wd wp Пошук:

Ян Тысевіч

Ян Тысевіч[1] (польск.: Jan Tysiewicz; з 1840 года ўжываў толькі псеўданім), сапраўднае імя Уладзіслаў Невяровіч (польск.: Władysław Niewiarowicz; 16 (28) мая 1814[2], фальварак Марцыбелішкі Ігуменскага павета[3] — 16 студзеня 1891, Парыж) — беларускі[2] жывапісец і ілюстратар.

Сям’я

Бацькі ажаніліся ў Лошыцы 1 (13) траўня 1810 года[2]. У 1731 годзе гэтая вёска была набытая ад Прушынскіх продкам маці мастака[2].

Меў сына Мікалая[2].

Біяграфія

Аўтапартрэт. 1842

Ахрышчаны адной вадой 16 (28) траўня 1814 года у Марцыбелішках (Смілавіцкая парахвія). Хрост быў закончаны толькі 18 (30) жніўня 1818 года ў Смілавіцкім касцёле як Уладзіслаў Рох Мечыслаў[2].

У 1830 годзе навучаўся ў Віленскім універсітэце жывапісу ў Яна Рустэма. Браў удзел у паўстанні 1830—1831 гадоў, у 1832 годзе асуджаны вайсковым судом на смерць, потым прысуд змянілі вайсковай службай[2]. Але, адпраўлены ў віленскую лякарню, Уладзіслаў Невяровіч абмінуў долю салдата і ўцёк на Галічыну. Там яму даў прытулак стары шляхціч, які нядаўна страціў сына і, праз падабенства Невяровіча да яго, падумаў што гэта ягоны сын. Так Уладзіслаў Невяровіч стаў выкарыстоўваць псеўданім Ян Тысевіч[2]. Некалькі гадоў жыў у Львове, зарабляў агародніцтвам і настаўніцтвам[2].

Знайшоўшы людзей, якія б аплацілі яму навучанне, у лістападзе 1838 года[2] Тысевіч паступіў у Венскую мастацкую акадэмію. Там вучыўся малюнку, потым атрымаўся дазвол вучыцца жывапісу, тамсама вучыў анатомію, французскую і нямецкую мову. Дадаткова год наведваў майстэрню Фрыдрыха фон Амерлінга і, з яго дазволу, капіяваў некаторыя ягоныя творы[2]. Вядома, што Ян Тысевіч таксама жадаў наведаць майстэрню акварэлі Морыца Дафінгера, але ці наведаў ён звестак няма[2]. Паводле даследчыцы Ларысы Купчынскай, мастак вучыўся па 12 гадзінаў пяць дзён на тыдзень[2]. Шмат ён маляваў дадаткова, вялікую ўвагу надаваў капіяванню італьянскіх майстроў Рафаэля Санці і Гвіда Рэні[2]. Паводле ўмоваўсваіх мецэнатаў, Ян Тысевіч абавязваўся апісваць працэс навучаньня, а таксама дасылаць свае творы ў фонды львоўскай Нацыянальнай бібліятэкі імя Асалінскіх. Такім парадкам многія студэнцкія працы Тысевіча сёння захоўваюцца ў Нацыянальнай навуковай бібліятэцы В. Стэфаніка (Львоў)[2]. Па атрыманні адукацыі Тысевіч таксама ладзіў выставы сваіх твораў у кніжні Асалінскіх. У 1843 годзе кіраўніцтва ўстановы замовіла ў мастака копію партэрта Франца I, што мастак выканаў паспяхова[2].

Марыя Магдаліна ў раскаянні

У 1842 годзе мастак, натхнёны карцінай фон Амерлінга «Маладя жанчыназ Усходу», стварыў сваю карціну «Марыя Магдаліна ў раскаянні». Яе ён выставіў у тым жа годзе ў Львове, дзе яе паказвалі з уваходным коштам 10 крон, грошы ішлі на дабрачыннасць, пра яе адразу пачала пісаць у панегірычным тоне львоўская прэса. Карціна амаль адразу знайшла пакупніка, яе набыў багаты памешчык Чарнецкі, і мастак зрабіў яшчэ адну копію, якую адразу набыў Фелікс Базнаньскі; трэцюю заказаў Сераф Тлухоўскі. У 1843 годзе Базнаньскі вырашыў выставіць свой асобнік ў Дрэздэне, Берліне, Лейпцыгу, Познані і Варшаве[4]. Паводле Эдварда Паўловіча, «гэта была першая карціна польскага мастака, якую вазілі па свеце»[3]. Паводле ўспамінаў удавы мастака, Базнаньскі зарабіў на гэтым 400.000 франкаў[2].

Дзякуючы дапамозе графіні Замойскай, Ян Тысевіч змог пераехаць з Вены ў Парыж, дзе яго цёпла прыняў Адам Чартарыйскі[2]. Надалей мастак адправіўся ў турнэ Алжыр — Паўднёвая ФранцыяНямеччынаТурэччынаІталія, дзе пакідае ў касцёлах нямала намаляваных ім жа абразоў. У часе турнэ ён наведаў Канстанцінопаль, доўга жыў у Рыме[2]. Пасля была выстава ў кніжні Асалінскіх, праца на аўстрыйскіх манархаў Карла Людвіга, Франца Іосіфа і, паводле ўспамінаў жонкі, «пражскага караля»[2]

У 1843 годзе[крыніца?] канчаткова пасяліўся ў Парыжы, у Манмарансі пад Парыжам набыў вілу «Тэкла», якая нагадвала яму пра родныя мясціны[2].

У 1843 годзе звярнуўся да князя Трубяцкога, які сімпатызаваў творцу і схіляў вярнуцца ў Расійскую імперыю, наконт наведвання Бацькаўшчыны. Трубяцкі прапанаваў звярнуцца да двара, каб атрымаць амністыю і вярнуць сабе спадчыну бацькі. Але мастак адмовіўся прасіць амністыю ды сварыцца з сястрой накнот спадчыны атрымана Юзафатам Свідам[2]. Паехаў на Радзіму з французскім пашпартам на два месяцы. Тады яго сястра трымала ў Вільні салон, які наведвалі многія беларускія інтэлектуалы таго часу: Адам Кіркор, Уладізслаў Сыракомля, Язэп Крашэўскі і іншыя[2].

У 1849 годзе браў удзел у Парыжскім салоне з карцінай «Святы Пётр», яе набыў французскі ўрад і падарыў Царкве Святога Пятра ў Кадзіяке[крыніца?].

Памёр 16 студзеня 1891 года, пахаваны на могілках Манмарсі (Францыя). Тастаментам перадаў усе творы і маёмасць, у тым ліку чатыры вілы[2] (Эдвард Паўловіч памылкова піша пра тры[3]), львоўскай Бібліятэцы Асалінскіх з умовай стварыць дзве стыпендыі для маладых мастакоў. Ці быў выкананы тэстамент невядома[2].

Ілюстраванне паэм Міцкевіча

Праілюстраваў выданне ў Парыжы ў 1851 годзе паэмаў Адама Міцкевіча «Гражына» і «Конрад Валенрод» у арыгінале і перакладах на французскую і англійскую мовы. Гэта было адно з самых раскошных і пышных выданняў таго часу. Прыгажосць ілюстрацый і якасць паліграфіі былі такімі ж, як і ў лепшых выданняў замежных выдавецтваў.

Крысцін Астроўскі пераклаў абодва творы на французскую мову, а Леан Яблонскі — на англійскую. Кніга вялікага памеру (25,5 х 16,5 см) надрукавана ў друкарні Бернара Парыжы і змяшчала 100 ксілаграфій, у тым ліку 20 — на асобных дошках. Малюнкі рабіў сам Тысевіч, а для стварэння гравюр ён прыцягнуў французскіх і польскіх майстроў. На першым тытульным лісце ў архітэктурнай кампазіцыі прадстаўлены постаці літоўскага і тэўтонскага ваяроў, на другім — від Мальбарка. Цікавыя ініцыялы, некаторыя з іх расфарбаваны ўручную, таксама прыцягваюць увагу. У выданне таксама ўключаны чатыры карткі музычнага дадатку, у які ўваходзіць Песня Віліі з «двума музыкамі» Станіслава Манюшкі і Фердынанда Гілера. Выданне было дарагое, асобнік каштаваў 26 франкаў (прыкладна траціна месячнага заробку чыноўніка) і, магчыма, адсюль праблемы з яго продажам. За шэсць гадоў было прададзена толькі 300 асобнікаў, пры агульным накладзе з 1000.

Зноскі

  1. https://www.limis.lt/en/virtualios-parodos/-/virtualExhibitions/view/81051
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 Юркевіч, Зм. Ян Тысевіч — беларускі мастак, якога нібы й не было (бел.)  // Культура. — 2 ліпеня 2022. — № 27.
  3. 1 2 3 Pawłowicz, Edward Bonifacy. Z życia Litwina: (sylwetka). Lwów : nakł. autora, 1904.
  4. Agnieszka Świętosławska. Pomiędzy romantyzmem a biedermeierem. Lwowskie malarstwo 1. połowy XiX wieku. «Sztuka Europy Wschodniej» 2020, t. VIII, s. 123—136.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Нарадзіліся 28 мая
Катэгорыя·Памерлі ў 1891 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Ігуменскім павеце
Катэгорыя·Выпускнікі Венскай акадэміі мастацтваў
Катэгорыя·Артыкулы са сцвярджэннямі без крыніц
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1814 годзе
Катэгорыя·Памерлі 16 студзеня
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ў Парыжы
Катэгорыя·Мастакі Польшчы
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без партрэтаў
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта