wd wp Пошук:

Казімір Леў Сапега

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сапега. Казімір Леў Сапега (15 ліпеня 1609, Вільня — 19 студзеня 1656, Берасце) — вялікалітоўскі дзяржаўны і грамадскі дзеяч. Каралеўскі сакратар і пісар вялікі літоўскі (1631—1637), маршалак дворны літоўскі (1637—1645), падканцлер літоўскі (з 1645), адміністратар Берасцейскай эканоміі, староста рагачоўскі. Выбіраўся паслом на сеймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ.

Біяграфія

Сын канцлера літоўскага Л. І. Сапегі, брат Яна Станіслава і Крыштафа Міхала Сапегаў. Пачатковую адукацыю атрымаў дома і ў Віленскай акадэміі, з 1621 года разам з братам Крыштафам Міхалам вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Мюнхене і Інгальштацкім універсітэце. У 1624 годзе Крыштаф Міхал захварэў на сухоты, што вымусіла абодвух Сапегаў вярнуцца ў ВКЛ. Праз некаторы час браты зноў вучыліся ў Еўропе, гэтым разам у Лёвенскім універсітэце, які скончылі ў 1627 годзе. Далей вучыліся ў Бруселі, адкуль браты пераехалі ў Італію дзе вучыліся ва ўніверсітэтах Балоньі (1628) і Падуі (1629). Хвароба Крыштафа Міхала вымусіла ў 1629 братоў зноў вярнуцца ў ВКЛ.

У ліпені 1631 года атрымаў урад каралеўскага сакратара, 22.9.1631 і пісара вялікага літоўскага. Займаўся ўпарадкаваннем архіву Кароны. Браў удзел у канвакацыйным сойме (1632). Удзельнічаў у заключэнні выгаднага для Рэчы Паспалітай Палянаўскага мірнага дагавора (1634), меў вялікі давер караля Уладзіслава Вазы. У маі 1637 года атрымаў урад маршалка дворнага літоўскага. Быў паслом на сойм у 1637 годзе. 6.3.1645 атрымаў урад падканцлера літоўскага. Быў паслом на сойм у 1647 годзе. Пасля смерці караля Уладзіслава Вазы (1648) быў адным з чатырох яго душапрыказчыкаў. Падчас элекцыі быў прыхільнікам Яна Казіміра Вазы, хоць перад гэтым падтрымліваў Карла Фердынанда Вазу, які лічыў К. Л. Сапегу сваёй апорай у ВКЛ у час безкаралеўя.

Браў удзел у вайне з казакамі на Украіне (1648—1653), заключэнні Збораўскага пагаднення, бітве пад Берастэчкам. Канфліктаваў з Янушам Радзівілам, бо сам хацеў заняць урад вялікага гетмана. Удзельнічаў у большасці соймаў 1652—1654 гадоў. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667) выставіў уласны полк. Выступіў супраць пагаднення Януша Радзівіла з Карлам X Густавам. Восенню 1655 года пад Берасцем каардынаваў баявыя дзеянні супраць маскоўскіх і шведскіх войскаў, аднак стан яго здароўя ў той час пагоршыўся. У лістападзе 1655 года, пасля паразы пад Вярховічамі, фармальна прызнаў шведскі пратэктарат над ВКЛ. На пачатку 1656 года атрымаў ад Яна Казіміра Вазы даручэнне весці перамовы пра мір з царом Аляксеем Міхайлавічам, але даручэння таго не выканаў, бо памёр.

Валодаў латыфундыяй з цэнтрам у Ружанах, дамогся ад караля прывілеяў на магдэбургскае права і кірмашы для сваіх мястэчак Бялынічы, Талачын, Бешанковічы, Ружаны.

Зноскі

  1. 1 2 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #1044026200 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 16 кастрычніка 2015.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (23):
Катэгорыя·Старосты воўпенскія
Катэгорыя·Старосты любашанскія
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ў Брэсце
Катэгорыя·Памерлі 19 студзеня
Катэгорыя·Нарадзіліся 15 ліпеня
Катэгорыя·Выпускнікі Балонскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Старосты рагачоўскія
Катэгорыя·Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Старосты аршанскія
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1609 годзе
Катэгорыя·Падканцлеры літоўскія
Катэгорыя·Пісары вялікія літоўскія
Катэгорыя·Памерлі ў 1656 годзе
Катэгорыя·Старосты слонімскія
Катэгорыя·Сапегі
Катэгорыя·Выпускнікі Інгальштацкага ўніверсітэта
Катэгорыя·Сапегі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Вільнюсе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Выпускнікі Падуанскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Пахаваныя ў Бярозе
Катэгорыя·Маршалкі надворныя літоўскія