wd wp Пошук:

Воласць

Воласць — ніжняя адзінка адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу ў Вялікім Княстве Літоўскім, і ў Расійскай імперыі з канца XVIII стагоддзя ў сельскай мясцовасці. У Расіі ўтворана ў 1797 годзе, першапачаткова для казённых сялян; пасля рэформы 1861 года воласці былі ўтвораны таксама для былых прыгонных і удзельных сялян.

У СССР воласці былі скасаваны ў час адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 19231929 гадоў: павятова-валасны падзел быў заменены раённым.

Зямельныя ўладанні

Воласцю назвалі сукупнасць зямельных уладанняў, якія належалі адной асобе, на Русі і ў Вялікім Княстве Літоўскім. У гэтым сэнсе Іпацьеўскі летапіс у 1142 годзе называе воласцю кіеўскіх князёў гарады Тураў, Клечаск і Случаск. У часы Вялікага Княства Літоўскага воласцю называлі комплекс паселішчаў, цэнтрам якіх быў адзін маёнтак, прычым такая воласць не абавязкова ўтварала кампактны абшар. Паводле інвентара 1560 года, у воласці дзяржаўнага Аршанскага замка ўваходзілі сёлы Баева і Варанцэвічы, якія знаходзіліся на значнай адлегласці ад яго. Да сярэдзіны XVI ст. ў такім жа сэнсе часам ужываўся тэрмін «павет».

Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка

Вялікае Княства Літоўскае

Таксама воласцю называлі адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку на Русі і ў Вялікім Княстве Літоўскім, населеная сялянамі-даннікамі, якія ўтваралі тэрытарыяльную абшчыну. Як дзяржаўная ўласнасць проціпастаўлялася вотчыне — уладанню на правах прыватнай уласнасці. На Полаччыне і ў Маскоўскай Русі ад воласці адрозніваўся таксама стан, насельніцтва якога, відаць, мела іншы характар павіннасцей (канкрэтныя адрозненні паміж воласцю і станам у XIII—XIV стст. даследчыкі вызначаюць па-рознаму; пазней гэтыя адрозненні сцёрліся). Воласць звычайна ахоплівала 10—30 і больш сельскіх паселішчаў і складалася з тэрыторый сельскіх абшчын (у крыніцах ВКЛ іх звычайна называюць сёламі). Акрамя земляў сельскіх абшчын, пэўныя тэрыторыі (сенажаці, бабровыя гоны, лясы) звычайна знаходзіліся ў карыстанні ўсёй воласці. Яна мела двайную сістэму кіравання. 3 сялян для кіравання выбіраўся соцкіXVXVI стст. — старац). Ён выступаў пасрэднікам паміж воласцю і ўладай, пры дапамозе дзесяцкіх размяркоўваў павіннасці, збіраў падаткі. Інтарэсы дзяржавы прадстаўляў намеснік (цівун) з баяр (шляхты). Ён знаходзіўся ў валасным цэнтры (у час Кіеўскай Русі такім цэнтрам быў горад ці пагост, у Вялікім Княстве Літоўскім — горад ці замак) і не меў права вольна ездзіць па воласці з мэтай збору падаткаў. У абавязкі намесніка ўваходзілі прыём падаткаў ад старца, перасылка іх уладальніку воласці, суд па справах, якія не падлягалі кампетэнцыі абшчыннага копнага суда, а таксама арганізацыя будаўніцтва і рамонту замка сіламі насельнікаў воласці. 3 канца XIV ст. на заходніх землях Вялікага Княства Літоўскага (у сучаснай Літве, апрача Жамойці, Верхнім Панямонні, на Меншчыне, Берасцейшчыне) пачалося разбурэнне валасцей. Асобныя сёлы са складу воласці перадаваліся ў вотчыну шляхце, там узнікалі феадальныя двары, сяляне-даннікі ператварыліся ў цяглых сялян.

Да сярэдзіны XVI ст. амаль некранутыя шляхецкім землеўладаннем воласці захаваліся толькі на ўсходзе Беларусі, на землях, якія ў той час яшчэ называліся «Русь» (таму часам велікакняжацкія воласці Падняпроўя ў дакументах называліся «рускімі валасцямі»). Сярод іх найбуйнейшымі былі Азярышчанская воласць і Усвяцкая на поўначы Віцебскага павета, Магілёўская ў Аршанскім павеце, Барысаўская, Любашанская, Свіслацкая, Бабруйская ўздоўж р. Бярэзіна, Крычаўская, Прапойская і Чачэрская ў Пасожжы, Гомельская, Рэчыцкая і Мазырская на паўднёвым усходзе Беларусі. Аднак і ў гэтых воласцях асобныя сёлы перадаваліся вялікімі князямі ў рукі шляхты. У некаторых выпадках жыхары працягвалі выконваць частку павіннасцей разам з усёй воласцю (будаўніцтва замкаў, рамонт дарогі інш.) або новыя ўладальнікі атрымлівалі падатковы імунітэт і падданыя парывалі ўсе сувязі з воласцю. Адначасова ўрад праводзіў наступленне на правы воласці: намеснікі атрымлівалі дазвол непасрэдна збіраць павіннасці па сёлах, сяляне трацілі права выбіраць старцаў. У 1547 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст у адказ на скаргу сялян Чачэрскай воласці заявіў: «Ино што ся дотычит мыта и выбираня старца, то ест реч наша господарьская, а не ваша хлопская».

У канцы XVI — пачатку XVII ст. ў «рускіх» воласцях прайшла валочная памера, пасля чаго яны фактычна ператварыліся ў звычайныя дзяржаўныя маёнткі (Барысаўскае стараства, Магілёўская эканомія і інш.). Гэта прывяло да зліцця паняцця воласці ў абодвух значэннях.

Расійская імперыя

БССР

17 ліпеня 1924 года II сесія ЦВК БССР скасавала паветы і воласці і стварыла акругі і раёны. У прэамбуле закона паказвалася, што гэты акт прымаецца ў мэтах выканання пастановы VI Усебеларускага Надзвычайнага з’езда Саветаў «у мэтах большай адпаведнасці адміністрацыйнага падзелу БССР эканамічным асаблівасцям раёнаў, а таксама для спрашчэння, патаннення і набліжэння да насельніцтва савецкага апарата»[1].

Зноскі

  1. В. А. Круталевич. Административно-территориальное устройство БССР / Акад. наук БССР. Ин-т философии и права. — Минск: Наука и техника, 1966. — 133 с.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (6):
Вікіпедыя:Артыкулы з незавершанымі раздзеламі
Адміністрацыйны падзел Вялікага Княства Літоўскага
Воласці
Вікіпедыя:Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без аўтара
Адміністрацыйны падзел Расійскай імперыі
Вікіпедыя:Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без нумароў старонак