wd wp Пошук:

Стаўбцоўская раўніна

Стаўбцоўская раўніна

Стаўбцо́ўская раўні́на[1][2] — фізіка-геаграфічны раён у Беларусі, на паўднёвым захадзе Мінскай і ўсходзе Гродзенскай абласцей, у басейне верхняга цячэння ракі Нёман. Мяжуе з Мінскім узвышшам, Нёманскай нізінай, Цэнтральнабярэзінскай раўнінай, Капыльскай градой. Вышыня 150—200 м.

У тэктанічных адносінах Стаўбцоўская раўніна прымеркавана да цэнтральнай часткі Беларускай антэклізы, дзе Цэнтральнабеларускі масіў сучляняецца з Валожынскім грабенам. Складзена з ніжнепратэразойскіх гнейсаў, кварцытаў, верхнемелавых мергельна-мелавых моцна апясчаненых парод, антрапагенавых чырвона-бурых марэнных супескаў і суглінкаў, месцамі перакрытых водна-ледавіковымі розназярністымі пяскамі і супескамі. Магутнасць антрапагенавых асадкаў 100—150 м.

Раўніна фарміравалася ў зоне акумуляцыі сожскага ледавіка, пасля адступлння якога значна перапрацавана эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Паверхня спадзіста-хвалістая, месцамі ўзгорыста-хвалістая. Адносная вышыня — 3—7 м. Трапляюцца забалочаныя і затарфаваныя лагчыны, часам з вадацёкамі; на водападзелах — тэрмакарставыя западзіны; прыдалінныя ўчасткі парэзаны лагамі, зрэдку ярамі. Карысныя выкапні: мел, пясчана-жвіровы матэрыял, будаўнічыя пяскі, лёгкаплаўкія гліны.

Асноўныя рэкі: Нёман, Уса, Ператуць, Лоша, Нёманец, Уздзянка, Тур’я.

Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы, у паніжэннях — дзярнова-падзолістыя забалочаныя, у далінах рэк — дзярнова-глеістыя (поймавыя) з участкамі тарфяна-балотных.

Лясістасць 30 %. Вялікія масівы на поўначы раўніны. Пераважаюць хвойнікі і ельнікі верасовыя і імшыстыя. Трапляюцца дубровы і другасныя бярэзнікі, у паніжэннях — чорнаалешнікі са сфагнавымі балотамі. Паверхня моцна разараная.

На тэрыторыі раўніны Коласаўскі заказнік.

Зноскі

  1. Беларусь, 1995
  2. БелЭн, 2002

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Раўніны без геаграфічных каардынат
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Прыродныя геаграфічныя аб’екты паводле алфавіта
Катэгорыя·Раўніны без пазіцыйных карт
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Геаграфія Мінскай вобласці
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Раўніны Беларусі
Катэгорыя·Геаграфія Стаўбцоўскага раёна
Катэгорыя·Геаграфія Гродзенскай вобласці
Катэгорыя·Раўніны паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак