wd wp Пошук:

Аляксандр Нічыпаравіч Шыманоўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Шыманоўскі. Аляксандр Нічыпаравіч Шыманоўскі (31 жніўня 1850, с. Чэрнін Чэрнінскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні — 1918) — беларускі этнограф і фалькларыст; педагог, пушкініст.

Біяграфія

Герб «Юнак».

Нарадзіўся ў сям’і святара праваслаўнай Свята-Георгіеўскай царквы в. Чэрнін. Дзед, як мяркуецца — Фёдар Шыманоўскі, святар Пакроўскай царквы сяла Малышэвічы Слуцкага павету Мінскай губерні. Верагодна, род Шыманоўскіх меў шляхецкае паходжанне (гербу «Юнак»), але не быў зацверджаны ў расійскім дваранстве. Магчыма, маюцца сваяцкія сувязі з вядомым юрыстам, выкладчыкам Наварасійскіга ўніверсітэта Мітрафанам Васілевічам Шыманоўскім (г. Адэса, Херсонская губерня)[1].

Пачатковую адукацыю А. Шыманоўскі атрымаў у Чэрнінскім народным вучылішчы, затым закончыў Мазырскую гімназію. У 1874 г. закончыў гісторыка-філалагічны факультэт Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта.

Працаваў выкладчыкам рускай мовы і славеснасці ў першай мужчынскай гімназіі г. Кішынёва, Бесарабская губерня (1874 — 1901). Адным з яго вучняў быў этнограф-балканіст П. Д. Драганаў[2]. Стацкі саветнік (1887). Па звестках 1903, 1912 гг. абіраўся на пасаду таварыша (намесніка) дырэктара Кішынёўскага гарадскога грамадскага банка[3]. У 1914 г. Бесарабскі дваранскі дэпутацкі сход зацвердзіў А. Шыманоўскага ў спадчынным дваранстве. Жонка: Ганна Аруцюнаўна (да шлюбу Ускат); сыны: Аляксандр, Фёдар; дачка Вольга.

Забіты бальшавікамі каля свайго дому па вул. Леоўскай у Кішынёве.

Даследчыцкая дзейнасць

У час паездак на радзіму сабраў матэрыял па беларускаму фальклору і этнаграфіі і склаў зборнік «Мінская губерня і яе народная творчасць у сувязі з апісаннем народных свят і абрадаў» (песні, казкі, загадкі, прыказкі, гаспадарча-этнаграфічныя назвы і інш., 1898 г.). У зборніку выклаў і свае погляды на народную творчасць. Як адзначана ў працы, у збіранні матэрыяла дапамагалі протаіярэй Рыгор Шыманоўскі, настаўніца Чэрнінскага народнага вучылішча Пелагея Нічыпараўна Густава (малодшая сястра даследчыка) і аднавясковец Сямён Друзік. Матэрыялы зборніка выкарыстоўваюцца навукоўцамі пры вывучэнні і публікацыях беларускага фальклору.

Вывучаў кішынёўскі перыяд жыцця і творчасці А. С. Пушкіна, быў актыўным удзельнікам кампаніі па ўсталяванню помніка паэту ў Кішынёве (трэцяга пасля маскоўскага і санкт-пецярбургскага)[1].

«А. Н. Шыманоўскі быў і застаецца для нас выдатным педагогам. Ён не саступіў з гэтай пазіцыі — кірунку педагога, калі вывучаў біяграфію і творчасць А. С. Пушкіна, калі пісаў пра яго кнігу, і яшчэ больш, калі збіраў і даследаваў беларускі фальклор…»

— СКІДАН, В. І. Вучоны з вёскі Чэрнін // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. У 2 кн. Кн. 1. Мн., 2000, с. 118.

Творы

«Гэта кніга, бадай, адзіная больш ці менш змястоўная праца з усіх, што выйшлі ў Малдавіі [аб кішынёўскім перыядзе жыцця А. С. Пушкіна]».

— ТРУБЯЦКОЙ, Б. А. Пушкин в Молдавии. Кишинёв, 1976.

Зноскі

  1. 1 2 МАСЛЮКОЎ, Т. В. Этнограф і пушкініст // Рэгіянальны партал — Светлагорск.
  2. АНИКИН В. Русский язык как важный элемент гимназического образования в Бессарабии (XIX — начало ХХ в.) // Русин. 2007. № 2. С. 56—63. ISSN 1857—2685. (руск.)
  3. Бессарабия. Графический, исторический, статистический, экономический, этнографический, литературный и справочный сборник / Под ред. П. А. Крушевана. М., 1903. (руск.)

Літаратура

Спасылкі

Галерэя

Мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю А. Шыманоўскага.

Тэмы гэтай старонкі (17):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1850 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Бабруйскім павеце
Катэгорыя·Этнографы Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Памерлі ў Кішынёве
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся 31 жніўня
Катэгорыя·Памерлі ў 1918 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Фалькларысты Беларусі
Катэгорыя·Выпускнікі Мазырскай гімназіі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Светлагорскім раёне
Катэгорыя·Асобы