wd wp Пошук:

Канічы

Ка́нічы[2] (трансліт.: Kaničy, руск.: Каничи) — вёска ў Касцюковіцкім раёнё Магілёўскай вобласці Беларусі, пры сутоцы Беседзі з Суравам[3]. Уваходзіць у склад Новасаматэвіцкага сельсавета.

Канічы — даўняе мястэчка гістарчынай Мсціслаўшчыны, колішняе ўладанне Цеханавецкіх. Знаходзіцца за 15 км на паўднёвы ўсход ад Касцюковічаў, за 9 км ад чыгуначнай станцыі Бялынкавічы (лінія КрычаўСураж). Насельніцтва на 2018 год — 195 чалавек[1].

Геалогія

Каля паўднёва-ўсходняй ускраіны вёскі знаходзіцца Каніцкае радовішча пяскоў. Лінзападобны паклад звязаны са старажытнаалювіяльнымі адкладамі надпоймавай тэрасы ракі Беседзь.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Мясцовасць цяперашніх Канічаў была заселена яшчэ ў старажытныя часы, аб чым сведчыць гарадзішча XVIII ст. да н.э., размешчанае на правым беразе ракі Беседзь. Першая летапісная ўзгадка пра вёску адносіцца да 1511 года, дзе гэта паселішча пад назвай Конічы значыцца як месца гандлю конямі. На той час яно ўваходзіла ў склад Алучыкай воласці Мсціслаўскага княства[4].

У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў, вёска апынулася ў Крычаўскім павеце Мсціслаўскага ваяводства, дзе ў 1708 г. згадваецца пад сваёй сучаснай назвай. У пачатку XVIII стагоддзя Канічы з’яўляліся ўладаннем роду Цеханавецкіх. Вядома, што ў ходзе Крычаўскага паўстання хослаўскі староста, пан Цеханавецкі, «выганяў 300 людзей» з двара і вёскі Канічы ў дапамогу паўстанцам падчас штурма Крычаўскага замка[3].

У 1765 годзе Канічы ўпершыню апісваецца як мястэчка з вулічнай забудовай, у якой дамы стаялі па абодвух баках вуліцы. Мясцовая драўляная ўніяцкая царква была настолькі старой, што набажэнствы ў ёй спынілі[5].

Пад уладай Расійскай імперыі

Пасля Першага падзелу Рэчы Паспалітай Канічы ўвайшлі ў склад Мсціслаўскай правінцыі, пазней — Касцюковіцкай воласці Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні, пры гэтым статус мястэчка панізілі да сяла[3].

У 1810 годзе памешчык І. Цеханавецкі заснаваў у Канічах суконную фабрыку (дзейнічала да 1832 г.). Сукно выраблялася з шэрсці іспанскіх авечак, якіх тут разводзілі. У час вайны 1812 г. фабрыка была разбурана і разрабавана французамі. У 1823 годзе на мануфактуры працавалі 137 прыгонных рабочых і вольнанаёмны майстар, у 1826 годзе меліся 10 ткацкіх і 10 сукнавальных станкоў, 6 прадзільных і 6 часальных машын, варсавальня і фарбавальня[6].

Уладальнік сяла, памешчык Уладзімір Цеханавецкі, у 1850 г. пабудаваў драўляны бровар (у 1900 г. працавалі 14 рабочых), на якім вырабляліся 120 704 вядры віна (даход 6705 руб.), а ў 1895 годзе пачала дзейнічаць парасілавая ўстаноўка. У сярэдзіне XIX ст. у Канічах быў касцёл і дзве праваслаўныя царквы, да маёнтка Цеханавецкіх адносіліся 13 вёсак, 6027 дзесяцін зямлі, 2 сукнавальні, 2 карчмы, 2 вадзяныя млыны, 94 лаўкі, вінакурны завод[3].

Станам на 1880 год, у сяле было 128 двароў, дзейнічалі царква (узведзена ў 1863 годзе) і каталіцкая капліца, 31 двор займаўся адыходным промыслам, прыбытак з якога складаў 20—40 рублёў. У 1886 годзе вёска значыцца ўжо як былое прыватнае ўладанне. Падчас сялянскіх хваляванняў 1893 года быў разгромлены панскі маёнтак. Паводле вынікаў перапісу 1897 года, вёска налічвала 54 двары, царкву, царкоўна-прыходскую школу, хлебазапасную краму і карчму, вінакурны завод, вадзяны млын і сукнавальню[3].

Пад назвай Канічы ў канцы XIX ст. існавалі мястэчка, сяло і фальварак. Апошнім уладальнікам фальварка быў Сігізмунд Цеханавецкі, які меў 1320 дзесяцін зямлі. У ходзе рэвалюцыі 1905—1907 гадоў вяскоўцы зноў разбурылі маёнтак Платона Цеханавецкага, спалілі драўляны бровар[7]. Па інфармацыі 1909 года, у паселішчы дзейнічалі народнае вучылішча і царкоўнапрыходская школа, працавала казённая вінная лаўка, меліся 1302 дзесяціны зямлі. На рацэ Сураў, за 1.2 км на поўнач ад вусця, у канцы XIX ст. быў узведзены вадзяны млын, які спачатку належыў Цеханавецкім, а ў 1920-я гады перайшоў ва ўласнасць калгаса[8].

У 1910 годзе было скончана будаўніцтва новага касцёла, а ў 1914 годзе аднавіў працу бровар, размешчаны ў цагляным неабарочным будынку.

Найноўшы час

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Канічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад БССР. 16 студзеня вёска разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі апынулася ў складзе РСФСР, але ў 1924 годзе, у выніку першага ўзбуйнення БССР, Канічы вярнулі Беларусі. 20 жніўня таго ж года яны сталі цэнтрам Каніцкага сельсавета Бялынкавіцкага раёна Калінінскай акругі. 4 жніўня 1927 года Бялынкавіцкі раён быў скасаваны, сельсавет увайшоў у склад Касцюковіцкага раёна Магілёўскай акругі[3].

У 1920-х гадах быў створаны саўгас, які ўваходзіў у Аршанскі свінагадоўчы трэст. Працавалі кузня, вадзяны млын, цагельня, ваўначоска, вапнавы завод. У 1930 годзе ўтварыўся калгас «Чырвоны Кастрычнік».

Падчас нямецкай акупацыі Беларусі ў Канічах загінулі 145 вяскоўцаў, з іх ліку 12 мірных жыхароў былі расстраляны ў 1943 годзе нацыстамі. Пры адступленні вермахта таксама быў спалены вадзяны млын[8].

У пасляваенны час прыйшлі ў заняпад помнікі архітэктуры Канічаў: касцёл ператварыўся ў руіны, а колішнія бровар і царква выкарыстоўваліся як машынная станцыя і склад мінеральных угнаенняў адпаведна, пасля чаго канчаткова разбурыліся[9].

8 снежня 1959 года скасаваны Каніцкі сельсавет, Канічы ўвайшлі ў склад Бялынкавіцкага сельсавета[10].

Станам на 2011 год, у вёсцы размяшчаліся аддзяленне калгаса «Прагрэс», дзве крамы, аўтаматычная тэлефонная станцыя, аддзяленне сувязі, клуб, бібліятэка, школа, фельчарска-акушэрскі пункт[3].

Насельніцтва

Славутасці

Страчаная спадчына

Вядомыя ўраджэнцы

Зноскі

  1. 1 2 3 Новосамотевичский сельский Совет(руск.) . Касцюковіцкі раённы выканаўчы камітэт (2018). Архівавана з першакрыніцы 11.04.2019. Праверана 25.06.2019.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
  3. 1 2 3 4 5 6 7 Паходжанне вёсак Касцюковіцкага раёна і іх гістарычная даведка (бел.) . Магілёўская абласная бібліятэка (2011). Праверана 25.06.2019.
  4. Города, местечки и замки Великого княжества Литовского: Энциклопедия. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. — 312 с. — 3000 экз. — ISBN 978-985-11-0432-7
  5. ЭнцВКЛ, 2010
  6. Каніцкая суконная мануфактура // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7), ISBN 985-11-0035-8., с.586
  7. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Касцюковіцкага р-на. — Мн.: Вышэйшая школа, 2000. — 524, [1] с. ISBN 985-06-0588-X., с.83
  8. 1 2 Грамадскія і прамысловыя будынкі (бел.) . Магілёўская абласная бібліятэка (2011). Праверана 28.06.2019.
  9. Андрэй Скарабагатаў.. В поисках потерянных воспоминаний(руск.) . Магілёўскія ведамасці (8 лістапада 2018). Праверана 27.06.2019.
  10. Рашэнне выканкома Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 8 снежня 1959 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1959, № 18.
  11. Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / У. У. Бянько і інш. — Мн.: БелЭн, 2008. — 727 с. ISBN 978-985-11-0409-9., с. 677.
  12. Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / У. У. Бянько і інш. — Мн.: БелЭн, 2008. — 727 с. ISBN 978-985-11-0409-9., с. 676.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Артыкулы са спасылкамі на Глобус Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Мястэчкі Мсціслаўскага ваяводства
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Канічы
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных
Катэгорыя·Новасаматэвіцкі сельсавет
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Населеныя пункты Касцюковіцкага раёна
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак