wd wp Пошук:

Прыпяцкі (нацыянальны парк)

Паштовая марка Рэспублікі Беларусь

«Прыпяцкі» — нацыянальны парк на поўдні Беларусі, падпарадкаваны Кіраўніцтву справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

На паўднёвы ўсход ад Прыпяцкага нацыянальнага парку размешчаны Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

Геаграфія

Нацыянальны парк «Прыпяцкі» размешчаны ў Гомельскай вобласці за 350 км на ўсход ад Брэста і за 250 км на поўдзень ад Мінска, на поўдзень ад шашы Брэст-Бранск. Плошча нацыянальнага парку складае 188485 га. Займае частку Палескай нізіны ўздоўж правага берага ракі Прыпяць, у міжрэччы Сцвігі і Убарці. Рэльеф раўнінны, з агульным нахілам на поўнач, ускладнены шматлікімі забалочанымі паніжэннямі і эолавымі ўтварэннямі. Паўднёвая частка прадстаўлена асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыяй плошчай 85841 га. Адміністрацыя нацыянальнага парку першапачаткова знаходзіўся ў Тураве[1], цяпер у Ляскавічах.

Гідралагічная сетка адносна рэдкая. Тэрыторыю перасякаюць рэкі Свінавод, Мутніца, Бялянка, ручаі Крушынны, Лучынец. Налічваецца звыш 40 азёр, найбольшыя Плёса, Карасіна, Серабранка. Мясцовасць характарызуе высокая забалочанасць. Балоты, пераважна вярховыя і пераходныя, займаюць больш за палову тэрыторыі, самыя вялікія Кандаль-Яловец-Вольхава і Мезеч.

Нацыянальны парк размешчаны ў затапляемай пойме басейна Прыпяці на тэрыторыі Жыткавіцкага, Лельчыцкага і Петрыкаўскага раёнаў. У перыяд паводак можа залівацца да 70 % тэрыторыі[2].

Гісторыя

Прыпяцкі дзяржаўны ландшафтна-гідралагічны запаведнік быў арганізаваны 3 чэрвеня 1969 г. (Пастанова Савета Міністраў БССР №200 ад 03.06.1969 года «Аб арганізацыі Прыпяцкага дзяржаўнага ландшафтна-гідралагічнага запаведніка») на плошчы 61,5 га ў складзе Міністэрства лясной гаспадаркі. Пасля ён перападчыняўся Дзяржаўнаму камітэту па экалогіі БССР, Упраўленню справамі Савета Міністраў Беларусі. У жніўні 1994 года запаведнік плошчай 65050 га быў перададзены Упраўленню справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 1995 годзе пры запаведніку створана Эксперыментальная лесаахотнічая гаспадарка (ЭЛАГ) «Ляскавічы». У 1996 годзе Прыпяцкі дзяржаўны ланшафтна-гідралагічны запаведнік быў рэарганізаваны ў нацыянальны парк «Прыпяцкі». У 1998 годзе пачаў працаваць музей прыроды[3].

Флора і фаўна

У парку сустракаюцца лясны, лугавы, хмызняковы і водны тыпы расліннасці. На долю лясоў прыпадае больш 85% яго тэрыторыі. Найбольш шырока тут распаўсюджаны хвойнікі (50,3% ад пакрытай лесам плошчы) і дубравы (12,8%). Своеасаблівыя насаджэнні ствараюць бяроза пушыстая (10,7%) і бяроза павіслая (10,6%), вольха чорная (7,1%), ясень (2,1%), граб (0,6%), асіна (1,5%). Рэдка сустракаюцца кляноўнікі, ліпнякі, дрэвападобныя вербнякі. Каля 500 га займае водная паверхня паводкавых азёр. Больш за 500 га займаюць зараснікі журавін[4].

Флора ўключае 929 віды вышэйшых раслін, сярод якіх 22 віды дрэў і 32 віды хмызнякоў, а таксама 196 відамі імхоў, 184 відамі лішайнікаў, 321 відам водарасцей. 44 віды рэдкіх раслін занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Фаўна парку ўключае 51 від сысуноў, 11 відаў земнаводных, 7 відаў паўзуноў, 37 відаў рыб, 246 відаў птушак. У 1987 годзе на тэрыторыю былі пераселеныя зубры.

Зноскі

  1. Пра нацыянальны парк
  2. Нацыянальны парк «Прыпяцкі» Архівавана 27 мая 2013.
  3. Гісторыя нацыянальнага парку «Прыпяцкі» на афіцыйным сайце парку
  4. Прырода Беларусі Архівавана 23 кастрычніка 2012.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Лельчыцкі раён
Катэгорыя·Запаведнікі Палесся
Катэгорыя·Жыткавіцкі раён
Катэгорыя·Петрыкаўскі раён
Катэгорыя·Прырода Гомельскай вобласці
Катэгорыя·Нацыянальныя паркі Беларусі