wd wp Пошук:

Эдвард Паўловіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Паўловіч.

Эдвард Баніфацый Паўловіч (7 чэрвеня 1825, мястэчка Тургелі, Троцкі павет, цяпер Вільнюскі павет, Літва — 10 лютага 1909) — беларускі мемуарыст, мастак і асветнік.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і Францішка, каморніка, і Кунегунды Пагажэльскай.

Дзяцінства правёў на Навагрудчыне. Вучыўся пры базыльянскім кляштары ў Жыровічах, Слоніме, Слуцкай гімназіі, якую скончыў у 1836 годзе. Затым пераехаў у Вільню, дзе ў якасці вольнага слухача наведваў лекцыі ў Медыка-хірургічнай і Духоўнай акадэміях. Акрамя гэтага браў прыватныя ўрокі мастацтва ў Канута Русецкага і Караля Рыпінскага.

Траецкі касцёл у Ішкалдзі. 1848
Барысаглебская царква ў Навагрудку, 1848

У 1849 годзе пераехаў у Пецярбург, дзе паступіў у Акадэмію мастацтваў, якую скончыў у 1853 годзе. У перыяд навучання рабіў копіі з палотнаў Эрмітажа. У 1853—1856 гадах падарожнічаў па Заходняй Еўропе, наведаў Італію, Іспанію, Францыю, дзе таксама рабіў копіі, выконваючы просьбы землякоў-калекцыянераў. У Парыжы завязаў знаёмствы з мастакамі-эмігрантамі Тэафілам Ленартовічам, Уладзіславам Невяровічам і іншымі.

Эдвард Паўловіч, 1856-1861 гады.

Будучы ў Парыжы, пачаў друкаваць свае творы. У 1857 годзе выйшла яго кніга пад назвай «Некалькі словаў літвіна», у якой адстойваў права беларускіх сялян на асвету.

У 1859 годзе Паўловіч вярнуўся з падарожжа ў Навагрудак, дзе пачаў працаваць выкладчыкам малявання ў мясцовай гімназіі. Заняўся антыалкагольнай прапагандай сярод мясцовых сялян, у справе чаго выдаў ліст, адрасаваны святарству, які быў надрукаваны ў 1859 годзе ў пецярбургскім выданні «Слово». Свае погляды ў сялянскім пытанні друкаваў у парыжскім выданні «Wiadomości Polskie»[pl], варшаўскай «Gazecie Codziennej» і газеце «Kurier Wileński». Пры падтрымцы куратара наваградскіх школ Канстанціна Радзівіла заснаваў у Наваградку жаночы пансіён і нядзельную школу для сялян, а ў 1860 годзе аматарскі тэатр, дзе з’яўляўся адначасова рэжысёрам, дэкаратарам і акцёрам. Акрамя гэтага, Паўловіч разам з мясцовай шляхтай і мяшчанамі становіцца заснавальнікам Навагрудскай бібліятэкі, якая ўзнікла каля 1860 года. Сродкі на заснаванне гэтай бібліятэкі ахвяравалі каля трыццаці чалавек, сярод якіх Адам Кіркор, Ян Наргілевіч, Уладзіслаў Борзабагаты, Феліцыян Лашкевіч і Эдвард Паўловіч. Абавязкі ганаровага куратара выконваў У. Брахоцкі, віцэ-куратарам з’яўляўся ксёндз Канстанцін Эймант, адміністрацыйнымі справамі кіраваў ксёндз Лашкевіч, а сам Паўловіч выконваў абавязкі бібліятэкара. Шмат намаганняў Паўловіч прыкладаў дзеля адкрыцця помніка Адаму Міцкевічу, які планавалася ўсталяваць на гары Міндоўга, на што расійскія ўлады не далі згоды.

У 1861—1862 гадах, перыяд распаўсюджання ў Каралеўстве Польскім супрацьурадавых маніфестацый, не падтрымліваў ідэі ўзброенага паўстання. Свае намаганні накіроўваў на павышэнне ў сялянскім асяроддзі ўзроўню самасвядомасці. З пачаткам паўстання 1863 года ўдзельнічаў у нарадзе навагрудскіх мяшчан, якія выступалі за вызваленне сялян з прыгону. У сакавіку 1863 года Паўловіч арыштаваны за «знойдзеныя ў яго творы злачыннага зместу і забароненыя лісты», а 8 сакавіка трапіў пад следства Мінскай следчай камісіі. Спачатку быў на волі, а ў маі 1863 года, пасля зацвярджэння генерал-губернатара М. Мураўёва, узяты пад арышт. Па выніках следства Паўловіч сасланы на жыхарства спачатку ў Петразаводск, а затым у Аланецкую губерню. Там ён кантактаваў з сям’ёй Браніслава Любічанкоўскага, братам Юзафа Любічанкоўскага. За некалькі месяцаў да вызвалення ад пакарання быў пераведзены ў Екацярынаслаў. Сям’і не меў. Атрымліваў на пражыванне 15 капеек на дзень і на наём кватэры 1 рубель 50 капеек на месяц.

Эдвард Паўловіч, каля 1900

Пасля вызвалення са ссылкі Паўловіч спрабаваў уладкавацца ў Пецярбургу, аднак не атрымаў на гэта дазволу, пасля чаго ў 1867 годзе вярнуўся ў Навагрудак, а затым у Варшаву, дзе два гады працаваў у прыватнай мастацкай школе. Затым пераехаў ва Львоў. Працаваў там настаўнікам малюнка ў жаночай настаўніцкай семінарыі, даваў прыватныя ўрокі, а ў 1870 годзе уладкаваўся кусташам у Музей Любамірскіх, дзе працаваў 35 гадоў.

Памёр у адзіноце ва Львове. Пахаваны на Лычакаўскіх могілках[3]

Дзейнасць

Праект экспазіцыі Музея князёў Любамірскіх

Паўловіч аўтар успамінаў і мемуараў «Успаміны з-над Віліі і Нёмана» (польск.: Wspomnienia znad Wilii i Niemna; 1882), «Успаміны: Навагрудак — турма — выгнанне» (1887), «З падарожжа па Літве» (1890), «З успамінаў. Год 1846» (1898), «Наваградак у XIX стагоддзі» (1902), «З жыцця літвіна» (1904), «Мае ўспаміны з часоў настаўнічання на Літве колькі дзясяткаў год назад» (1904), «Двое памятных сутак у Мінску, 1863 г.» (1906). Сабраў звесткі пра культурна-грамадскае і літаратурнае жыццё Беларусі 1840—1860-х гадоў, побыт беларусаў, пра беларускага паэта Францішка Савіча.

На працягу жыцця Паўловіч займаўся навуковай дзейнасцю, падрыхтаваў і выдаў каталогі Музея Любамірскіх. Таксама ён аўтар працы «Погляд на становішча польскага выяўленчага мастацтва ў параўнанні з замежным мастацтвам» (1881). Акрамя гэтага, займаўся жывапісам, працаваў у жанры партрэта («Аўтапартрэт», 1853), рабіў замалёўкі Навагрудка і ваколіц, пісаў абразы.

Зноскі

  1. Edward Bonifacy Pawłowicz // Artists of the World Online, Allgemeines Künstlerlexikon Online, AKL Online / Hrsg.: A. Beyer, B. SavoyB: K. G. Saur Verlag, Verlag Walter de Gruyter, 2009. — doi:10.1515/AKL
  2. (unspecified title) Праверана 16 сакавіка 2022.
  3. Stanisław Nicieja: Cmentarz Łyczakowski we Lwowie w latach 1786—1986. Wrocław: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1988, ISBN 83-04-02817-4.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (21):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Выпускнікі Імператарскай Акадэміі мастацтваў
Катэгорыя·Выкладчыкі Навагрудскай гімназіі
Катэгорыя·Памерлі 10 лютага
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Троцкім павеце (Расійская імперыя)
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Мастакі Беларусі
Катэгорыя·Памерлі ў Львове
Катэгорыя·Мемуарысты Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся 7 чэрвеня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў
Катэгорыя·Выпускнікі Слуцкай гімназіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Старонкі з неадназначнымі геаланцужкамі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1825 годзе
Катэгорыя·Пахаваныя на Лычакаўскіх могілках
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ў 1909 годзе