wd wp Пошук:

Першая Усебеларуская канферэнцыя

Першая Усебеларуская канферэнцыя, Першая Усебеларуская палітычная канферэнцыя, Нацыянальна-палітычная нарада — сход прадстаўнікоў беларускіх арганізацый і партый Заходняй Беларусі, Германіі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Чэхаславакіі. Адбылася 25—28 верасня (паводле іншых крыніц 26—29 верасня) 1921 года ў Празе.

У яе рабоце ўдзельнічалі 37 чалавек. Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў прадстаўлялі С. Баран, К. Душэўскі (Дуж-Душэўскі), Л. Заяц, А. Карабач, В. Ластоўскі, Я. Мамонька, М. Шыла; В. Маслоўская , В. Русак, А. Галавінскі ды іншыя, Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў — В. Захарка, К. Езавітаў, П. Крачэўскі, А. Цвікевіч; Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю — Б. Тарашкевіч; Беларускі нацыянальны камітэт ў Варшаве Л. Дубейкаўскі. Дэлегатамі былі, таксама, прадстаўнікі сялянаў, што вялі партызанскую барацъбу ў Заходняй Беларусі.

Канферэнцыя прыняла рэзалюцыю аб Слуцкім паўстанні 1920, у якой перасцерагала беларускі народ ад непажаданага праліцця крыві. У рэзалюцыі аб дзейнасці Б. Савінкава адзначалася, што ён «Беларускім Нацыянальным Штандарам прыкрывае авантуры польскай і расійскай рэакцыі», «не мае ніякай сувязі з беларускімі палітычнымі і нацыянальнымі арганізацыямі і з’яўляецца правакатарам беларускай дзяржаўнасці і ворагам беларускага народа». У рэзалюцыі аб дзейнасці С. Булак-Балаховіча сцвярджалася, што ён не мае ніякай падтрымкі з боку беларускіх нацыянальных палітычных арганізацый і з’яўляецца «узурпатарам і авантурнікам». Асобная рэзалюцыя датычылася Рыжскага мірнага дагавора 1921. У ёй канферэнцыя пацвярджала вернасць Трэцяй Устаўнай грамаце Рады БНР. У рэзалюцыі аб дзяржаўным будаўніцтве Беларусі канферэнцыя абвяшчала, што Беларусь — край працоўнага сялянства, рабочых і працоўнай інтэлігенцыі, а таму павінна быць «дзяржавай працоўнага народа»; пацвярджаўся прынцып незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. Канферэнцыя заявіла, што адзіным заканадаўчым органам Беларусі з’яўляецца Рада Беларускай Народнай Рэспублікі.

Рэзалюцыі з асуджэннем Рыжскага дагавора і аб становішчы беларускага народа пад акупантамі былі накіраваны ў роўнай ступені і супраць палякаў, і супраць Савецкай Расіі. Напрыклад, дэлегат К. Душэўскі адзначаў: «І Жэліговія, і Савецкая Беларусь — нежыццяздольныя і штучныя фарміраванні». Яго падтрымаў Я. Мамонька, прадстаўнік Рады БНР, які вярнуўся з паездкі па БССР. Ён заявіў, што савецкая рэспубліка створана маскоўскімі камуністамі і «кіруюць там не беларусы». Антыпольскі ўхіл не задавальняў некаторых беларускіх нацыянал-дэмакратаў, якія выбралі шлях супрацоўніцтва з палітычнымі і ваеннымі структурамі Польшчы. Так, А. Паўлюкевіч выказаў падзяку польскім уладам за падтрымку Слуцкага паўстання 1920 года і выступіў рашуча супраць першай часткі лозунга «ні польскіх паноў, ні маскоўскіх камуністаў». П. Аляксюк, хаця і прызнаў недахопы ў палітыцы Варшавы, усё ж настойваў на больш сур’ёзнай пагрозе, якая ішла з Усходу, а не з Захаду: «І таму Беларусь павінна шукаць сабе падтрымку і дапамогу на Захадзе, у Польшчы і Антанты», — падкрэсліў ён.

Супярэчнасці ва ўрадзе БНР па пытанні аб стаўленні да БССР прывялі да правядзення Другой Усебеларускай канферэнцыі (Берлін, 1925).

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Верасень 1921 года
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Беларускі нацыяналізм
1921 год у Празе
Беларуская дыяспара
Гісторыя Беларусі (1918—1939)
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара