wd wp Пошук:

Беларусы ў лівійскім канфлікце

Падчас грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 2011 года ў Лівіі прадстаўнікі паўстанцаў, рабочая група ААН і шматлікія СМІ неаднаразова заяўлялі аб дапамозе ўрадавай арміі Муамара Кадафі з боку беларускіх ваенных саветнікаў і наймітаў. Урад Беларусі афіцыйна адмаўляў падобнага роду інфармацыю. Меркаванне ваенных і палітычных аналітыкаў па пытанні беларускага ўдзелу ў канфлікце адрозніваюцца. Адны спасылаліся на слабую доказную базу і магчымую інфармацыйную вайну. Іншыя дапускалі дадзены факт, абгрунтоўваючы яго наяўнасцю моцных даваенных сувязяў дзвюх краін і распаўсюджваннем практыкі найміцтва ў асяроддзі былых вайскоўцаў Узброеных Сіл Беларусі.

Так ці інакш, але па абвінавачанні ў супрацоўніцтве з рэжымам Кадафі лівійскімі баевікамі захоплены чацьвёра беларусаў, якія былі вызвалены намаганнямі дыпламатаў і спецслужбаў.

Паралельна гэтаму праходзіла інфармацыя аб удзеле наймітаў з Чорнай Афрыкі, Блізкага Усходу і Усходняй Еўропы, у тым ліку грамадзян такіх краін як Румынія, Сербія, Украіна, Казахстан і Расія[1]. Паслугамі розных замежнікаў карысталіся што ўлады, што і паўстанцы.

Уводзіны

Даваеннае становішча

Асноўны артыкул: Беларуска-лівійскія адносіны У 2000-х гадах адбылася актывізацыя адносін паміж Беларуссю і Лівіяй, у тым ліку па ваенным кірунку.

3 лістапада 2008 года тагачасны міністр абароны Леанід Мальцаў падчас сустрэчы ў Мінску са старшынёй Усеагульнага часовага камітэта абароны Абу Бакрам Юнісам Джаберам падкрэсліў, што «Лівія з’яўляецца адным з прыярытэтаў знешняй палітыкі Беларусі». Праз год, 16 снежня 2009-га, у Трыпалі з афіцыйным візітам прыехала беларуская дэлегацыя на чале з новым кіраўніком ваеннага ведамства Юрыем Жадобіным. Тады паміж бакамі быў заключаны пратакол аб супрацоўніцтве ў ваеннай галіне[2][3].

У той жа час на вучэнні «Захад-2009» у Беларусь прыязджаў малодшы сын Кадафі, Хаміс, камандзір элітнай 32-й брыгады лівійскай арміі[2][3]. У чэрвені 2010 года лівійскія вайскоўцы прынялі ўдзел у вучэннях з беларускай 11-й асобнай механізаванай брыгадай са Слоніма, якія праходзілі на Абуз-Лясноўскім палігоне пад Баранавічамі[4].

Як заяўляў саветнік пасольства Беларусі ў Трыпалі Георгій Грамыка, да грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі ў краіне быў размешчаны кантынгент з 500 беларускіх ваенных саветнікаў, інструктараў і спецыялістаў, але з пачаткам баявых дзеянняў частку з іх эвакуявалі. Аднак са слоў ваеннага аташэ Ігара Качугіна, афіцыйна ў краіну вайскоўцы не накіроўваліся. Тым не менш ён не выключыў, што хтосьці мог заключыць індывідуальныя кантракты з лівійскімі сілавымі структурамі[1].

Пазіцыя па канфлікце

Рэспубліка Беларусь стала адной з нямногіх краін, якія падтрымалі Кадафі, не прызналі паўстанцкі Нацыянальны пераходны савет і асудзілі дзеянні блока НАТА. Прадстаўнік Міністэрства замежных спраў заявіў[5]:

" Бамбардзіроўкі тэрыторыі Лівіі выходзяць за рамкі рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН 1973 і парушаюць яе галоўную мэту — забеспячэнне бяспекі мірнаму насельніцтву. Рэспубліка Беларусь заклікае дзяржавы, якія ўдзельнічаюць у ваеннай аперацыі, неадкладна спыніць ваенныя дзеянні, што прыводзяць да чалавечых ахвяр. Урэгуляванне канфлікту з’яўляецца ўнутранай справай Лівіі і павінна ажыццяўляцца толькі лівійскім народам без ваеннага ўмяшання звонку. "

21 красавіка 2011 года прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступіў са штогадовым пасланнем беларускаму народу і парламенту краіны, у якім раскрытыкаваў асвятленне заходнімі СМІ лівійскага канфлікту. Таксама ён згадваў пра размову з Кадафі, з якім стэлефанаваўся падчас баявых дзеянняў. Са слоў прэзідэнта, лівійскі лідар таксама застаўся незадаволеным фэйкамі ад СМІ[6].

Даведаўшыся пра забойства Муамара Кадафі, Лукашэнка сказаў наступнае[7]:

" Здзейснена агрэсія, забіта кіраўніцтва краіны, не толькі Муамар Кадафі. Прытым, як забіта? Ну, застрэлілі б, у баі загінуў бы чалавек. Дык гэта ж з дапамогай спецслужбаў (не думайце, што яго, кіраўніка дзяржавы, пацаны затрымалі. Як яго ахоўвалі, вы ведаеце), захоп кіраўніка краіны ажыццявілі натаўскія спецпадраздзялення. Над ім здзекаваліся, стралялі, параненага гвалтавалі, выкручвалі і ламалі рукі, а потым закатавалі. Горш, чым фашысты ў свой час. "

Як адзначыў палітолаг Сяргей Богдан у эфіры праграмы «Итоги дня» на «Радыё Свабода», забойства лівійскага лідара для беларускага кіраўніцтва было шокам[8].

Удзел у канфлікце

Паведамленні і абвінчаванні

15 лютага, па дадзеных SIPRI, з Баранавічаў у Себху вылецеў транспартнік Іл-76. Самалёт меркавана вёз зброю для войскаў Кадафі[9].

У канцы лютага амерыканскае разведвальна-аналітычнае агенцтва Stratfor са спасылкай на ўласныя крыніцы распаўсюдзіла інфармацыю аб тым, што ў расправах над апазіцыяй прымалі ўдзел выхадцы з Усходняй Еўропы[3] — у прыватнасці, з Беларусі, Украіны, Сербіі і Румыніі[10]. Тэлеканал CNN паказаў відавочцаў, якія казалі, быццам у джыпах з АК-47 на плячы раз’язджалі людзі «з усходнееўрапейскай знешнасцю»[3]. Замежныя байцы пілатавалі баявую авіяцыю, абстрэльваючы апазіцыю, а таксама праводзілі патруляванне і зачыстку вуліц на аўтамабілях[10].

6 красавіка выдавецтва «Камсамольская праўда» выпусціла артыкул аб удзеле ў баявых дзеяннях у Лівіі на баку Кадафі беларускіх ваенных саветнікаў. Рэдакцыя пісала, што замежнікі займаліся падрыхтоўкай лівійскіх сілавікоў, рамонтам і эксплуатацыяй тэхнікі. Яны не ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях, але пастаянна знаходзіліся на лініі фронту. Паведамлялася і пра наймітаў з індывідуальнымі кантрактамі, і пра дзейных вайскоўцаў Узброеных Сіл Беларусі, сярод якіх былі былыя байцы 334-га атрада са складу 5-й асобнай брыгады спецпрызначэння. Некаторыя з іх, як мяркуецца, праходзілі падрыхтоўку на расійскіх базах спецназа і ўдзельнічалі ў вайне ў Аўганістане. Ваенспецы пераканалі лівійцаў аддаць перавагу ўзброеным пікапам замест бронетэхнікі, а таксама ўнесці ў тактыку некаторыя элементы партызанскай вайны, тым самым знізіўшы эфектыўнасць авіяўдараў НАТА і павялічыўшы мабільнасць арміі. Дзякуючы іх садзейнічанню, у канцы сакавіка—пачатку красавіка войскі Кадафі нават змаглі перайсці ў контрнаступленне на ўсходзе краіны. Рэдакцыя звязалася з нейкім Міхаілам, адным з беларускіх наймітаў. Ён паведаміў, што яго зарплата ў Лівіі складае 3000 долараў. Паводле інфармацыі суразмоўцы, пры ўрадавых узброеных сілах знаходзяцца некалькі сотняў беларусаў[1].

8 красавіка кіраўнік рабочай групы ААН па выкарыстанні наймітаў Хасэ Луіс Гомес дэль Прада паведаміў аб наяўнасці мноства доказаў выкарыстання Кадафі замежных байцоў. Большасць, па словах яго слоў, з’яўляліся афрыканцамі, аднак, верагодна, сярод іх меліся і беларусы[11].

Ізноў пра беларускі ўдзел загаварылі ў жніўні—верасні, калі з’явілася інфармацыя аб прысутнасці беларусаў, у тым ліку снайпераў[12], на паўночным захадзе краіны, дзе яны маглі ўступіць у прамыя сутыкненні са спецпадраздзяленнямі НАТА, ААЭ і Катара[13]. Ібрагім Абдэль Магід, адзін з ваенных кіраўнікоў Нацыянальнага пераходнага савета, заявіў, што апазіцыя была праінфармавана з «некаторых крыніц разведкі» аб прыбыцці на дапамогу кадафістам снайпераў розных еўрапейскіх нацыянальнасцяў, у тым ліку ўкраінцаў, беларусаў і іншых. Група ўвайшла ў Лівію праз порт Нуфейда ў Тунісе, пасля чаго перамешчана ў Трыпалі[12]. Акрамя таго, як паведамлялася, лівійскія паўстанцы выявілі ў будынку спецслужбаў дакументацыю, згодна з якой пастаўкі зброі ў Лівію вяліся беларускай арганізацыяй «Белтэхэкспарт»[14].

Заявы ўладаў

Прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных неадразова заяўляў аб адсутнасці ў Лівіі беларускіх наймітаў або вайскоўцаў. Ён назваў абвінавачванні ва ўдзеле дзяржавы ў канфлікце абсурднымі[15]. Пры гэтым, як выказваў прэс-сакратар, «у дачыненні да Беларусі дапушчана памылка»[16]. Што датычыцца інфармацыі ААН, то Савіных і яе раскрытыкаваў, нагадаўшы пра лютаўскіх выпадак, калі генсек Пан Гі Мун асабіста папрасіў прабачэння перад рэспублікай за памылковыя абвінавачванні ў зброевых пастаўках у Кот-д’Івуар[17]. У адказ на публікацыю выдання «Камсамольская праўда» прадстаўнік МЗС заявіў наступнае[1]:

" З’яўленне такога артыкула можна разглядаць як жаданне зарабіць на легкавернасці чытачоў. Альбо мы сутыкнуліся з чарговай акцыяй па дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. "

Разам з тым улады адмаўлялі нават магчымасць удзелу ў баявых дзеяннях «наймітаў-авантурыстаў». На прэс-канферэнцыі 9 лістапада, адказваючы на пытанне «Радыё Свабода», ці ўдзельнічалі беларусы ў аперацыях у Лівіі, памочнік міністра абароны па пытаннях ваеннай палітыкі генерал-маёр Аляксандр Анісімаў сказаў[18]:

" Не, яны не ўдзельнічалі. Як вы можаце ўявіць сабе, што беларускія вайскоўцы, наяўнасць якіх кожны дзень правяраецца ў нашай краіне, могуць знаходзіцца за яе межамі? Я добра ведаю ўсіх вайскоўцаў, якія выйшлі ў адстаўку і маюць авантурны характар, і якія нейкім чынам маглі б апынуцца ў Лівіі. Аднак усе яны знаходзяцца ў Беларусі. Таму яшчэ раз магу з упэўненасцю сказаць, што беларускія вайскоўцы не бралі ўдзел у ваенных дзеяннях у Лівіі. "

Паўторна ў жніўні 2013 года міністр абароны Юрый Жадобін з іроніяй абверг дадзеныя паведамленні[19].

" Інфармацыю тыпу таго, што беларускія вайскоўцы бяруць удзел у ваенных канфліктах у краінах Паўночнай Афрыкі, ці пра тое, ці будзе прымяняцца ядзерная зброя на ваенным вучэнні «Захад – 2013», павінен каментаваць не міністр абароны, а міністр аховы здароўя. У мяне няма такіх спецыялістаў, каб каментавалі падобную інфармацыю. "

Пасля вызвалення Вячаслава Качура.mw-parser-output .ts-Пераход img{margin-left:.285714em}[⇨] прэс-сакратар галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінабароны Уладзімір Макараў таксама абверг ўдзел беларусаў у лівійскім канфлікце[20].

Аналітыкі і аглядчыкі

Першапачаткова паведамленні аб ваеннай дапамозе ад Беларусі, якія ўзніклі вакол звестак SIPRI аб зброевых пастаўках, спісваліся на следства інфармацыйнай вайны і нечаканасцю для заходняй супольнасці зацягвання працэсу звяржэння рэжыму Кадафі.

Як адзначыў намеснік дырэктара Інстытута палітычнага і ваеннага аналізу Аляксандр Храмчыхін, цалкам выключыць ваенныя сувязі паміж Кадафі і Лукашэнкам немагчыма, але доказная база досыць бедная. Ён адным з першых спісаў гэта на нечаканае для Захаду зацягванне канфлікту. Эксперт Інстытута Блізкага Усходу і Расійскага савета па міжнародных справах Сяргей Балмасаў заявіў, што ўсе абвінавачванні ў супрацоўніцтве Мінска і Трыпалі будаваліся на галаслоўных сцвярджэннях дырэктара SIPRI Х’ю Грыфітса[21].

У той жа час, на думку беларускага ваеннага аналітыка Аляксандра Алесіна, адпраўка ў краіну якой-небудзь зброі здавалася немэтазгоднай, паколькі лівійская армія на той момант была добра забяспечана. Значна большую неабходнасць, як заявіў аглядальнік, прадстаўлялі ваенныя спецыялісты і рамонтнікі, якія б падтрымлівалі баяздольнасць тэхнікі і яе рамонт[22][23].

Крыху пазней Алесін у прамым эфіры «Еўрарадыё», калі гаворка зайшла аб артыкуле «Камсамольскай праўды», нагадаў, што беларуская армія неадразова скарачался (асабліва ў 1990-х), шмат кадравікоў былі звольнены, а некаторыя самастойна пакінулі ўзбооеныя сілы з-за нізкай зарплаты. Многія з’ехалі на замежныя заробкі. Былі запатрабаваны лётчыкі, танкісты, тэхнікі-рамонтнікі, спецыялісты спецпадраздзяленняў. Гэта значыць, што размова ідзе пераважна пра адстаўных вайскоўцаў, паколькі афіцыйна дзяржава імкнецца не адпраўляць дзеючыя кадры ў «гарачыя кропкі», нават калі яна зацікаўлена ў канфлікце. Беларусаў у Лівіі, паводле ацэнак аглядальніка, налічвалася ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх сотняў. Некаторыя маглі паспець паваяваць у іншых канфліктах у Афрыцы. Так, напрыклад, Алесін згадаў удзел суайчыннікаў у івуарыйскіх падзеях 2004 года[24].

Палоннікі

У жніўні 2011 года чацвёра грамадзян Беларусі (Валерый Гардзіенка, Ігар Ядзімічаў, Фёдар Труфанаў[25] і Вячаслаў Качура[26]) былі ўзяты ў палон паўстанцамі ў Трыпалі. Як заяўлялі затрыманыя, у чэрвені праз Туніс яны прыбылі ў Лівію на грамадзянскія работы. Разам з 2 грамадзянамі Расіі і 19 Украіны іх судзілі за «дапамогу» рэжыму Кадафі. Усіх падсудных прысудзілі да 10 гадоў турмы за супрацоўніцтва з лаялістамі[27].

Увесь гэты час дыпламаты праводзілі перамовы па вызваленні беларусаў з палону. Пытаннем займаліся МЗС Беларусі, кантактная група і КДБ. Важную ролю адыгралі таксама расійскія дыпламаты і кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў[28].

У 2014 годзе ўдалося дамагчыся датэрміновага вызвалення Гардзіенка, Едзімічава і Труфанава[25]. Аднак пад арыштам ўсё яшчэ заставаўся Качура. Да снежня да яго яшчэ прыязджалі беларускі пасол і консул у Лівіі, але потым зачынілася дыпмісія ў Трыпалі, і візіты дыпламатаў спыніліся[29].

У чэрвені таго ж года па ініцыятыве кіраўніцтва МЗС Расіі, Дзяржаўнай Думы і кіраўніка Чачэнскай Рэспублікі была створана кантактная група па Лівіі пад кіраўніцтвам Льва Дзяньгова. Каманда займалася пытаннямі затрыманых у краіне расіян. Былі паспяхова завершаны аперацыі па вызваленні членаў экіпажаў танкераў «Міхаіл Чабатароў» і «Тэметэрон», маракоў з судна «Мерле». Акрамя таго, група паралельна праводзіла аналіз становішча ў краіне. У верасні 2017 года, пасля візіту ў Мінск Рамзана Кадырава, спецыялісты Дзяньгова пачалі актыўнае супрацоўніцтва з беларускім бокам. Неўзабаве ён і яшчэ некалькі чалавек вылецелі ў Трыпалі, дзе правялі 2,5 месяца, займаючыся вызваленнем Качуры. Як пазней успамінаў кіраўнік кантактнай групы, перамовы маглі пачацца ў 12 дня, а скончыцца ў 5 раніцы[29].

29 студзеня 2018 года палоннік быў адпушчаны[29]. Спярша з Трыпалі ён паляцеў у Абу-Дабі, адтуль – у Маскву, і раніцай 2 лютага беларус прыбыў у Мінск. У аэрапорце Качуру сустракалі сын Міхаіл і дачка Алена[28]. Як адзначалі СМІ, раней ён быў начальнікам штаба 334-га атрада спецыяльнага прызначэння[26]. Лівійскі бок падазраваў, што той — снайпер арміі Кадафі[29].

Гл. таксама

Зноскі

  1. 1 2 3 4 На стороне Каддафи воюют белорусские партизаны // Комсомольская правда : газета. — 6 апреля 2011.
  2. 1 2 Сергей Стаховский. Муаммар и Беларусь // Салідарнасць : газета. — 21 октября 2011.
  3. 1 2 3 4 Белорусская джамахирия: Полковник Каддафи ищет прибежища в Минске // The New Times : журнал. — № 08 (193). — 7 марта 2011.
  4. МИД опровергает информацию о белорусских наемниках в Ливии и самолете с золотом Каддафи (нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 28 красавіка 20212021-04-25. Праверана 11 верасня 2022.
  5. Statement released by the Foreign Ministry in connection with the missile strikes and bombings on Libya(англ.) . Праверана 20 красавіка 2016.
  6. Александр Лукашенко разговаривал с Муаммаром Каддафи в разгар войны в Ливии Архівавана 23 красавіка 2016. // СТВ, 21 апреля 2011
  7. Лукашенко об убийстве Каддафи на YouTube
  8. Лукашенко близко к сердцу воспринял события в Ливии
  9. NEWSru.com :: SIPRI: Белоруссия снабдила Каддафи оружием для уничтожения революционеров
  10. 1 2 СМИ: в расправе над ливийскими повстанцами, возможно, участвуют наемники из Белоруссии
  11. ООН: на стороне Каддафи воюют белорусы // Telegraf.by : интернет-ресурс. — 9 сентября 2011.
  12. 1 2 Белорусские снайперы защищали Каддафи в Ливии? Архівавана 24 ліпеня 2020.
  13. В боях за Триполи принял участие иностранный спецназ
  14. Повстанцы: На стороне Каддафи воевали не только украинские, но и белорусские снайперы
  15. МИД: Белорусских военных в Ливии нет и никогда не было Архівавана 19 красавіка 2021.
  16. Белорусских снайперов в Ливии не было, заявил МИД
  17. Публикации со ссылкой на экспертов ООН о наличии в Ливии белорусских наемников не заслуживают доверия - МИД
  18. Генерал Анисимов: белорусских военных в Ливии не было
  19. Жадобин отшутился о белорусских военных в Судане // Хартыя ‘97, 28 августа 2013
  20. Минобороны: белорусы не участвовали в военных действиях в Ливии
  21. Сергей Балмасов. Диктатор Лукашенко спасает Полковника // Правда.Ру, 3 марта 2011.
  22. Летало ли белорусское оружие в Ливию и Кот-д’Ивуар? Архівавана 30 лістапада 2018. — TUT.BY, 2 марта 2011
  23. Валер Карбалевіч. Якія наступствы могуць мець скандалы з пастаўкамі зброі? // Радыё Свабода : радыёвяшчальная арганізацыя. — 1 сакавіка 2011.
  24. Эксперт: В Ливии могут воевать белорусские летчики, штабисты и снайперы
  25. 1 2 Белорус, вернувшийся в ливийский плен более шести лет, вернулся в Минск // Комсомольская правда, 2 февраля 2018 года(недаступная спасылка)
  26. 1 2 Источник: освобожденный из плена в Ливии белорусский военный прибыл в Минск
  27. Суд над русскими «наемниками» в Ливии возмутил Москву // RT, 5 июня 2012
  28. 1 2 Хроника событий: как освобождали из ливийского плена Вячеслава Качуру // Sputnik Belarus, 2 февраля 2018
  29. 1 2 3 4 Катерина Борисевич.“Начинали переговоры в 12.00, заканчивали — в 5 утра”. Как освобождали в Ливии белорусского пленника Архівавана 4 мая 2021. // TUT.BY, 3 февраля 2018

Крыніцы

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Найміты
Катэгорыя·Міжнароднае ваеннае супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Грамадзянская вайна ў Лівіі