wd wp Пошук:

334-ы асобны атрад спецыяльнага прызначэння

334-ы асобны атрад спецыяльнага прызначэння — ваеннае фарміраванне УС СССР. Створана на базе 5-й брыгады СпП, але большы час з’яўлялася часткай 15-й брыгады СпП.

Атрад вядомы за кошт удзелу ў Афганскай вайне, дзе стаў самай мабільнай і баяздольнай адзінкай АКСВА[1]. Было першым падраздзяленнем, якое пакінула зону канфлікту ў рамках вываду савецкага кантынгенту ў 1988—1989 гадах[2].

Гісторыя

Да пачатку 1984 года кіраўніцтва УС СССР прымае рашэнне аб стварэнні прыгранічнай зоны «Заслона»(руск.) бел., мэтай якой стала знішчэнне караванаў, што забяспечвалі афганскіх маджахедаў зброяй і боепрыпасамі з Пакістана і Ірана. Для правядзення аперацыі ў зону баявых дзеянняў уводзяцца 2 асобныя брыгады спецыяльнага прызначэння (15-я і 22-я(руск.) бел.). Задачай іх з’яўлялася блакаванне караванных шляхоў на вялікім участку ў памежжы ля афгана-пакістанскай мяжы і часткова ў паўднёвай частцы афгана-іранскай мяжы. Для гэтага брыгады былі раззасяроджаны асобнымі атрадамі (батальёнамі) па прыгранічных правінцыях[3].

Адным з такіх стаў 334-ы асобны атрад спецыяльнага прызначэння ГРУ, сфармаваны на падставе дырэктывы Генеральнага Штаба УС СССР ад 7 снежня 1984 года. Фарміраванне падраздзялення ажыццяўлялася з 12 снежня 1984 года па 13 студзеня 1985 года на базе 5-ай асобнай брыгады спецназа ў горадзе Мар’іна Горка. У склад падраздзялення ўвайшлі вайскоўцы з Беларускай, Ленінградскай, Далёкаўсходняй, Прыкарпатскай(руск.) бел. і Сярэднеазіяцкай(руск.) бел. ваенных акругаў. Пасля завяршэння камплектацыі атрад быў перададзены ў склад Туркестанскай ВА (горад Чырчык, Ташкенцкая вобласць, Узбекская ССР)[1].

У перыяд з 17 па 29 сакавіка таго ж года атрад перадыслакаваны ў Асадабад(руск.) бел. (правінцыя Кунар, Дэмакратычная Рэспубліка Афганістан)[1]. Для захавання сакрэтнасці ён маскіраваўся пад 5-ы асобны мотастралковы батальён[4]. Падчас удзелу ў замежнай кампаніі яго ўзначальвалі[1]:

Лагер фарміравання знаходзіўся ў цясніне, па якой працякала рака. Базу, размешчаную на астраўку, маджахеды неаднаразова абстрэльвалі з бліжэйшых гор[5].

Аб дзейнасці байцоў 334-га ўдзельнік канфлікту Сяргей Казлоў(руск.) бел. адзначыў наступнае[5]:

" З-за таго, што правінцыя Кунар адрознівалася высакагор’ем і тым, што практычна ўсе караванныя маршруты праходзілі па своеасаблівым ланцугу ўмацаваных раёнаў маджахедаў, атрад выкарыстаў уласцівую толькі яму тактыку. [....] Атрад адпрацаваў тактыку штурмавых дзеянняў і раптоўных налётаў на ўмацаваныя раёны і асобныя іх элементы. З-за таго, што абраная тактыка была вельмі рызыкоўнай, страты ў гэтым атрадзе былі найбольш высокімі. "

За час сваёй місіі ў рэгіёне падраздзяленне знішчыла амаль усе аб’екты праціўніка. Вайскоўцамі здзейснена больш за 250 баявых выхадаў. Пры гэтым знішчаны 2851 мяцежнік і вялікая колькасць узбраенняў. Каля 20 лідараў паўстанцаў трапілі ў палон[1]. Уласныя страты склалі 104[6]—105[7] чалавекі забітымі, цяжка параненымі — 124, лёгка параненымі — 196[8]. Самым крывавым стаў бой 21 красавіка 1985 года ў Мараварскай цясніне(бел. (тар.)) бел., калі загінулі 29 спецназаўцаў.

15 мая 1988 года атрад пакінуў Афганістан і вярнуўся ў Мар’іну Горку[1].

Постсавецкі перыяд

6 красавіка 2011 года выдавецтва «Камсамольская праўда» выпусціла артыкул аб удзеле ў баявых дзеяннях у Лівіі на баку прыхільнікаў Муамара Кадафі беларускіх ваенных саветнікаў. У прыватнасці, рэдакцыя пісала[9]:

" Прысутнічаюць у краіне і супрацоўнікі беларускага ГРУ. Большай часткай гэта афіцэры былога 334-га атрада спецназа, дыслакаванага ў Мар’інай Горцы пад Мінскам. Але ўсе яны заключалі індывідуальныя кантракты з лівійскімі ўладамі і атрымлівалі фінансаванне менавіта ад іх. "

Праз некалькі месяцаў паўстанцы ўзялі ў палон Вячаслава Качура, былога начальніка штаба 334-га атрада[10].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 История отряда
  2. Александр Макаров. 30 лет назад в Марьиной Горке на базе 5–й отдельной бригады специального назначения был сформирован 334–й отдельный отряд специального назначения // СБ. Беларусь Сегодня : газета. — 28 июля 2015
  3. Спецназ ГРУ:1979-1989 (афганский этап) Архівавана 2 мая 2014 года.
  4. Вікенцій Ключнік.Тут пачынаўся спецназ // Звязда : газета. — 5 снежня 2013.
  5. 1 2 Асадабад. 334 ооСпН
  6. Книга Памяти
  7. Лара Навменова. Это спецназ, детка: корреспондент «ГП» побывала в войсковой части, воевавшей в Афганистане // Гомельская праўда : газета. — 23 мая 2015.
  8. Историческая справка по 334 отдельному отряду специального назначения (ООСпН
  9. На стороне Каддафи воюют белорусские партизаны // Комсомольская правда : газета. — 6 апреля 2011.
  10. Белорус больше шести лет находится в ливийском плену Архівавана 22 кастрычніка 2021.
Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Афганская вайна (1979—1989)
Катэгорыя·З’явіліся ў 1984 годзе
Катэгорыя·Зніклі ў 1988 годзе