wd wp Пошук:

Станіслаў Манюшка

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Манюшка. Станіслаў Манюшка (5 мая 1819, Убель, Ігуменскі павет, Мінская губерня (цяпер Чэрвеньскі раён Мінскай вобласці Беларусі) — 4 чэрвеня 1872, Варшава) — кампазітар , дырыжор, стваральнік польскай нацыянальнай оперы, меў дачыненне да станаўлення беларускай музычнай культуры.

Біяграфія

Станіслаў Манюшка быў ахрышчаны 5 мая 1819 ў Смілавіцкім рымска-каталіцкім касцёле ў фальварку Убель, за 10 вёрст ад Смілавічаў. Дата нараджэння дакладна не вядома[6].

Станіслаў Манюшка за кнігай. Часлаў Манюшка, 1837

Пачатковую музычную адукацыю атрымаў у Дамініка Стэфановіча ў Мінску. Калі ў 1827 сям’я будучага кампазітара перасялілася ў Варшаву ён пачаў навучацца музыцы. Праз тры гады сям’я перабралася ў Мінск, дзе Станіслаў Манюшка працягваў музычную адукацыю. Вучыўся ў Мінскай губернскай гімназіі. У 1837 ён выехаў у Берлін, дзе працягваў удасканальвацца як музыкант.

З 1840 Манюшка пасяліўся ў Вільні, тут працаваў як арганіст, кампазітар, педагог і арганізатар музычнага жыцця горада. У яго браў урокі музыкі будучы мастак Вікенцій Леапольд Сляндзінскі. У 1858 Станіслаў Манюшка перасяліўся ў Варшаву, у 1858—1872 — дырыжор і дырэктар опернага тэатру, прафесар Музычнага інстытуту ў Варшаве. У творчасці выкарыстоўваў беларускі фальклор.

Станіслаў Манюшка за фартэпіяна. Часлаў Манюшка, 1842

Папулярнасць кампазітар атрымаў у 1848, дзякуючы оперы «Галька». Яшчэ адна шырока вядомая опера — «Страшны двор» была напісана ў 1865. Наогул Манюшка стварыў 20 опер і аперэт, тры балеты, пяць месаў, два рэквіемы і болей за 300 песень, у тым ліку і «Паходную песню літвінаў» на словы паэта У. Сыракомлі.

Станіслаў Манюшка напісаў музыку да «Сялянкі» В. Дуніна-Марцінкевіча, і ў сувязі з гэтай падзеяй прысутнічае ва ўсіх беларускіх даследаваннях, прысвечаных літаратуры, тэатру і музыцы сярэдзіны 19 ст. Шырокай вядомасці «Сялянка» яму, аднак, не прынесла, музыка да яе захавалася толькі часткова.

Кампазітар пастаянна падтрымліваў сувязі з беларускімі музыкантамі, пісаў пра іх, садзейнічаў выданню іх твораў (даслаў творы Ф. Міладоўскага Ф. Лісту), памагаў атрымаць музычную адукацыю, наладжваў канцэрты, дасылаў у Мінск Стафановічу і Міладоўскаму свае творы.

Станіслаў Манюшка з жонкай Аляксандрай Мюлер. Часлаў Манюшка, 1840

Творчасць

Стварэнне першых вадэвіляў, музычных камедый і камічных опер звязана з Беларуссю. У 1834 мінскімі аматарамі пастаўлены «Канторскія служачыя», у 1841 у Гродне і ў 1843 у Мінску — «Латарэя». На лібрэта В. Дуніна-Марцінкевіча напісаны «Рэкруцкі набор» (з К. Кжыжаноўскім; паст. 1841, Мінск), «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада», «Ідылія» («Сялянка», з К. Кжыжаноўскім; паст. 1852, Мінск). «Сялянка», дзякуючы выкарыстанню ў лібрэта беларускай мовы (разам з польскай) і апоры на беларускі музычны фальклор, мела вялікае значэнне для беларускай музычнай культуры.

Са сталых опер найбольш папулярная «Галька» (1847, паст. 1854, 2-я рэд. 1859), якая адлюстроўвае сацыяльныя канфлікты і мае дэмакратычную накіраванасць. Сярод іншых твораў: оперы «Графіня» (1860), «Вербум нобіле» («Слова гонару», 1861), «Страшны двор» (1865), «Парыя» (1869); балеты «Монтэ-Крыста» (1866), «На пастоі» (1868), «Хітрыкі сатаны» (1870); кантаты «Мільда» (1848), «Ніёла» (1865), «Крымскія санеты» на словы А. Міцкевіча (1868); месы, 4 «Вострабрамскія літаніі», рэквіем; аркестравыя уверцюры і танцы; 2 струнных квартэты; творы для фартэпіяна, у т.л. цыкл «Забаўкі» (1843), транскрыпцыі паланэзаў М. К. Агінскага; больш за 400 сольных песень (увайшлі ў 12 «Хатніх спеўнікаў», 12 песень на вершы Я. Чачота), музыка да драматычных спектакляў і інш.

Творам Станіслава Манюшкі ўласцівы яскравая меладычнасць, лірызм, даступнасць музычнай мовы, операм і аперэтам — майстэрства стварэння індывідуальных харакгарыстык і будовы масавых, ансамблевых і сольных сцэн. Вытокі яго музычнай мовы ў польскім і беларускім фальклоры (многія з яго арыгінальных мелодый лічацца народнымі).

Сям’я

У шлюбе з Аляксандрай з Мілераў (Мюлераў), дачкой Ксаверыя Мюлера. Аляксандра Мюлер нарадзілася 13 сакавіка 1818 года і памерла ў 1891 г. у Варшаве[7].

У артыкуле Polski Słownik Biograficzny пра Станіслава Мюлера, роднага брата Ксаверыя, сцвярджаецца, што ягоным бацькам быў Ян-Фрыдрых Мюлер (Мілер; пам. у 1801), львоўскі купец, а пазней віленскі бургамістр. Ротмістр расійскага войска Ксаверый Мюлер 19 лістапада 1812 г. у касцёле Св. Яна ў Вільні пабраўся шлюбам з Марыяй з Закрэўскіх, сястрой Альжбэты, якая выйшла за ягонага брата Станіслава. У гэтым шлюбе нарадзілася некалькі дзяцей: 17 верасня 1813 г. ахрышчаны першынец — Ян-Станіслаў-Ксаверый-Ігнат 19; 25 студзеня 1815 г. ахрышчаны сын Аляксандр, 21 чэрвеня 1818 ахрышчана дачка Аляксандра, 19 верасня 1821 — Марыя, якая нарадзілася 30 жніўня[7].

Бацька Ксаверыя, Ян Мюлер, ажаніўся ў Варшаве з Альжбэтай з Краўзаў (пам. да 1811), ад якой меў некалькі сыноў: Францішка-Ксаверыя (12 снежня 1781 — ?), Станіслава (17 ліпеня 1787 — 15 чэрвеня 1847), Юзафа-Антона (14 сакавіка 1790 — ?), Казіміра (15 лютага 1798 — ?)[7].

Маці Аляксандры, Марыя з Закрэўскіх, памерла ў 1874 годзе і пахавана побач са Станіславам Манюшкам, у родавым пахаванні ў Варшаве, на Паванзкоўскіх могілках. Надпіс на магільнай пліце сцвярджае, што ёй было 75 год, але ў метрыцы смерці паведамляецца, што мела яна на той момант 77 год. Яе бацькамі былі Станіслаў Закрэўскі і Марыя з Вернераў. Па ўсей верагоднасці, яе бацькі былі ў другой палове XVIII ст. тэатральнымі акторамі з варшаўскай трупы Лявона Перажынскага, бо менавіта такая пара актораў згадваецца ў Нясвіжы. У 1783 годзе трупа была запрошана князем Каралем-Станіславам Радзівілам у Нясвіж. Але праз год Радзівіл разарваў кантракт з Перажынскім. Пры гэтым затрымаў Станіслава Закрэўскага і Марыю Вернероўну, прапанаваўшы ім узяцца за навучанне таямніцам тэатральнага рамяства дзяцей мяшчан і сялян. Вядома, дарэчы, што ў 1783—1785 гг. рэпертуар нясвіжскага тэатра не саступаў варшаўскаму. Пазней Станіслаў змяніў тэатральнае рамяство на вайсковы мундзір, бо ў метрыках шлюбу сваіх дачок ён выступае як афіцэр былых польскіх войскаў. Ён у войску ВКЛ, быў паручнікам 8-га пяхотнага палка імя Радзівілаў, створанага ў 1789 г. У 1794 г. падтрымаў паўстанне Тадэвуша Касцюшкі. У 1812 годзе капітан Станіслаў Закрэўскі займаўся стварэннем віленскай гвардыі[7].

Памяць

Дом у Мінску, дзе прайшлі дзіцячыя гады С. Манюшкі, упрыгожвае мемарыяльная дошка. Апроч таго, у гонар славутага кампазітар сваю назву атрымала адна з вуліц Мінску.

3 верасня 2016 года ў цэнтры Мінска адкрыты помнік Станіславу Манюшку і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу[8].

У 2017 годзе ў мястэчку Смілавічах адкрылася «Музыкальная гасцёўня Станіслава Манюшкі».

Зноскі

  1. 1 2 3 Г. Риман Монюшко // Музыкальный словарь: Перевод с 5-го немецкого издания / под ред. Ю. Д. Энгель — М.: Музыкальное издательство П. И. Юргенсона, 1901. — Т. 2. — С. 870.
  2. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  3. 1 2 3 http://tnk.krakow.pl/czlonkowie/moniuszko-stanislaw/ Праверана 30 жніўня 2022.
  4. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118784552 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 27 красавіка 2014.
  5. Монюшко Станислав // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  6. Уладзмір Дзянісаў: Мы дакладна не ведаем, калі нарадзіўся Манюшка (нявызн.). Радыё Рацыя (4 мая 2019).
  7. 1 2 3 4 Зміцер Юркевіч. Дакументальныя крыніцы да радаводу Станіслава Манюшкі
  8. У цэнтры Менску адкрылі помнік Манюшку і Дуніну-Марцінкевічу
  9. rdc.pl Архівавана 30 снежня 2018.
  10. У менскім катэдральным касьцёле ўсталявалі мэмарыяльную дошку ў гонар Станіслава Манюшкі // сайт «Радыё Свабода», 31 траўня 2019
  11. Манета «Станіслаў Манюшка. 200 год» // nashaniva.by 27 снежня 2019

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (30):
Памерлі 4 чэрвеня
Пахаваныя на Паванзкоўскіх могілках
Нарадзіліся ў Чэрвеньскім раёне
Заснавальнікі нацыянальнага опернага мастацтва
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Кампазітары Літвы
Дырыжоры Польшчы
Памерлі ў Варшаве
Асобы
Манюшкі
Вікіпедыя:Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Станіслаў Манюшка
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Выпускнікі Мінскай губернскай гімназіі
Дырыжоры Беларусі
Нарадзіліся ў 1819 годзе
Дырыжоры Літвы
Нарадзіліся 5 мая
Дырыжоры паводле алфавіта
Кампазітары паводле алфавіта
Кампазітары Беларусі
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Нарадзіліся ў Ігуменскім павеце
Кампазітары Польшчы
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Асобы на манетах
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Артыкулы са спасылкамі на Вікікрыніцы
Музыканты паводле алфавіта
Памерлі ў 1872 годзе