«Беларуская граматыка для школ» — школьная граматыка беларускай мовы, апрацаваная Б. Тарашкевічам (1928) і выдадзеная ў Вільні (1929). Граматыка з’яўлялася пятым у Заходняй Беларусі, значна[1] пераробленым і пашыраным, выданнем школьнай граматыкі Тарашкевіча, выдадзенай у 1918 годзе (Гл. таксама: Беларускія граматыкі Лёсіка).
Змяненні і дапаўненні, унесеныя Тарашкевічам, не ўлічвалі пастановаў, зробленых Беларускай Акадэмічнай Канферэнцыяй (1926)[1]. Разам з тым, аўтар лічыў, што праблемы «акання» і «правапісу чужаземных слоў» усё яшчэ застаюцца спрэчнымі[1].
Граматыка складалася з двух раздзелаў-«колаў», азнаямляльнага (56 параграфаў) і навучальнага (106 параграфаў) характараў.
Упершыню[2] ў беларускую граматыку быў уведзены нарматыў на беларускі лацінскі алфавіт[3] — з выкарыстаннем «Ł» (гук [л]), «Č», «Š», «Ž» (шыпячыя гукі), «W» (гук [в]).
Выбухны гук г узгадваўся як такі, што «…сустракаецца рэдка і ў беларускім пісьме азначаецца літарай г з коскай над ёй з правага боку г’»[4]
Прапаноўваўся варыянт запісу падвойнага мяккага гуку [дз’] у выглядзе «ддз»[5].
Я. Станкевіч адзначыў, што ў 5-м выданні сэнс шэрагу правілаў стаў процілеглым[6] у параўнанні з першымі чатырма, і адзначыў як адмоўнае тое, што Тарашкевіч не даў навуковых тлумачэнняў да сваіх развязанняў спрэчных пытанняў беларускай граматыкі, ані ў першых чатырох, ані ў пятым выданні. Наогул, гэтую граматыку Тарашкевіча Станкевіч адзначыў як маючую шмат русізмаў, паланізмаў і варварызмаў, скрытыкаваў няўдалую (і нават пагоршаную) граматычную тэрміналогію.