wd wp Пошук:

Вячаслаў Міхайлавіч Качура

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Качура.

Вячаслаў Міхайлавіч Качура (нар. 28 кастрычніка 1954, Дрэздэн, ГДР) — маёр ГРУ СССР, былы начальнік штаба 334-га асобнага атрада спецыяльнага прызначэння, удзельнік Афганскай вайны і меркавана грамадзянскай вайны ў Лівіі. Апошні грамадзянін Рэспублікі Беларусь, вызвалены з лівійскага палону.

Папярэдняя біяграфія

Нарадзіўся 28 верасня 1954 года ва ўсходнегерманскім Дрэздэне ў сям’і савецкага вайскоўца, які служыў у ГСВГ. Да 1964-га вучыўся ў 11-й школе, але затым перайшоў у 109-ю, якую скончыў у 1971 годзе. Паступіў у Кіеўскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча[1].

У 1976—1977 служыў у вайсковай частцы 69615, пазней накіраваны ў 74854. З 1986 года ўдзельнічаў у Афганскай вайне. У 1987 годзе прызначаны начальнікам штаба 334-га асобнага атрада спецыяльнага прызначэння ГРУ ГШ УС СССР. У маі 1988 года 334-ы атрад быў выведзены з Афганістана і пераведзены са складу 15-й брыгады ў 5-ю[2], дзе Качура ўзначаліў 6-ы батальён. Пасля распаду СССР ён некаторы час праслужыў ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, але выйшаў у адстаўку ў 1993-м[1].

На «грамадзянцы» адзін час працаваў кіроўцам у прыватнай фірме, пазней рамантаваў аўтамабілі[3].

Жыў у Мар’інай Горцы, Пухавіцкі раён Мінскай вобласці.

Лівійскі палон

У 2005 годзе, як заяўляў сам Качура, па запрашэнні сябра з’ехаў у Лівійскую Джамахірыю, дзе заставаўся нават падчас грамадзянскай вайны[3]. Паводле іншай інфармацыі, адстаўны маёр прыбыў у краіну ў чэрвені 2011 года ў складзе групы міжнародных спецыялістаў з Расіі, Украіны і Беларусі, нанятых сумеснай расійска-лівійскай кампаніяй. З яго слоў, ён працаваў па кантрактах, якія былі заключаны з ведама ўрада краіны, займаючыся рамонтам легкавых машын. У апошні месяц перад палонам беларус паспеў адрамантаваць два аўтамабілі «Міцубісі»[4].

У канцы жніўня, падчас штурму сіламі НАТА і паўстанцамі ПНС сталіцы краіны Трыпалі, спецыялісты былі схоплены ўзброенай апазіцыяй. Замежнікаў абвінавацілі ў дапамаганні рэжыму Кадафі. Паводле версіі паўстанцаў, затрыманыя ажыццяўлялі рамонт сродкаў СПА Лівіі, «ствараючы пагрозу для лётчыкаў кааліцыі, якія абаранялі народ Лівіі». Палонных трымалі ў аэрапорце Мітыга пад Трыпалі[5].

Самога Качуру баевікі абвясцілі снайперам войскаў Кадафі[6]. Разам з ім у палон трапілі беларусы Валерый Гардзіенка, Ігар Едзімічаў і Фёдар Труфанаў. У чэрвені 2012 усіх іх прысудзілі да 10 гадоў турмы за супрацоўніцтва з лаялістамі[7]. У 2014 годзе ўдалося дамагчыся датэрміновага вызвалення Гардзіенкі, Едзімічава і Труфанава[8]. Аднак пад арыштам ўсё яшчэ заставаўся Качура. Да снежня да палоннага прыязджалі пасол і консул Беларусі ў Лівіі, але потым зачынілася дыпмісія ў Трыпалі, і візіты дыпламатаў спыніліся[6].

У чэрвені таго ж года па ініцыятыве кіраўніцтва МЗС Расіі, Дзяржаўнай Думы і кіраўніка Чачэнскай Рэспублікі Рамзана Кадырава была створана кантактная група па Лівіі пад кіраўніцтвам Льва Дзяньгова. Каманда займалася пытаннямі затрыманых у краіне расіян. Былі паспяхова завершаны аперацыі па вызваленні членаў экіпажаў танкераў «Міхаіл Чабатароў» і «Тэметэрон», маракоў з судна «Мерле». Акрамя таго, група паралельна праводзіла аналіз становішча ў краіне. У верасні 2017 года, пасля візіту ў Мінск Рамзана Кадырава, спецыялісты Дзяньгова пачалі актыўнае супрацоўніцтва з беларускім бокам. Неўзабаве ён і яшчэ некалькі чалавек вылецелі ў Трыпалі, дзе правялі 2,5 месяцы, займаючыся вызваленнем Качуры. Як пазней успамінаў кіраўнік кантактнай групы, перамовы маглі пачацца а 12:00 дня, а скончыцца а 05:00 раніцы[6].

29 студзеня 2018 года палонны быў адпушчаны[6]. Спярша з Трыпалі ён паляцеў у Абу-Дабі, адтуль — у Маскву, і раніцай 2 лютага беларус прыбыў у Мінск[9].

Узнагароды

Сям’я

Ёсць сын Міхаіл і дачка Алена[9].

Гл. таксама

Зноскі

  1. 1 2 Старонка Качуры ў «Аднакласніках». Раздзел «Аб сабе».
  2. 1 2 Прощай, земля Афганистана!.. По материалам Белорусской военной газеты. // Блог Юрия Сетина, 5 мая 2014.
  3. 1 2 Интервью
  4. Освобожденный из плена белорус рассказал, чем занимался в Ливии
  5. Белорус больше шести лет находится в ливийском плену Архівавана 22 кастрычніка 2021.
  6. 1 2 3 4 Катерина Борисевич.«Начинали переговоры в 12 дня, заканчивали — в 5 утра». Как освобождали в Ливии белорусского пленника Архівавана 4 мая 2021. // TUT.BY, 3 февраля 2018
  7. Суд над русскими «наемниками» в Ливии возмутил Москву // RT, 5 июня 2012
  8. Белорус, вернувшийся в ливийский плен более шести лет, вернулся в Минск // Комсомольская правда, 2 февраля 2018 года(недаступная спасылка)
  9. 1 2 Хроника событий: как освобождали из ливийского плена Вячеслава Качуру // Sputnik Belarus, 2 февраля 2018

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Ваенныя Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй дат у картцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1954 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Дрэздэне
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Удзельнікі Афганскай вайны (1979—1989)
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Нарадзіліся 28 кастрычніка
Катэгорыя·Маёры
Катэгорыя·Выпускнікі Кіеўскага вышэйшага агульнавайсковага каманднага вучылішча
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра ваенных дзеячаў без партрэтаў
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі