wd wp Пошук:

Родня

Ро́дня[2] (трансліт.: Rodnia, руск.: Родня) — аграгарадок у Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці, на рацэ Лабжанцы. Адміністрацыйны цэнтр Родненскага сельсавета. Знаходзіцца за 17 км на паўднёвы ўсход ад Клімавічаў, за 10 км ад чыгуначнай станцыі Асмолавічы (лінія ОршаУнеча), на аўтамабільнай дарозе Касцюковічы—Клімавічы. На ўсходзе вёскі — штучнае вадасховішча.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Паселішча ўзнікла на скрыжаванні шляхоў з Касцюковічаў на Мсціслаў і з Касцюковічаў на Шумячы. У крыніцах вядома з 1709 года як уладанне сяла Судзілавічаў[3].

У 1727 годзе — сяло ў Крычаўскім старостве Вялікага Княства Літоўскага. У 1747 годзе Родня — мястэчка мсціслаўскага канюшага Казіміра Свадкоўскага, які перавёў існуючы тут праваслаўны храм ва ўніяцкі[3]. Мястэчка знаходзілася ў дзяржаўнай уласнасці.

Расійская імперыя

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Родня апынулася ў складзе Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні Расійскай імперыі. На той час, у 1783—1785 гадах, мястэчка мела квартальную забудову, цэнтрам якой была рынкавая плошча з драўлянай царквой[3].

На пачатку XIX стагоддзя — прыватнае ўладанне, дзейнічаў вінакурны завод, на якім у 1819 годзе працавалі 8 чалавек. У 1866 годзе адкрылася народнае вучылішча, у якім у 1889 годзе навучаліся 80 хлопчыкаў. Гаспадар маёнтка меў тут у 1867 годзе 1432 дзесяцін зямлі, 2 вадзяныя млыны і піцейны дом[4].

Мястэчка было ўласнасцю Асмалоўскіх[5]. У 1880 годзе ў ім працавалі 9 лавак, вадзяны млын, валасное праўленне, народнае вучылішча, мураваная царква і яўрэйскі малітоўны дом[5], у 1897 годзе пачала дзейнічаць крупадзёрка. Частка жыхароў займалася кравецкім, кавальскім і кушнерскім промысламі. Штогод 18 студзеня, 2 мая і 6 жніўня праводзіліся кірмашы.

У часе рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Родні адбываліся хваляванні. 1 снежня 1905 года на валасным сходзе сяляне адмовіліся ад выплаты падаткаў і патрабавалі бязвыплатнага надзялення іх зямлёй. 28 снежня 1905 года яны сілай вызвалілі арыштаванага агітатара, студэнта Маскоўскага ўніверсітэта. У 1909 годзе, у мястэчку, якое было цэнтрам воласці, дзейнічала казённая вінная лаўка[4].

Найноўшы час

У студзені 1918 года ў Родні адкрылася працоўная школа 2-й ступені, у якой у 1925 годзе было 198 вучняў, дзейнічалі бібліятэка, гурток па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых, драмгурток. У снежні таго ж года ўтварылася сельскагаспадарчае таварыства, якое ахоплівала 22 гаспадаркі і 125 га зямлі[4]. Быў утвораны валасны камітэт на чале з Мікалаем Грышчанкам[6].

1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, вёска ўвайшла ў склад БССР. 16 студзеня яна апынулася ў складзе РСФСР, дзе 26 красавіка таго ж года ўвайшла ў Клімавіцкі павет Гомельскай губерні.

У 1920 годзе ў Родні былі арганізаваны таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі «Прагрэс» (50 гаспадарак, 125 га зямлі) і «Рэспубліка» (31 гаспадарка). Тады ж перасяленцы з вёскі заснавалі непадалёку пасёлак Аляксеева, які зараз не існуе.

У выніку першага ўзбуйнення БССР Родню вярнулі БССР, дзе 20 жніўня 1924 года яна стала цэнтрам сельсавета ў Клімавіцкім раёне Калінінскай (у 1927—1930 гадах — Магілёўскай) акругі, з 20 лютага 1938 года — Магілёўскай вобласці[4].

У 1924 годзе быў створаны калгас «Праўда»[6]. У 1925 годзе ў вёсцы пачала функцыянаваць хата-чытальня. У 1926 годзе адкрыўся фельчарска-акушэрскі пункт, пазней — амбулаторыя, бібліятэка, паштовае аддзяленне і 7-гадовая школа (налічвала 248 вучняў і 6 настаўнікаў). У 1929 годзе 7 чалавек арганізавалі арцель саматужнікаў. У снежні таго ж года быў створаны калгас «Бальшавік Беларусі», які ў 1932 годзе аб’ядноўваў 622 гаспадаркі з Родні і суседніх вёсак, меў 3584 га ворнай зямлі і абслугоўваўся Клімавіцкай МТС. У 1932 годзе ў паселішчы з’явілася стацыянарная кінаўстаноўка, а ў 1934 годзе — ветэрынарная лячэбніца. Працавалі кузня і нафтавы млын[4].

З сярэдзіны жніўня 1941 да 28 верасня 1943 года Родня была пад нямецкай акупацыяй. На ўшанаванне памяці 104 жыхароў вёсак сельсавета, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, у 1969 годзе ў цэнтры Родні ўсталявалі помнік.

У 1957 годзе ў вёсцы з’явіліся радыё і электрычнасць, быў арганізаваны саўгас «Раднянскі» (першы дырэктар — Васіль Старавойтаў[6]), які ў 1975 годзе быў ператвораны ў эксперыментальную базу. У 1967 годзе да Родні была далучана вёска Пачаеўка. У кацы 1980-х гадоў у паселішчы існавалі свінагадоўчая ферма і ферма буйной рагатай жывёлы, механічныя майстэрні, гараж, лясніцтва, лесапільня, ветэрынарны ўчастак, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка з фондам больш за 14.6 тысяч кніг, бальніца, аддзяленне сувязі, яслі-сад, сталовая, камбінат побытавага абслугоўвання насельніцтва і 3 крамы[4].

У лістападзе 2005 года вёска была пераўтворана ў аграгарадок[7]. У яго будаўніцтва было ўкладзена больш за 2 мільярдаў рублёў[6].

Насельніцтва

Інфраструктура

Дзейнічаюць 4 крамы, аддзяленне АСБ «Беларусбанк», аддзяленне паштовай сувязі, дзіцячы сад, Дом культуры, комплексна-прыёмны пункт, сярэдняя агульнаадукацыйная школа, урачэбная амбулаторыя, участак УКП «Камунальнік», філіял тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва[7].

Эканоміка

Дзейнічае ААТ «Родненскі», якое спецыялізуецца на вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі і займаецца элітным насенняводствам збожжавых, бульбы і шматгадовых траў. На прадпрыемстве працуюць больш за 200 чалавек[7].

Забудова

Родня забудоўваецца паводле праекта, распрацаванага ў БелНДІПгорадабудаўніцтва ў 1983 годзе. Аграгарадок складаецца з 2 прамалінейных вуліц, арыентаваных з паўднёвага ўсходу на паўночны захад і 2 вуліц амаль мерыдыянальнай арыентацыі. Другарадныя вуліцы размешчаны паралельна і пад вуглом да іх. Забудова прадстаўлена пераважна традыцыйнымі сялянскімі хатамі. Забудова на поўначы вядзецца мураванымі двухпавярховымі 8-кватэрнымі дамамі. Грамадскія будынкі змешчаны вакол невялікай плошчы. На ўсходняй ускраіне адасоблена знаходзяцца прамысловыя будынкі[4].

Славутасці

Вядомыя ўраджэнцы

Зноскі

  1. 1 2 Родненскі сельскі Савет(руск.) . Клімавіцкі раённы выканаўчы камітэт (1 студзеня 2020). Праверана 22 ліпеня 2020.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
  3. 1 2 3 4 ЭнцВКЛ, 2010
  4. 1 2 3 4 5 6 7 Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 6, кн. 2. Магілёўская вобласць / У. Д. Будзько і інш. — Мн.: БелЭн, 2009. — 591 с. ISBN 978-985-11-0440-2. — С. 129—130.
  5. 1 2 3 Rodnia // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze. — Warszawa, 1888. — S. 653
  6. 1 2 3 4 5 Аграгарадкі Клімавіцкага раёна (бел.) . Магілёўская абласная бібліятэка. Праверана 29 ліпеня 2020.
  7. 1 2 3 Аграгарадок Родня(руск.) . Клімавіцкі раённы выканаўчы камітэт. Праверана 22 ліпеня 2020.
  8. БелЭн, 2001
  9. Насельніцтва Магілёўскай вобласці па выніках перапісу 2009 года(руск.) . Праверана 22 ліпеня 2020.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Аграгарадкі Магілёўскай вобласці
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Родненскі сельсавет
Катэгорыя·Населеныя пункты Клімавіцкага раёна
Катэгорыя·Мястэчкі Мсціслаўскага ваяводства
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак