wd wp Пошук:

Комант

Комант або Скоманд, Скаламенд (ням.: Skumand, літ.: Gomants/Gomantas, Komants/Komantas, Skomantas; ~1225 — кан. 13 ст.) — князь судаўскі, кіраўнік супраціўлення судаваў і іншых прусаў агрэсіі Тэўтонскага ордэна ў 1277—1283 гадах.

Імя

Скаламенд — дзвюхасноўнае імя, аснова skal- звязана з літ.: skalsus «багаты, шматлікі; сытны, шчодры» або skalti «расці, цвісці», аснова mant- — з mantus «кемны; прыдатны». Такім чынам, імя магло мець значэнне блізкае да «Мнагадумны» (тыпалагічна падобнае да польскага Балемысл) і мела як аналаг імя Даўмонт — Daumantas (першая аснова з daug «шмат»). Разам з іменнай асновай Skal- былі таксама асновы Go-, Ko-, Sko-, якія адна з адной не атаясняюцца.[2]

Біяграфія

Лічыцца, што валодаючы Судавай Комант меў рэзідэнцыю на гарадзішчы, якое знаходзіцца ў наваколлі сучаснага горада Элк (Польшча), каля Скамацкага возера (польск.: Skomęckie jezioro) і атаясняецца гісторыкамі з замкам Скомандбург (літар. Комантаў замак). Паблізу гарадзішча ёсць і вёска Скоманты (ням.: Skomentnen, Skomanten, польск.: Skomęntno Wielkie).

У 1273 і 1278 годах Комант на чале судаўскага войска пры падтрымцы войска ВКЛ («русінаў»[3]) спустошыў Кульмскую зямлю ва ўладаннях Тэўтонскага ордэна, ваяваў каля гарадоў Кульма і Торна, замкаў Вельсайс, Граўдэнц, Зантыр, Клемент, Ліпу, Марыенвердэр, Пловіст, Рэдзін, Турніц і Хрыстбург. У 1280 годзе немцы спалілі рэзідэнцыю Команта, у адказ ён уварваўся і парабаваў Самбію, дзе ўзяў у палон Людвіга фон Лібенцэля, але праз нейкі час вызваліў яго. Каля 1281 года, унікаючы ціску Ордэна Комант з Судавіі перасяліўся на Русь — у тую яе частку, што належала ВКЛ, напэўна ў Гародню. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што у часы кіравання Трайдзеня, Комант быў другім чалавекам у ВКЛ пасля вялікага князя.

Магчыма, неўзабаве па сваім пераездзе ў ВКЛ Комант быў пераведзены ў заходнюю Жамойць, — так дазваляе думаць назва вёскі Скомантай (літ.: Skomantų; паблізу Вейвіржэнаў) і вялізнае гарадзішча побач, выдатна ўмацаванае ў XIII ст., якое размешчана паблізу колішняга замка Гедзіміна. З гэтым перыядам жыцця Команта, магчыма, звязана і назва вёскі Гомантлаўкіс («Комантава поле») паблізу Рэтавы ў Жамойці (цяпер Рэтаўскае староства Літвы), а таксама вёскі Каманцішкі (Kamantiškių <*Komantiškių; цяпер у Мяркінскім старостве Літвы) і Коматава (Гродзенскі раён, цяпер затоплена вадасховішчам Гродзенскай ГЭС). Магчыма, менавіта ў Коматава знаходзілася сядзіба Команта, пра якую вядома толькі тое, што заходзілася паблізу Гродна.

У 1282 або 1283 годзе Комант, магчыма, незадаволены сваім статусам у ВКЛ пасля смерці Трайдзеня (1282), перабег да немцаў, быў імі ахрышчаны і пэўны час жыў у замку Балга. У 1284 годзе Комант быў правадніком і начальнікам прускага атраду ў складзе ордэнскага войска падчас паходу на Гародню, а вясной 1285 года атрымаў невялікі надзел зямлі ў Натангіі і разам з трыма сынамі пасяліўся ў тамтэйшай вёсцы Сцігены (ням.: Stegen, польск.: Stegny; ад пруск.: steege — адрына; цяпер Эльбінгскі павет Польшчы). Там ён неўзабаве і памёр. Неўзабаве па 1285 годзе (можа ў 1289) нехта з пражываючых у Сцігенах сыноў Команта мог вярнуцца ў ВКЛ.

Некаторыя гісторыкі, напрыклад, брытанец Стывен Роўвел, атаясняюць Команта са згаданым у «Задоншчыне», аповесці канцы XIV ст., бацькам або цесцем Гедзіміна Скаламендам[4]. Паводле «Задоншчыны», удзельнікі Кулікоўскай бітвы (1380) Андрэй і Дзмітрый Альгердавічы называюць сябе праўнукамі Скаламендавымі — «Брате Дмитрей, сами есмя собе два браты, сынове Олгордовы, а внуки есмя Едимантовы, а правнуки есми Сколомендовы». Польскі гісторык Ежы Ахманьскі мяркуе, што «праўнукі» трэба разумець ў шырэйшым сэнсе — «нашчадкі», і лічыць Команта дзедам Гедзіміна. Літоўскі гісторык Томас Баранаўскас не згодны з такой інтэрпрэтацыяй і лічыць, што Альгердавічы пэўна і паслядоўна называюць спачатку свайго бацьку Альгерда, потым дзеда Гедзіміна і прадзеда Скаламенда, і ў гэтым кантэксце пераскок праз адну прыступку дынастыі надуманы Е. Ахманьскім.

Такім чынам, Комант, калі ён тоесны Скаламенду, быў або бацькам, або цесцем Гедзімінам, і другое больш слушна зыходзячы з іншых вядомых крыніц.

Паводле сведчання беларускага этнографа Паўла Шпілеўскага, жыхары Гродзенскай і Ковенскай губерняў яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. спявалі гістарычныя песні пра паходы ятвяжскага князя Команта («Комата»).

Зноскі

  1. (unspecified title) Праверана 27 лістапада 2018.
  2. Zinkevičius Z. Lietuvių asmenvardžiai. — Vilnius, 2008. — P. 95, 103, 134, 136.
  3. Паводле П. Дусбурга; SRP. Bd.I. Nr. 211. (SRP. T. I. — S. 162 (166).)
  4. Rowell S. C. Iš viduramžių ūkų kylanti Lietuva. — V., 2001. — P. 58.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Памерлі ў XIII стагоддзі
Катэгорыя·Род Гедзімінавічаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1225 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Князі судаўскія
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы