wd wp Пошук:

Літоўская Тарыба

20 членаў Літоўскай Тарыбы
Літоўская дзяржаўная Тарыба. Коўна, 1918 г.

Літоўская Тарыба (літ.: Lietuvos Taryba — Літоўскі Савет), з 11 ліпеня 1918 года — Літоўская Дзяржаўная Тарыба — прадстаўнічы орган літоўскага народа і краёвай улады ў Літве ў 19171920 г.

Выбрана на літоўскай канферэнцыі (18-23.9.1917, Вільня) у складзе 20 чалавек (старшыня Антанас Смятона). Ставіла за мэту адраджэнне ў этнаграфічных межах самастойнай незалежнай Літоўскай дзяржавы, скліканне ў Вільні Устаноўчага сейма. 11 лютага 1917 абвясціла Дэкларацыю аб аднаўленні незалежнай Літоўскай дзяржавы са сталіцай Вільня ў саюзе з Германіяй. 16 лютага 1918 абвясціла Дэкларацыю незалежнасці Літвы. 23 сакавіка 1918 на аснове Дэкларацыі Літоўскай Тарыбы ад 11 снежня 1917 Германія прызнала незалежнасць Літвы. У кастрычніку 1918 германскія акупацыйныя ўлады перадалі Літоўскай Тарыбе грамадзянскую ўладу ў краі. 2 лістапада 1918 прынята часовая канстытуцыя Літвы, 11 лістапада 1918 сфарміраваны першы кабінет міністраў.

У выніку дамоўленасці паміж Літоўскай Тарыбай і Віленскай беларускай радай (ВБР), у аснове якой ляжала ідэя стварэння федэратыўнай Беларуска-Літоўскай дзяржавы, 27 лістапада 1918 у склад Літоўскай Тарыбы былі кааптаваны 6 прадстаўнікоў ВБР (В. Ластоўскі, І. Луцкевіч, Я. Станкевіч, Д. Сямашка, У. Талочка, К. Фалькевіч) і ўтворана міністэрства беларускіх спраў (міністры: Я. Варонка з 11 лістапада 1918 да 19 чэрвеня 1920, Д. Сямашка з 19 чэрвеня 1920 да 23 лютага 1923 гг.). 4 красавіка 1919 г. Літоўская Тарыба кааптавала прадстаўнікоў Беларускай рады Гродзеншчыны (выбрана на Беларускім нацыянальным кангрэсе Гродзенскага краю 1-3.12.1918, выступала за далучэнне Гродзеншчыны да Літвы) І. Карчынскага і К. Бялецкага.

Пасля ўвядзення пасады прэзідэнта Літвы ў красавіку 1919 Літоўская Тарыба страціла свае заканадаўчыя функцыі. Фармальна праіснавала да склікання Устаноўчага сейма 15 мая 1920 г.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
1917 год у Літве
Гісторыя Літвы
З’явіліся ў 1917 годзе