wd wp Пошук:

Underdog

«Underdog» (з англ. — «няўдачнік; сабака, пераможаны ў бойцы»[заўв 1]) — дэбютны студыйны альбом гурта «Brutto» у жанры панк-рок, выдадзены ў 2014 годзе на анлайн-мультылэйбле «Пяршак»[9]. У 2015 годзе на лэйбле «Soyuz music[ru]» адбылося перавыданне альбома з дадатковымі песнямі ў якасці бонуса[10].

Альбом з’явіўся праз 12 дзён з моманту афіцыйнага стварэння гурта[11]. Альбом складаецца з 12 песен[12], у тым ліку дзве з іх на беларускай мове[13]. 8 песен прысвечаны тэме спорту і здаровага ладу жыцця. Адна з кампазіцый напісаная на верш Якуба Коласа «Наша возьме»[14], таксама ёсць два кавера: «I Get Wet» (амерыканскага выканаўцы Andrew W.K.[en]) і «The Chauffeur» (гурта «Duran Duran»)[15].

На песні «Brutto», «Underdog»[16], «Гири», «Мяч», «Наша возьме» з альбома былі зняты відэакліпы. У відэакліпе на песню «Brutto» зняліся сыны Сяргея Міхалка, а ў здымках відэакліпа на песню «Наша возьме» прынялі ўдзел гульцы мінскай каманды па амерыканскім футболе «Літвіны»[17]. Беларускі тур пад назвай «Double Hot» у падтрымку ў тым ліку і дэбютнага альбома адбыўся ў 2017 годзе, завяршальны канцэрт тура адбыўся ў Мінску 8 сакавіка на пляцоўцы «Мінск-Арэна».[18]

Перадумовы з’яўлення запісу

31 жніўня 2014 года гурт Сяргея Міхалка «Ляпіс Трубяцкі» нечакана спыніў сваё існаванне праз 24 года музычнай дзейнасці.[19] 1 верасня Сяргей Міхалок аб’явіў аб стварэнні гурта «Brutto», а ўжо 12 верасня выйшаў першы альбом новага гурта.[20] У інтэрв’ю інтэрнэт-часопісу «34mag» Міхалок распавёў, што над новым праектам у агульнай складанасці працавала каля 50 чалавек на працягу апошняга года, але ўсё трымалася ў сакрэце.[21] Музычны журналіст Маша Калеснікава лічыць, што гэткім чынам Міхалок «натуральна правакуе, ён адмыслова ставіць слухача ў ступар, ён адмыслова сумяшчае несумяшчальнае, як дасведчаны гулец і баец. І нібыта на альбоме „Underdog“ няма чаго і слухаць, але ўсе пра яго гавораць».[22]

Гісторыя стварэння

Сяргей Міхалок ― стваральнік гурта «Brutto» і аўтар канцэпцыі яго дэбютнага альбома «Underdog».

Праца над альбомам адбывалася на амерыканскай студыі «Sterling Sound NYC». Мастэрынгам займаўся Тэд Дженсен[en], запісам гука Андрэй Баброўка, прадзюсіраваў запіс увесь склад гурта. Да выхада альбома ўбачылі свет два афіцыйных сінгла: «Brutto» і «Underdog».[23] На песню «Underdog» быў зняты відэакліп, які меў самую вялікую колькасць праглядаў на «YouTube» сярод усіх відэакліпаў з альбома. Рэжысёрам відэакліпа выступіў Дзмітрый «Тапор» Казлоўскі, працу над відэа ажыццяўлялі таксама Сяргей Агрызка, Вадзім Церах, Ігар Кузаўка (мантаж). У здымках кліпа прынялі ўдзел заслужаны майстар спорту і чэмпіён свету па тайскім боксе Віталь Гуркоў і чэмпіён Еўропы па боксе сярод прафесіяналаў па версіі WBO[en] Сяргей Хаміцкі.[24]

Альбом быў афіцыйна прадстаўлены 12 верасня 2014 года[25], без абвестак і прэс-рэлізаў[26]. 12 трэкаў альбома былі выкладзены ў інтэрнэт для свабоднага праслухоўвання. Гучанне альбома ў параўнанні з «Ляпісам Трубяцкім» стала больш грубым, аранжыроўкі скупыя і аскетычныя, духавую секцыю змяніў сінтэзатар. У своеасаблівым маніфесце, які суправаджае прэм’еру альбома, гаворыцца[27]:

" З намі – зямля нашых бацькоў, з намі – нашы жонкі і дзеці. Мы – не адзіночкі. Побач – нашы сябры. Не замінайце нам мірна жыць, інакш атрымаеце п…. Мы прыйшлі даўно, а сыйдзем няхутка. "

Першапачаткова новы калектыў Сяргей Міхалок збіраўся рабіць з Сяргеем Кагадзеевым[ru] з гурта «НОМ[ru]», які раптоўна памёр у 2014 годзе. Таму, па меркаванню музычных экспертаў, «Brutto» — не столькі рок-група ў звыклым разуменні гэтага слова, колькі арт-праект, нацэлены, перш за ўсё, на эпатаж, перфоманс і эксперыменты з масавай свядомасцю[28].

Сяргей Міхалок адмыслова падбіраў людзей для запісу, якія лепш за яго ў той ці іншай сферы. Паводле яго меркавання Сяргей «Бразіл» адмысловец у хардкоры і «каляфутболе», Пётр Ласеўскі ― у андэграўнднай музыцы, Дзяніс «Лэфт» мае выдатныя вакальныя даныя і менавіта ён спявае кавер-версію песні «Duran Duran» па-англійску, чым дэманструе меладычны бок гурта. У выніку Сяргей Міхалок адзначыў пра дэбютную працу гурта:

" Я, калі рабіў Brutto, пазбаўляўся ад усіх мемаў «Ляпіса». Ніякага ска, ніякіх духавых секцый, ніякіх складаных і насычаных метафарамі тэкстаў. Няўжо нехта на поўным сур’ёзе можа думаць, што чалавек, які напісаў «Клоуна нет», «Я верю» або «Воины света», які можа гадзіну несці поўную ахінею на любыя тэмы, зрабіў выпадковую памылку і ў песню «Мяч» не ўставіў 2–3 сур’ёзныя метафары? Гэта стыль Brutto.[21] "

Міхалок запрасіў у гурт Віталя Гуркова, бо той лепш за самаго Сяргея размаўляе па-беларуску, першым з беларускіх спартсменаў пачаў даваць інтэрв’ю на роднай мове і таму паводле меркавання Міхалка ён заспявае «Наша возьме» як ніхто іншы. Сам Віталь Гуркоў выказаўся наконт адаптацыі верша беларускага класіка Якуба Коласа для запісу песні з альбома:[29]

" Гэты верш Коласа ведаў яшчэ са школы, але ніколі ня думаў, што яго можна аформіць у панк-рок і тым больш, што я буду далучаны да гэтай справы. Гэтыя словы былі напісаныя даўно, але мне здаецца, што яны будуць актуальнымі заўжды і кожны можа знайсці ў іх свой сэнс.[30] "

Праз два месяцы пасля выпуску «Underdog» гурт выклаў у інтэрнэт EP «Adиdas». 15 сакавіка 2015 года адбылося перавыданне альбома на CD з адноўленай вокладкай і даданнем 7 новых трэкаў, на 2 з якіх былі выпушчаны афіцыйныя лірык-відэа.[31] Таксама быў выдадзены лімітаваны тыраж перавыдання альбома на вінілавай пласцінцы.[32]

Спіс кампазіцый

НазваСловы Працягласць
1. «Brutto»   03:59
2. «Underdog»   02:31
3. «Гири»   02:23
4. «Наша возьме» Якуб Колас 01:52
5. «Веселей»   01:53
6. «Мяч»   03:15
7. «I Get Wet» (кавер-версія Andrew W.K.[en])  04:49
8. «Гарэза»   02:53
9. «Регби»   02:07
10. «The Chauffeur» (кавер-версія «Duran Duran»)  03:48
11. «Дворняги»   03:22
12. «Труд»   03:23
37:15

Дадатковыя трэкі ў перавыданні альбома

Вокладка перавыдання альбома[33].
Назва Працягласць
1. «Воины света»  
2. «Железный»  
3. «Adиdas»  
4. «Kapital»  
5. «Священный огонь»  
6. «Гарри» (Demo Version)  
7. «Будзь Смелым!»  

Змест песен

«Brutto»

Песня без відавочнай сюжэтнай лініі. Тэкст мае характэрныя рысы маніфесту, таму што песня з’яўлялася першым творам, які быў прадстаўлены публіцы новаствораным калектывам. У чорна-белым відэакліпе зняліся ўсе ўдзельнікі гурта «Brutto», сыны Сяргея Міхалка, а таксама прадзюсар «Ляпіса Трубяцкога» Яўген Калмыкоў.[34]

«Underdog»

Матывацыйная песня-гісторыя пра баксёра, які нягледзячы на жыццёвыя перашкоды і цяжкасці павінен верыць у сябе, змагацца і ісці да перамогі. У шырокім жа сэнсе слова «underdog» — разгорнутая метафара пераадолення жыццёвых цяжкасцяў. Прыпеў падкрэслівае, што нават калі «на цябе ніхто не ставіць», то «прымусіш сябе паважаць». Песню спявае Сяргей Міхалок, па сюжэце відэакліпа ён выконвае ролю трэнера.[35][36]

«Гири»

Песня на спартыўную тэматыку, прапагандуе здаровы лад жыцця. Песню выконвае вакаліст гурта Сяргей «Бразіл», які з’яўляецца аматарам цяжкай атлетыкі. Галоўны пасыл складаецца ў тым, што «гіры — найлепшыя ў свеце сябры мужчыны». Відэакліп на песню таксама ўтрымоўвае кадры з цяжкаатлетам у стылі рэтра.[37]

«Наша возьме»

Песня на верш Якуба Коласа, напісаная пра тых, хто змагаецца па розных кірунках за сваю справу і верыць у перамогу, а не сыходзіць з абранага шляху. Класік спрабуе выказаць у гэтым тэксце ўсю глыбіню і боль беларускага народу.[38] Асноўную вакальную партыю выканаў Віталь Гуркоў. Відэакліп на песню зняты ў спартыўнай тэматыцы, у здымках прынялі ўдзел гульцы мінскай каманды па амерыканскім футболе «Літвіны».

«Веселей»

Пазітыўная песня пра безжурботнае жыццё, прагулкі па горадзе і бойкі з гопнікамі. Песню нібыта выконвае хлопец з суседняга пад’езда — той, які ходзіць у качалку ў ЖЭС і ў якога над ложкам вісяць постэры Шварцэнэгера, Рэмба[ru]: «пайду да сваёй малой, ёй весела са мной».[39]

«Мяч»

Песня аб карысці для здароўя гульні у дваровы футбол. Тэкст песні амаль капіруе стылістыку Агніі Барто, чые вершы адрозніваюцца прастатой чытання і запамінання: «вот летит грач, ты не бей его ногой, бей ногой мяч» (бел.: вось ляціць грак, ты не бі яго нагой, бі нагой мяч).[40]

«I Get Wet»

Кавер-версія песні амерыканскага артыста Andrew W.K.[en]

«Гарэза»

Беларускамоўная сатырычная песня пра хулігана анархічных поглядаў.[41]

«Регби»

Песня пра рэгбі і тое, што гэта гульня для моцных целам і духам хлопцаў. Праводзіцца аналогія паміж гульнёй і жыццём: «жыццё не гольф, а рэгбі, мяч схапіў ― наперад бяжы».

«The Chauffeur»

Кавер-версія песні брытанскага рок-гурта «Duran Duran» аўтарства Саймана Ле Бона[en] і Ніка Роўдса[en]. Песня перадае вобразы неспакойнага ваджэння і прывабных жанчын.[42]

«Дворняги»

Палітызаваная песня пра працоўны клас, яго агрэсіўнае стаўленне да капіталу і чыноўнікаў.[43]

«Труд»

Палітызаваная песня пра працу як прагрэсіўны фенамен.[44]

Афіцыйныя відэакліпы

Відэакліпы на песні з альбома
Назва песніСпасылка на афіцыйны канал гуртаДата рэлізуКолькасць праглядаў станам на 2022 год
«Brutto» Відэа 22 жніўня 2014 года
1,4 млн.
«Underdog»[45] Відэа 9 верасня 2014 года
4,5 млн.[46]
«Гири» Відэа 5 кастрычніка 2014 года
3,5 млн.
«Мяч» Відэа 20 кастрычніка 2014 года
1,7 млн.
«Наша возьме» Відэа 26 снежня 2014 года
677 тыс.
«Ball» (англамоўная версія песні «Мяч») Відэа 13 сакавіка 2015 года
104 тыс.
Лірык-відэа на песні з перавыдання альбома
Назва песніСпасылка на афіцыйны канал гуртаДата рэлізаКолькасць праглядаў па стане на 2022 год
«Adиdas» Відэа 12 лістапада 2014 года
1,2 млн.
«Будзь смелым!» Відэа 15 снежня 2014 года
1,3 млн.

Крытыка

Дэбютны альбом гурта быў ацэнены вельмі неадназначна як музычнымі журналістамі, так і шэраговымі слухачамі[47]. Пісьменнік Віктар Марціновіч, якому «Underdog» не спадабаўся, адзначае, што ў сацыяльнай сетцы «У Кантакце» цяжка знайсці аматара музыкі, які б не выказаўся пра дэбютны альбом новага праекту Міхалка.[48]

Паводле меркавання музычнага крытыка Сяргея Будкіна, альбом — гэта тыя ж «песні нашага двара», што і ў ранняга «Ляпіса Трубяцкога». Будкін сцвярджае, што слухаць «Brutto» вельмі няпроста, прынамсі ў стане поўнага спакою ў хатніх альбо офісных умовах. Аднак, ён адзначае песню «Наша возьме», якую лічыць досыць удалым эксперыментам па ўцягванні адраджэнскай паэзіі XX стагоддзя ў сучасны кантэкст. Будкін станоўча ацэньвае мастэрынг альбома, паколькі яго рабілі тыя ж прафесіяналы, што працавалі над «American Idiot[en]» панк-гурта «Green Day». Між тым, ён не разумее навошта было рабіць кавер-версіі песень Andrew W.K.[en] і «Duran Duran» на мове арыгіналу. Падсумоўваючы, крытык сцвярджае, што як у Вольскага, напрыклад, самым няўдалым альбомам быў «Куплеты і прыпевы», так у Міхалка — «Underdog».[49]

Музычны журналіст Ягор Цывілька адзначыў, што дэбютны альбом быў надта хутка прад’яўлены публіцы, што абумовіла яго пасрэднасць. Паводле меркавання Цывілька, дамінуючае сінтэзатарнае гучанне альбома замест звыклага слухачу трубнага, як у рэпертуары «Ляпіса Трубяцкога», не лепшым чынам адбіваецца на пласцінцы. Тую ж выснову крытык робіць і наконт характэрных для альбома харавых спеваў і пастаянных змен вакалістаў і моваў – гэта размывае змест і губляе пасыл і без таго слабых з мастацкага боку трэкаў.[49] Музычны крытык Дзмітрый Безкаравайны лічыць, што першы сінгл пад назвай «Brutto» абнадзейваў і абяцаў інтрыгу, таму што трэк аказаўся меладычным, з пазітыўным пасылам і забіяцкім настроем, які так характэрны для творчасці ранняга Міхалка. Але астатняя частка альбома паводле меркавання крытыка расчароўвае: музыка пераважна прымітыўная, тэксты быццам напісаны для няўдалага гумарыстычнага праекта, гук вельмі сыры і плоскі.

Дзмітрый Безкаравайны падагульняе сваё ўражанне ад альбома на рэсурсе Experty.by[49]:

" Увогуле, з улікам велічыні фігуры Міхалка ўсё зроблена катэгарычна дрэнна. Я б нават сказаў нікуды не вартым. Але не верыцца, што ён раптам развучыўся пісаць песні і заадно страціў слых, а, значыць, сама сабой напрошваецца думка, што Сяргей так і хацеў. І тут ужо варта задацца пытаннем «навошта?». Варыянтаў адказу тут шмат, так што сачыць далей за гэтым праектам будзе цікава. "

Падобнае меркаванне пра альбом склалася і ў музычнага журналіста Аляксандра Чарнуха:

" Калі ў двух кампазіцыях, якія выходзілі ў выглядзе сінглаў, яшчэ прасочваецца хаця б мінімальная праца над аранжыроўкамі, то на працягу астатняга часу альбома мы назіраем альбо за прымітыўным гітарным пераборам, альбо за аднастайнымі хардкорнымі рыфамі. <…> Тэкставы складнік кружэлки, па-добраму, трэба наогул абыходзіць бокам. "

Калі ў сваёй рэцэнзіі Чарнуха спрабуе абстрагавацца ад формы і ўглыбіцца ў змест, то яму бачны маніфест карыстальніка спартзалы рабоча-пралетарскага паходжання, які на працягу ўсёй пласцінкі пампуе мышцы, гуляе ў гульні і б’е тых, каго лічыць класавымі ворагамі. Спачатку журналіст тлумачыць такі змест альбома элементам сатыры, але потым прыходзіць да высновы, што перад ім альбом з плоскім гукам, адсутнасцю музычнага напаўнення, агіднымі тэкстамі і сумнеўным пасылам. Паводле яго меркавання «Underdog» ― гэта з усіх бакоў пройгрышная пласцінка, якую можна ўспрымаць дзесьці на ўзроўні мацюкальных прыпевак гурта «Сектор Газа[ru]». Самым пераканаўчым у плане вакалу паводле меркавання Чарнуха выглядае кавер-версія песні аўтарства «Duran Duran».[49]

Расійскае выданне часопіса «Rolling Stone» пры ўсёй сімпатыі да Сяргея Міхалка канстатавала відавочную няўдачу адносна дэбютнага рэліза яго новага гурта. Часопіс сведчыць, што спешна запісаны дэбютны альбом новага праекту Міхалка не ідзе на карысць ні музыкантам, і самому лідару, ні слухачам. У альбоме Сяргей не прыдумаў чагосьці новага, а працягнуў і завастрыў рэвалюцыйную лінію самых радыкальных пласцінак «Ляпіса Трубяцкога» накшталт «Рабкора[ru]». Аднак панк-хардкор «Brutto» гучыць яшчэ прасцей і прамалінейней, а праграмная аднайменная песня «Brutto» з банджа па меркаванні аглядальніка часопіса наогул гучыць недазваляльна млява і занудна.[50]

Расійскі музычны журналіст Аляксей Мажаеў[ru] праводзіць паралелі манеры выканання песен ўдзельнікамі гурта з выканаўцам «спартыўных прыпевак» Сярогай. У сваім аглядзе ён крытыкуе занадта аднабокі і прымітыўны пасыл песень на тэму здаровага ладу жыцця і ў якасцы прыклада прыводзіць пазбаўленную нават ценю іроніі песню «Гири». Музычны аглядальнік задаецца пытаннем, наколькі новы праект Сяргея Міхалка сур’ёзны і ці варта было дзеля яго пачынаць гісторыю з распадам «Ляпіса Трубяцкога». Пытанне застаецца актуальным на працягу праслухоўвання ўсяго альбома і паводле меркавання журналіста не мае адназначнага адказу. У якасці высновы Мажаеў аналізуе альбомныя чарты, якія сустрэлі з’яўленне новага праекту Міхалка з поўнай абыякавасцю.[5]

Выканаўцы

Удзельнікі запіса

Заўвагі

  1. Першапачаткова ўжывалася ў покеры. Underdog — гэта спартсмен або спартыўная каманда, які ці якая мае нашмат менш шанцаў выйграць сутычку ў маючым адбыцца спартыўным спаборніцтве.[8]

Зноскі

  1. Bandcamp — 2007. Праверана 20 лістапада 2022.
  2. https://soyuz-music.ru/release?id=504&per_page=0 Brutto “Underdog” (2014 Soyuz Music) 12+ CD . Soyuz music[ru]. Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2021. Праверана 26 лістапада 2021.
  3. Вышел дебютный альбом Brutto (+слушать)(руск.) . Experty.by (12 верасня 2014). Праверана 19 лістапада 2020.
  4. Разливной, Иван. Brutto — Underdog(руск.) . Рокоед (3 кастрычніка 2014). Архівавана з першакрыніцы 11 ліпеня 2018. Праверана 26 лістапада 2021.
  5. 1 2 Мажаев, Алексей. Brutto — «Underdog» ***(руск.) . InterMedia[ru] (4 кастрычніка 2014). Архівавана з першакрыніцы 16 студзеня 2021. Праверана 2 снежня 2021.
  6. RS, 12 верасня 2014
  7. Будкін, Сяргей. Brutto. Міхалок вярнуўся дамоў (бел.) . Будзьма беларусамі! (16 верасня 2014). Праверана 18 лістапада 2022.
  8. Dimanos, Дмитрий. Brutto — Underdog. Премьера песни.(руск.) . Жывы журнал (9 верасня 2014). Праверана 23 лістапада 2022.
  9. І ты, Brutto (нявызн.). «Пяршак». Архівавана з першакрыніцы 6 студзеня 2019. Праверана 2 снежня 2021.
  10. BRUTTO — Underdog(англ.) . Discogs. Архівавана з першакрыніцы 26 кастрычніка 2021. Праверана 26 лістапада 2021.
  11. Группа BRUTTO Сергея Михалка представила первый альбом Underdog(руск.) . Naviny.by (29 кастрычніка 2014). Праверана 13 лютага 2017.
  12. Сергей Михалок выпустил дебютный альбом группы Brutto. Презентация TUT!(руск.)  (недаступная спасылка). TUT.BY (14 верасня 2014). Архівавана з першакрыніцы 29 сакавіка 2016. Праверана 13 лютага 2017.
  13. Brutto Сергея Михалка издала дебютный альбом «Underdog»(руск.)  (недаступная спасылка). Белорусский партизан (14 верасня 2014). Архівавана з першакрыніцы 20 верасня 2014. Праверана 13 лютага 2017.
  14. Новы гурт Сяргея Міхалка Brutto прадставіў дэбютны альбом Underdog (нявызн.). Беларуская служба Радыё «Свабода» (12 верасня 2014). Праверана 13 лютага 2017.
  15. Brutto Сяргея Міхалка выдаў дэбютны альбом «Underdog» (слухаць) (нявызн.). Еўрапейскае радыё для Беларусі (12 верасня 2014). Праверана 13 лютага 2017.
  16. Brutto — «Underdog»(руск.) . Субкультура (11 верасня 2014). Праверана 23 лістапада 2022.
  17. Новый клип: Brutto «Наша возьме»(руск.) . Open.ua (26 снежня 2014). Праверана 15 лютага 2017.
  18. Brutto на «Минск-Арене». Было круто!(руск.) . Naviny.by (8 сакавіка 2017). Праверана 5 ліпеня 2017.
  19. «Ляпис» — всё (нявызн.). lyapis.com. Архівавана з першакрыніцы 1 верасня 2014.
  20. Колесникова, Маша. Brutto «Underdog»(руск.)  (недаступная спасылка). Еўрапейскае радыё для Беларусі (23 верасня 2014). Архівавана з першакрыніцы 23 жніўня 2022. Праверана 18 лістапада 2022.
  21. 1 2 Кашлікаў, Антон. Міхалок: вялікае інтэрв’ю (нявызн.). 34mag (15 верасня 2014). Архівавана з першакрыніцы 14 кастрычніка 2014. Праверана 26 лістапада 2021.
  22. Калеснікава, Маша. М. Колесникова: Brutto «Underdog» (бел.) . Experty.by (8 снежня 2014). Праверана 18 лістапада 2022.
  23. З’явілася новая песня гурту Brutto — Underdog (бел.) . Наша Ніва (9 верасня 2014). Праверана 23 лістапада 2022.
  24. Brutto Сяргея Міхалка прэзентаваў другі кліп Underdog (бел.) . Generation.by (9 верасня 2014). Праверана 18 лістапада 2022.
  25. Подробное описание альбома — UNDERDOG (2014)(руск.) . Фан-сайт «Brutto» (11 верасня 2014). Архівавана з першакрыніцы 19 красавіка 2021. Праверана 26 лістапада 2021.
  26. Міхалок і BRUTTO прадставілі альбом «Underdog» (нявызн.). Хартыя'97 (14 верасня 2014). Праверана 13 лютага 2017.
  27. Дэбютны альбом BRUTTO: Underdog (аўдыё) (нявызн.). Салідарнасць (12 верасня 2014). Праверана 13 лютага 2017.
  28. Brutto «Underdog»(руск.) . KM.RU (25 снежня 2014). Праверана 15 лютага 2017.
  29. Масса Brutto(руск.) . Ultra-music.com (15 верасня 2014). Праверана 15 лютага 2017.
  30. «Мы прыйшлі даўно, а сыйдзем няхутка»: гурт Brutto выдаў дэбютны альбом «Underdog» (нявызн.). Generation.by (12 верасня 2014). Праверана 13 лютага 2017.
  31. Brutto — Underdog (CD)(руск.) . Bruttoshop. Праверана 20 лістапада 2022.
  32. Brutto — Underdog (Vinyl)(руск.) . Bruttoshop. Праверана 23 лістапада 2022.
  33. Полное описание альбома — Переиздание альбома UNDERDOG (2015)(руск.) . Фан-сайт «Brutto» (16 сакавіка 2015). Архівавана з першакрыніцы 18 красавіка 2021. Праверана 26 лістапада 2021.
  34. Brutto(руск.) . У Кантакце. Праверана 5 ліпеня 2017.
  35. Текст песни: Brutto — Underdog(руск.) . Фан-сайт «Brutto» (13 верасня 2014). Праверана 18 лістапада 2022.
  36. Brutto (rus) – Underdog Lyrics(англ.) . Genius[en] (8 верасня 2014). Праверана 20 лістапада 2022.
  37. Вышел клип BRUTTO на песню «Гири»(руск.)  (недаступная спасылка). TUT.BY (6 кастрычніка 2014). Архівавана з першакрыніцы 20 ліпеня 2015. Праверана 30 чэрвеня 2017.
  38. Наша возьме (бел.) . Якуб Колас. Праверана 4 ліпеня 2017.
  39. Будкін, Сяргей. Brutto. Міхалок вярнуўся дамоў (бел.) . Тузін Гітоў (18 верасня 2014). Праверана 18 лістапада 2022.
  40. Масса Brutto(руск.) . Hvali.by (12 верасня 2014). Праверана 18 лістапада 2022.
  41. Шостак, Геннадий. BRUTTO ― «Underdog» & «Adиdas» (EP)(руск.) . Наш Неформат (3 лютага 2015). Праверана 18 лістапада 2022.
  42. Guarisco, Donald A. «Save a Prayer» – Duran Duran (нявызн.). AllMusic. Архівавана з першакрыніцы 21 ліпеня 2019. Праверана 13 верасня 2022.
  43. Мех, Дмитрий. Brutto. Underdog(руск.) . Репродуктор (8 кастрычніка 2014). Праверана 18 лістапада 2022.
  44. Underdog lyrics + English translation — Brutto(англ.) . LyricsTranslate[d]. Праверана 20 лістапада 2022.
  45. Brutto — Underdog(руск.) . Malamoute production. Праверана 18 лістапада 2022.
  46. Клип Brutto «Underdog» набрал более 2 миллионов просмотров на Youtube(руск.) . Хартыя'97 (22 жніўня 2017). Праверана 18 лістапада 2022.
  47. Музыкальный альбом Brutto ― «Underdog» ― отзывы(руск.) . Irecommend.ru. Праверана 18 лістапада 2022.
  48. Марціновіч, Віктар. Віктар Марціновіч: Што адбываецца з Сяргеем Міхалком? (бел.) . Будзьма беларусамі!. Архівавана з першакрыніцы 20 верасня 2016. Праверана 7 верасня 2016.
  49. 1 2 3 4 Brutto «Underdog» (+аудио) (бел.) . Experty.by (29 кастрычніка 2014). Архівавана з першакрыніцы 29 кастрычніка 2021. Праверана 17 лістапада 2022.
  50. Rolling Stone, 12 верасня 2014
  51. Альбом дня: Brutto «Underdog»(руск.) . The flow (12 верасня 2014). Праверана 18 лістапада 2022.
  52. Бананов, Вадим. BRUTTO ― Underdog(руск.) . Banana.by (9 верасня 2014). Праверана 18 лістапада 2022.
  53. Brutto прэзентуюць кліп на песню «Гири» (нявызн.). Будзьма беларусамі! (6 кастрычніка 2014). Праверана 15 лютага 2017.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Альбомы 2014 года
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Альбомы паводле алфавіта
Катэгорыя·Альбомы Brutto
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы для рэцэнзавання