wd wp Пошук:

Людавіт Штур

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Штур.

Лю́давіт Штур (славацк.: Ľudovít Štúr), у ранейшым славацкім напісанні вядомы як Лу́давіт Вэ́ліслаў Штур (славацк.: Ludevít Velislav Štúr), псеўданімы: B. Dunajský, Bedlivý Ludorob, Boleslav Záhorský, Brat Sloven, Ein Slave, Ein ungarischer Slave, Karl Wildburn, pravolub Rokošan, Slovák, Starí, Velislav, Zpěvomil[4] (28 кастрычніка 1815[8], вёска Угравац, Аўстрыйская імперыя[9] — 12 студзеня 1856, горад Модра, Аўстрыйская імперыя[10]) — славацкі паэт, філолаг, грамадскі дзеяч[11]; палітык, філосаф, гісторык, педагог, пісьменнік, публіцыст і рэдактар.

Людавіт Штур быў найбольш яскравым прадстаўніком славацкага нацыянальнага жыцця і вядучай асобай славацкага нацыянальнага адраджэння ў сярэдзіне XIX ст., сістэматызаваў славацкую мову на падставе сярэднеславацкіх дыялектаў (каля 1843 г.), з’яўляўся адным з вядучых удзельнікаў Славацкага паўстання у 18481849 гг. і дэпутатам венгерскага парламента(славацк.) бел. у горадзе Зволен 18481849 гг.

У яго гонар названы астэроід галоўнага пояса (3393) Штур(славацк.) бел..

Біяграфія

Месца нараджэння, сям’я і ўмовы жыцця

Людавіт Штур нарадзіўся 28 кастрычніка 1815 г.[8] у вёсцы Угравац (тады Заі-Угравац), якая знаходзіцца ў паўднёвай частцы Стражаўскіх гор. Ён быў другім з пяці дзяцей нацыянальна свядомага настаўніка мясцовай евангелісцкай школы Самуала Штура і Аны Штуравай (у дзявоцтве Міхалцавай). Людавіт Штур быў ахрышчаны 29 кастрычніка 1815 г.[12] у евангелісцкім храме ў роднай вёсцы. Яго братамі і сёстрамі былі: старэйшы брат Карал (18111851 гг.), малодшыя Самуал (18181861 гг.), сястра Караліна (18261859 гг.)[4] і брат Янка (18271907 гг.)[5]. Іх бацька Самуал Штур, паводле сведчанняў Ёзафа Міласлава Гурбана, быў «чалавек вучоны, які выяўляў павагу і паважнасць да кожнага, хто размаўляў з ім» (славацк.: muž učený, charakteru vážnosť a úctu vymáhajúceho na každom, kto zblížil sa jemu). Ён пераехаў з Трэнчына, каб заняць у Заі-Уграўцу прапанаваную пасаду настаўніка. Самуал Штур нарадзіўся ў Лубіне, куды дзед Людавіта Павал пераехаў з Трэнчына; Павал меў мянушку «Трэнчан», якая была запісана ў метрыцы падчас хрышчэння Самуала[13], а таксама падчас рэгістравання смерці Павала[14].

Вучоба

Базавую адукацыю Людавіт Штур атрымаў ва Уграўцу ў свайго бацькі[5]. У 1827 г. Людавіт з’ехаў вучыцца ў малодшыя класы сярэдняй школы ў Раб (сёння вядомы як Дзьёр), дзе яго стараннасць, спрытнасць у вучобе і таленавітасць былі асабліва адзначаны прафесарам Лэапалдам Пэтзам — славакам па нацыянальнасці[12], які быў вядомы ў акадэмічных колах сваім захапленнем антычнымі мастацтвамі і адукацыяй. Пэтз арыентаваў сваіх вучняў на чытанне твораў славянскіх аўтараў, такім чынам абудзіўшы ў маладым Штуру зацікаўленасць у славянскім свеце. Па завяршэнні двух гадоў вучобы ў Рабе Людавіт Штур паступіў у евангелісцкі ліцэй у Браціславе (18291834 гг.), дзе ўжо вучыўся яго старэйшы брат Карал[12].

Навучанне ў браціслаўскім ліцэі складалася з двухгадовага курса гуманітарных навук і яшчэ двух гадоў, якія неабходна было прайсці дзеля атрымання далейшай ступені адукацыі — універсітэцкай. У ліцэі з 1803 г. існавала кафедра чэшска-славацкіх мовы і літаратуры, загадчыкам якой з’яўляўся прафесар Юрай Палкавіч. Евангелісцкі ліцэй у Браціславе быў адзінай у Венгрыі евангелісцкай установай адукацыі свайго ўзроўню з такой кафедрай. Заняткі адбываліся на біблійнай чэшскай мове, якая была мовай славацкіх евангелісцкіх вучоных ужо тры стагоддзі.

Некаторыя абставіны, у прыватнасці пажылы век прафесара Палкавіча, які не дазваляў яму ўжо чытаць лекцыі ў межах вучэбнай праграмы, падштурхнулі студэнтаў да заснавання ў 1829 г. суполкі — Чэшска-славацкага таварыства (увогуле заснаванне падобных суполак было распаўсюджанай з’явай у евангелісцкіх ліцэях: у 1823 г. Чэшска-славацкае таварыства заснавалі ў Вене, у 1824 г. — у Кежмараку, у 1832 г. — у Левачы і Прэшаве, у 1838 г. — у Банска-Шцьяўніцы і г. д.)[15]. Сярод заснавальнікаў браціслаўскага таварыства былі Карал Штур, Сама Халупка, Данел Ліхард і Самуал Годра. Першым старшынёй стаў прафесар Юрай Палкавіч, функцыі яго намеснікаў выконвалі Сама Халупка, Карал Штур, Міхал Міласлаў Годжа, Самуал Самаслаў Ванка і Людавіт Штур[15]. Галоўнымі задачамі таварыства былі ўдасканаленне роднай мовы, практыка ў граматыцы, напісанне літаратурных твораў і вывучэнне гісторыі славянскіх народаў.

Людавіт Штур стаў членам таварыства амаль адразу па прыбыцці ў Браціславу. З архіваў таварыства вынікае, што ён быў актыўным і добрасумленным вучнем. Яго ўпартасць прынесла свой плён: Людавіт Штур не меў праблем з ніводнай вучэбнай дысцыплінай, аднак болей за ўсё ён захапляўся гісторыяй, антычнай літаратурай, эстэтыкай і гісторыяй мастацтва. Сярод славянскіх пісьменнікаў вялікі ўплыў на Штура пакінулі Ян Голі, Ян Колар, Павал Ёзаф Шафарык, Францішак Палацкі і іншыя.

Восенню 1835 г. Людавіт Штур стаў намеснікам старшыні таварыства (насамрэч у той час займанне пасады старшыні некаторымі прафесарамі мела фармальны характар). У кантэксце мерапрыемстваў, скіраваных на павелічэнне нацыянальнай свядомасці славакаў, члены таварыства арганізоўвалі святы, паездкі і іншыя мерапрыемствы. Адным з найбольш вядомых мерапрыемстваў членаў таварыства была паездка на Дзевін 24 красавіка 1836 г.(славацк.) бел.. Улічваючы сацыяльную сітуацыю, мерапрыемства было падрыхтавана і ажыццёўлена ў таямніцы. На Дзевіне ў сваёй прамове Штур згадаў гісторыю Вялікай Маравіі, чытаў вершы і спяваў народныя песні, а пад канец сустрэчы члены таварыства выбралі сабе другое — славянскае — імя, якое паабяцалі заўсёды ўжываць разам з народжаным. Так, Гурбан дадаў да свайго хроснага імя Ёзаф славянскае імя Міласлаў, Аўгуст Шкултаты(славацк.) бел. стаў Горыславам і г. д. Штур жа дадаў сабе імя Вэліслаў (зрэшты, ён ужо даўно перад тым падпісваўся так на пасяджэннях Чэшска-славацкага таварыства).

У 1836/1837 навучальным годзе на падставе кафедральнага пасяджэння Людавіт Штур стаў неафіцыйным намеснікам прафесара Палкавіча ў ліцэі. Да гэтага Штура прывялі добрая рэпутацыя ў ліцэі, эрудзіраванасць і добрыя веды лацінскай мовы (яна з’яўлялася афіцыйнай мовай навучання ў ліцэі). Акрамя лацінскай, падчас свайго жыцця Людавіт Штур выдатна авалодаў венгерскай, нямецкай, французскай, грэчаскай і некаторымі славянскімі мовамі — польскай, сербскахарвацкай і рускай. Ён таксама пачаў вывучаць яўрэйскую і англійскую мовы. Штур выкладаў у ліцэі чэшскую і польскую граматыку і гісторыю. Гэта адкрыла яму магчымасці да ліставання з многімі вядомымі славяністамі: Янам Коларам, Павалам Шафарыкам, Францішкам Палацкім і іншымі.

У 1836/1837 навучальным годзе распаліўся канфлікт паміж студэнтамі і сенатам ліцэя і яго выкладчыкамі. Прычынай студэнцкай незадаволенасці стала забарона ўсіх студэнцкіх суполак і таварыстваў у Венгрыі. Штур, з’яўляючыся намеснікам прафесара Палкавіча, паспрабаваў перанесці частку дзейнасці ўжо забароненага таварыства ў фармат сваіх заняткаў.

У 1838 г. 24-гадовы Людавіт паступіў ва ўніверсітэт у Гале, які (зрэшты, як і ўніверсітэты ў Іене і Берліне) грунтаваўся на евангелісцкіх навукоўцах і даваў глыбокую падрыхтоўку па тэалогіі, філасофіі, гісторыі і лінгвістыцы. Падчас двухгадовага навучання Штур грунтоўна азнаёміўся з філасофіяй Гегеля і Гердэра, чые канцэпцыі гісторыі суправаджалі Штура ва ўсім яго філасофска-гістарычным светапоглядзе: ён вызнаваў гісторыю за шэраг натуральных прыродных працэсаў, якія грунтуюцца на пэўных законах, што маюць у сабе духоўныя прынцыпы. Пасля заканчэння ўніверсітэцкай вучобы ў 1840 г. па дарозе ў Венгрыю Людавіт Штур сустрэўся ў Празе і Градзецу-Кралавэ з многімі чэшскімі нацыяналістамі. У Чэхіі ён наведаў Павала Ёзафа Шафарыка, які папярэдзіў Штура аб абвастрэнні палітычнай сітуацыі ў краіне.

Першыя гады пасля вучобы

Вяртанне ў Венгрыю стала для Штура перыядам пачатку новай барацьбы — барацьбы за захаванне нацыянальных правоў. Радыкальная частка венгерскіх чыноўнікаў і паліцэйскіх распачала актыўную кампанію супраць павышэння адукацыйнага і культурнага ўзроўняў немадзьярскіх народаў. Сітуацыю пагаршала займанне графам Каралам Заем пасады генеральнага інспектара Евангельскай Царквы Аўгсбургскага Вызнання: граф стаяў на ідэях падтрымкі ў Венгрыі толькі аднаго народа — мадзьярскага. Зай асабіста ведаў Штура і спачатку нават адчуваў да яго сімпатыю праз таленавітасць і адукаванасць апошняга. Граф нават вусна і пісьмова заклікаў Штура да партнёрства дзеля інтарэсаў венграў, бо толькі ў іх Карал Зай бачыў будучыню краіны, аднак гэтыя спробы не далі ніякага плёну.

Па вяртанні з Германіі Штур спачатку імкнуўся зноў заняць месца намесніка прафесара Палкавіча на Кафедры чэшска-славацкіх мовы і літаратуры. Ён не меў магчымасці мець ніякай нармальнай зарплаты — урокі на кафедры фінансаваліся з ахвяраванняў вучняў, а выкладчыкам даставаўся толькі невялікі працэнт, палову якога Штур вымушаны быў дзяліць з прафесарам Палкавічам. Праца кафедры і ўладкаванне туды Штура былі ўскладнены перашкодамі, якія чынілі Зай і яго аднадумцы з намерам, каб пасля смерці Палкавіча кафедра ўвогуле была бы зачынена. Пасля доўгіх перамоў з адміністрацыяй ліцэя Людавіт атрымаў пасаду ў якасці выкладчыка ў прафесара Палкавіча.

Няспынны ціск на славакаў з боку венгерскіх чыноўнікаў прымусіў Штура і іншых славацкіх нацыяналістаў шукаць падтрымкі і абароны ў найвышэйшага кіраўніцтва імперыі. У 1842 г. у Вену былі пасланыя чатыры дэпутаты са Славацкай прастольнай чалабітнай (славацк.: Slovenský prestolný prosbopis). У Чалабітнай славакі прасілі імператара аб абароне ад пераследаў, магчымасці публікавання прац аб колькасці і рассяленні славацкага народа, захаванні Кафедры чэшска-славацкіх мовы і літаратуры ў ліцэі Браціславы, а таксама аб адкрыцці падобных устаноў у іншых ліцэях Венгрыі і г. д. У Вене, аднак, справа гэтак і не дайшла да разбору Чалабітнай: двор накіраваў Чалабітную ў Будапешт да венгерскага палаціна, які адхіліў усе патрабаванні і просьбы славакаў.

Літаратурная славацкая мова

Помнік Людавіту Штуру ў Левачы.

У пачатку 1843 г. Людавіт сабраў сваіх блізкіх сяброў і падзяліўся з імі думкай аб аб’яднанні славакаў каталіцкага і евангелісцкага вызнанняў на базе адзінай пісьмовай мовы. За аснову быў абраны сярэднеславацкі дыялект праз яго распаўсюджанасць, арыгінальнасць і зразумеласць. Аб’яднанне славакаў павінна было праходзіць больш хутка шляхам дзейнасці ўсеславацкага надканфесійнага аб’яднання Татрын(славацк.) бел..

Ідэя распрацоўкі пісьмовай славацкая мова фарміравалася ў Штура ўжо доўгі час. Некалькімі гадамі раней (у 1836 г.) ён у лісце да Францішка Палацкага скардзіўся на тое, што біблійная чэшская мова, якой пісалі евангелісты, стала незразумелай для славакаў, і выказваў пажаданне, каб чэхі і славакі знайшлі кампраміс ў выніку стварэння адзінай чэхаславацкай мовы. Прапанова мела пад сабой ідэю ўступак як са славацкага, гэтак і з чэшскага бакоў, аднак чэшскія лінгвісты адхілілі такі падыход, прапаноўваючы славакам наўпрост карыстацца чэшскай мовай. Менавіта гэта падштурхнула Штура перайсці ад разважанняў да дзей і пачаць з сябрамі ствараць літаратурную мову, якая аб’яднала бы каталікоў і евангелістаў.

11 ліпеня 1843 г. Людавіт Штур, Ёзаф Міласлаў Гурбан і Міхал Міласлаў Годжа сустрэліся ў парафіяльным доме Гурбана (ён быў евангелісцкім святаром) у вёсцы Глбока(славацк.) бел., дзе яны дамовіліся аб ажыццяўленні ідэі аб славацкай літаратурнай мове на практыцы. 17 ліпеня яны наведалі ў Добра-Водзе Яна Голіга, які вызнаваўся за эксперта ў берналакаўчыне(славацк.) бел., таму штураўцы вырашылі азнаёміць яго першага са сваімі намерамі.

У 1843 г. ускладнілася сітуацыя ў ліцэі. Ціскі на зніманне Штура з пасады намесніка прафесара Палкавіча ўзмацняліся. Іх эскалацыя прывяла ў выніку да таго, што ў снежні 1843 г. Людавіт яе пазбавіўся: не дапамаглі ні студэнцкія петыцыі, ні спробы абараніць славака некаторымі прафесарамі. У знак пратэсту супраць звальнення Людавіта Штура 22 студэнты пакінулі ліцэй у сакавіку 1844 г. 13 з іх давучыліся ў Левачы.

Славацкая нацыянальная газета

У жніўні 1844 г. адбылося першае пасяджэнне супольнасці Татрын у Ліптаўскім Святым Мікулашы, у якім прыняў удзел і Штур, якога абралі членам прэзідыума аб’яднання. Праз год, пасля некалькіх гадоў намаганняў, Штуру ўдалося атрымаць ад найвышэйшай улады дазвол на выдаванне «Славацкай нацыянальнай газеты»(славацк.) бел. з літаратурным дадаткам «Арол татранскі»(славацк.) бел.. Газета пачала выдавацца 1 жніўня 1845 г. Газета выдавалася на славацкай мове распрацоўкі Людавіта Штура, таму яна вельмі хутка знайшла праз гэта як заўзятых прыхільнікаў, гэтак і зацятых ворагаў. Сярод крытыкаў былі не толькі некаторыя чэшскія патрыёты, якія ўспрынялі гэта як здраду нацыянальным інтарэсам, але і Павал Ёзаф Шафарык ды Ян Колар.

У 1846 г. Штур выдаў «Гаворку славацкую або неабходнасць пісаць у гэтай гаворцы», у каторай абгрунтаваў неабходнасць новай літаратурнай мовы. У тым жа годзе выйшла яго філалагічная праца «Тэорыя славацкай мовы», якая змяшчала асновы новай граматыкі. На чацвёртым з’ездзе Татрына ў жніўні 1847 г. у Чахцічах прадстаўнікі каталікоў і пратэстантаў нарэшце пагадзіліся на выкарыстанні новай літаратурнай мовы. Далейшае развіццё славацкай граматыкі (пераход з фанетычнага прынцыпу на этымалагічны) ажыццявілася з дапамогай рэформы евангеліста Міхала Міласлава Годжы і каталіка Марціна Гаталы на працягу 18511852 гг. Удзел у абмеркаванні граматычных змен прымалі таксама Людавіт Штур, Ёзаф Міласлаў Гурбан, Ян Паларык, Андрай Людавіт Радлінскі(славацк.) бел. і Штэфан Заваднік(славацк.) бел.. Менавіта кадыфікаваная такім чынам славацкая мова стала пазней адзінай для славакаў.

«Славацкая нацыянальная газета» па сваім змесце была скіравана на павышэнне ўзроўню інфармаванасці насельніцтва аб сацыяльных правах, знаёміла чытачоў з культурай славян, павышала адукацыйны ўзровень і друкавала актуальныя артыкулы аб палітычнай сітуацыі ў Славакіі і свеце. Дзейнасць Штура і далейшых рэдактараў кантраляваў цэнзар, які меў права ўмяшацца, каб скараціць або выдаліць тыя ці іншыя артыкулы.

Венгерскі парламент

Амбіцыі Штура сягалі далей за пасаду рэдактара газеты. У 1847 г. ён далучаецца да венгерскага парламента(славацк.) бел., які сабраўся ў Браціславе (у будынку сённяшняй універсітэцкай бібліятэкі) у якасці дэпутата ад вольнага каралеўскага горада Зволен, каб паслядоўна і канкрэтна абараняць свае нацыянальныя і сацыяльныя інтарэсы. Яго вядомым палітычным праціўнікам быў ліберал Лаяш Кошут, з якім Штур меў пэўны кансэнсус у сацыяльных пытаннях, але значна разыходзіўся ў разуменні прынцыпу нацыянальнай незалежнасці. Дзейнасць парламента была спынена рэвалюцыяй у 1848 г.

Мемарыяльная дошка ў гонар Людавіта Штура ў Празе на месцы, дзе адбываўся Славянскі кангрэс.

1848 год

Бурныя падзеі 1848 г. у Францыі знайшлі сваё адлюстраванне і ў Габсбургскай манархіі. Рэвалюцыя давала людзям надзею на атрыманне большых сацыяльных правоў і павелічэнне свабод. Штур цёпла вітаў новыя рухі ў рэдакцыйным артыкуле сваёй газеты. У той жа час уступкі венскай улады Будзе, якія выяўляліся ў павелічэнні ступені незалежнасці Венгрыі, пагражалі славакам: мадзьярызацыя ўзмацнілася. Таму былі сфарміраваныя Патрабаванні славацкай нацыі, якія прапаноўвалі вырашэнне славацка-венгерскіх пытанняў на прынцыпах роўнасці. У той жа час Штур арганізаваў скліканне Славянскага кангрэса ў Празе. Венгерская ўлада ўсімі спосабамі аказвала ціск на Штура, Гурбана і Годжу. Нягледзячы на пераследы, Штур здолеў трапіць на Славянскі кангрэс, дзе сабраліся лідары ўсіх славянскіх народаў, якія жылі ў манархіі, і спрабавалі знайсці выйсце са складанай сітуацыі. Пасля таго, як усе юрыдычныя спробы дамагчыся ад венгерскай улады выканання заканадаўства ў галіне правоў славянскіх народаў пацярпелі паразу, Штур з Гурбанам прынялі рашэнне пайсці на прамое змаганне з урадам.

1516 верасня ў Вене была ўтворана Славацкая нацыянальная рада(славацк.) бел., якая абвясціла сябе адзінай крыніцай улады ў Славакіі і адмовілася падпарадкоўвацца венгерскай уладзе. Яе палітычнымі лідарамі сталі Людавіт Штур, Ёзаф Міласлаў Гурбан і Міхал Міласлаў Годжа. Таксама ў склад рады ўваходзілі военачальнікі Бэдрых Блоўдак, Францішак Алэксандар Зах і Бэрнард Яначак. Сакратарамі былі Богуш Носак Нэзабудаў і Даніал Яраслаў Борык. У верасні 1848 г. Славацкая нацыянальная рада паклікала славакаў да ўзброенага паўстання з мэтай атрымання сваіх нацыянальных і сацыяльных правоў.

Апошнія гады жыцця

У выніку правалу паўстання ў 1849 г. і пасля неаднаразовых расчараванняў у імператарскім двары, які абяцаў славакам падтрымку ў барацьбе супраць венгерскіх радыкалаў, Людавіт аказаўся ў нявыгаднай сітуацыі. Запыт дазволу на выданне славацкай палітычнай газеты («Славацкая нацыянальная газета» знікла падчас рэвалюцыі) і афіцыйную рэгістрацыю «Татрына» не быў задаволены. Штур у гэты час асэнсоўваў сваю дзейнасць былых гадоў і прысвяціў сябе вывучэнню славянскага народнага мастацтва і працы над кнігай «Славянства і свет будучыні» (славацк.: Slovanstvo a svet budúcnosti).

Дакумент, выдадзены Янку Штуру, аб смерці яго брата Людавіта Штура (на партрэце).

1851 г. пачаў серыю асабістых трагедый для Людавіта: у студзені памёр яго брат Карал (святар і настаўнік у Модры), а праз шэсць месяцаў — яго бацька. Пасля смерці свайго старэйшага брата Штур пераехаў у Модру, дзе, знаходзячыся пад пастаянным паліцэйскім наглядам, выхоўваў сем дзяцей нябожчыка. Нягледзячы на няспынны паліцэйскі нагляд, Людавіт Штур працягваў творчую актыўнасць. У 1853 г. у Вене памерла Адала Остралуцкая — духоўная сяброўка Штура — а ў Трэнчыне — яго мама. Неўзабаве скончыўся і жыццёвы шлях самога Людавіта Штура. 22 снежня 1855 г. падчас палявання недалёка ад Модры ружжо выпадкова стрэліла яму ў сцягно, калі ён пераскокваў праз ручай. Пасведчанне аб смерці змяшчала наступную інфармацыю:

22 снежня 1855 г. на паляванні, калі пераскокваў канаву з ручаём, зваліўся, і падчас падзення адбылося так, што выпадкова ружжо стрэліла і прастрэліла сцегнавую косць; наступствам гэтага стала тое, што ад вялікага болю і крывацёку ён мірна сканаў.
З пасведчання аб смерці Людавіта Штура
Выказваліся здагадкі аб тым, што такая смерць была спланавана іншымі людзьмі або гэта было [самагубства](/Самагубства "Самагубства"); ніякіх доказаў гэтым здагадкам знойдзена не было, зрэшты, такія плёткі заўсёды ствараюцца вакол смерці знакамітых людзей. Людавіт Штур памёр [12 студзеня](/12_студзеня "12 студзеня") [1856](/1856 "1856") г. «у дзевяць гадзін вечара» ў Модры ва ўзросце 40 гадоў. Пахаванне адбылося [15 студзеня](/15_студзеня "15 студзеня") з удзелам мясцовага святара Даніала Мініха і Ёзафа Міласлава Гурбана.

Погляды Людавіта Штура

Многія пазіцыі, якія Людавіт Штур акрэсліў у сваёй працы «Славянства і свет будучыні» (ням.: Das Slawenthum und die Welt der Zukunft), можна лічыць за яго палітычны запавет.

У кнізе Штур прапаноўваў палітычную інтэграцыю з царскай Расіяй, выказваўся супраць свабоднай рынкавай гаспадаркі, бачачы яе альтэрнатывай абшчынны гаспадарскі лад. Таксама ён адмятаў парламенцкую дэмакратыю на карысць самадзяржаўя.

Нягледзячы на тое, што Людавіт Штур вызнаецца фактычна за заснавальніка сучаснай славацкай літаратурнай мовы, у кнізе «Славянства і свет будучыні» ён прапаноўваў для ўсіх славянскіх плямёнаў найперш выкарыстоўваць рускую мову ў якасці літаратурнай[16].

Штур не хаваў сваёй насцярожанасці ў дачыненні да жыдоў і менавіта таму ўхваляў антысеміцкую палітыку Расійскай імперыі[17].

Літаратурная кар’ера і бібліяграфія

Тытульны ліст кнігі Штура «Nárečja Slovenskuo alebo potreba písaňja v tomto nárečí» 1846 г.
Тытульны ліст кнігі Штура «Nauka reči Slovenskej» 1846 г.

Ушанаванне памяці

16 жніўня 1994 г. у адпаведнасці з загадам славацкай улады наступныя шэсць аб’ектаў былі абвешчаны нацыянальным помнікам культуры пад агульнай назвай «Збор помнікаў культуры з прамым дачыненнем да асобы Людавіта Штура ў Модры» (славацк.: Súbor kultúrnych pamiatok s priamym vzťahom k osobnosti Ľudovíta Štúra v Modre):

Сярод іншых рэчаў, праз якія была ўшанавана памяць Людавіта Штура, можна вылучыць:

Гл. таксама

Зноскі

  1. 1 2 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118619713 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 16 кастрычніка 2015.
  2. L’udovít Štúr // Brockhaus Enzyklopädie / Hrsg.: Bibliographisches Institut & F. A. Brockhaus, Wissen Media Verlag Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  4. 1 2 3 Štúr, Ľudovít. In: Slovenský biografický slovník V. zväzok R – Š, 1992, s. 532.
  5. 1 2 3 Štúr, Ľudovít Velislav. In: Encyklopédia Slovenska V. zväzok R – Š, 1981. s. 773.
  6. záznam o úmrtí Ľudovítovej matky Anny Štúrovej v matrike evanjelického cirkevného zboru Trenčín"
  7. (unspecified title) Праверана 9 ліпеня 2019.
  8. 1 2 Ľudovít Štúr : Život a dielo (1815—1856) : Zborník materiálov z konferencie Historického ústavu SAV, 1956, s. 20.
  9. článok Архівавана 11 кастрычніка 2014. MAŤOVČÍK, Augustín: Dátum narodenia Ľudovíta Štúra, In: Knižnica, 2010, s. 94 — 95
  10. záznam o úmrtí v matrike evanjelického cirkevného zboru Modra"
  11. БСЭ
  12. 1 2 3 Život a dielo Ľudovíta Štúra. Monotematické číslo k roku Ľudovíta Štúra (1995/1996). In: Národná osveta, 1995, č. 24, s. 2.
  13. záznam o krste Ľudovítovho otca Samuela Štúra v matrike evanjelického cirkevného zboru Lubina; «Pauli et Evae Štúr, alias Trenčan»
  14. záznam o úmrtí Ľudovítovho starého otca Pavla Štúra v matrike evanjelického cirkevného zboru Lubina; «Paulus Styúr vulgo Trencsan dictus»
  15. 1 2 KOVÁČ, D., a kol.: Kronika Slovenska 1 — od najstarších čias do konca 19. stor., 1998, s. 413.
  16. Slovanstvo a svet budúcnosti. dostupné online
  17. Štúr, L.: Slovanstvo a svet budúcnosti. Bratislava 1993, s. 119

Літаратура

Часопісы

Энцыклапедыі

Зборнікі

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (21):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Трэнчынскім краі
Катэгорыя·Філосафы Славакіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Выпускнікі Гале-Вітэнбергскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1815 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў 1856 годзе
Катэгорыя·Пісьменнікі Славакіі
Катэгорыя·Штураўцы
Катэгорыя·Памерлі ў Браціслаўскім краі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Добрыя артыкулы паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся 28 кастрычніка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Палітыкі Славакіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Добрыя артыкулы пра асоб
Катэгорыя·Памерлі 12 студзеня
Катэгорыя·Паэты Славакіі
Катэгорыя·Людавіт Штур
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·Філолагі Славакіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных