У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Дуброўна (значэнні).
Дубро́ўна[2] (трансліт.: Dubroŭna) — горад у Віцебскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Дубровенскага раёна, цэнтр Малабахаўскага сельсавета[3], на рацэ Дняпро пры ўпадзенні ў яго рэк Задубровенка і Свінка. За 107 км на паўднёвы ўсход ад Віцебска, 8 км ад чыгуначнай станцыі Асінаўка на лініі Орша—Смаленск (Расія), аўтадарогамі злучаны з Оршай, Горкамі, Асінторфам. Насельніцтва 7 122 чал. (2017)[4].
У аснове тапоніму «Дуброўна» паняцце, якое пазначае тып лесу — дубовы лес, дуброва[5].
Датаванне першага ўспаміну пра Дуброўна няпэўнае. Пад 1392 або 1393 гг. у Метрыцы Вялікага Княства Літоўскага ўпамінаецца «зямля пустая Дубровенская», якую князь Дзмітрый Сямёнавіч запісаў княгіні Соф’і і яе дзецям. Аднак сучасныя даследчыкі мяркуюць, што ў дакуменце ідзе гаворка пра іншае «Дуброўна» або адбылося няслушнае датаванне падзеі[6]. У канцы XV ст. неаднаразова ўпамінаецца воласць «Дубровенскі шлях». Расійскі гісторык М. Любаўскі лічыў, што цэнтрам гэтай воласці была вёска Дубровенка (цяпер не існуе) на захадзе Смаленшчыны, аднак цалкам магчыма, што воласць спярша мела сваім цэнтрам Дуброўна, ад якога і атрымала назву[6]. Пагатоў, дагэтуль тут ужо збудавалі замак.
Першы дакладны пісьмовы ўпамін пра Дуброўна як «горад» у значэнні ўмацаванага паселішча[6] датуецца 1514 г. З пачатку XVІ ст. яно стала цэнтрам воласці на мяжы Віцебскага і Смаленскага ваяводстваў[7]. Пазней тут утварылася Дубровенскае графства. У розныя часы мясцовасць знаходзілася ў валоданні вялікіх князёў, Глябовічаў, Сапегаў, Любамірскіх і іншых.
У 1535, 1536 гг. Дуброўна пацярпела ад набегаў маскоўскіх захопнікаў. 22 кастрычніка 1564 г. Дуброўна было захоплена маскоўскімі войскамі. У 1630 г. Мікалай Глябовіч заснаваў у мястэчку касцёл і кляштар бернардзінцаў. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) па працяглай аблозе ў чэрвені—кастрычніку 1654 Дуброўна занялі маскоўскія войскі, якія спалілі замак і вывезлі мясцовых жыхароў у Смаленск[6]. У 1664 напярэдадні адступлення маскоўскія акупанты зноў вывезлі з мястэчка і ваколіцаў вялікую колькасць мяшчан і сялян з жонкамі і дзецьмі.
У часы Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 загоны казакаў і калмыкаў на чале з расійскім капітанам Салаўёвым спалілі Дуброўна. У 1732 Юрый Станіслаў Сапега атрымаў дазвол на правядзенне ў мястэчку кірмаша на дзень Святога Ільі. У 1750 тут заснавалі суконную мануфактуру.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Дуброўна апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Аршанскай правінцыі; з 1777 у Аршанскім павеце Магілёўскага намесніцтва, пазней губерні. На 1780 год у мястэчку дзейнічалі чатыры царквы і адзін касцёл, працавала паштовая станцыя, штогод праводзілася 3 кірмашы[8]. У 1781 у Дуброўне пачала працаваць гадзіннікавая фабрыка, першая ў Расійскай імперыі. У 1785 пры кляштары піяраў (адкрыўся замест бернардзінскага ў 1774) пачаў дзейнічаць калегіум. У 1788 Іван Староў на заказ Рыгора Пацёмкіна распрацаваў праекты: сядзібнага будынка, гасцінага двара, перабудовы царквы[9] Улетку 1789 выбітны садовы майстар-практык і мастак-праектоўнік апошняй чвэрці XVIII стагоддзя, В. Гульд аб’ехаў маёнткі Пацёмкіна ў Магілёўскай губерні і склаў праект парку ў Дуброўне[9]. У 1809 Ф. К. Любамірскі збудаваў тут новы касцёл.
На 1860 у Дуброўне быў 1001 дом (з іх мураваных — 3), дзейнічала 6 цэркваў (з іх 3 мураваныя), мураваныя касцёл і каталіцкая капліца, драўляная сінагога і 13 іўдзейскіх малітоўных школаў. На паштовай станцыі прыймалася і выдавалася розная карэспандэнцыя. Мелася вольная аптэка. У мястэчку знаходзілася кватэра прыстава 2-га стану і конны этап. 3 навучальных устаноў дзейнічалі казённае яўрэйскае вучылішча 1-га разраду і сельскае вучылішча пры Мікольскай царкве. Працавалі 3 прамысловыя прадпрыемствы, 4 талесныя фабрыкі, 4 піваварні, 2 вадзяныя млыны. Кірмашы праводзіліся ў нядзелю, сераду і пятніцу. Праз раку Дняпро хадзіў паром. На 1861 Дуброўна была цэнтрам воласці Горацкага павета Магілёўскай губерні, уласнасць Любамірскіх. У 1870 у мястэчку пачала працаваць кумыса-лекавальная ўстанова. На 1909 у Дуброўне было 869 жылых дамоў, з якіх 10 мураваных, працавалі 5 млыноў. У пач. XX ст. у мястэчку пачала працаваць ткацкая фабрыка.
25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Дуброўна абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня мястэчка разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі было перададзена ў склад РСФСР. У 1924 Дуброўна вярнулі БССР, дзе яно стала цэнтрам раёна (у 1962—1965 уваходзіла ў склад Аршанскага раёна). У 1925 Дуброўна атрымала статус горада. У Другую сусветную вайну з 16 ліпеня 1941 да 26 чэрвеня 1944 горада знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
28 лютага 2011 года адбылося афіцыйнае зацверджанне сцяга горада[10].
|
Прадпрыемствы харчовай, лёгкай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасці. Гасцініца. Цэнтр ганчарнага рамяства, так званай дубровенскай керамікі.
Праз Дуброўна праходзіць аўтамабільная дарога Р22 (Орша — Буда (да М1)). За 8 км на поўнач ад горада — аўтамагістраль М1****E30.
Дзейнічаюць дом культуры, дом рамёстваў, 2 бібліятэкі.
У Дуброўне працуюць 2 сярэднія, дзіцяча-юнацкая спартыўная і музычная школы, дапаможная школа-інтэрнат, дашкольныя ўстановы, сярэдняя прафесійна-тэхнічнае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі.
У Дуброўне дзейнічаюць цэрквы Святой Тройцы і Святога Мікалая, а таксама каталіцкая капліца. Дзейнічае касцёл Маці Божай Фацімскай.
Выдаецца раённая газета «Дняпроўская праўда».
Дуброўна — цэнтр традыцыйнага ганчарнага рамяства, г. зв. «дубровенскай керамікі». Ад 1993 года ў месце праводзіцца рэгіянальны фестываль музыкі Падняпроўя «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне». Спыніцца можна ў гарадскай гасцініцы[26].
У цэнтры Дуброўна і за 100 м на ўсход ад утоку ракі Дубровенка ў Дняпро захаваліся 2 гарадзішчы, якія з’яўляюцца помнікамі археалогіі.