wd wp Пошук:

Майсей Саламонавіч Кульбак

Майсе́й Саламо́навіч Ку́льбак (ідыш: משה קולבאַק — Мо́йшэ Ку́льбак; 20 сакавіка 1896, Смаргонь29 кастрычніка 1937, НКУС, Менск) — яўрэйскі пісьменнік, драматург, перакладчык. Пісаў на ідышы.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і служачага (прыказчыка ў лесагандлёвым прадпрыемстве).

Вучыўся ў Валожынскім ешыбоце (1909—1914). Здаў экстэрнам экзамен на званне настаўніка, працаваў выхавацелем у сірочым доме Коўны, настаўнікам у школах і гімназіях Смаргоні, Мінска, Вільні. У 1918 годзе жыў у Менску, дзе быў лектарам на яўрэйскіх настаўніцкіх курсах, у пачатку 1919 года выехаў у Вільню. У 1920—1923 гадах жыў і працаваў у Берліне, у 1923—1928 гадах у Вільні, дзе ў 1927 годзе яго выбралі старшынёй «яўрэйскага ПЭН-клуба»[2], у канцы 1928 года вярнуўся ў Менск. Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх перыядычных выданняў, у яўрэйскім сектары АН БССР. Сябра Саюза пісьменнікаў БССР з 1934 года[3].

Арыштаваны НКУС БССР 11 верасня 1937 года ў Менску па адрасе: Омскі завулак, д. 4а, кв. 1[4].

28 кастрычніка 1937 года прыгавораны выязной сесіяй ваеннай калегіі Вярхоўнага Суда СССР як «член контррэвалюцыйнай трацкісцка-тэрарыстычнай арганізацыі» і за «сувязь з польскімі разведорганамі» да вышэйшай меры пакарання (расстрэл) з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны ноччу з 29 на 30 кастрычніка[3].

Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 15 снежня 1956 года. Асабовая справа № 8179-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Сям’я

Жонка Зэльда Барысаўна Кульбак (1897—1973), настаўніца сярэдняй школы, была арыштаваная 5 лістапада 1937 года ў Менску, 28 лістапада асобнай нарадай пры НКУС асуджана як «член сям’і ворага народа» да 8 гадоў працоўна-папраўчых лагераў і этапаваная праз Оршу ў Акмолінскі лагер жонак здраднікаў Радзімы(руск.) бел. НКУС Казахскай ССР. Вызвалена 5 лістапада 1945 года[3].

Дзеці Ілья і Рая. Ілья (Элі) загінуў ад рук нацыстаў у 1942 годзе ў мястэчку Лапічы Магілёўскай вобласці. Рая (Раіса) Кульбак-Шавель жыве ў Ізраілі[5][6].

Творчасць

Анатоль Наліваеў. «Мошэ Кульбак». 1984.
З жонкай і сынам у 1930 годзе
Мойшэ Кульбак у 1936 годзе

Спачатку пісаў вершы на іўрыце, але неўзабаве перайшоў на ідыш. Друкавацца пачаў восенню 1916 года, першая публікацыя — верш «Зорачка» («Штэрндл»), які хутка атрымаў папулярнасць як народная песня. Аўтар зборнікаў «Вершы» (Вільня, 1920), «Новыя вершы» (Варшава, 1922), «Паэмы і вершы» (Мінск, 1929), раманаў «Месія сын Эфроіма» (Берлін, 1924), «Панядзелак» (Варшава, 1926). Для дзяцей напісаў казку «Вецер, які гняваўся» (Вільня, 1921).

Аўтар драмы «Якаў Франк» (Вільня, 1923), п’ес «Разбойнік Бойтра» (была надрукавана ў менскім часопісе «Штэрн» у 1936 годзе, пастаўлена Маскоўскім дзяржаўным яўрэйскім тэатрам у тым жа годзе, Беларускім дзяржаўным яўрэйскім тэатрам у 1937 годзе, яўрэйскім драматычным калектывам Вільнюскага дома культуры прафсаюзаў у 1961 годзе[7], а тэль-авіўскім Камерным тэатрам — у 1996 годзе; перакладзена на беларускую мову Феліксам Баторыным пад назвай «Бойтра», 2014[8]), «Беньямін Магідаў» (рыхтавалася да пастаноўкі ў 1937 годзе; рукапіс страчаны пасля арышту аўтара).

Пераклаў на мову ідыш паасобныя вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, п’есу Мікалая Гогаля «Рэвізор(руск.) бел.» (1933), зрабіў літаратурную апрацоўку перакладу на ідыш рамана Мікалая Астроўскага «Як гартавалася сталь(руск.) бел.» (1937). Разам з З. Вітэнзонам падрыхтаваў да друку (пераклаў на ідыш асобныя творы, выступіў у якасці ўкладальніка) зборнік «Рэвалюцыйныя навелы» (1931).

Паэт і педагог Рыгор Рэлес лічыў, што на творчасць Майсея Кульбака, асабліва на п’есу «Бойтра», пэўны ўплыў аказала творчасць Янкі Купалы[8].

Збор твораў Майсея Кульбака ў 1929 годзе быў выдадзены ў Вільні ў 3 тамах. У Менску выйшлі «Вершы і паэмы» (1929), раман «Зельманцы» (кн. 1, 1931; кн. 2, 1935; пазней выходзіў у перакладах на беларускую, рускую, англійскую, нямецкую, французскую), паэма «Дзісенскі Чайльд Гарольд» (1933), «Выбранае» (1934), у Маскве — зборнік вершаў і паэм «Чалавек добры» (1979). Творы Майсея Кульбака на ідышы і ў перакладах выдаваліся таксама ў Аргенціне, ЗША, Ізраілі, Францыі і іншых краінах.

Беларускія пераклады

У 1960 годзе ў Мінску выйшаў раман «Зельманцы» ў перакладзе на беларускую мову Віталя Вольскага[9]. У 2015 годзе раман быў перавыдадзены і трапіў у спіс кніг года паводле шэрагу экспертаў[10]. П’еса «Разбойнік Бойтра» перакладзена на беларускую Феліксам Баторыным пад назвай «Бойтра» для часопіса «Дзеяслоў» (2014)[8]. Асобныя вершы Майсея Кульбака перакладалі з ідыш на беларускую Эдзі Агняцвет, Сцяпан Гаўрусёў, Васіль Жуковіч, Генадзь Кляўко, Язэп Семяжон, Андрэй Хадановіч і іншыя вядомыя паэты. У 1970 годзе ў Мінску выйшаў паэтычны зборнік Майсея Кульбака «Выбранае», у 2016 — двухмоўны (на ідыш і беларускай) зборнік «Eybik/Вечна»[11]. У 2016 годзе таксама з’явіліся пераклады казкі «Вецер, які гняваўся»[12] і апавядання «Муня-птушкавод і яго жонка Малкелэ»[13]. У 2018 і 2019 гадах выдадзены раманы «Панядзелак» і «Месія з роду Эфраіма» ў перакладзе Сяргея Шупы.

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. Біяграфічныя звесткі / Кульбак М. Вечна. Мінск: Шах-плюс, 2016. С. 88.
  3. 1 2 3 Кульбак Майсей Саламонавіч // Ахвяры і карнікі : [аб палітычных рэпрэсіях 1937―1938 гадоў] / Леанід Маракоў. — Мінск, 2007. — 439 с.
  4. Лекцыя В. Рубінчыка пра М. Кульбака(руск.)  (13 верасня 2017). Архівавана з першакрыніцы 14 верасня 2017. Праверана 14 верасня 2017.
  5. Мойшэ Кульбак і «Галіяфы» (нявызн.). belisrael.info. Архівавана з першакрыніцы 28 сакавіка 2016. Праверана 16 чэрвеня 2017.
  6. Сяргей Шупа Рая Кульбак, дачка расстралянага паэта (нявызн.). Праверана 29 кастрычніка 2021.
  7. Юбилей М. Кульбака (1966 г.)(руск.) . belisrael.info.
  8. 1 2 3 Про Янку Купалу и евреев(руск.) . belisrael.info.
  9. Мойшэ Кульбак. Зельманцы (нявызн.). prajdzisvet.org.
  10. «Нататкі таткі» Андрэя Хадановіча — найлепшая кніга мастацкай літаратуры 2015 па версіі экспертаў Свабоды (нявызн.). svaboda.org (24 снежня 2015).
  11. Прэзентацыя кнігі Майсея Кульбака: да 120-годдзя творцы (нявызн.) (недаступная спасылка). lit-bel.org (16 сакавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 11 снежня 2017.
  12. Майсей Кульбак. Вецер, які гняваўся (нявызн.). belisrael.info.
  13. Майсей Кульбак. Муня-птушкавод і яго жонка Малкелэ (нявызн.). belisrael.info.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (40):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Пісьменнікі паводле алфавіта
Паэты на ідыш
Пісьменнікі на ідыш
Паэты Беларусі
Перакладчыкі Беларусі
Яўрэйскія пісьменнікі
Яўрэйскія паэты
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Нарадзіліся 20 сакавіка
Нарадзіліся ў 1896 годзе
Памерлі ў 1937 годзе
Аўтары гістарычных раманаў
Памерлі 29 кастрычніка
Памерлі ў Мінску
Паэты XX стагоддзя
Пісьменнікі СССР
Перакладчыкі СССР
Вікіпедыя:Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Нарадзіліся ў Смаргоні
Перакладчыкі паводле алфавіта
Драматургі СССР
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Паэты СССР
Вікіпедыя:Запыты на пераклад з рускай
Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Паэты паводле алфавіта
Дзіцячыя пісьменнікі
Члены ПЭН-клуба
Драматургі паводле алфавіта
Драматургі Беларусі
Расстраляныя ў СССР
Пісьменнікі Беларусі
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Перакладчыкі з рускай мовы
Асобы
Перакладчыкі на ідыш
Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў