У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Дзятлава (значэнні). Дзя́тлава[2] (трансліт.: Dziatlava) — горад ва ўсходняй частцы Гродзенскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Дзятлаўскага раёна, на р. Дзятлаўка. Размешчаны за 165 км на паўднёвы ўсход ад Гродна, за 13 км ад чыгуначнай станцыі Наваельня на лініі Баранавічы—Ліда. Аўтамабільныя дарогі злучаюць горад са Слонімам, Лідай, Навагрудкам. Насельніцтва 8 008 чал. (2022)[3].
Паходжанне тапоніму «Здзецел» упершыню спрабаваў патлумачыць географ В. Жучкевіч. Ён прыйшоў да высновы, што паселішча атрымала назву ад ракі Здзецелкі (Дзятлаўкі)[няма ў крыніцы], на якой яно знаходзіцца, а рака — ад віду птушак[4]. Паводле версіі У. Данільчыка, айконім Здзечало мог утварыцца ад таго ж корня, што і слова «сядло» ці «сяло», бо ва ўсходніх славян гуказлучэнне «дл» перайшло ў адзін гук «л» (мыдла — мыла). Апроч гэтага, назву Дзянцёл паселішча магло атрымаць праз прозвішча або мянушку чалавека, які ў сваю чаргу мог набыць мянушку або прозвішча ад свайго прафесійнага занятку — дзяўблення калодаў для пчолаў, начовак, карытаў, чаўноў (дзёўб, як дзяцел), або яго нашчадкаў. Украінскі мовазнавец А. Непакупны даследаваў лінгвістычную аснову назвы Зецела — імя ракі і горада. Ён палічыў, што яно ўтварылася ад назвы возера, якое знаходзілася ля вытокаў, альбо ў рэчышчы ракі, бо толькі ў гэтым выпадку ўжываецца суфікс «ело». Рэшткі старажытнага возера захавадіся да нашага часу[5].
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Здзенцел, Здзечаль, Здзенцель, Здэтэль, Зэтэль, Зэтэля, Зецял, Дзенцёл, Дзенцёлкі, Дзенцел, Зецел, Здзечало. На такое разыходжанне, магчыма, паўплывалі мясцовыя яўрэі. На мове ідыш няма спалучэння «дз», што магло прывесці да яго замены на «з» і замест «Здзецел» атрымалася «Зецел», пагатоў на ідыш «тэль» — гэта горада[5].
У 1866 улады Расійскай імперыі з мэтай русіфікацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага склалі спіс населеных пунктаў, назвы якіх «перакруцілі ў час польскага панавання ў краі» (руск.: подверглись извращению во время польского господства в здешнем крае) і якім неабходна надаць «тутэйшыя расійскія назвы» (руск.: местные русские названия). Адным з пунктаў гэтага спісу было перайменаванне Здзецела ў Дзятлава[6]. Такім чынам, назва Дзятлава пачала ўжывацца адносна нядаўна[4].
Упершыню згадваецца ў 1440—1450-х гадах пад назвай Здятел (Здзяцел). У гэты час паселішча ўваходзіла ў склад Троцкага ваяводства. Каля 1492 вялікі князь Казімір фундаваў тут будаванне касцёла. У 1498 вялікі князь Аляксандр перадаў воласць Здзяцел гетману вялікаму Канстанціну Астрожскаму ў вечнае карыстанне з правам заснавання мястэчка[7]. Апошні ў пач. XVI ст. збудаваў у мястэчку драўляны замак, які некаторы час меў важнае абарончае значэнне (у дакументах упамінаецца як двор Здетело) і драўляную царкву (1508).
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Здзяцел увайшоў у склад Слонімскага павета Новагародскага ваяводства. На 1580 тут было 118 двароў і 5 вуліц[7]. У пач. XVII ст. Здзіцел (Здзицел) перайшоў ва ўладанне да Сапегаў. У 1624—1646 гадах Казімір Леў Сапега заснаваў у мястэчку касцёл, пры якім дзейнічаў шпіталь. З 1655 Здзецелам валодалі князі Палубінскія, з 1685 — Радзівілы. На 1689 — 126 двароў і 9 вуліц[7].
У часы Вялікай Паўночнай вайны ў студзені 1708 у ваколіцах Здзецела некаторы час знаходзілася асноўная групоўка расійскіх войскаў. У самім мястэчку на працягу тыдня кватараваў цар Пётр I. Пасля Здзяцел занялі шведы, якія спалілі яго разам з замкам. У 1743 годзе мястэчка пацярпела ад пажару. У 1751 годзе Радзівілы пабудавалі ў Здзяцеле палац. На 1784 тут было 176 двароў, 5 вуліц і 3 завулкі; працавалі 3 млыны, школа і шпіталь[7]. У канцы XVIII ст. мясцовасць перайшла ў валоданне Солтанаў.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Здзецел апынуўся ў складзе Расійскай імперыі. Апошні ўладальнік мястэчка Станіслаў Солтан прымаў удзел у паўстанні 1830—1831 гадоў, за што расійскія ўлады канфіскавалі яго маёнткі.
На 1878 у Здзецеле было 118 двароў; дзейнічалі мураваны касцёл, драўляная царква і 2 сінагогі; працавалі народнае вучылішча, паштовая станцыя, валасная ўправа, магазін, крамы, 6 заезных двароў, корчмы; у аўторкі праводзіліся кірмашы.
На 1914 — працавалі ватная фабрыка, 5 мёдаварняў, лесапільня, цагельня і 2 гарбарныя заводы. У Першую сусветную вайну са жніўня 1915 да 1918 года мястэчка занята германскімі войскамі.
Пасля польска-савецкай вайны, паводле Рыжскага мірнага дагавора ў 1921 годзе Здзецел апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Навагрудскага павета Навагрудскага ваяводства.
У 1939 годзе Дзятлава ўвайшло ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 года атрымала афіцыйны статус пасёлка гарадскога тыпу і цэнтра раёна Баранавіцкай вобласці. У часы Вялікай Айчыннай вайну з 30 чэрвеня 1941 да 9 ліпеня]] 1944 года Дзятлава знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
З 8 студзеня 1954 у складзе Гродзенскай вобласці. 25 снежня 1962 года Дзятлаўскі раён расфарміравалі, яго тэрыторыя ўвайшла ў склад Слонімскага, Навагрудскага і Лідскага раёнаў, Дзятава ўвайшло ў склад Слонімскага раёна. 6 студзеня 1965 года раён аднавілі ў складзе Гродзенскай вобласці.
21 чэрвеня 1990 года Дзятлава атрымала статус горада. 1 снежня 2004 адбылося афіцыйнае зацверджанне гарадскіх герба і сцяга.
Прадпрыемствы харчовай, дрэваапрацоўчай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасці. Празуюць АСП «Дзятлаўскі вінна-гарэлкавы завод», ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод», ДП «Дзятлаўская сельгастэхніка», ПУП «Дзятлаўскі каапнарыхтпрам» Дзятлаўскага раённага спажывецкага таварыства. Гасцініцы «Ліпічанка», «Дзядзя Ваня».
Дзейнічаюць Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей[15], дом культуры, кінатэатр, 2 бібліятэкі. Выдаецца раённая газета «Перамога».
У горадзе працуюць 3 сярэднія школы і школа-інтэрнат.
Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляе гарадская бальніца.
Царква могілкавая (XIX ст.)
Асноўны артыкул: Вядомыя асобы Дзятлава