Сведкі Іеговы ў Беларусі пачалі з’яўляцца ў 1923—1925 гадах на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая ў гэты час належыла Польшчы. Дзейнічалі падпольна ў БССР і былі зарэгістраваны ў 1990-я гады ў РБ. Дзейнасць і погляды Сведкаў Іеговы на працягу гісторыі выклікалі розную рэакцыю прадстаўнікоў дзяржавы, іншых рэлігій, СМІ і грамадзян ад станоўчай да негатыўнай, але з 1990-х гадоў іх права на вызнанне сваіх перакананняў у Беларусі прызнаецца.
«У 1934 г. у Бярозе Картузскай на ўзбярэжжы Ясёлды і Прыпяці быў створаны знакаміты канцлагер для палітвязняў па ўзоры нацысцкіх лагераў. Умовы ў лагеры былі надзвычай цяжкія, бо работы вяліся ў забалочаным раёне Палесся. Больш за тое, наглядчыкі білі зняволеных і катавалі іх. Былі нават выпадкі калецтва і смерці зняволеных. Адміністрацыйныя ўлады без судовых пастаноў вырашылі размясціць туды людзей, якіх падазраюць у прыналежнасці да сект і вярбоўцы ў іх, а таксама тых, хто адмовіўся ад ваеннай службы з-за хрысціянскага сумлення. Туды былі кінуты і Сведкі Іеговы, якіх памылкова абвінавацілі ў камуністычнай дзейнасці. Улады меркавалі, што гэтым самым яны зламаюць непапулярных Даследчыкаў Бібліі. Нягледзячы на жудасныя ўмовы лагера, ніхто з Даследчыкаў не адрокся ад сваёй веры. Паўсюдна яны ахвотна расказвалі іншым пра сваю надзею на Божае Валадарства Ісуса Хрыста. Яны лічылі пакуты за Хрыста вялікім прывілеем.
Нейкі паліцэйскі, які перавозіў у гэты лагер Сведкаў Іеговы, сказаў, што адзін Сведка распавядаў яму пра Божае Валадарства аж ад Сілезіі да Бярозы (каля 700 км). Паліцэйскі ледзь не паверыў сабе і амаль адмовіўся ад таго, каб прывесці зняволенага ў гэты санацыйны лагер. Аднак страх перад пакараннем за невыкананне загаду ўзяў верх. Сведку Іеговы трэба было перадаць уладам лагера. Цікава, што гэты Сведка Іеговы мог уцячы, бо меў магчымасць зрабіць гэта. Але ён гэтага не зрабіў, бо хацеў пераймаць прыклад Ісуса Хрыста, які сказаў сваім вучням: „калі яны пераследавалі Мяне, яны будуць пераследваць і вас“ (Яна 15:20). Паліцэйскі пачаў вывучаць Пісанне, у выніку чаго ён стаў Сведкам Іеговы разам з усёй сваёй сям’ёй, і пасля вайны ў гэтым горадзе ўзнік моцны сход[8]».
Калі ў 1939 годзе Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР, Сведкі Іеговы пачалі сваю прапаведніцкую дзейнасць і ва Усходняй Беларусі. У гэты перыяд захавалася мала звестак пра іх дзейнасць па прычыне таго, што ў СССР яна была забаронена. Дзейнасць Сведкаў Іеговы была забаронена і падчас нямецкай акупацыі, паколькі яна была забаронена і ў самім Трэцім Рэйху.
Захаваліся звесткі аб арышце Сведкі Іеговы Венядзікта Хілюты, які быў двойчы арыштаваны і асуджаны за «антысавецкую агітацыю», пачынаючы з 24 кастрычніка 1940 года[11].
Падчас нямецкай акупацыі 3 снежня 1941 года ў Бабруйску быў растраляны Людвіг Брумер, салдат Вермахта, які быў Сведкам Іеговы. Гэты мужчына хацеў пазбегнуць смяротнага пакарання за адмову ўдзельнічаць у вайсковай службе і спрабаваў служыць у медыцынскім аддзяленні нямецкай арміі, але праз некаторы час яго сумленне не дазволіла яму ўдзельнічаць у баявых дзеяннях і ён быў пакараны рашэннем ваенна-палявога суда. У родным горадзе Брумера, Гайдэльбергу, яму прысвечана мемарыяльная дошка, як ахвяры нацызму[12].
У 1945 годзе на тэрыторыі Заходняй Беларусі Валянціна Гарноўская, якая прытрымлівалася поглядаў Сведкаў Іеговы, але да 1967 года не была адной з іх, таксама была арыштавана за распаўсюджанне сваіх поглядаў і правяла доўгі час у турмах і спецпасяленнях[13].
На 1945 год падпольна дзейнічаў сход у Тэрэспалі.
У 1951 г. улады СССР вырашылі перасяліць сем’і Сведкаў Іеговы з заходніх абласцей Украіны, Беларусі, Малдовы і Прыбалтыкі (Аперацыя «Поўнач»). З БССР вырашылі дэпартаваць 394 чалавекі (153 сям’і)[14].
Негледзячы на дэпартацыі, Сведкі Іеговы працягвалі існаванне на тэрыторыі БССР пасля 1951 года. Некаторыя з іх сталі Сведкамі Іеговы ў турмах і лагерах, дзе адбывалі тэрмін па розных прычынах, пасля чаго вярталіся ў Беларусь. Савецкія крытыкі называюць шэраг імёнаў такіх Сведкаў, але без спасылак на дакументы[15]. У 1965 годзе дэпартаваным Сведкам дазволілі пакінуць Сібір, і некаторыя вярнуліся на радзіму. У лютым 1976 г. некаторым Сведкам у БССР прад’яўлялі абвінавачванне ў валоданні забароненай рэлігійнай літаратурай пра што было напісана ў савецкай і міжнароднай прэсе[16]. У 1979 годзе ў БССР улады налічылі каля 70 Сведкаў Іеговы, з якіх прыкладна 20 пражывалі ў Мінскай вобласці[17]. А ў 1988 годзе ў Магілёве было каля 20 паслядоўнікаў гэтай дэнамінацыі[18]. Да 1991 года Сведкаў Іеговы працягвалі пераследаваць за адмову служыць у арміі і прапаведніцкую дзейнасць.
У 1972—1976 гадах інфармацыя пра дзейнасць Сведкаў Іеговы і крымінальныя справы супраць іх у БССР неаднаразова рабілася прадметам увагі беларускай прэсы. У гэты час Сведкі Іеговы падпольна праводзілі свае сустрэчы невялікімі групамі ў розных населеных пунктах БССР, напрыклад, пасёлку Ратамка пад Мінскам, у вёсцы Сноў Нясвіжскага раёна, у Рэчыцы, ў пасёлку Шаркаўшчына[19][20][21]. Некаторыя артыкулы мелі мэтай асуджэнне Сведкаў: апісанне крымінальнага мінулага некаторых актыўных паслядоўнікаў гэтай рэлігіі, неўдзячнасць савецкай уладзе, небяспеку эсхаталогіі гэтай дэнамінацыі[22][23]. У іншых публікацыях было апісанне біяграфіі і сутнасці справы супраць пэўных Сведкаў Іеговы. Так некалькі газет апісваюць суд над сям’ёй Фелікса і Яніны Бяляцкіх з Рэчыцы ў 1972 годзе, якія атрымалі некалькі год калоніі за ўдзел у дзейнасці Сведкаў Іеговы[24][25].
Яшчэ адзін артыкул апісвае суд над Пятром Пуко і яго жонка Верай, якія з 1969 года жылі ў Шаркаўчыне і распаўсюджвалі вучэнне і літаратуру Сведкаў Іеговы. У 1974 годзе П. Пуко быў асуджаны на 5 гадоў калоніі як арганізатар групы, яго аднавернік і паплечнік Зігмунд Атрахімовіч атрымаў 2 гады калоніі, жонкі асуджаных атрымалі папярэджанне суда, а дачка Пуко Раіса, якая падтрымлівала погляды бацькоў, праходзіла як сведка ў гэтай справе[26].
Да перакананняў і дзейнасці Сведкаў Іеговы стаўленне беларускай дзяржавы і грамадства пасля 1991 года было неадназначным. З аднаго боку, адбылася афіцыйная рэгістрацыя шэрагу юрыдычных структур Сведкаў Іеговы і прыналежнасць да гэтай канфесіі больш не разглядалася як парушэнне закону. З другога боку, час ад часу Сведкі Іеговы сутыкаюцца з дыскрымінацыяй з боку прадстаўнікоў дзяржавы. Таксама рэакцыя СМІ на Сведкаў Іеговы ў Беларусі носіць пераважна крытычны характар. У перыядычных выданнях Сведкаў Іеговы апублікавана некалькі станоўчых водгукаў беларусаў на дзейнасць Сведкаў Іеговы ці змест іх літаратуры[32][33].
Да 2016 г. Сведкі Іеговы прызыўнога ўзросту сутыкаліся з адсутнасцю механізма рэалізацыі іх права на АГС, прадугледжанае Канстытуцыяй[34]. У 1990-х гг. за адмову праходзіць вайсковую службу вернікаў адпраўлялі на некалькі месяцаў зняволення ці спецпасялення, а ў 2000-х і 2010-х ім звычайна выпісывалі буйны штраф[35][36]. Былі выпадкі, калі суд апраўдваў вернікаў. Пасля ўвядзення альтэрнатыўнай грамадзянскай службы ў Беларусі колькасць канфліктаў з прызыўнікамі гэтага веравызнання значна скарацілася.
У 2019 г. Сведка Іеговы Дзмітрый Мазоль быў закліканы на вайсковыя зборы і атрымаў адмову ад вызвалення на ўдзел у гэтых зборах ад ваенкамата г. Пінск (26.02.2019), ваенкамата Брэсцкай вобласці (12.04.2019), Генеральнага штабу УС РБ (18.06.2019) і міністра абароны РБ (2.08.2019). 15 ліпеня 2019 Д. Мазозль падаў скаргу у суд Пінскага раёна[37].
Час ад часу вакол Сведкаў Іеговы адбываецца палеміка ў СМІ. З канца 2000-х гг. са з’яўленнем вялікай колькасці недзяржаўных ан-лайн выданняў такія публікацыі сталі насіць характар палемікі з удзелам саміх Сведкаў Іеговы ці іх прадстаўнікоў[38][39]. У некаторых сітуацыях недзяржаўныя СМІ Сведкам Іеговы давалі магчымасць выступаць з аправяржэннямі абвінавачванняў у адмысловых артыкулах[40][41]. У канцы 2000-х гадоў у незалежных СМІ пачалі з’яўляцца нейтральныя рэпартажы пра дзейнасць і погляды прадстаўнікоў гэтай канфесіі[42][43][44][45][46][47][48]. Напрыклад, пасля 2012 г. такія рэпартажы з’явіліся пра штогадовыя рэгіянальныя кангрэсы на мінскім стадыёне «Трактар»[49][50][51].
У майскім выпуску 2021 года штомесячнай перадачы Сведкаў Іеговы JW Broadcasting у раздзеле «Відэапаштоўка» быў сюжэт пра Беларусь і мясцовых Сведкаў Іеговы з акцэнтам на Сведкаў з горада Кобрына[52]. Відавочна, што матэрыял рыхтаваўся да пандэміі COVID-19, бо з канца сакавіка 2020 года Сведкі Іеговы ў Беларусі адмовіліся ад традыцыйных размоў ад дома да дома і на вуліцы, а таксама ад сумесных сустрэч афлайн на час пандэміі.
У студзені 2022 г. выданне “Ганцавіцкі час” апублікавала нейтральны артыкул аб прапаведніцкай дзейнасці Сведкаў Іеговы па тэлефоне[53].
На тэрыторыі Беларусі зарэгістравана Рэлігійнае аб’яднанне Сведкаў Іеговы ў РБ і шэраг мясцовых абшчын. Але стаўленне прадстаўнікоў дзяржаўных структур да Сведкаў Іеговы і іх дзейнасці бывае неадназначным. Згодна Закону «Аб свабодзе веравызнанняў i рэлiгiйных арганiзацыях » рэдакцыі 31.10.2002., ускладніўся працэс рэгістрацыі рэлігійных абшчын, што дало магчымасць чыноўнікам некаторых беларускіх гарадоў адмовіць мясцовым абшчынам Сведкаў Іеговы ў рэгістрацыі. З гэтай прычыны час ад часу Сведкі Іеговы могуць сутыкацца з процідзеяннем іх дзейнасці ў такіх гарадах. Так ў 2009 г. міліцыяй было сарвана набажэнства Сведкаў Іеговы ў Гомелі[54], а ў 2014 г. у Барысаве[55][56]. Таксама ў 2016-18 гг. мелі месца выпадкі штрафавання Сведкаў Іеговы за іх прапаведніцкую дзейнасць у Рагачове, Гродне і Лагойску[57]. У 2016 г., 2018 і 2019 гг. у Магілёве мясцовай абшчыне выносілі папярэджанні з аналагічнай нагоды і ў сувязі з удзелам замежных грамадзян ў набажэнствах[37][58]. У супрацьлегласць гэтаму ў Светлагорску ў лютым 2013 г. раённы суд спыніў справу ў дачыненні да Дзмітрыя Лябедзькі, які быў абвінавачаны ў 2011 годзе ў правядзенні сходу Сведкаў Іеговы без дазволу. Але ў сакавіку 2013 г. суд таксама пастанавіў, што Лябедзька павінен выплаціць штраф у памеры 700 000 рублёў ($ 74) і адміністрацыйныя зборы ў 470000 рублёў ($ 49)[59].
2 лютага 2012 года Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Беларусі Леанід Гуляка публічна заявіў, што ў будучым не выключае магчымасці зняцця з рэгістрацыі некаторых абшчын Сведкаў Іеговы за парушэнні заканадаўства; пад парушэннямі ён меў на ўвазе распаўсюджванне «літаратуры рэлігійнага зместу без адпаведнага ўзгаднення з мясцовымі органамі ўлады[60]». У адказ прадстаўнік Рэлігійнага аб’яднання Сведкаў Іеговы Павел Ядлоўскі заявіў, што гэта непаразуменне, што беларускае заканадаўства не забараняе грамадзянам распаўсюджваць асабіста сваю літаратуру ў любым месцы, што літаратура Сведкаў праходзіць дзяржаўную экспертызу ў Беларусі і што ён мае намер сустрэцца з супрацоўнікамі апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў для высвятлення сітуацыі[61]. Юрыст Дзіна Шаўцова заявіла выданню Forb, што зняцце рэлігійных абшчын з рэгістрацыі не можа ўваходзіць у кампетэнцыю Упаўнаважанага па справах рэлігіі[62].
У 2019 г. Сведкі Іеговы г. Вілейка, Барысаў і Ліда мелі судовыя разбіральніцтвы з мясцовымі органамі кіравання ў сувязі з адмовамі ў рэгістрацыі мясцовых абшчын[63].
21 лютага 2020 года ў Беларусі затрымалі Сведку Іеговы з Расіі, Мікалая Махалічава, падчас праверкі дакументаў на дарозе[64]. 31 студзеня 2020 года ён быў аб’яўлены Расіяй у міжнародны вышук па «справе Сазонава» ва Ураі[65]. Пасля затрымання яго накіравалі ў ІЧУ г. Гарадок, а 24 лютага, згодна з інфармацыяй на афіцыйным сайце расійскіх Сведкаў Іеговы, «намеснік пракурора Гарадоцкага раёна, малодшы саветнік юстыцыі А. Заікін пастанавіў заключыць Мікалая Махалічава пад варту з адбываннем у СІЗА-2 УУС Віцебскага аблвыканкама. У сваёй пастанове беларускі пракурор, спасылаючыся на расійскі суд, сцвярджае, што Махалічаў дзейнічаў „наўмысна, па матывах рэлігійнай нецярпімасці, з экстрэмісцкіх памкненняў, якія выяўляюцца ў прапагандзе перавагі паслядоўнікаў рэлігійнага вучэння Сведак Іеговы перад іншымі асобамі…“, а таксама займаўся „вызнаннем і распаўсюджваннем ідэалогіі і веры“. Відавочна, што пракурор скапіяваў тэкст абвінавачвання з расійскай крымінальнай справы ў сваю пастанову[64]». Махалічаў аспрэчыў рашэнне аб утрыманні яго ў следчым ізалятары, аднак 27 лютага Гарадоцкі раённы суд адхіліў просьбу вызваліць яго з ізалятара і пацвердзіў рашэнне пракуратуры[66]. Праваабаронца Эніра Браніцкая з Human Constanta патлумачыла Еўрарадыё i Радыё Свабода: «У Беларусі рашэнне аб выдачы Махалічава павінна прымаць Генеральная пракуратура. Цяпер толькі прынята рашэнне аб меры затрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту да таго часу, пакуль наша Генпракуратура не ўхваліць яго выдачу» па запыце з Расіі[67][68]. Мікалай Махалічаў падаў скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека, таксама былі звесткі, што ён падаў прашэнне аб палітычным прытулку ў Беларусі[68]. У інтэрв’ю «Свабодзе» намесніца ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Алена Радчанка заявіла, што ўсе канфесіі роўныя ў Беларусі, і параіла адрасаваць праваахоўным органам пытанні, звязаныя з затрыманнем Мікалая Махалічава[69]. Да генеральнага пракурора РБ Аляксандра Канюка звярнулася праваабарончая арганізацыя Amnesty International з заклікам не выдаваць Мікалая Махалічава Расіі[70]. Беларуская праваабарончая арганізацыя Human Constanta падтрымала гэты заклік, спасылаючыся на артыкул 17 Закона Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2010 года № 105-З «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь», згодна з якім замежнікі не могуць быць выдвараны за межы Рэспублікі Беларусь у замежную дзяржаву, дзе іх жыццю або свабодзе пагражае небяспека з прычыны іх расы, веравызнання, грамадзянства, нацыянальнай прыналежнасці, прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы або палітычных перакананняў[71]. Таксама праваабаронцы спасылаюцца на прэцэдэнт, калі Беларусь у 2019 годзе адмовілася выдаць Таджыкістану апазіцыянера Фархода Адзінаева і дазволіла апошняму з’ехаць у Літву[72]. 5 красавіка 2020 года Генеральная пракуратура РБ адмовілася выдаць Мікалая Махалічава Расіі і вызваліла яго з-пад варты, згодна з паведамленнем на старонцы Human Constanta ў Facebook[73]. Падчас свайго знаходжання ў СІЗА, Махалічаў актыўна займаўся прапаведніцкім служэннем[74].
29 верасня 2021 года ў Брэсце быў затрыманы Алег Лашанкоў, які быў аб’яўлены ў Расіі ў міждзяржаўны вышук у сувязі з прыналежнасцю да Сведкаў Іеговы. 1 кастрычніка 2021 года намеснік пракурора горада пастанавіў заключыць яго пад варту да 8 лістапада ў СІЗА № 7 МУС па Брэсцкай вобласці[75]. 14 кастрычніка Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь адмовіла выдаць уладам Расіі А. Ланшакова, ён быў вызвалены з СІЗА і падаў хадайніцтва аб атрыманні статуса бежанца ў Беларусі па прыкмеце веравызнання[76].
На беларускай мове апублікавана наступнае:
Ці ўсе рэлігіі падабаюцца Богу? (відэаролік, 2020 год)[84]
У лістападзе 2020 года тэкставыя публікацыі былі загружаны ў анлайн бібліятэку Вартавой вежы ў раздзелы «Брашуры» і «Буклеты», пры гэтым знешняе афармленне самой бібліятэкі засталося на рускай мове[93].
Летам 2021 года пачаўся афіцыйны пераклад папулярных артыкулаў з часопісаў «Вартавая вежа» і «Прачніцеся!» для шырокай аўдыторыі з рамяшчэннем на jw.org[94].
У БССР усё рэлігіязнаўства было падпарадкавана канонам камуністычнай ідэалогіі. Таму кожная праца савецкіх навукоўцаў, поўнасцю альбо часткова прысвечаная Сведкам Іеговы, не выходзіла за рамкі пазіцый «навуковага атэізму». Нягледзячы на тое, што ў розных рэспубліках СССР кнігі і брашуры пра Сведкаў не былі рэдкасцю, беларускія навукоўцы выдалі толькі дзве публікацыі[95]. У гэтых публікацыях былі спробы коратка апісаць гісторыю гэтага руху і асноўныя вучэнні, у тым ліку адрозненні ад іншых кірункаў хрысціянства, напрыклад антытрынітарнага багаслоўя.
У 1990—2010-х гадах пачалі выходзіць публікацыі А. В. Дзячэнкі, які спецыяліваўся на вывучэнні новых рэлігійных рухаў. Некалькі яго навуковых артыкулаў былі поўнасцю прысвечаны Сведкам Іеговы[96][97][98]. У 2018 г. Дзячэнка падрабязна пісаў пра гісторыю і сучаснасць Сведкаў Іеговы Беларусі і адзначыў, што асноўная крытыка вучэння і практык гэтай канфесіі з боку Беларускай Праваслаўнай Царквы пазіцыянуецца як барацьба з небяспекай для грамадства, але па факце носіць характар багаслоўскай спрэчкі[99]. Таксама аўтар зазначыў, што «аб’ектыўных доказаў проціпраўнай дзейнасці іегавістаў яўна недастаткова для прыняцця судовага рашэння, тым больш, што ў Беларусі на працягу амаль 10 гадоў праводзіцца працэдура дзяржаўнай рэлігіязнаўчай экспертызы выданняў, якія ўвозяцца ў краіну рэлігійным аб’яднаннем Сведкаў Іеговы. За ўвесь час толькі два найменні рэлігійнай літаратуры не былі дазволены да ўвозу і распаўсюджання ў іегавісцкіх абшчынах. У астатнім часопісы „Вартавая вежа“, „Прачніцеся“, буклеты і брашуры на розныя тэмы, кнігі рэлігійнага зместу распаўсюджваюцца сярод насельніцтва падчас так званай „піянерскай“ работы, бо не маюць прыкмет экстрэмізму. Такім чынам, абвінавачванні іегавістаў у экстрэмізме з’яўляюцца безгрунтоўнымі і адлюстроўваюць расійскі сцэнарый процідзеяння распаўсюджанню іегавізму ў грамадстве[99]». У гэтым артыкуле, як і ў працы 2019 г., прысвечанай Сведкам Магілёўскай вобласці, Дзячэнка рабіў выснову, што невялікая колькасць паслядоўнікаў гэтага цячэння і яго нязначны ўплыў на беларускае грамадства робіць яго маргінальным[99][100].
У 2012 годзе ў адмысловай працы Томаша Бугая быў зроблены агляд гісторыі Сведкаў Іеговы ў Беларусі[101]. У гэтай працы, сярод іншага аўтар заначыў, што палітыка дзяржавы да Сведкаў Іеговы не з’яўляецца кансеквентнай (паслядоўнай): з аднаго боку, вернікі сутыкаюцца з пераследаваннем за адмову служыць у арміі і часам міліцыя зрывае іх набажэнствы, з другога, арганізацыя Сведкаў Іеговы афіцыйна зарэгістравана, а «ўлады Беларусі робяць пэўныя крокі ў павазе рэлігійных свабод, замацаваных Канстытуцыяй»[102].
У сусветнай літаратуры і кінематаграфіі ёсць творы, прысвечаныя дзейнасці Сведкаў Іеговы, як крытычныя, так і апалагетычныя ці нейтральныя, аўтары якіх могуць з’яўляюцца Сведкамі Іеговы ці не мець да іх дачынення[103]. Але у беларускай літаратуры і публіцыстыцы Сведкі Іеговы пераважна з’яўляюцца ў эпізодах, звычайна без яскрава выражанага вобразу.
У вершы Дзяніса Шпіронка «Ноч на Каляды» сям’я Сведкаў Іеговы ратуе праваслаўнага падарожніка ад смерці на марозе, калі ён ішоў за крыжыкам у манастыр. І робіцца вынік: «Ці мае сэнс, якой царквой, // Якой канфесіяй ахрышчан? // Адна з нямногіх вартых ісцін — // Будзь чалавекам, будзь сабой!»[104].
У апавяданні «Ліпавы шлюб» (2005) у адным з эпізодаў узгадваецца, што паштальён прынёс сярод іншага бюлетэнь Сведкаў Іеговы, але ніякай далейшай ролі гэты бюлетэнь не адыгрывае[105]. У дзённіку Андруся Горвата «Радзіва „Прудок“» узгадваецца цётка Воля, якая «не глядзіць тэлевізар, належыць да „Сведкаў Іеговы“ і баіцца гадзюк»[106].
У нататцы 2008 года Уладзіміра Сцяпана «Бессмяротны дух» з серыі «Сапраўдны час» апісаны візіт Сведкі Іеговы да аўтара з буклетам[107].
У якасці жарта адзін з музычных альбомаў 2018 года быў названы «Сведкі Іеговы-Прэзідэнт[108]».