Ча́вусы[2] (афіц. транс.: Čavusy) — горад раённага падпарадкавання ў Магілёўскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Чавускага раёна, на р. Бася. За 41 км ад г. Магілёў, 5 км ад чыгуначнай станцыі Чавусы на лініі Магілёў—Крычаў. Вузел аўтадарог на Магілёў, Крычаў, Мсціслаў, Чэрыкаў. Насельніцтва 10 525 чал. (2017)[3].
Версія, якая была першай агучана і таму атрымала вядомасць, належыць географу В. Жучкевічу. У сваім «Кароткім тапанімічным слоўніку Беларусі», які выйшаў у 1974 г., ён прапанаваў выводзіць назву Чавусаў ад імя «ханскага пасла мурзы Чавуса». Яго згадвае пісьменнік Г. Сянкевіч у рамане «Агнём і мячом», які В. Жучкевіч у сваім слоўніку цытуе, не прыводзячы, аднак, іншых спасылак.[4]
Экзатычная версія — пра паходжанне з цыганскай мовы, у якой, па словах аўтара артыкула ў забаўляльнай газеце «Турызм і адпачынак», «чавус» значыць «намёт».[5] У той жа час у цыганскай мове «намёт» (палатка, шацёр) — гэта «цэра».[6]
Балцкая версія паходжання назвы Чавусаў грунтуецца на вытлумачэнні лінгвістам Ул. Тапаровым гідронімаў Чэусен, Чэусенскі, Чэусаўская (у басейне Акі). У іх ён вылучае корань Čaus- або Čeus-. Адпаведнікі на тэрыторыі Літвы - р. Čiauša, на тэрыторыі Латвіі (на памежжы з Беларуссю) — р. Čauša. Першапачатковая форма гэтых гідронімаў, згодна з Ул. Тапаровым, была *Kiauša. Яны суадносяцца з такімі літоўскімі словамі, як kiaušinti «павольна ісці», kiausti «знікаць, спыняцца ў росце». Па словах Ул. Тапарова, «абодва гэтыя значэнні досыць звычайна матывуюць назвы рэк, якія ледзьве цякуць, з цяжкасцю прабіваюць сабе шлях». Назва Чавусаў першапачаткова найверагодней была звязаная з невялікім і павольна цякучым крынічным ручаём, якіх шмат на правабярэжжы ракі Басі ў раёне Чавусаў.[7]
Першы пісьмовы ўпамін пра вёску Чавусавічы[8] датуецца 1581. З 1589 яны ўваходзілі ў склад Магілёўскай эканоміі. У 1604 паселішча атрымала статус горада.
12 жніўня 1634 кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Чавусам Магдэбургскае права і герб: «у блакітным полі на белым кані Св. Марцін з мячом у руцэ, на плячах чырвоны плашч»[9]. На 1648 тут было 176 дымоў[8].
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Чавусы апынуліся ў цэнтры ваенных дзеянняў, маскоўскія войскі акупавалі і спустошылі мясціну. З вясны 1656 тут размяшчалася рэзідэнцыя казацкага палкоўніка І. Нячая. Увосень 1660 войскі Вялікага Княства Літоўскага вызвалілі Чавусы. На 1676 тут было 109 будынкаў.
У часы Вялікай Паўночнай вайны ў 1708 Чавусы разрабавалі шведскія войскі. На 1737 у горадзе дзейнічалі 3 царквы, меўся мытны пункт, дзясятую частку жыхароў складалі рамеснікі. У 1770-я тут было больш за 420 дамоў, штогод праводзіўся кірмаш[8].
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Чавусы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе сталі цэнтрам павета Магілёўскай, пазней Беларускай губерні. У 1778 расійскія ўлады зацвердзілі план забудовы горада і надалі яму новы герб. З 1789 пачало працаваць 2-класнае павятовае вучылішча. На 1803 у Чавусах быў 461 будынак, дзейнічалі касцёл пры кляштары кармелітаў і 4 царквы. На 1825 — 569 дамоў, 5 цэркваў, 30 крам, штогод праводзіліся 2 кірмашы. На 1829 — 584 дамы, дзейнічалі касцёл, 4 царквы, 6 сінагог. У 1839 працавала палатняная мануфактура. На 1840 — 4 мураваныя і 808 драўляных дамоў, працавалі 26 крам і 23 карчмы, штогод праводзіліся 2 кірмашы.
У 1860 у Чавусах было 676 двароў, дзейнічалі 4 царквы, 2 сінагогі і 7 іўдзейскіх малітоўных дамоў, працавалі бальніца, 2-класнае павятовае і прыходскае вучылішча, 73 крамы, аптэка. 12 жніўня 1881 пачала працаваць тэлеграфная станцыя. У 1901 адкрылася 3-класнае гарадское вучылішча, на 1904 — працавала 41 прамысловае і 41 рамеснае прадпрыемствы, бальніца на 24 ложкі, друкарня, бібліятэка-чытальня, штогод праводзілася чатыры кірмашы.
25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Чавусы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 Чавусы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёна Магілёўскай вобласці. У Другую сусветную вайну з чэрвеня 1941 да чэрвеня 1944 года горад знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
3 студзеня 2005 адбылося афіцыйнае зацверджанне герба Чавусаў[10]. З невядомых прычын улады выбралі пазнейшы расійскі, а не гістарычны герб часоў Вялікага Княства Літоўскага.
Прадпрыемствы харчовай, будматэрыялаў, першаснай апрацоўкі лёну прамысловасці. Гасцініца[20].
Дзейнічаюць дом культуры, 2 бібліятэкі, Чавускі гісторыка-краязнаўчы музей.
У Чавусах працуюць 2 сярэднія, спартыўная базавая школы, школа-інтэрнат, школа мастацтваў.
У Чавусах налічваецца 94 вуліцы і 49 завулкаў. Рака і аўтамагістраль Магілёў — Чэрыкаў падзяляюць сучасны горад на 4 планіровачныя раёны. У забудове пераважаюць дамы сядзібнага тыпу, таксама ўтварыўся мікрараён з 2—5-павярховымі пабудовамі.
Асноўны артыкул: Вядомыя асобы Чавусаў
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Чавусы
Геаграфічныя звесткі па тэме Чавусы на OpenStreetMap
Чавусы на сайце Глобус Беларусі (руск.)
Чавусы — парафія Найсвяцейшай Дзевы Марыі Маці Касцёла на Catholic.by
Сайт горада Чавусы і Чавускага раёна — навіны, гісторыя, фотаальбом, Форум, Чат Архівавана 22 ліпеня 2011.