wd wp Пошук:

Папарацепадобныя

Папарацепадобныя, Папаратнікападобныя[1], Па́параці (Pteridophyta, Polypodiophyta) — аддзел вышэйшых споравых раслін.

Адна з найбольш старажытных груп вышэйшых раслін. Важны кампанент у наглебавым покрыве лясоў, вільготных лугоў і балот.

Апісанне

Пераважна шматгадовыя, травяністыя або дрэвападобныя расліны з прыдаткавымі каранямі, сцёбламі і лісцем вышынёй ад некалькіх міліметраў да 25—30 м. Сустракаюцца ліяны, эпіфіты і водныя расліны.

Сцяблы розныя па памерах, кансістэнцыі, характары росту, анатамічнай будове, часта яны падземныя (тады іх называюць карэнішчамі). Праводная сістэма складаная, разнастайная, камбію ў сапраўдных папарацей няма. Лісце (вайі) буйное, расчлененае, радзей суцэльнае, даўжынёй ад 2—4 мм да 30 м, з добра развітай правадной сістэмай і верхавінкавым ростам (у працэсе эвалюцыі ўзнікла са сцябла). Сцяблы і лісце пакрыты валаскамі або лускавінкамі, асаблівасці будовы якіх — сістэматычная прыкмета.

Пашырэнне

Узніклі ў канцы сілурыйскага перыяду, дасягнулі найбольшага росквіту ў каменнавугальны перыяд.

Выдзяляецца 3 класы: поліпадыяпсіды (сапраўдныя папараці), маратыяпсіды (гл. мараціевыя), псілотавыя (у т.л. вужоўнікавыя); 300 родаў, каля 12 тыс. відаў.

Пашыраны ўсюды. Найбольшая колькасць відаў, якія адрозніваюцца паводле жыццёвых форм (наземныя, наскальныя, водныя папараці, эпіфіты, ліяны, дрэвападобныя папараці) — у тропіках. На Беларусі 25 відаў.

Асаблівасці біялогіі

Лісце часта сумяшчае функцыі фотасінтэзу і споранашэння, у шэрагу папарацей яно дыферэнцыравана на стэрыльнае (фотасінтэзавальнае) і са спарангіямі (фертыльнае), якія сабраны на ніжняй паверхні ліста.

Расліны з чаргаваннем пакаленняў — спарафіта (бясполае, пераважае) і гаметафіта (палавое). Абодва пакаленні жывуць самастойна. Спарафіт мае прыдаткавыя карані, якія адыходзяць ад сцябла або ад асноў лісця. Са спор вырастае гаплоіднае палавое пакаленне — гаметафіт. Пасля апладнення, якое адбываецца пры наяўнасці вады, з зіготы ўтвараецца новы дыплоідны спарафіт.

Размнажаюцца папараці ў асноўным спорамі, якія развіваюцца ў спарангіях на ніжняй паверхні ліста. Вегетатыўнае размнажэнне — кавалкамі карэнішчаў, прыдаткавымі пупышкамі і інш.

Спарангіі сабраны ў групы — сінангіі або сорусы, часта прыкрытыя асобным вырастам ліста — індузіем (пакрывальцам): радзей яны адзіночныя. Спелыя спарангіі ўскрываюцца з дапамогай спецыяльных утварэнняў (кольца, групы клетак з рознай таўшчынёй сценак і інш.). Споры звычайна з патоўшчанай абалонкай і трохпрамянёвым тэтрадным рубцом. Адрозніваюць раўна- і разнаспоравыя формы. У раўнаспоравых споры аднолькавыя, у разнаспоравых — двух тыпаў: мікра- (утвараюцца ў мікраспарангіях) і мгаспоры (у мегаспарангіях). Са спораў развіваюцца гаметафіты (зарасткі) з мужчынскімі і жаночымі гаметангіямі — антэрыдыямі і архегоніямі, у якіх фарміруюцца клеткі — сперматазоіды (з некалькімі жгуцікамі) і яйцаклеткі. З зіготы, утворанай у выніку апладнення, фарміруецца зародак новага спарафіта.

Гаметафіты раўнаспоравых папарацепадобных двухполыя, маленькія, рознай формы (пласціністыя, сэрцападобныя, ніткавыя і інш.), наземныя, зялёныя і падземныя, бесхларафільныя (жывуць у сімбіёзе з грыбамі). Гаметафіты разнаспоравых — аднаполыя, мікраскапічных памераў, моцна рэдукаваныя (асабліва мужчынскія), развіваюцца на паверхні глебы і вады.

У папарацепадобных вядомы з’явы ўтварэння гаметафіта не са споры, а з вегетатыўных клетак спарафіта (апаспарыя) і ўтварэнне спарафіта з вегетатыўных клетак гаметафіта (апагамія).

Выкарыстанне

Лекавыя, харчовыя, тэхнічныя, дэкаратыўныя расліны.

Галерэя

Гл. таксама

Зноскі

  1. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь.. — Минск: «Наука и техника», 1967. — С. 144. — 160 с. — 2 350 экз. — у крыніцы пад назвай Pteropsida

Літаратура

Зноскі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Расліны паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Біялагічныя артыкулы без NCBI
Катэгорыя·Біялагічныя артыкулы без EOL
Катэгорыя·Папарацепадобныя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Артыкулы з перасягнутай глыбінёй разгортвання
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак