wd wp Пошук:

Зміцер Саўка

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Саўка. Змі́цер Са́ўка (26 ліпеня 1965, Мінск — 9 красавіка 2016, Мінск) — беларускі мовазнавец.

Паходжанне

Дзед па бацьку Іван Маркавіч Саўка паходзіў з мястэчка Свіслач (цяпер Асіповіцкі раён, Магілёўская вобласць), з сям’і плытагона. У час 1-й сусветнай вайны быў ад’ютантам лётчыка. Пасля вайны, у Бабруйску ўступіў у Камуністычны саюз моладзі. Тамсама ажаніўся з дачкой рабіна Яўгеніяй Абэлеўнай Рывай (паводле пасведчання асобы — Адольфаўнай), сям’я якой паходзіла з горада Сянно (цяпер Віцебская вобласць). Бацька нарадзіўся ў Менску ў 1931 годзе. Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт, па сканчэнні якога вярнуўся ў Мінск. Маці прыехала ў Мінск на будоўлю ў 1957 годзе з вёскі Сенькавічы (Івацэвіцкі раён, Брэсцкая вобласць)[1].

Біяграфія

У чэрвені 1982 года скончыў сярэднюю школу № 61 Мінска (цяпер гімназія № 3), вучыўся ў адным класе з Артурам Клінавым[1], разам з якім браў удзел у моладзевым грамадскім аб’яднанні «Беларуская Майстроўня» (1979—1984)[2]. Летам 1983 года паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1988 годзе[1]. Выкладаў у Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце замежных моў[2], дзе працаваў на кафедры беларускай мовы.

У канцы 1990-х паехаў у ЗША на запрашэнне Вітаўта Кіпеля і прабыў там агулам паўтара года, запісваючы ўспаміны амерыканскіх беларусаў. У 1999—2002 гадах працаваў стыль-рэдактарам на радыё «Рацыя». З 2006 года кіраваў моўнай службай на тэлеканале Белсат.

Памёр 9 красавіка 2016 года, хварэў на рак. Пахаваны на Заходніх могілках Мінска[3].

У першым шлюбе меў сына Уладзіслава (нар. 1988) і дачку Юстыну (нар. 1994), у другім шлюбе, з Ілонай Урбановіч-Саўкай — дачку Караліну (нар. 1995) і сына Стэфана (нар. 2004)[4].

Працы

Аўтар кніг «Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія» (у сааўтарстве з Вітаўтам Кіпелем; Нью-Ёрк—Мінск, 2002)[5], «Беларускі клясычны правапіс» (у сааўтарстве з Юрыем Бушляковым, Вінцуком Вячоркам, Змітром Санько; Вільня—Менск, 2005)[6], «Беларуская цывілізацыя ў Амэрыцы» (2019, выдадзена пасмяротна) пра гісторыю Беларуска-амерыканскага задзіночання.

Быў адным з аўтараў праграмы «Моўнік», якая выходзіла на тэлеканале «Белсат». У 2015 годзе разам з моўнай службай «Белсату» і пры дапамозе валанцёраў стварыў моўны анлайн-сэрвіс «Добрапіс».

Зноскі

  1. 1 2 3 Сяргей Дубавец. Гісторыя аднаго цуду: Клінаў і Саўка (нявызн.). Радыё Свабода (12 лістапада 2010). Праверана 12 красавіка 2016.
  2. 1 2 Іна Студзінская. Вянок памяці. Зьміцер Саўка (нявызн.). Радыё Свабода (9 красавіка 2016). Праверана 12 красавіка 2016.
  3. Развітанне са Змітром Саўкам пройдзе ў панядзелак на Залатой Горцы (нявызн.). Наша Ніва (10 красавіка 2016). Праверана 12 красавіка 2016.
  4. Аляксандра Дынько. Я лепш за настаўніка ведаю мову (нявызн.). Радыё Свабода (10 красавіка 2012). Праверана 12 красавіка 2016.
  5. Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія. Складальнікі Вітаўт Кіпель і Дзмітрый Саўка. Нью Ёрк—Менск: Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва, 2002. ХХХVIII, — 568 с.
  6. Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. Вільня—Менск, 2005. — 160 с.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (17):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Вучоныя паводле алфавіта
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Філолагі Беларусі
Нарадзіліся ў 1965 годзе
Выкладчыкі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта
Памерлі ў 2016 годзе
Памерлі 9 красавіка
Асобы
Выпускнікі філалагічнага факультэта БДУ
Члены Беларускай спеўна-драматычнай майстроўні
Пахаваныя на Заходніх могілках Мінска
Нарадзіліся ў Мінску
Вікіпедыя:Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Супрацоўнікі Белсата
Нарадзіліся 26 ліпеня
Памерлі ў Мінску