wd wp Пошук:

Казельскае княства

Казельскае княства — феадальная дзяржава ва Усходняй Еўропе. Адно з Вярхоўскіх княстваў. Вылучылася са складу Чарнігаўскага княства ў канцы XII ст. 3 1246 г. у складзе Карачаўскага княства. У пачатку XIV ст. вядомы казельскі і звянігарадскі князь Андрэй Мсціславіч — зяць невядомага літоўскага князя (магчыма, Гедзіміна) — у 1336 г. забіты сваім пляменнікам. У 2-й палове XIV ст. Казельск зноў сталіца ўдзельнага княства. Заснавальнікам казельскай лініі вярхоўскіх князёў стаў Іван Цітавіч — зяць вялікага разанскага князя Алега Іванавіча. Відаць, у пачатку свайго існавання княства знаходзілася ў залежнасці ад Вялікага княства Разанскага. Так, разам з вялікім князем разанскім Алегам Іванавічам казельскія князі хадзілі ў 1365 і 1400 гг. супраць татар, а ў 1395 і 1401 гг. — супраць ВКЛ. Пэўны час княства арыентавалася ці на саюз з ВКЛ, ці з Вялікім княствам Маскоўскім, у залежнасці ад антытатарскай арыентацыі гэтых дзяржаў. Княства ахоплівала невялікую тэрыторыю на левабярэжжы Акі з нізоўямі Жыздры. Яму належаў Перамышль (т.зв. Перамышль Калужскі на р. Ака), а таксама Ялец. У канцы XIV ст. з княства вылучыліся Перамышльскі і Ялецкі ўдзелы. У 1396 г. Казельск быў захоплены вялікім князем літоўскім Вітаўтам. Аднак замацаваць за ВКЛ княства не ўдалося. Аслабленне ВКЛ у сувязі з паражэннем у бітве на Ворскле 1399 г. выкарыстала Масква. У канцы XIV ст. княства трапіла пад непасрэднае кіраванне вялікага князя маскоўскага Васіля I. Пры гэтым казельскі князь атрымаў у якасці кампенсацыі значную пасаду ў Маскве1408 г. вядомы ржэўскі ваявода князь Юрый Казельскі). Паміж 14041406 гг. Казельск быў дададзены да маскоўскага ўдзела князя Уладзіміра Андрэевіча Серпухаўскога. Але ўжо ў 1406 г. Казельск далучаны да ВКЛ, у ім быў пасаджаны намеснік, княства скасавана. Частка казельскіх валасцей была перададзена тарускім князям (потым — мезецкім), якія не пажадалі служыць Маскве. У час унутранай барацьбы ў ВКЛ пасля смерці Вітаўта (1430 г.) Казельск, відаць, пазбавіўся ўлады ВКЛ. У 1447 г. захоплены войскамі ВКЛ. У 1448 намеснікам у Казельску стаў князь Ф. Л. Варатынскі. Апошні ў 1455 г. атрымаў Перамышль. Такім чынам, Варатынскія сканцэнтравалі ў сваіх руках усе ўладанні былога Казельскага княства. У канцы 1489 г. князь Дз. Ф.Варатынскі перайшоў на службу ў Маскву. Казельск апынуўся пад уладай вялікага князя маскоўскага Івана III. Дагавор аб «вечным міры» 1494 г. замацаваў Казельск за Вялікім княствам Маскоўскім.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Гісторыя Калужскай вобласці
Катэгорыя·Вярхоўскія княствы
Катэгорыя·Казельск