яблынька» (2013), «Сіняя Світа» (2015), «Зачараваны Замак» (2016) і інш.

У перакладзе У. Сіўчыкава з грузінскай мовы на беларускую апублікаваны раман Н. Думбадзэ «Закон вечнасці» (1988), шэраг вершаў і паэм у «Анталогіі грузінскай паэзіі» ў 2 тамах (1989).

Аўтар шэрагу творчых партрэтаў беларускіх і замежных мастакоў — Вінцэнта Ван Гога, Язэпа Драздовіча, Алеся MaRы, Івана Міско, Ігара Рымашэўскага і інш.

Выбраная бібліяграфія

Зноскі

  1. Памёр выбітны жодзінец, пісьменнік і выдавец Уладзімір Сіўчыкаў. Яму было 63 гады

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Перакладчыкі з грузінскай мовы
Катэгорыя·Перакладчыкі на беларускую мову
Катэгорыя·Выпускнікі філалагічнага факультэта БДУ
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся 3 мая
Катэгорыя·Вікіпедыя·Асобы, якія памерлі менш за год таму
Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі
Катэгорыя·Старонкі з нелікавымі аргументамі formatnum
Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі
Катэгорыя·Памерлі 21 ліпеня
Катэгорыя·Выпускнікі Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава
Катэгорыя·Памерлі ў 2021 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1958 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Жодзіне