wd wp Пошук:

Тарашкевіца

Тарашкевіца — назва літаратурнай нормы беларускай мовы, заснаванай на непрыманні змен, уведзеных моўнаю рэформаю 1933 года. Таксама гэтай назвай могуць азначаць толькі альтэрнатыўную арфаграфію або граматыку. Назва ацэначная, пераважна ўжываецца і распаўсюджваецца прыхільнікамі альтэрнатыўнай нормы; сустракаецца таксама ў іншых крыніцах. У акадэмічнай тэрміналогіі няма (гл. таксама: наркамаўка, дзве нормы беларускай мовы).

Назва ўзнікла, магчыма, яшчэ да 2-й сусветнай вайны[1] і выражае блізкасць, пераемнасць альтэрнатыўнай моўнай нормы з працай Тарашкевіча 1918 года (гл. таксама граматыка Тарашкевіча, 1929, граматыка Лёсіка, 1943). Прыблізна з 1994 як сінонім з прыярытэтным выкарыстаннем ужываецца назва «класічны (правапіс)»[2].

Назва найчасцей ужываецца ў грамадскіх і палітычных колах, якія карыстаюцца альтэрнатыўнай моўнай нормай. Сустракаецца ў аўтараў, не ўвязаных непасрэдна ў процістаянне дзвюх літаратурных норм, прытым часам як умоўная, узятая ў двукоссі або з агаворкай «так званая „тарашкевіца“»[3][4].

У 2005 годзе быў апублікаваны перапрацаваны («нармалізаваны») звод правілаў арфаграфіі альтэрнатыўнай моўнай нормы (гл. беларуская альтэрнатыўная арфаграфія, 2005).

27 красавіка 2007 года IANA надала «тарашкевіцы» ўласнае азначэнне «tarask» (поўнае азначэнне: be-tarask).[5] Беларуская літаратурная мова азначана ў рэестры IANA як be-1959acad.

У беларускім мовазнаўстве пакуль няма выразнага ўсведамлення наяўнасці ў беларускай літаратурнай мове двух стандартаў, хоць адрозненні паміж «тарашкевіцкім» i «падсавецкім» стандартамі і ахопліваюць амаль усе моўныя ўзроўні за выключэннем фаналагічнага[6].

Арфаэпічна-пісьмовая практыка беларускай літаратурнай мовы ў пач. 20 ст. развівалася пад моцным польскім уплывам. Так, у вымаўленні іншамоўных слоў тады была прынятая польская арфаэпія; гэтая рыса захаваная ў «тарашкевіцы». Аднак з прычыны слабага распаўсюджання польскай мовы ў Беларусі канца 20 — пач. 21 ст. паланістычныя арыентацыі тарашкевіцы амаль не ўсведамляюцца яе карыстальнікамі. Наадварот, польскі кампанент у тарашкевіцы ўспрымаецца як адзнака «прыналежнасці да Еўропы» і/ці праява самабытнасці гэтага стандарту[6].

Вынікі адначасовага суіснавання ў беларускай мове дзвюх норм ацэньваюцца па-рознаму: і як наогул станоўчыя[7], і як адмоўныя[8].

Гісторыя

Рэформу 1933 года не прызнала частка беларускіх палітычных арганізацый Заходняй Беларусі, якія палічылі яе русіфікацыйнай. Не прызналі рэформу 1933 г. і беларускія дыяспары Амерыкі, Аўстраліі і Заходняй Еўропы. Аднак, адкідаючы ўсё акадэмічнае развіццё правапісу пасля 1933 г. і працягваючы карыстацца дарэформенным, супольнасць беларусаў замежжа захавала і ўсе праблемы той граматыкі, што існавала да 1933 года. У другой палове 20 ст., сутыкнуўшыся з аб’ектыўнымі цяжкасцямі пры вырашэнні існаваўшых у той час моўных праблем (адной з якіх была адсутнасць агульнапрызнанай арганізацыі ці цэнтра па выпрацоўцы моўных норм), праціўнікі рэформы 1933 г. так і не здолелі інтэграваць розныя падварыянты тарашкевіцы ды ўзгадніць правілы альтэрнатыўнага правапісу (Гл. таксама: дзейнасць таварыства «Зборкі чысціні беларускай мовы»). Да цяперашняга часу беларускія эмігранцкія арганізацыі і друкаваныя выданні карыстаюцца рознымі варыянтамі тарашкевіцы (дыскусія Яна Станкевіча і Майсея Сяднёва ў пач. 1950-х гадоў, палітыка выдавецтва «Бацькаўшчына» і інш.).

Пасля канчатковага закрыцця беларускіх школ у Польскай рэспубліцы (1937) адзіным маштабным выкарыстаннем граматыкі ў яе дарэформенным выглядзе былі школы акупацыйнай Генеральнай акругі «Беларусь», на працягу двух з невялікім гадоў.

Канец 1980-х — 2000-я гады

У часы перабудовы, у канцы 1980-х гадоў, быў ініцыяваны рух за вяртанне «сапраўднай» мовы разам з пераглядам вынікаў рэформы 1933 года.

У пачатку 1990-х гадоў некаторыя перыядычныя выданні, прыхільныя да Беларускага Народнага Фронту, пачалі выкарыстоўваць «дзікую тарашкевіцу» (правапіс, у якім частка пытанняў беларускай арфаграфіі і граматыкі развязваліся паводле правапісу Браніслава Тарашкевіча, найперш «пытаньне мяккага знаку», «лацінізмы», «грэцызмы на заходні лад») — напрыклад, газеты «Свабода» (з заснавання газеты ў 1990), «Пагоня» і «Наша ніва» (з адраджэння газеты ў траўні 1991), часопісы «Спадчына» (з чэрвеня 1993?) і «Мастацтва» (з 1992 года побач з матэрыяламі афіцыйным правапісам з’яўляюцца матэрыялы і на тарашкевіцы)[9].

Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі ў 1990-х гадах таксама прытрымліваўся тарашкевіцы пры выданні рэлігійнай літаратуры.

Асноўныя выданні беларусаў ва ўсходняй Беласточчыне, напрыклад газета «Ніва», не займалі выразнай пазіцыі ў гэтым пытанні і працягвалі карыстацца беларускай літаратурнай мовай.

У канцы 1990-х гадоў некаторыя выданні, прызначаныя для масавага чытача, такія як «Свабода» (з 1996) і «Пагоня», перайшлі на выпуск у афіцыйным варыянце арфаграфіі. У 2000-я гады назіраецца працяг пераходу выданняў, якія раней карысталіся «тарашкевіцай», на беларускую літаратурную мову[10][11]. У той самы час у 2008 годзе рускамоўная газета Адміністрацыі прэзідэнта адзначылася падачаю беларускамоўных адказаў у адным з інтэрв’ю тарашкевіцаю[12][13].

Спробы ўнармавання тарашкевіцы

Сярод рэдактараў выданняў, якія друкаваліся тарашкевіцай, не існавала адзінага падыходу да таго, якім канкрэтна зборам ранейшых якасцей граматыкі і лексікі карыстацца, хоць і рабіліся заклікі да ўніфікацыі, найперш В. Вячоркам (публікацыі ў часопісе «Спадчына» ў 1991 і 1994, праект «мадэрнізацыі» ў 1995 тамсама).

Наогул, пытанне выклікала раскол у беларускамоўнай супольнасці — з думкамі, якія вагаліся ад безумоўнай падтрымкі да такога самага адкідання, з вядомымі выражэннямі розніц у дыскусіях на старонках газеты «Наша слова», тады выдаванай у Таварыстве беларускай мовы (1992—1993), або ў апытанні часопісу «ARCHE Пачатак» (2003)[14].

У 1992—1993 ажыццяўляўся палітычны ціск дзеля заканадаўчага ўвядзення тарашкевіцы як нарматыўнай граматыкі. У выніку была склікана Дзяржаўная камісія па арфаграфіі, перад якой была пастаўлена задача выпрацаваць рэкамендацыі ў гэтым пытанні. Выніковыя рэкамендацыі апублікавалі 13 верасня 1994 года. У іх прызнавалася пажаданасць вяртання некаторых дарэформенных норм. У той самы час такі крок тады палічылі дачасным.

Пасля 1994 г. прапагандысты граматыкі Браніслава Тарашкевіча працягвалі сваю выдавецкую дзейнасць і працавалі над яе кадыфікацыяй на аснове праекта В. Вячоркі.

У 2005 годзе была выдадзена кніга «Беларускі клясычны правапіс. Сучасная нармалізацыя» (БКП-2005), дзе была зроблена спроба нармалізацыі тарашкевіцы. Нармалізацыя беларускага класічнага правапісу была прынята асноўнымі выданнямі, якія на той час прытрымліваліся тарашкевіцы — газетай «Наша Ніва», часопісам «Arche Пачатак», беларускімі рэдакцыямі Радыё «Свабода» і Польскага Радыё і некаторымі іншымі медыямі. Таксама гэты правапіс выкарыстоўвае адпаведны раздзел беларускай Вікіпедыі.

Тарашкевіца сёння

Шыльда перад уваходам у Чырвоны касцёл у Мінску, выкананая на тарашкевіцы

Прафесар Варшаўскага ўніверсітэта Баршчэўская лічыць, што многія беларусы, пераважна прадстаўнікі інтэлігенцыі, асуджаюць рэформу беларускага правапісу 1933 года і крытычна ставяцца да замацаваных ёю арфаграфічных норм, якія негатыўна ўплываюць на беларускае вымаўленне, што асабліва выразна заўважна падчас працы з дзецьмі ў пачатковай школе[15].

Літаратура

На тарашкевіцы выдаецца частка беларускамоўных мастацкіх твораў, публікуецца навуковая і дзіцячая літаратура, выдаюцца пераклады замежнай літаратуры, аздабляюцца музычныя творы і пераклады на беларускую мову замежных мастацкіх фільмаў і мультфільмаў. У прыватнасці, на тарашкевіцы былі выдадзеныя пераклады твораў Курта Вонегута, Юрыя Андруховіча і іншых. У 2008—2009 гадах выйшла трылогія Джона Толкіна «Уладар пярсцёнкаў»[16]. У 2002 годзе ў перакладзе Васіля Сёмухі ў Мінску была выдадзеная Біблія[17]. Ёсць і беларускі пераклад Старога Запавету на тарашкевіцы[18].

У 1993 годзе ў Беластоку была выдадзена першая частка перакладу рамана Джэймса Джойса «Уліс». Поўны пераклад рамана на беларускую мову быў скончаны праз паўтара дзесяцігоддзя і быў выкананы на тарашкевіцы. Як зазначае перакладчык рамана Ян Максімюк, калі ён з галавой акунуўся ў пераклад «Уліса», ён шукаў адэкватную «моўную прастору», якая б дазволіла выразіць лінгвістыка-стылістычныя асаблівасці рамана. Як адзначае Максімюк, тарашкевіца аказалася разняволенай моўнай сістэмай, якая дала шырокую прастору і моцны імпульс для перакладчыцкіх пошукаў новага слова і фразы[19].

Сеціва

На думку кандыдата філалагічных навук Сяргея Важніка, найбольш істотнай асаблівасцю беларускамоўных інтэрнэт-рэсурсаў з’яўляецца пераважнае выкарыстанне ў іх тарашкевіцы[20]. Ён лічыць, што афіцыйная арфаграфія беларускай мовы ўспрымаецца карыстальнікамі байнэту як старая, нягнуткая, ненатуральная сістэма, а тарашкевіца — наадварот: як гнуткі, адкрыты, свабодны ад «умоўнасцяў» асяродак[20].

Слоўнікі

У 1966 годзе Язэп Гладкі ў Нью-Ёрку/Мюнхене выдаў зборнік прыказак Лагойшчыны на аснове тарашкевіцы. У 1989 годзе ў Нью-Ёрку быў выдадзены Беларуска-рускі («Вялікалітоўска-расійскі») слоўнік (складальнік — Ян Станкевіч), даступны ў бібліятэцы Кангрэсу ЗША[21]. У 1993 годзе ў Мінску было апублікаванае факсімільнае выданне беларуска-рускага слоўніка, складзенага мовазнаўцамі Байковым і Некрашэвічам у 1925 годзе[22]. Таксама ў 1993 годзе выйшаў Кароткі руска-беларускі фізіялагічны слоўнік на аснове тарашкевіцы[23].

У 2006 годзе былі выдадзеныя англійска-беларускі і нямецка-беларускі слоўнікі на аснове тарашкевіцы. Англійска-беларускі слоўнік (складальнік — Валянціна Пашкевіч) з’яўляецца першым англійска-беларускім слоўнікам сярэдняга памеру і ўключае ў сябе каля 30 тысяч слоў; у англійскай частцы слоўніка выкарыстоўваецца амерыканскі, а не брытанскі варыянт англійскай мовы[24]. Нямецка-беларускі слоўнік (складальнік — Мікалай Кур’янка) таксама з’яўляецца першым нямецка-беларускім слоўнікам сярэдняга памеру і налічвае 50 тысяч слоў[25]. На думку Змітра Саўкі, факт таго, што беларускія дзяржаўныя інстытуты не змаглі выдаць слоўнікі падобнага аб’ёму, сведчыць пра тое, што культура, якая мае ў сваёй аснове тарашкевіцу, у тым ліку лінгвістычная навука, не толькі існуе, але і мае дасягненні, якімі яна можа супернічаць з акадэмічнай навукай[26].

Фанетыка і арфаграфія

Літаратурная норма Тарашкевіца
Алфавіт
Нарматыўны варыянт (1918). У варыянце мадэрнізацыі тарашкевіцы 2005 года — дадатковая літара «ґ».
Азначэнне асіміляцыйнай мяккасці зычных
Арфаэпічная норма, дадаткова не азначаецца.

Гл. таксама: Беларускі правапіс 1930 (праект), Беларускі правапіс Тарашкевіча 1929.

Дадаткова азначаецца з дапамогай мяккага знаку.
Фанетычны прынцып у арфаграфіі
У асноўным абмежаваны безнаціскнымі галоснымі. Значна распаўсюджаны, у тым ліку, на зычныя і на стыках марфем.
Транслітарацыя іншаземных слоў
Склады [ла], [ло], [лу]
Транслітаруюцца у асноўным з цвёрдым [л].

: У беларускай мове мяккі [л'] сустракаецца толькі перад галоснымі пярэдняга рада: ліс, лес і пад.

Заўсёды з мяккім [л'].

: Фанетычная традыцыя асяродка, які склаўся вакол газеты «Наша ніва»[27].

: Характэрная асаблівасць польскай мовы[28].

Зубныя зычныя [д], [т], [з], [с] перад галоснымі пярэдняга рада [е], [і]
Захоўваецца цвёрдасць [д], [т], а [з], [с] вымаўляюцца мякка. Заўсёды цвёрдыя [д], [т], [з], [с].

: Наогул сама з'ява ацвярдзення [д], [т] перад галоснымі пярэдняга рада ў словах іншамоўнага паходжання з'яўляецца яркім прыкладам польскага ўплыву на беларускую пісьмовую мову, часам вельмі даўняга (14 ст.). Часткова гэта захоўваецца і ў сучаснай літаратурнай норме. У народна-дыялектнай мове такая асаблівасць не замацавалася[29]. Гл. таксама: Беларускі правапіс, праект 1951.

Зычныя [п], [м], [б], [в], [н] перад галоснымі пярэдняга рада [е], [і]
У асноўным мяккія варыянты. У асноўным цвёрдыя варыянты.

: У беларускіх дыялектах такога вымаўлення не зафіксавана[28].

: Хоць наогул і вядома, што ў асноўным у дыялектах у запазычаных словах цвёрдыя зубныя перад галоснымі пярэдняга рада змякчаюцца, але дастатковай колькасці дыялекталагічных звестак пра вымаўленне ў такіх пазіцыях [з], [с], [н] няма, што ўскладняе выпрацоўванне несупярэчлівых сістэме мовы нарматыўных правілаў[30].
Транслітарацыя літар β («бета») і θ («фіта») у грэцызмах
Паводле візантыйскай традыцыі, «бета» як [в] (таксама ў новагрэчаскай традыцыі), «фіта» як [ф]. Паводле лацінскай традыцыі, «бета» як [б], «фіта» як [т].

: З аднаго боку, гук [ф] у беларускай мове з'явіўся хоць і з запазычанымі словамі, але даўно і ўжо значна распаўсюджаны ў дыялектах. З іншага боку, нельга ўпэўнена казаць пра тое ці іншае вымаўленне ў мёртвых мовах; і наогул, сутнасць праблемы не ў канкрэтным чытанні, а ў рэальнай традыцыі пісьменства, якая ў Беларусі складвалася пад моцным уплывам візантыйска-грэчаскай моўнай традыцыі[31].

Лексікалогія

Літаратурная норма Тарашкевіца
Лексемы іншамоўнага паходжання
У мэтах «вызвалення беларускай мовы ад русізмаў» актывізуецца займанне з польскай мовы, прычым неабавязкова польскіх лексем. Таксама замена існуючых займанняў на займанні з польскай[28].
Лексемы гістарычна беларускага паходжання
Замена лексем, ацэненых як русізмы, на польскія: адбываццатачыцца, умоваварунак, намаганнівысілкі, іменнаменавіта'[32].

Марфалогія

Літаратурная норма Тарашкевіца
Выкарыстанне словаўтваральнага фарманта -ір-/-ыр- у дзеясловах з запазычанай асновай
Захоўваецца ў занятых праз рускую мову словах. Актыўна замяняецца.

: Узнікненне дадатковай аманіміі[28].

Пашырэнне безафікснай мадэлі ўтварэння назоўнікаў: выступленневыступ, наступленненаступ, спадзяваннеспадзеў.
Сістэма словазмянення

Агульныя змены ў сістэме дэклінацыі субстантываў — актыўная ліквідацыя граматычных чаргаванняў і іх спецыялізацыя як працяг працэсу ўніфікацыі тыпаў скланення паводле прыкметы роду. Маюць месца асобныя факты змянення парадыгм асобных лексем.

Падставай для гэтага служыць пераарыентацыя норм літаратурнай мовы з гаворак цэнтральнай паласы на заходнебеларускія, у меншай ступені русіфікаваныя, а таму «у большай ступені беларускія».

: Не бярэцца пад увагу фактар моўных кантактаў на паграніччы (т. ч., паланізацыя)[28].

Пашырэнне флексіі -оў роднага склону множнага ліку: словы—слоўсловаў, мовы—моў→моваў.
Флексія -ах меснага склону множнага ліку мяняецца на -ох: у лясох, палёх.
Выкарыстанне ў творным склоне адзіночнага ліку ў парадыгме 3-га скланення флексіі 2-га скланення: Беларусь—з Беларуссю→з Беларусяй, пераконанасць—з пераконанасцю→з пераконанасцяй, маці—з маці→з мацерай.
Распаўсюджванне ў формах меснага склону адзіночнага ліку 1-га скланення флексіі -у: у ценю, у Фаўстусу.
Змяненне прынцыпаў выкарыстання флексій -а/-у роднага склону адзіночнага ліку 1-га скланення.

: Змяненне арыентавана на аналогію з польскай мовай[28].

Аказіяналізмы, напр., змяненне лексемы галава паводле парадыгмы 3-га скланення: голаў.
Адсутнасць поўнай парадыгмы дзеслоўных нелагізмаў: распавядаць, апавядаць (у пар. з літ. расказваць)[28].
Пашырэнне сінтэтычнай формы будучага часу, характэрнай для паўднёва-заходніх гаворак: рабіцьму, рабіцьмем.

Сінтаксіс

У асноўным прапаноўваюцца змяненні ў прыназоўнікавым кіраванні.

Літаратурная норма Тарашкевіца
Змяненне кіравання ў канструкцыях з прыназоўнікам па
Варыянтнае (па + давальны або месны склон).

: Выкарыстанне давальнага склону прыхільнікамі тарашкевіцы лічыцца русізмам.

Уніфікаванае (па + месны).
Замена канструкцыі «у мяне ёсць…» (лічыцца русізмам) з заменай на «я маю…»

Крытыка

Карскі адзначаў, што графіка новай літаратурнай беларускай мовы сфарміраваная пад польскім уплывам, прычым і ў кірылаўскім, і ў лацінскім варыянтах. У кірылаўскім варыянце Карскі бачыў такі ўплыў, найперш, ва ўжыванні «і» і «шч» замест «и» і «щ» (як у старабеларускай графіцы), а таксама ў «празмерным» (для не-польскай пісьмовай традыцыі) выкарыстанні мяккага знака між зычнымі[33]. Узнікненне практыкі азначэння мяккім знакам для азначэння ўсіх выпадкаў мяккасці зычных менавіта пад уплывам польскай графікі адзначалася таксама, напрыклад, гісторыкам Ластоўскім (1920-я гг.) і мовазнаўцам Падлужным (1990-я гг.)[34].

На думку Карскага, «крайнія» дзеячы беларускага нацыянальнага руху 1910-х-1920-х гадоў імкнуліся, асабліва ў 1919—1920, як мага хутчэй «прылучыць беларускі народ да культуры заходніх суседзяў [палякаў]», у тым ліку праз новую літаратурную мову[35].

Карскі адзначаў, што фарміраванне беларускай тэрміналогіі і іншых частак лексікі, аб’ектыўна не развітых у народных гаворках, вялося ў сучасныя яму гады (1900-1920-я гады) або шляхам прыдумвання цалкам новых слоў, што стварала значныя цяжкасці для навукі, або наогул шляхам узяцця тэрмінаў з польскай мовы і далучэння да іх беларускіх канчаткаў. Карскі адзначаў, што «крайнія» дзеячы беларускага нацыянальнага руху 1910-х-1920-х звычайна ішлі менавіта шляхам займання з польскай мовы, таму што намерана стараліся аддаліць беларускую літаратурную мову ад рускай[35].

Карскі лічыў яўнымі паланізмамі ў займаннях: палаталізаванае (мяккае) «л», цвёрдыя губныя, адмову ад дзекання і цекання (склады «ды», «ты» і інш.). Такой практыцы, якая працягвалася і ў 1920-я гады ў БССР, Карскі проціпастаўляў старабеларускую практыку гукавога афармлення запазычанняў[36].

Практыку пашырэння ўжывання цвёрдых зычных перад галоснымі пярэдняга рада «і» і «е», мяккага [ль] у запазычанай лексіцы (напрыклад, «пэнсыя», «парлямэнт» і пад.) лічыў узніклай пад польскім уплывам і мовазнавец Падлужны. Адносна цвёрдых зычных Падлужны адзначаў, што нават актуальная літаратурная норма, у якой цвёрдымі застаюцца толькі «д», «т», можа не адпавядаць рэальнаму народнаму маўленню з больш частым дзеканнем-цеканнем ([парцізан], [дзірэктар] і пад.)[37].

На думку мовазнаўца Падлужнага, аднаўленне дарэформенных норм у 1990-х гг. магло б фактычна прывесці да ператварэння ў непісьменных вялікай масы беларускамоўных і да ўтварэння своеасаблівай «элітарнай» пісьменнасці, якой валодала б невялікая колькасць людзей. Таксама Падлужны адзначаў, што вяртанне дарэформенных арфаэпічных норм у запазычаннях прывяло б да ненатуральнага, неадпаведнага народнаму маўлення і таксама рэальна служыла б адзнакай групавой прыналежнасці[37].

Зноскі

  1. (Клімаў 2004).
  2. Напрыклад, ужо ёсць у артыкуле В. Вячоркі ў часопісе «Спадчына», 1994.
  3. С. Запрудскі. Праблемы толькі пачынаюцца // Наша ніва № 7 (128), 12.4.1999.
  4. Герман Бідэр. Моўная сітуацыя ў Беларусі // Наша слова № 33-34, 35, 1995.
  5. IANA registry of language subtags
  6. 1 2 Клімаў…
  7. Напр., у Клімава.
  8. Напр., Жураўскі, Падлужны.
  9. Налівайка Л. Гарыць цяпельца паўночнага сябра // Мастацтва. — 1992. — № 1. — С. 27.
  10. Форум. Барыс Пятровіч. 18 сьнежня 2007// Радыё «Свабода». Дата доступу: 14 чэрвеня 2009
  11. Зьміцер Панкавец. Пазьняк перавёў Радыё Рацыя на «наркамаўку»// Наша Ніва. 20 чэрвеня 2007
  12. (руск.) Виктория Попова. Наследный принц богемы Архівавана 11 студзеня 2012.// Совецкая Белоруссія. 2 лютага 2008
  13. Вадзім Доўнар. «Тарашкевіца» ў «СБ»: Вольскі здзіўлены. Здановіч дазваляе// Радыё Рацыя. 4 лютага 2008
  14. Алесь Пяткевіч. Ці добра ўчынілі адраджэнцы канца 80-х зрабіўшы выбар на карысьць «тарашкевіцы»? Архівавана 8 студзеня 2009.// ARCHE Пачатак. 3 (26) — 2003. Старонкі 72-80.
  15. Суіснаваньне ў Беларусі двух правапісаў Ніна Баршчэўская. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава: Катэдра Беларускай Філялёгіі Факультэт Прыкладной Лінгвістыкі і Ўсходнеславянскіх Філялёгіяў Варшаўскі Ўніверсітэт, 2004.
  16. «Уладар Пярсьцёнкаў» па-беларуску // «Наша Ніва», 11 лістапада 2008 г.
  17. Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету. Кананічныя ў беларускім перакладзе Архівавана 27 лютага 2011. / Пер. Васіль Сёмуха. — Duncanville, USA: World Wide Printing, 2002. — 1536 с. ISBN 1-58712-085-2.
  18. Наркамаўка і тарашкевіца: два правапісы, як два сьцягі // «Радыё Свабода», 31 кастрычніка 2005 г.
  19. Апытаньне часапіса Arche: Ці добра ўчынілі адраджэнцы канца 80-х, зрабіўшы выбар на карысьць «тарашкевіцы»? // ARCHE Пачатак, 2003.
  20. 1 2 Сяргей Важнік. Беларуская мова ў Інтэрнэце // Acta Neophilologica VIII, Olsztyn 2006
  21. Белорусско-русский (Великолитовско-русский) словарь / Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік / Byelorussian-russian (Greatlitvan-Russian) Dictionary. — New York: Lew Sapieha Greatlitvan (Byelorussian) Foundation, 1989. Library of Congress catalog card No. 89-092248.
  22. Беларуска-расійскі слоўнік. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925. — Факсімільнае выданьне: Менск: Народная асвета, 1993. ISBN 5-341-00918-5.
  23. Кароткі расейска-беларускі фізыялягічны слоўнік. — Менск: Тэхналогія, 1993.
  24. Пашкевіч Валентына. Ангельска-беларускі слоўнік Архівавана 27 лютага 2015.
  25. Кур’янка Мікалай. Нямецка-беларускі слоўнік = Deutsch-belarussisches Worterbuch(недаступная спасылка)
  26. 1991-2006. Вынікі ад Зьмітра Саўкі Архівавана 10 жніўня 2010. // «Завтра твоей страны»
  27. Гапоненка…
  28. 1 2 3 4 5 6 7 Пацехіна…
  29. Мовазнаўчая праблематыка ў тэрміналогіі… С.134—136.
  30. Мовазнаўчая праблематыка ў тэрміналогіі… С.137—139.
  31. Мовазнаўчая праблематыка ў тэрміналогіі… С.132—134.
  32. У гэтым выпадку абедзве лексемы — калькі з ням.: nämlich.
  33. Карскі. Беларусы. Т.1. Мн. : БелЭн, 2006. С.379.
  34. Падлужны. Абазначэнне на пісьме мяккасці зычных па прыпадабненню // Беларуская лінгвістыка. Вып. 41. Мн. : Навука і тэхніка, 1993. С.79-84.
  35. 1 2 Карскі. Беларусы. Т.1. Мн. : БелЭн, 2006. С.400.
  36. Карскі. Беларусы. Т.1. Мн. : БелЭн, 2006. С.409.
  37. 1 2 Падлужны. Мяккія зычныя ў беларускай мове // Беларуская лінгвістыка. Вып. 45. Мн. : Навука і тэхніка, 1996. С.3-9.

Крыніцы

Тэмы гэтай старонкі (3):
Беларуская мова
Аб’екты, названыя ў гонар Браніслава Тарашкевіча
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі