Парэ́чкі чорныя[3][4] (Ribes nigrum) — лістападны куст, від раслін роду парэчкі (Ribes) манатыпнага(руск.) бел. сямейства агрэставыя (Grossulariaceae)[5]. Пладовая культура.
Дзікарослыя трапляюцца ва ўмеранай вільготнай кліматычнай зоне Еўразіі. Вырошчваюцца шматлікія культурныя сарты. Ягады чорных парэчак багатыя на вітаміны, каштоўная сыравіна для дамашняй перапрацоўкі і кансервавання.
На Беларусі вядомы народныя назвы расліны: парэчкі чорныя, смарода, смародыня, смуродзіна[6]. У «Краёвым слоўніку Чэрвеньшчыны» згадваецца парэчка чорная[7]. На Смаленшчыне расліна вядома як смарода чорная[8].
Шматгадовыя лістападныя зімаўстойлівыя галінаваныя кусты вышынёю 0,7—2,5 м[5]. Куст складаецца са шматлікіх (да 20 штук) рознаўзроставых галін. Маладыя парасткі апушаныя, бледныя; дарослыя — карычневыя.
Пупышкі бледна-зялёныя, з кармінавым адценнем, даўжынёй 4—10 мм, развіваюцца пад восень і зімуюць на галінах[5]. Лісце чаранковае, даўжынёй і шырынёй 3—5[9] (да 12) см, з вышчарбленымі бакамі, трох-пяцілопасцевае, лопасці звычайна шырока-трохвугольныя, сярэдняя пласціна нярэдка выцягнутая, зверху цьмяная, цёмна-зялёная, голая, знізу па жылках апушаная[5].
Каранёвая сістэма мае добра сфарміраваную шкілетную частку. Асобныя вертыкальныя карані дасягаюць 1,5—2 м у глыбіню, а гарызантальныя распаўсюджваюцца на 1—1,5 м ад цэнтра куста. Асноўная маса каранёў знаходзіцца ў слоі глебы 10—60 см.
Суквецці — гронкі даўжынёй 3—5 (да 8) см, 5—10-кветкавыя[9], якія выходзяць з пазух лісця[5], з голымі або апушанымі кветаножкамі даўжынёй 3—8 мм і прыкветкамі даўжынёй 1—2 мм, форма якіх ад авальнай да лінейна-ланцэтнай. Кветкі даўжынёй 7—9 мм, дыяметрам 4—6 мм, званочкавыя, зеленаватыя[5], ліловыя ці ружавата-шэрыя, звонку большай часткай густа апушаныя. Пялёсткі авальныя. Чашалісцікі адагнутыя вонкі, завостраныя, даволі шырокія.
Плод — ядомая ягада, дыяметрам у сярэднім да 1 см, чорна-бурая або зеленаватая, з глянцавай лупінкай і з 3—37 семачкамі. У 1 кг каля 3330 ягад, або 714.000 семачак. Вага 1 тысячы семачак складае 0,9—1,8 г. Смак ягад кісла-салодкі[5].
Цвіце расліна ў маі—чэрвені[9]. Плоданасіць у ліпені—жніўні[5][9].
Злева направа: Галіна з пупышкамі. Ліст. Кветкі і бутоны. Ягады |
Куст парэчак у Мінску |
Адна з самых марозаўстойлівых ягадных культур. У прыродзе арэал віду ахоплівае практычна ўсю тэрыторыю Еўропы, еўрапейскую частку Расіі, Сібір (ад Урала да возера Байкал), Казахстан, Кітай і поўнач Манголіі. У Беларусі сустракаецца паўсюдна[9]. Інтрадуцыраваны ў Паўночную Амерыку.
Вільгацелюбівая расліна, блага рэагуе на засухі і спёку. Расце па берагавых зарасніках, у вільготных лясах і іх узлесках, у алешніках, на ўзбалоццях, поплавах і вільготных лугах, адзінкава і невялікімі зараснікамі. Расліна аддае перавагу добра асветленым месцам, хоць мірыцца і з паўценем, але пры гэтым радзей цвіце.
Чорныя парэчкі аддаюць перавагу лёгкім друзлым, добра ўвільготненым урадлівым суглінкам, на глебах з падвышанай кіслотнасцю растуць блага.
Вытворчасць парэчак і агрэста ў 2005 годзе |
Дзікарослыя чорныя парэчкі трапляюцца ў Еўропе і Азіі, з іх былі выведзены культурныя сарты. Іх вырошчвалі на Русі з XI ст., разводзілі ў манастырскіх садах, а таксама ў населеных пунктах. Вырошчванне ў Еўропе, як думаюць, пачалося прыкладна ў апошнія дзесяцігоддзі XVII ст.[11]. Адвар(руск.) бел. з лісця, кары ці каранёў ужывалі як традыцыйны сродак[12].
Падчас Другой сусветнай вайны большасць відаў садавіны, багатай на вітамін С, напрыклад апельсіны, сталі цяжкадаступнымі еўрапейцам. Таму брытанскі ўрад пачаў заахвочваць вырошчанне чорных парэчках, з багатымі на вітаміны ягадамі і прыдатных да мясцовага клімату, і неўзабаве ўраджай значна павялічыўся. З 1942 года сіроп з чорных парэчак распаўсюджвалі бясплатна для дзяцей ва ўзросце да двух гадоў, што, магчыма, прычынілася вялікай папулярнасці чорных парэчак як араматызатара ў Вялікабрытаніі[13]. У сучаснай Вялікабрытаніі камерцыйнае вырошчванне цалкам механізавана, налічваюць каля 1400 га парэчкавых садоў; ягады вырошчваюць, у асноўным, па кантрактах з вытворцамі сокаў[14]. Найбольш маштабна чорныя парэчкі вырошчваюць ва Усходняй Еўропе для вытворчасці сокаў і канцэнтратаў[15].
Парэчкі былі папулярныя ў Злучаных Штатах Амерыкі, потым сталі рэдкімі праз забарону ў пачатку 1900-х гадоў, калі расліну прызналі пераносчыкам(руск.) бел. Cronartium ribicola — грыба, які лічылі пагрозай амерыканскай лесанарыхтоўчай прамысловасці(руск.) бел.[16]. Федэральная забарона на вырошчванне парэчак была адменена ў асобных штатах у 1966 годзе і была знята ў Нью-Ёрку ў 2003 годзе, праз намаганні садоўніка Грэга Куіна(англ.) бел.. Урэшце, вырошчванне парэчак аднавілі ў Нью-Ёрку, Вермонце, Канектыкуце і Арэгоне[17][18]. Тым не менш, у некалькіх штатах забарона дзейнічае да цяперашняга часу, у тым ліку ў Мэне[19], Нью-Гэмпшыры[20], Вірджыніі[21] і Масачусетсе[22]. Дзякуючы унікальнаму водару і багаццю на поліфенолы(руск.) бел., харчовыя валокны і незаменныя пажыўныя рэчывы(руск.) бел., вядомасць і папулярнасць чорных парэчак зноў расце[23].
Японія імпартуе вялікую колькасць новазеландскіх чорных парэчак для ўжывання як біялагічна актыўных дабавак(руск.) бел., для прыгатавання закусак, прадуктаў функцыянальнага харчавання(руск.) бел. і хутказамарожанай сыравіны для кулінарнай вытворчасці джэмаў, жэле і іншых прэсерваў[24].
Куст парэчак са спелымі пладамі |
Размнажаць чорныя парэчкі можна рознымі спосабамі: адраўнелымі або зялёнымі чаранкамі, вертыкальнымі і гарызантальнымі атожылкамі. Для вытворчых мэт пасадачны матэрыял атрымліваюць галоўным чынам з адраўнелых чаранкоў. Гадавальнік для вырошчвання парэчак уключае матачна-чаранковы ўчастак і школку саджанцаў. Пасадачны матэрыял чорных парэчак можа выпускацца ў аднагадовым і двухгадовым узросце. Стандартныя саджанцы павінны мець добра разгалінаваную каранёвую сістэму з даўжынёй асноўных каранёў не менш за 15—20 см, а іх надземная частка складаецца з трох-чатырох парасткаў даўжынёй 30—40 см.[25].
Парэчкі высаджваюць восенню. Глебу пад пасадку рыхтуюць загадзя: уносяць гной ці кампост і мінеральныя ўгнаенні, кіслую глебу вапнуюць. Расліны ў шэрагу размяшчаюць прыкладна праз 50 см, адлегласць паміж радамі 2,5—3 м.
Парэчкі добра растуць і плоданасяць у халодным і ўмераным клімаце на ўрадлівых, чыстых ад шматгадовага пустазелля сугліністых і супясчаных глебах. Больш ураджайныя на глебах з рэакцыяй асяроддзя блізкай да нейтральнай.
Э. М. Лабанаў і А. П. Арсенцьеў адзначалі, што расійскія марозаўстойлівыя сарты парэчак чорных могуць пераносіць маразы да −40 …- 50 ºС у загартаваным стане, еўрапейскія сарты пашкоджваюцца пры −30 …- 35 ºС. Аднак абодвы сарты праяўляюць хуткую рэакцыю на адлігі +2 … + 5 ºС пасля стану арганічнага спакою, пачынаючы са снежня—студзеня і асабліва ў другой палове зімы. Поўная гібель фларальнай зоны пупышкі назіраецца пасля наступных за адлігамі маразоў да −20…-25 ºС[26][27].
Догляд раслін заключаецца ў падтрыманні глебы ў рыхлым і чыстым ад пустазелля стане. Парэчкі падкормліваюць мінеральнымі і арганічнымі ўгнаеннямі.
Важнае агратэхнічнае мерапрыемства — фарміраванне і абрэзка кустоў. У першыя 3—4 гады яно павінна быць накіравана на стварэнне здаровых і моцных раслін, здольных у наступныя гады даваць рэгулярныя і багатыя ўраджаі. Слабыя парасткі выразаюць, пакідаючы найбольш моцнарослыя галіны. Сфарміраваны куст павінен мець не менш 10—16 галін 1—3-гадовага ўзросту. Старыя галіны выдаляюць.
Мучністая раса на маладым лісці чорных парэчак |
Парэчкі схільныя да шэрагу захворванняў і з’яўляюцца харчовымі раслінамі розных насякомых-шкоднікаў. Былі распрацаваны альбо распрацоўваюцца новыя сарты, каб пераадолець некаторыя з гэтых праблем[28]. Чорныя парэчкі ад шкоднікаў пакутуюць значна менш, чым чырвоныя.
Рэверсія, ці махрыстасць — сур’ёзнае захворванне, якое перадаецца чорным парэчкам парэчкавым пупышкавым кляшчом (Cecidophyopsis ribis). Яно выклікае зніжэнне ўраджайнасці і даволі шырока распаўсюджана ў Еўропе, але рэдка сустракаецца на іншых кантынентах. Сімптомы ўключаюць змену формы лісця ў летні перыяд і набухлыя пупышкі («вялікія бутоны») зімой, кожная з якіх з’яўляецца домам тысячы мікраскапічных кляшчоў[29]. Барацьба са шкоднікам мае абмежаваную эфектыўнасць, моцна пашкоджаныя кусты павінны быць знішчаны. Усе новыя набытыя расліны павінны правярацца на адсутнасць вірусаў[30].
Таксама моцна пашкоджваецца Sphaerotheca mors-uvae, якой не баяцца чырвоныя парэчкі. У большасці выпадкаў вылечыць куст нельга, можна толькі на год стрымаць развіццё хваробы[31].
Від Cronartium ribicola мае патрэбу ў двух альтэрнатыўных гаспадарах(руск.) бел. для завяршэння свайго жыццёвага цыклу, адным з якіх павінна быць расліна роду парэчкі (Ribes). На чорных парэчках гэтыя грыбы выклікаюць на лісці бледнасць і пазней на ім развіваюцца дробныя аранжавыя пустулы і часам жоўтыя ніткападобныя сляды на некаторых лістах. Ураджай пладоў мала залежыць ад гэтай хваробы, але лісце ападае раней і рост у наступным годзе запавольваецца. Іншы гаспадар — гэта любы від хвоі з падроду Strobus, у якога паразіт выклікае сур’ёзныя захворванні і гібель дрэва для паўночнаамерыканскіх відаў, якія не эвалюцыянавалі разам з іржой[32].
У канцы 1960-х гадоў амерыканская мучністая раса (сфератэка) са звычайнай для гэтага грыба расліны-гаспадара — агрэста — распаўсюдзілася на чорныя парэчкі, што адбылося адначасова па ўсёй Еўропе. У той час сарты чорных парэчак належалі да аднаго віду, і ўсе яны апынуліся няўстойлівымі да захворвання. Хімічнымі сродкамі змагацца з гэтай хваробай цяжка: патаген зноў заражае расліны, як толькі ядахімікаты змываюцца дажджом або разбураюцца пад уздзеяннем сонечных прамянёў. Да пачатку XXI стагоддзя шляхам выкарыстання ў гібрыдызацыі іншых відаў чорных парэчак — носьбітаў генаў імунітэту да амерыканскай мучністай расы былі выведзеныя сарты імунныя і талерантныя да гэтага захворвання[33]. Амерыканская мучністая раса і мучністая раса можа паражаць лісце і верхавіны парасткаў, а грыбы роду Botryotinia выклікаюць гніль пладоў у вільготным сезоне. Парэчкавая і агрэставая стракатасць лісця парэчкі(польск.) бел., якую выклікае Drepanopeziza ribis — гэта яшчэ адна хвароба чорных парэчак, але яна звычайна не з’яўляецца сур’ёзнай праблемай, паколькі большасць сучасных сартоў маюць да яе рэзістэнтасць[34].
Парэчкавая пупышкавая моль (Lampronia capitella) адкладвае яйкі ў мякаць зялёных ягад, лічынкі жывяцца ўнутры і выядаюць насенне, вясной наступнага года ў фазу набракання пупышак вусені выходзяць з месцаў зімоўкі, угрызаюцца ў пупышкі і выядаюць іх змесціва. Лісцем чорных парэчак харчуюцца лічынкі розных матылькоў, у тым ліку Antitype chi. У чорнапарэчкавага лісця мошкі могуць прывесці да пацямнення, абціскання і скажэння лісця на верхавінах парасткаў, але гэта хутчэй касметычны дэфект. Nematus ribesii адкладае свае яйкі на ніжнім баку лісця і пражэрлівыя лічынкі пракладваюць свой шлях уздоўж парасткаў, згрызаючы ліст за лістом. Пры масавых атаках куст можа застацца зусім аголеным. Лічынкі Synanthedon tipuliformis свідруюць сабе шлях уздоўж цэнтраў парасткаў, якія вянуць і адміраюць. Сярод іншых насякомых-шкоднікаў можна згадаць прадстаўнікоў надсямейства Coccoidea, тлю і скурыстакрылых[32].
Сырыя ягады Харчовая каштоўнасць на 100 г прадукта | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Энергетычная каштоўнасць 63 ккал 264 кДж | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Крыніца: USDA Nutrient database |
З лячэбнамі мэтамі ўжываюць ягады, лісце і пупышкі. Як лекавую сыравіну ўжываюць плод парэчак чорных (лац.: Fructus Ribis nigri).
Збор пладоў праводзяць па меры паспявання, 3—4 разы, у сухое надвор’е, асцярожна, без пашкоджвання[5]. У спякотныя дні збіраць ягады варта раніцай, пасля высыхання расы, і таксама ў канцы дня, калі спёка памяншаецца[5]. У пахмурныя дні ягады можна збіраць увесь дзень пры ўмове іх сухасці[5]. Пры зборы нельга пашкоджваць лісце і галіны[5]. Сушаць у сушылках, спачатку падвяльваючы пры тэмпературы 35—40 ° С, затым дасушваючы пры 55—60 ° С, або ў паветраных сушылках і на гарышчах[5][35].
Лісце збіраюць пасля збору пладоў з сярэдзіны галінак і сушаць у памяшканні, якое добра праветрываецца.
У ягадах чорных парэчак змяшчаюцца вітаміны (C (да 400 мг/%[5], па меры паспявання колькасць аскарбінавай кіслаты зніжаецца), B, Р, правітамін A), арганічныя кіслоты (лімонная і яблычная), розныя цукры (у асноўным глюкоза і фруктоза), гліказіды і флаваноіды, пекцінавыя, дубільныя, антацыянавыя (цыянідзін, дэльфінідзін) і азоцістыя рэчывы. Мінеральны склад ягад (у мг/%): натрый — 32, калій — 372, кальцый — 36, магній — 35, фосфар — 33, жалеза — 1,3.
Утрыманне аскарбінавай кіслаты ў іншых частках расліны таксама вельмі высокае: у лісці (пасля збору ягад) — да 470 мг/%, у пупышках — да 175 мг/%, у бутонах да 450 мг/%, у кветках да 270 мг/%.
Лісце чорных парэчак багатае на аскарбінавую кіслату, каратын, фітанцыды, эфірныя алеі.
Парэчкі маюць патагонныя, мачагонныя і замацавальныя ўласцівасці. Лісце, пупышкі і плады чорных парэчак аказваюць дэзінфікцыйнае дзеянне, звязанае з эфірнымі алеямі.
Разнавіднасці У межах віду вылучаюць дзве разнавіднасці[36]:
Формы Падчас селекцыі быў выведзены шэраг формаў[37]:
Некаторыя сарты
Від Парэчкі чорныя ўваходзіць у род Парэчкі (Ribes) сямейства Агрэставыя (Grossulariaceae) парадку Каменяломнікакветныя (Saxifragales).
яшчэ 14 сямействаў (па Сістэме APG III) |
||||||||||||
парадак Каменяломнікакветныя | від Парэчкі чорныя | |||||||||||
аддзел Кветкавыя, ці Пакрытанасенныя | сямейства Агрэставыя | род Парэчкі |
||||||||||
яшчэ 58 парадкаў кветкавых раслін (па Сістэме APG III) |
яшчэ каля 150 відаў | |||||||||||
Чорныя парэчкі — дэкаратыўны куст, вядомыя формы — стракаталістая і з разразным лісцем.
Дае меданосным пчолам нектар і пылок. Мёдадайнасць дасягае 30 кг з гектара насаджэнняў[38].
Плады чорных парэчак кіславата-салодкага смаку[5], але маюць асаблівы моцны, даўкі водар. Надзвычай каштоўныя па багацці ў ягадах вітаміна C. Іх ужываюць свежымі і перапрацаванымі.
З парэчак робяць джэмы і жэле, якія лёгка гатаваць з-за высокага ўтрымання ў ягадах пекціну і кіслот[39]. Для кулінарнага ўжывання плады звычайна гатуюць з цукрам для атрымання пюрэ, якое затым могуць працадзіць праз марлю, каб аддзяліць сок. З яго робяць варэнне, напаўняльнікі чызкейкаў(руск.) бел., ёгуртаў, марожанага, дэсертаў, сарбетаў(руск.) бел. і многіх іншых салодкіх страў.
З ягад гатуюць варэнне, павідла, мармелад, пасцілу, ёгурты, начынку для цукерак[9]. Ягады большасці сартоў прыдатныя для хуткага замарожвання. Чорныя парэчкі з’яўляюцца распаўсюджаным інгрэдыентам чырвонай кашы(англ.) бел., папулярнага кіселепадобнага дэсерта ў паўночнанямецкай і дацкай(руск.) бел. кухнях[40].
Выключна моцны водар можа быць прыглушаны спалучэннем парэчак з іншай садавінай, такой як маліна і суніцы ў летніх пудынгах(англ.) бел. або яблыкі ў пірагах і піражках[41].
Парэчкі таксама ўжываюцца пры гатаванні закусак сэйвары(англ.) бел., бо іх даўкі водар дадае пікантную нотку ў многія соусы, мясныя і іншыя стравы. Гэтыя ягады ўключаны ў некаторыя незвычайныя спалучэнні прадуктаў, іх дадаюць да памідораў і мяты, каб зрабіць салату, ужываюць як дадатак да смажанай бараніны і для суправаджэння морапрадуктаў і малюскаў, з іх робяць соўсы-дыпы(руск.) бел. для барбекю, змешваючы з маянэзам. У дэсертах парэчкі спалучаюць з бананамі і іншай трапічнай садавінай, камбінуюць з цёмным шакаладам або дадаюць да спецыяльнага фарша(англ.) бел. пры гатаванні традыцыйнай англійскай каляднай стравы мінспай(англ.) бел.[42].
З чорных парэчак гатуюць кісялі, сіропы, сокі, настойкі, віны, лікёры,
Сок чорных парэчак ужываюць у сіропах і настойках для надання колеру і водару. Ён фарміруе аснову для розных папулярных лікёраў, сокавых напояў і смузі(руск.) бел.. Звычайна, змешваецца з яблычным сокам або сокам іншых чырвоных пладоў, напрыклад, з гранатавым і вінаградным. Вымачаныя парэчкі таксама з’яўляюцца асноўным складнікам лікёру для аперытыву Crème de cassis(англ.) бел.[43], да якога ў сваю чаргу дадаецца белае віно, каб зрабіць Кір(руск.) бел., ці шампанскае, каб зрабіць Кір Раяль(англ.) бел..
У Вялікабрытаніі сквош(англ.) бел. з чорных парэчак часта змешваюць з сідрам, каб зрабіць напой пад назвай англ.: «Cider and black»[44]. Калі яго змешваюць з любым звычайным брытанскім светлым півам, то называюць англ.: «Lager and black». Даданне чорных парэчак да сумесі сідру і лагеру(бел. (тар.)) бел. завецца англ.: «Diesel»[45] ці англ.: «Snakebite(англ.) бел. and black»[46]. Кактэйль англ.: «Black ’n’ black» можна зрабіць дадаючы невялікую колькасці соку чорных парэчак да пінты стаўту(бел. (тар.)) бел.. Парэчкавы сок часам спалучаюць з малочнай сыроваткай у энергетычных напоях[47].
У Вялікабрытаніі 95 % чорных парэчак вырошчваюць для маркі «Ribena» (брэнд фруктовых сокаў, назва якога паходзіць ад лацінскай назвы чорных парэчак — Ribes nigrum) і падобных ім сокаў і сіропаў[48].
Лісце парэчак ужываюць як вострую прыправу пры засолцы гародніны і грыбоў[5]. Маладое лісце ўжываюць у дыетычных цукрапаніжальных салатах і для араматызацыі квасу, сухое лісце — для запаркі гарбаты, дадаюць у соўсы.
Салодкая гарэлка можа быць настояна на лісці, што робіць яе насычана зелянява-жоўтай з даўкімі водарам і смакам. Ягады можна дадаваць падобным жа чынам[49].
У харчовай прамысловасці таксама выкарыстоўваюць пупышкі, з іх гатуюць фруктовую эсенцыю і сіропы[5].
Высушанае лісце парэчак |
У народнай медыцыне свежыя і сухія ягады раяць пры страўнікава-кішачных захворваннях (язвавай хваробе страўніка і дванаццаціперснай кішкі, гастрытах з паніжанай кіслотнасцю і інш.), пры парушэнні рытму сардэчнай дзейнасці[50][51].
Высушанае лісце з’яўляецца актыўным у дачыненні дызентэрыйнай палачкі і можа выкарыстоўвацца як дапаможны сродак, які падвышае актыўнасць антыбіётыкаў. Лісце парэчкі ідзе таксама ў склад вітамінных збораў разам з лісцем маліны, брусніц і пладоў шыпшыны.
Чорныя парэчкі выкарыстоўваюць для лячэння і прафілактыкі цынгі і ў комплексе лячэбных мерапрыемстваў пры розных захворваннях, звязаных з крывацечнасцю[5].
Свежыя і перапрацаваныя ягады раяць пасля цяжкіх захворванняў, дзецям, людзям пажылога ўзросту. У выглядзе «сырога» варэння, джэму, соку або адвараў чорныя парэчкі прызначаюць пры С- і Р-гіпавітамінозах, крывацёках, захворваннях крывяносных сасудаў, склерозе, ацёках, пры халестэрынавым атэрасклерозе, моцнай стамляльнасці, напружанай разумовай і фізічнай рабоце, прастудных і шэрагу інфекцыйных захворванняў. Свежыя і перапрацаваныя плады аказваюць вяжучае і мачагоннае дзеянне.
Сок з мёдам п’юць пры бранхітах, ларынгітах, якія суправаджаюцца кашлем і ахрыпласцю, карысны ён і пры гастрытах з паніжанай кіслотнасцю. Ён мае мачагонныя, процірэўматычныя, танізоўныя і процізапаленчыя ўласцівасці. Парэчкі ўжываюць пры лячэнні рэўматызму, захворваннях нырак і мачавога пузыра, падагры, гіпертаніі.
Алей насення чорных парэчак з’яўляецца інгрэдыентам у касметычных прэпараты, часта ў спалучэнні з вітамінам Е. З лісця можна атрымаць жоўты фарбавальнік, а плады з’яўляюцца крыніцай для сіняга або фіялетавага фарбавальніка[52].
Чорныя парэчкі малявалі Іаган Адам Шлезінгер(ням.) бел., Ёхана Хелена Херальт(руск.) бел., Элізабэт Клэспер і іншыя.
На гербе расійскага горада Каргата выяўлена галіна чорных парэчак з ягадамі. Выява чорных парэчак была выкарыстана на паштовых марках Манголіі ў 1968[53] і 1987[54] гадах, Польшчы ў 1974 (серыя, прысвечаная Міжнароднаму кангрэсу садаводства)[55], Балгарыі ў 1991 годзе[56], Швецыі ў 1995 годзе[57], Беларусі ў 2004 годзе, Узбекістана ў 2007 годзе і Босніі і Герцагавіны ў 2015 годзе.
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |
Гэта артыкул 2019 года Беларускай Вікіпедыі. |