Узда́[2] (трансліт.: Uzda, руск.: Узда) — горад у Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Уздзенскага раёна, на р. Уздзянцы. За 74 км на паўднёвы захад ад Мінска, 22 км ад чыгуначнай станцыі Негарэлае на лініі Мінск—Баранавічы, на рацэ Уздзянка. Аўтадарогі на Мінск, Негарэлае, Капыль, Слуцк, Нясвіж. Насельніцтва 10 090 чал. (2017)[3].
Першы пісьмовы ўспамін пра Узду як двор Корсакаў у Менскім павеце датуецца 1450 годам. У другой палове XV ст. паселішча атрымала статус мястэчка. У розны час Узда знаходзілася ва ўладанні Кавячынскіх, Завішаў, Красінскіх. У канцы ХV ст. Кавячынскія збудавалі тут кальвінскі збор.
У 1572 г. ва Уздзе знаходзіўся Сымон Будны ў сувязі з выданнем Бібліі[4]. У 1684 па вяртанні ў каталіцтва Кавячынскія заснавалі ў мястэчку парафію, набажэнствы праходзілі ў капліцы.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Узда апынулася ў складзе Расійскай імперыі, дзе зрабілася цэнтрам воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні. У канцы ХVIII ст. мясцовасць перайшла да роду Завішаў. У 1798 годзе Казімір Завіша збудаваў касцёл.
У 1829—1830 гг. ва Уздзе працавалі друкарня Э. Прэса, школа, 4 пачатковыя навучальныя ўстановы, бровар, млын, аптэка, пошта, 30 крамаў, нядзельны кірмаш. Станам на 1886 г. — народнае вучылішча, валасная ўправа, школа, бровары, суконная фабрыка, 2 млыны, 24 крамы; дзейнічалі царква, касцёл, сінагога, мячэць, 3 малітоўныя дамы. Цягам 1906—1909 гг. у мястэчку дзейнічала правінцыйнае кола Польскага Таварыства «Асвета» ў Мінску, якое займалася падтрымкай польскай адукацыі[5].
17 ліпеня 1924 г. Узда стала цэнтрам раёна БССР (з 25 снежня 1962 да 30 ліпеня 1966 г. у Дзяржынскім раёне). 27 верасня 1938 паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадскога тыпу. У Другую сусветную вайну з 27 чэрвеня 1941 да 26 чэрвеня 1944 г. мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 10 сакавіка 1999 г. Узда атрымала статус горада.
У месце працуюць 5 прамысловых прадпрыемстваў з рознымі формамі ўласнасці лёгкай (камунальнае вытворчае УП «Уздзенская кравецкая фабрыка»), харчовай (Уздзенская філіял ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат») галін. Працуе прыватнае УП «Уздзенскі кааппрам», лясгас і інш., філіял і аддзяленне АСБ «Беларусбанк» і ААТ «Белаграпрамбанк», 48 прадпрыемстваў гандлю, 13 грамадскага харчавання, 2 прадпрыемствы сувязі, 10 службаў побыту, рамонтныя, дарожныя, транспартныя арганізацыі.
Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, дом культуры, раённы цэнтр культуры, дом дзіцячай творчасці, кінатэатр «Кастрычнік», гістарычна-краязнаўчы музей, парк «Перамогі».
Дзейнічаюць калектывы аматарскай творчасці, у тым ліку 3 народныя (хор ветэранаў вайны і працы, ансамбль народнай песні «Зборная субота», клуб майстроў «Сузор’е» Цэнтра культуры) і 3 узорныя (тэатр «Усмешка», лялечны тэатр «Церамок», духавы аркестр школы мастацтваў).
Ва Уздзе працуюць гімназія, с.-г. прафесійны ліцэй, 2 сярэднія, агульнаадукацыйная санаторная школа-інтэрнат, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, школа мастацтваў, 3 дзіцячыя дашкольныя ўстановы, цэнтр развіцця дзіцяці «Вясёлка».
Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляюць цэнтральная раённая бальніца на 220 ложкаў, раённая паліклініка на 250 наведванняў у змену, аптэка, аптэчны кіёск і аптэчны пункт, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Працуе тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Для аматараў фізкультуры і спорту ў горадзе працуюць спартыўны клуб «Бушыда», стадыён, 6 спартыўных залаў, 3 футбольныя палі і інш.
Узда развіваецца паводле генеральнага плану 1990. Рэчка Уздзянка падзяляе горада на 2 планавальныя раёны: усходні (Малая Узда) з індывідуальнай забудовай сядзібнага тыпу і заходні, дзе размяшчаецца асноўны масіў жылой забудовы і грамадскі цэнтр. Гістарычны цэнтр склаўся ў раёне вуліцы Ленінскай, якая злучыла 2 плошчы — Свабоды і Чырвоную. Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр сфарміраваны ўздоўж вуліцы Савецкай. У цэнтральнай частцы ўзводзяцца 3≈5-павярховыя будынкі, на астатняй тэрыторыі пераважае 1-павярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. У 1990—2000-я гг. збудавалі 5 жылых дамоў, школу, адміністрацыйны будынак Уздзенскага лясгасу, правялі рэканструкцыю раённай лякарні, будынку «Белаграпрамбанку».
Дзейнічае Уздзенскі гістарычна-краязнаўчы музей. Спыніцца можна ў гасцініцы «Узда»[10].
Гістарычная забудова (канец XIX — пач. XX стст.; фрагменты)
Капліца-пахавальня Завішаў (XIX ст.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000659шыфр 612Г000659
Могілкі: яўрэйскія; татарскія (Мізар)
Сінагога
Краявіды Узды
Асноўны артыкул: Вядомыя асобы Узды