wd wp Пошук:

Аблегат

Аблегат (ад лац. ablegatus пасол) – 1) папскі легат;

  1. Пасол з правам дарадчага голасу. Найчасцей у ВКЛ аблегатам называлі гарадскіх паслоў, якія ехалі да караля, скарбу, на соймы і соймікі, на пасяджэнні Трыбунала ВКЛ, задворнага асэсарскага, каптуровага, гродскага, земскага і іншых судоў. Права пасылкі аблегатаў на соймы ў Рэчы Паспалітай мелі Кракаў (з канца XIV ст.), Гданьск, Варшава, Львоў, Камянец-Падольскі у ВКЛВільня (1568 г.), Магілёў (1661 г.), паводле няпэўных звестак, Гародня (1667? г.), Віцебск (1677? г.) і Друя. У ВКЛ права публічнага ўдзелу ў палітычным жыцці давалася разам з набілітацыйнымі прывілеямі гараджанам Вільні (1565 г.) і Магілёва (1661 г.). Але і да гэтага каралеўскія лісты і пашпарты дазвалялі бяспадатковы праезд аблегатаў да караля, на соймы, суды і па іншых гарадскіх справах. Вядомы ліст Жыгімонта III ад 9 чэрвеня 1588 г., яго канфірмацыя ліста Уладзіслава IV ад 8 сакавіка 1633 г. і генеральны пашпарт Яна III ад 7 ліпеня 1682 г. магілёўскім аблегатам,у якіх яны вызваляліся ад маставога, грэблевага і іншых падаткаў. Аблегат адпраўляліся ў пасольствы пасля пастановы сесіі магістрата, дзе іх выбіралі і давалі ім інструкцыі. Шматлікія падарожныя рэестры сведчаць пра вялікія выдаткі з гарадскога скарбу. Вялікія грошы ішлі на ўсемагчымыя прэзенты для залагоджвання дзяржаўных ураднікаў – ад канцлера і маршалка да павятовых паслоў. Інструкцыі патрабавалі дамагацца пацвярджэння папярэдніх правоў горада і атрымання новых. У соймавых дакументах амаль нічога не гаворыцца аб удзеле аблегатаў у пасяджэннях. Толькі сярод подпісаў пад ухваламі сустракаюцца прозвішчы прадстаўнікоў найбольш буйных гарадоў – Кракава, Варшавы і Вільні.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Каталіцтва
Катэгорыя·Дыпламатыя