wd wp Пошук:

Альдона

Ганна ў хрышчэнні, свецкае імя Альдона вядома толькі з 2-й паловы XVI ст. ад М. Стрыйкоўскага[4] і ўкаранілася ў гістарыяграфіі праз працу О. Бальцара па генеалогіі Пястаў[5] (каля 1310 — 26 мая 1339, Кракаў) — каралева польская (1333—1339).

Біяграфія

Дачка вял. кн. літоўскага Гедзіміна. У 1324/1325 годзе кароль польскі Уладзіслаў Лакетак заключыў з Гедзімінам мір і антыордэнскі саюз і, напэўна, для іх замацавання сватаў Альдону за свайго сына Казіміра[6]. Паводле С. Роўвела, значнасць гэтага шлюбу, г.зн. польска-літоўскага саюзу[nb 1], для Уладзіслава Лакетка была настолькі важнай, што ў 1322 годзе ён адмовіўся ад шлюбу Казіміра з Ютай (Бонай), дачкой Яна Люксембургскага[11]. Замест пасагу Гедзімін вызваліў польскіх палонных[6], паводле Стрыйкоўскага іх было 24 тысячы.

Казіміру было 15 гадоў і, напэўна, Альдона была таго ж узросту. Па прыбыцці ў Польшчу яе ахрысцілі, гэта адбылося 30 красавіка (паводле Rocznika Traskiego, што не знайшло падтрымкі ў гістарыяграфіі[12]) або 28 чэрвеня 1325 года (паводле Яна Длугаша[13]). Шлюб адбыўся 16.10.1325 года ў Кракаве.

Паводле Я. Длугаша, Ганна вызначалася высокімі маральнымі якасцямі, міласэрнасцю, любіла конную язду, танцы, розныя забавы і музыку, паўсюды яе суправаджалі музыканты. Аднак, адзначае Длугаш, Ганна не здолела кінуць «дзікіх і грубых звычак». Забавы нявесткі абуралі прыхільніцу аскезы каралеву Ядвігу, адносіны са свякроўю складваліся наогул блага[8]. Тым жа часам Казімір вядомы рамантычнымі прыгодамі. Праўдападобна, пэўны час Ганна жыла ў Познані, калі Казімір быў вялікапольскім намеснікам. Невядома, дзе знаходзілася Ганна падчас ваенных паходаў мужа і што рабіла падчас яго цяжкай хваробы, калі Казімір быў пад наглядам маці. Вядома аднак, што ніякіх палітычных амбіцый Ганна не мела. Праз месяц па смерці Уладзіслава Лакатка, 25.10.1333 года Ганна, нягледзячы на пярэчанне свякрові[nb 2], разам з Казімірам была каранавана ў Вавелі[14].

Каралева Ганна заставалася ў ценю, відаць, яе пазіцыі аслабляла і тое, што не нарадзіла спадкаемца стальца. Не шмат знайшлося наданняў Казіміра з просьбы Ганны, у параўнанні з наданнямі Уладзіслава і Казіміра з просьбы яе свякрові. Царква таксама не прызнавала за Альдонай усіх прывілеяў, абедзве каралевы мелі права удзельнічаць у імшы падчас інтэрдыктаў і наведваць кляштары, але Ганна не магла там сталавацца і начаваць, што дазвалялася Ядвізе. Мала вядома пра адносіны каралевы з мужам у гэты перыяд. Казімір не кінуў рамантычных прыгод, што прычынілася да асуджэння яго царквой, у 1338 годзе кракаўскі біскуп спыніў набажэнства, калі кароль увайшоў у касцёл. Нічога невядома пра кантакты Ганны з бацькам і сёстрамі — жонкамі плоцкага і галіцкага валадароў.[8]

Памерла ў Кракаве, смерць Ганны была нечаканая і хуткая[8] і, паводле Я. Длугаша, страшная. Пахавана ў Вавельскім кафедральным саборы.

Дзеці

Нарадзіла дзвюх дачок — Лізавету (1326) і Кунігунду (1335).

Заўвагі

  1. Умовы саюзу невядомыя, выявіўся ён у асноўным сумесным паходам на Брандэнбург у 1326 годзе[7]. Магчыма, выяўленнем саюзу быў і напад Уладзіслава на занятую немцамі Хелмінскую зямлю падчас паходу Ордэна на Жамойць у 1329 годзе[8] Аднак у 1330 г. Уладзіслаў адмовіўся ад саюзу і ў 1331 годзе літоўцы ўжо ваявалі Польшчу, далейшыя польска-літоўскія адносіны складаліся па рознаму[8]. Паводле меркавання І. Янінаса, нягледзячы на скасаванне саюзу, за жыццём Ганны польска-літоўскія адносіны былі безканфліктныя[9]. Таксама, магчыма, дынастычная сувязь з літоўскай дынастыяй, якая панавала з XIII ст. дадавала легітымнасці Уладзіславу Лакатку, які замяніў на польскім стальцы дынастыю Пшэмыслававічаў і быў каранаваны толькі ў 1320 годзе[10].
  2. Удава Лакатка матывавала тым, што Польшча ўжо мае каралеву і, пакуль яна жывая, другой мець не можа[8].

Зноскі

  1. Find a Grave — 1995. Праверана 29 жніўня 2019.
  2. (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
  3. Lundy D. R. The Peerage
  4. Gudavičius E. Aldona // Vytautas Spečiūnas. Lietuvos valdovai (XIII—XVIII a.): enciklopedinis žinynas. — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas. pp. 40. ISBN 5-420-01535-8.
  5. Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. — Poznań; Wrocław, 1999. — S. 233—234.
  6. 1 2 Jonynas I. Aldona // Lietuviškoji enciklopedija / Vaclovas Biržiška. — Kaunas: Spaudos Fondas, 1933. — T. I. — pp. 208—211.
  7. Rowell S. C. Pious Princesses or Daughters of Belial: Pagan Lithuanian Dynastic Diplomacy, 1279—1423 // Medieval Prosopography, 15 (1): 47. 1994.
  8. 1 2 3 4 5 6 Rudzki E. Polskie królowe. [T.] 1. …
  9. Jonynas I. Aldona // Lietuviškoji enciklopedija / Vaclovas Biržiška. — Kaunas: Spaudos Fondas, 1933. — T. I. — pp. 208—211.
  10. Rowell S. C. Lithuania Ascending: A Pagan Empire Within East-Central Europe, 1295—1345 // Cambridge Studies in Medieval Life and Thought: Fourth Series. Cambridge University Press, 1994. — pp. 87.
  11. Rowell S. C. Pious Princesses or Daughters of Belial: Pagan Lithuanian Dynastic Diplomacy, 1279—1423 // Medieval Prosopography, 15 (1): 47. 1994. — pp. 232.
  12. Jasiński K. Rodowód Piastów małopolskich i kujawskich. — Poznań-Wrocław, 2001. — S. 167.
  13. Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. — Poznań-Wrocław, 1999. — S. 233.
  14. Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. — Poznań-Wrocław, 1999. — S. 234.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Памерлі ў 1339 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Вялікім Княстве Літоўскім
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1310 годзе
Катэгорыя·Гедзімінавічы
Катэгорыя·Пахаваныя ў Кракаве
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1309 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Кракаве
Катэгорыя·Памерлі 26 мая
Катэгорыя·Гедзімінавічы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў XIV стагоддзі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Пахаваныя ў Вавельскім саборы
Катэгорыя·Княгіні і каралевы польскія