wd wp Пошук:

Саюз беларускіх пісьменнікаў

Артыкул пра незалежнае аб’яднанне пісьменнікаў Беларусі. Пра арганізацыю, якая падтрымліваецца рэжымам Аляксандра Лукашэнкі гл. Саюз пісьменнікаў Беларусі (2005).

Саюз беларускіх пісьменнікаў (СБП) (да 1991 г. — Саюз пісьменнікаў БССР, да 1996 г. — «Саюз пісьменнікаў Беларусі») — прафесійная, добраахвотная няўрадавая грамадская арганізацыя беларускіх літаратараў. СБП актыўна ўдзельнічае ў грамадскім і культурным жыцці Беларусі, спрыяе развіццю і прапагандзе беларускай літаратуры і беларускай мовы.

Гісторыя

Створаны паводле пастановы ЦК КП(б)Б ад 27 мая 1932 г. «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР». Арганізацыйна аформлены I-м Усебеларускім з’ездам пісьменнікаў (1934 г.) як Саюз пісьменнікаў Беларусі. Першым старшынёй быў абраны Міхась Клімковіч.

У 1997 годзе ў СБП распараджэннем Прэзідэнта Беларусі А. Лукашэнкі быў забраны Дом літаратара (уласнасць арганізацыі)[1].

Дом літаратара, з якога быў выселены Саюз беларускіх пісьменнікаў у 2006 годзе

На люты 2004 налічваў 519 членаў[2]. У канцы 2005 г. ад Саюза аддзялілася група, якая стварыла альтэрнатыўны («праўладны») Саюз пісьменнікаў Беларусі. Адной з прычын стварэння СПБ лічыцца спроба разбурыць незалежны Саюз беларускіх пісьменнікаў, які ўладам не атрымалася падпарадкаваць[3]. Па позве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, накіраванай на ліквідацыю аб’яднання вясной 2006 года, быў распачаты працэс у Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь, але Саюз выйграў судовую справу[1][4].

Пасля стварэння праўладнага СПБ, які фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту, незалежны Саюз беларускіх пісьменнікаў, па сутнасці, быў абвешчаны па-за законам: яго пазбавілі ранейшай фінансавай дзяржпадтрымкі і ў 2006 годзе вымусілі пакінуць Дом літаратара. Саюзу пісьменнікаў Беларусі былі перададзеныя літаратурныя выданні «Полымя», «Нёман», «Маладосць», штотыднёвік «Літаратура і мастацтва», заснавальнікам якіх быў СБП[5], а нелаяльныя рэдактары і супрацоўнікі — звольнены з працы[1].

Дзеючым старшынёй СБП з 10 снежня 2011 г. з’яўляецца пісьменнік Барыс Пятровіч.

30 студзеня 2017 г. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прыняло пастанову № 7 «Аб вызначэнні творчых саюзаў», якая ўступала ў сілу 17 лютага — у спіс творчых саюзаў не ўвайшоў СБП, адрозна ад «праўладнага» Саюза пісьменнікаў Беларусі[6]. Паводле пастановы, члены СБП, якія знаходзіліся на творчай працы, аўтаматычна ўключаліся ў лік асоб, якія мусілі плаціць «дармаедскі падатак» за 3 дні да моманту, калі трэба было заплаціць. Але пасля шматлікіх заяў і зваротаў Міністэрства культуры РБ 25 сакавіка 2017 г. перагледзела спіс, прадугледжаны пастановай № 7, і ўключыла найстарэйшую пісьменніцкую арганізацыю ў лік творчых саюзаў[7].

17 лістапада 2020 года Саюз беларускіх пісьменнікаў выступіў з адкрытым зваротам пісьменніцкай супольнасці «Хопіць гвалту, прыміце волю народа!», у якім асудзіў гвалтоўныя дзеянні з боку сілавых структур і прадстаўнікоў улады ў дачыненні да грамадзян, якія выходзяць на мірныя акцыі пратэсту супраць гвалту і фальсіфікацыі вынікаў падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. СБП заклікаў спыніць масавыя рэпрэсіі, здзекі з людзей, якія хочуць пераменаў, а таксама запатрабаваў ад улады прызнаць сваю паразу і прыняць волю народа. Пад адкрытым лістом падпісаліся больш за 200 беларускіх пісьменнікаў[8].

14 ліпеня 2021 года ў офісе СБП прайшоў ператрус, у выніку якога Следчы камітэт РБ забраў тэхніку і інфармацыйныя носьбіты, офіс быў апячатаны. Пасля вобшуку ў ліпені 2021 года адбылося блакаванне банкаўскага рахунку Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь, а Міністэрства юстыцыі РБ вынесла СБП два папярэджанні. Адно з іх было вынесена ў сувязі з непрадастаўленнем дакументаў, якія засталіся ў апячатаным памяшканні офіса. У жніўні 2021 г. Вярхоўны Суд РБ узбудзіў грамадзянскую справу па ліквідацыі СБП, ініцыяваную Міністэрствам юстыцыі[9]. Рэпрэсіі супраць СБП выклікалі хвалю пратэстаў як у Беларусі, так і за мяжой (напрыклад, адпаведную заяву прыняў Нацыянальны саюз пісьменнікаў Украіны)[10]. Тым не менш 1 кастрычніка 2021 года Вярхоўны Суд РБ прыняў рашэнне аб ліквідацыі СБП[11]. Рашэнне вынес суддзя Вярхоўнага Суду Беларусі Ігар Мільто.

Старшыні

Друкаваныя органы

Гл. таксама

Зноскі

  1. 1 2 3 Гісторыя грамадскага аб’яднання «Саюз беларускіх пісьменнікаў»
  2. Саюз беларускіх пісьменнікаў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1), ISBN 985-11-0035-8.
  3. Мікола Бугай. Баравікова і Масла выходзяць з лукашэнкаўскага Саюза пісьменнікаў (нявызн.). Наша Ніва (27 ліпеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 27 лютага 2019. Праверана 27 лютага 2019.
  4. https://www.dw.com/ru/вярхоўны-суд-беларусі-адклаў-вырашэнне-пытання-пра-закрыццё-саюзу-беларускіх-пісьменнікаў/a-1969421
  5. Саюз беларускіх пісьменнікаў патрабуе спыніць масавы пераслед літаратараў (нявызн.) (недаступная спасылка). TUT.BY (4 лютага 2010). Архівавана з першакрыніцы 18 верасня 2020. Праверана 27 лютага 2019.
  6. Постановление Министерства культуры Республики Беларусь от 30 января 2017 г. № 7
  7. Больш не «дармаеды»: Мінкульт вярнуў Саюзу беларускіх пісьменнікаў статус творчага
  8. https://lit-bel.org/news/khopits-gvaltu-prymitse-volyu-naroda-adkryty-list-pismennitskay-supolnastsi/ Архівавана 10 студзеня 2021.
  9. https://lit-bel.org/news/zavedzenaya-gramadzyanskaya-sprava-pa-likvidatsyi-ga-sayuz-belaruskikh-pismennika-/ Архівавана 29 жніўня 2021.
  10. https://belisrael.info/?p=28973
  11. https://lit-bel.org/news/barys-pyatrovich-ni-stalin-ni-brezhne-ni-andropa-ne-zakryli-sayuz-pismennika-i-tolki-belaruskaya-lad/ Архівавана 10 кастрычніка 2021.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Арганізацыі паводле алфавіта
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Саюз беларускіх пісьменнікаў
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Арганізацыі, заснаваныя ў 1934 годзе
Вікіпедыя:Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара