wd wp Пошук:

Скапа

Скапа́ (Pandion haliaetus) — драпежная птушка, распаўсюджаная ў абодвух паўшар’ях, адзін з двух прадстаўнікоў роду скопы (Pandion).

Апісанне

Птушка ў Ізраілі

Буйная драпежная птушка даўжынёй 55-58 см, з размахам крылаў 145—170 см. Доўгія крылы характэрна выгнутыя ў раёне запясцевага сустава. Пёры верхняга боку цела бурага колеру; цемя, патыліца і ніжні бок цела — белыя; ў раёне запясцевага сустава маюцца цёмна-карычневыя плямы, а вакол шыі крапчатыя каралі. Таксама з кожнага бакавога боку маецца бурая палоска, якая праходзіць ад дзюбы праз вочы і шыю. Васковіца і ногі свінцовага колеру, дзюба чорная. Маладыя асобіны амаль не адрозніваюцца ад дарослых птушак, але выглядаюць крыху плямістымі з-за светла-карычневых кончыкаў пёраў на вонкавым боку крылаў і хваста.

У параўнанні з самцамі, самкі скапы на 20 % цяжэйшыя, а размах іх крылаў даўжэйшы на 5-10 %. У Паўночнай Амерыцы маса самцоў вагаецца ў межах 1200—1600 г, маса самак — 1600—2000 г.

Голас — кароткі свіст.

Пашырэнне

Арэал разарваны. Уключае Галарктыку (акрамя поўначы і поўдня). У Еўропе, асабліва захадзе, на вялікіх плошчах скапа вынішчана. У 1950-х гадах рэкаланізавана ў Шатландыі і ў 1984 г. у глыбіні Францыi. Акрамя таго, у арэал уваходзяць Японiя, Фiлiпiны, Iнданезiя, Меланезiя, узбярэжжы Аўстралii i Аравiйскага паўвострава, лакальна сустракаецца ў Афрыцы, Паўночнай Амерыцы. На Беларусі рэдкі пералётны від, вядомы на гнездаванні пераважна ў паўночнай частцы краіны.

Пара ля гнязда, Фларыда

Бiятопы: рэкі і вялiкiя вадаёмы з чыстай вадой пасярод старых, звычайна хваёвых лясоў альбо часам нават адзiночных высокiх дрэў; марскія ўзбярэжжы, нават бязводныя пустыні.

Паўднёвыя папуляцыi аселыя, паўночныя — пералётныя. Вельмі рэдка ўзімку сустракаецца ў Паўночнай і Цэнтральнай Еўропе, больш часта — у міжземнаморскіх краінах, Паўночнай Афрыцы, Іраку і ў краінах Персідскага заліва. Галоўныя месцы зімоўкі: Афрыка на поўдзень ад Сахары i ўздоўж Нiла, Паўднёвая Азiя, поўдзень Паўночнай Амерыкi i Цэнтральная Амерыка, Антыльскiя а-вы.

Асаблівасці біялогіі

Птушка са здабычай

Корміцца ў асноўным рыбай (у т.л. шчупаком, ляшчом, акунём), выпадкова здабывае птушак, унікальны корм — малюскі.

Гняздо, штат Нью-Ёрк, ЗША

Утварае пастаянныя пары. Гняздо ў паўночнай частцы арэала ладзіць на вяршаліне высокага дрэва (часцей за ўсё сасны або елкі), на вышыні 10-30 м над зямлёй; звычайна на краі групы старых дрэў, якія мяжуюць з маладымі, або высечкі. У міжземнаморскіх краінах гняздзіцца на скалах або скальных узбярэжжах, часам на кустах, зямлі або руінах пабудоў; у Германii гнёзды вядомы на электрычных слупах у сельгасландшафце. Гняздо колападобнае і плоскае, якое кожны год дабудоўваецца, з сухіх галін і галінак, высцілка — з маленькіх галінак, моху, сухой травы (часта з рэшткамi рыб), шырыня 1-1,5 м, вышыня 50-70 см.

Яйкі

Яйкi звычайна 2-3 (часам 1-4), падоўжныя альбо амаль элiптычныя. Афарбоўка зменлiвая; галоўныя тыпы: белавата-ружовыя, белавата-блакiтныя, белавата-жаўтаватыя, светла-iржавыя. Мазкi ржавыя альбо iржава-бурыя (глыбокiя больш светлыя), часам папяліста-фiялетавыя (глыбокiя) i фiялетава-ржавыя (паверхневыя). Памеры: 63,5 х 45,5 мм[1].

Зноскі

  1. ptushki.org

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Птушкі на марках
Катэгорыя·Чырвоная кніга Беларусі
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе
Катэгорыя·Сокалападобныя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта