Мазы́р[3] (афіц. транс.: Mazyr) — горад раённага падпарадкавання (да жніўня 2007 г. — абласнога падпарадкавання) у Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Мазырскага раёна, порт на р. Прыпяць. За 133 км на паўднёвы ўсход ад Гомеля, 7 км ад чыгуначнай станцыі на лініі Калінкавічы—Оўруч (Украіна). Аўтамабільнымі дарогамі злучаны з Гомелем, Бабруйскам, Оўручам (Украіна). Найбуйнейшы порт у Беларусі. Аэрапорт. Насельніцтва 111 801 чалавек (2017)[4].
На думку географа В. Жучкевіча найбольш імаверна, што тапонім «Мазыр» мае этнанімічнае паходжанне і ўтварыўся ад імя народнасці мазур.
Варыянты напісання назвы ў гістарычных крыніцах: Мозър, Мозыр, Мозырь[5].
Клімат Мазыр | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | |
Абсалютны максімум, °C | 10,2 | 15,5 | 21,6 | 29,5 | 33,2 | 37,7 | 36,2 | 36,4 | 34,9 | 26,6 | 19,1 | 12,3 | |
Сярэдні максімум, °C | −2,3 | −0,7 | 5,2 | 13,7 | 20,4 | 23,1 | 25,2 | 24,4 | 18,4 | 11,8 | 4,0 | −0,4 | |
Сярэдняя тэмпература, °C | −5,1 | −4,2 | 0,9 | 8,5 | 14,5 | 17,6 | 19,6 | 18,6 | 13,5 | 7,4 | 1,3 | −3,1 | |
Сярэдні мінімум, °C | −7,9 | −7,6 | −3,4 | 3,2 | 8,6 | 12,0 | 14,0 | 12,8 | 8,5 | 3,0 | −1,4 | −5,9 | |
Абсалютны мінімум, °C | −33,8 | −30,4 | −28,7 | −9,7 | −2,8 | 0,4 | 0,7 | 1,2 | −3,6 | −9,7 | −20,6 | −34 | |
Норма ападкаў, мм | 35,3 | 35,8 | 45,4 | 45,8 | 61,2 | 74,4 | 94,1 | 67,2 | 62,4 | 47,9 | 44,8 | 42,1 | |
Крыніца: Мазыр Надвор'е і клімат |
Асноўны артыкул: Гісторыя Мазыра
Мяркуецца, што паселішча, ад якога бярэ свой пачатак сучасны Мазыр, узнікла ў VIII ст. ва ўрочышчы Кімбараўка, дзе існавала ўмацаванае гарадзішча[6]. У XI—XII стст. умацаваны горад перанеслі на Замкавую гару[7].
Першы пісьмовы ўпамін пра Мазыр датуецца 1155 годам, калі ён перайшоў ад Кіеўскага да Чарнігаўскага княства. Працяглы час Мазыр знаходзіўся ў складзе Тураўскага княства, князі і епіскапы якога называліся тураўскімі і мазырскімі. У 1240—1241 горад пацярпеў ад татарскіх набегаў.
З сяр. XIV ст. Мазыр далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У XIV—XVIII стст. тут існаваў драўляны замак.
У 1471 Мазыр увайшоў у склад Кіеўскага ваяводства. У XVI ст. горад стаў цэнтрам гродавага староства, з правядзеннем адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы (1565—1566) — сталіцай павету.
У пач. XVI ст. Мазыр складаўся з трох частак — цэнтральнай з астрогам, неўмацаванага пасаду і Рынку. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім у 1534—1537 усходнія захопнікі зруйнавалі Мазыр[8]. На 1552 у месце існавалі цэрквы Спаса, Міколы, Прачыстай Багародзіцы[8].
Па Люблінскай уніі (1569) і пераходу Кіеўскага ваяводства да Каралеўства Польскага з ініцыятывы мясцовай шляхты Мазырскі павет далучыўся да Менскага ваяводства.
На 1571 — 550 будынкаў, дзейнічалі 5 цэркваў, працавалі шпіталь і 44 крамы, на 1576 — 293 мяшчанскія двары[8].
28 студзеня 1577 кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Мазыру Магдэбургскае права і герб «у блакітным полі чорны аднагаловы арол з срэбным шыльдам на грудзях, на шыльдзе — чырвоная літара S»[9]. Вытрымка з адпаведнага вялікакняжацкага прывілея:
Надаем тому гораду нашему печать гарадскую, то есть Орел з Сем в нем вырисованым... которую ўрад гарадский на судах и иншых справах и потребах гарадских печатовать и того герба ўжывать мают вечные часы |
У 1609 Мазыр пацярпеў ад вялізнага пажару. Аднак ужо ў 1613 коштам ахвяраванняў завяршылася аднаўленне ўмацаванняў і горад быў «…абнесена высокім валам з 7 вежамі, або фортамі». У 1616 староста Б. Стравінскі заснаваў тут касцёл. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 маскоўскія войскі на чале з Валконскім захапілі і спустошылі мясціну[10].
У 1-й пал. XVIII ст. у Мазыры збудавалі базыльянскі манастыр, каля горада — Кімбараўскія цыстэрыянскія кляштары. З 1752 пачаў дзейнічаць кляштар марыявітак. У 1723—1773 пры Фарным касцёле існавала місія езуітаў[11]. У 1726 адкрылася езуіцкая школа (у 1773 яе пераўтварылі на свецкую вучэльню[11]). У 1750 казакі спустошылі кляштар цыстэрыянак ва ўрочышчы Кімбараўка.
На 1724 у Мазыры існавалі Кіеўская, Оўруцкая, Свідоўская, Нагорная, Гончая і іншыя вуліцы. У месце было два замкі — Верхні (Стары), які размяшчаўся на Замкавай гары, і Ніжні. У падножжа Замкавай гары быў Рынак, на паўночным захадзе ад яго знаходзіліся гарадская ратуша, пякарня і стайня. Гандаль вёўся ў 56 крамах, якія атачалі пляц. Тамака ж быў шпіталь. Паводле гарадскага плану (1769), — Пятніцкая, Слуцкая, Кіеўская, Жытомірская вуліцы і Рынак; у месце было 211 двароў, 6 цэркваў і касцёлаў, ратуша, 2 майстэрні для абпалу цэглы.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Мазыр апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам павету Мінскай губерні. У 1796 царскія ўлады даравалі гораду новы расійскі герб. На 1825 тут было 530 драўляных і 3 мураваныя будынкі, дзейнічалі 2 кляштары, працавалі 22 крамы і 27 корчмаў. У 1834 у Мазыры адкрылася шляхецкае вучылішча, ператвораная ў 1859 у прагімназію, потым — у гімназію. На 1862 — 491 будынак, дзейнічалі 4 цэрквы, касцёл і 2 іўдзейскія малітоўныя дамы, працавала 71 крама; штогод з 6 да 27 студзеня і з 6 да 28 жніўня праводзіліся кірмашы. Месцічы актыўна ўдзельнічалі ў нацыянальна-вызваленчым паўстанні (1863—1864).
На 1878 у Мазыры дзейнічалі 3 царквы (у тым ліку мураваная, гвалтоўна пераробленая царскімі ўладамі з бернардзінскага касцёла), касцёл і сінагога. У 1879 тут заснавалі тэлеграфную станцыю, а ў 1885 — запалкавую фабрыку «Маланка» («Молния»). Пракладка Палескіх чыгунак у 1880-я гг. паспрыяла далейшаму эканамічнаму развіццю Мазыра. Паводле вынікаў перапісу (1897) у месце было 628 двароў, дзейнічалі 4 царквы, 2 капліцы, сінагога, 4 іўдзейскія малітоўныя дамы, працавалі бальніца, прагімназія, 1-класная прыходская і прыватная жаночая 2-класная вучылішча, паштова-тэлеграфная кантора, бровар, майстэрня апрацоўкі скураў, 3 крупадзёркі, маслабойня, 170 крамаў, 13 заезных двароў, 8 корчмаў, 3 вінныя крамы. На 1904 — 1210 жылых дамоў, у тым ліку 102 мураваныя, 50 газавых ліхтароў, водаправод, 2 друкарні, аптэка, 2 бібліятэкі, лясніцтва. У верасні 1913 тут адбылася I сельскагаспадарчая і прамысловая выстаўка. Напярэдадні Першай сусветнай вайны ў Мазыры было 1210 жылых будынкаў, 3 фабрыкі, 16 майстэрняў, 5 навучальных устаноў, земская бальніца, метэастанцыя, друкарня і 2 кнігарні. У лютым 1918 горад занялі нямецкія войскі.
25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мазыр абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 у адпаведнасці з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, дзе стаў цэнтрам павета («падраёна») Гомельскага раёна[12]. З 5 сакавіка да 29 чэрвеня 1920 горад знаходзіўся пад польскай уладай. У 1924 Мазыр стаў цэнтрам раёна БССР (у 1926—1927 гг. горад у Слабадскім раёне). У 1924—1930 і 1935—1938 горад быў адміністрацыйным цэнтрам акругі. 27 верасня 1938 Мазыр атрымаў афіцыйны статус горада абласнога падпарадкавання. У 1938—1954 ён быў цэнтрам Палескай вобласці. У Другую сусветную вайну з 22 жніўня 1941 да 14 студзеня 1944 горад знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. Акупанты стварылі ў Мазыры лагер смерці, знішчылі 4,7 тыс. жыхароў. Дзейнічала патрыятычнае падполле.
У 1948 аднавіў працу Мазырскі краязнаўчы музей. У 1953 адбыўся ўвод у эксплуатацыю рамонтава-экскаватарнага, у 1963 — кабельнага завода. У 1958 пачаўся рух на мосце праз раку Прыпяць. У 1975 адбыўся пуск першай чаргі Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. У 1988 пачаўся рэгулярны трамвайны рух.
У 1912-14 гг. у Целепуках, прыгарадзе Мазыра працаваў Мазырскі фанерна-дрэваапрацоўчы завод. Вырабляў дошкі, фанеру і інш. У 1910—1913 гг. меў 2 паравыя рухавікі (150 к.с.), працавала да 200 рабочых; выраблена прадукцыі на 565,4 тыс. руб.
Цэнтр нафтаперапрацоўчай прамысловасці (Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод). Працуюць прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі (Мазырскі машынабудаўнічы завод, «Мазырсельмаш», «Беларускабель»), дрэваапрацоўчай, лёгкай, харчовай прамысловасці (вытворчасць куханнай солі — ААТ «Мазырсоль»).
Гасцініцы гарадскога савета «Дынама», «Элада», гасцінічны комплекс «Прыпяць».
У Мазыры, акрамя аўтобусаў, працуе трамвайны транспарт. Даўжыня лініі — больш за 20 кіламетраў. Дзейнічае адзін маршрут[25]. У горадзе знаходзіцца чыгуначная станцыя Барбароў [26].
Дзейнічаюць кінатэатр «Мір», Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа, Мазырская філармонія, парк культуры «Перамога». У 1990 годзе адкрыўся Палац культуры МНПЗ. Жыхароў горада абслугоўваюць больш за 50 бібліятэк. У Мазыры ёсць краязнаўчы музей, музей прыкладнай творчасці, гарадская выстаўная зала.
У Мазыры працуюць будаўнічы тэхнікум, вучылішча — геалогіі, будаўнічая, медыцынская і музычная, 15 сярэдніх і 4 музычныя школы, 35 дашкольных устаноў. Установа вышэйшай адукацыі — Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна.
Асноўныя спартыўныя аб’екты: басейн, 3 стадыёны, гарналыжны комплекс, школа алімпійскага рэзерву Беларусі. Мясцовая футбольная каманда — ФК «Славія-Мазыр».
У кабельнай сетцы Мазыра вяшчае мясцовы тэлеканал. Таксама горад мае ўласныя друкаваныя выданні — газеты «Жыццё Палесся» і «На свае вочы».
Архітэктурна-планіровчную сістэму Мазыра абумовіў складаны рэльеф (рака Прыпяць, мноства яраў). Культурны і гістарычны цэнтр горада — плошча Леніна — геаграфічна знаходзіцца на ўскраіне, на беразе Прыпяці. Уздоўж ракі праходзіць вуліца Савецкая, перпендыкулярна да якой рэчышчам і схіламі яраў у глыб горада падымаюцца іншыя вуліцы.
Праз горад праходзяць турыстычныя маршруты: «Мазыр старадаўні», «Палескі край, яго традыцыі і побыт», «Мазыр даўні і сучасны», «Святыні Мазыршчыны»[27]. Працуе Мазырскі аб’яднаны краязнаўчы музей культуры.
Страчаная спадчына
Касцёл і кляштар марыявітак (XVIII ст.)
Сінагога
Царква Праабражэння Гасподняга (XVI ст.)
Царква Святога Мікалая (XVI ст.)
Царква Святой Параскевы Пятніцы (XVIII ст.)
Царква Святой Тройцы (1888)
Краявіды Мазыра
Колішняя сядзіба Кеневічаў
Асноўныя артыкулы: Вядомыя асобы Мазыра і Ганаровыя грамадзяне Мазыра