wd wp Пошук:

Беларускі нацыяналізм

Белару́скі нацыяналі́зм — беларуская форма нацыяналізму: ідэалогія і напрамак палітыкі, асноватворным прынцыпам якіх з’яўляецца тэза пра каштоўнасць беларускай нацыі як вышэйшай формы грамадскага адзінства, яе першаснасці ў дзяржаваўтваральным працэсе. Найчасцей за ўсё беларускаму нацыяналізму даецца вызначэнне, як ідэалогіі перавагі беларускай нацыі над астатнімі, блытаючы з нацызмам, што памылкова[1].

Як палітычны рух беларускі нацыяналізм імкнецца да абароны інтарэсаў тытульнай нацыі ў адносінах з дзяржаўнай уладай: абарона беларускай мовы, звяртанне ўвагі на яе прыніжэнне з боку дзяржаўнай улады[2], прыняцце ў якасці дзяржаўных сімвалаў гістарычных бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня»[3][4], развіццё беларускай нацыянальнай самасвядомасці.

Сімволіка беларускага нацыяналізму грунтуецца на старажытным гербе «Пагоня» (ХIII ст.), і бел-чырвона-белым сцягу (распрацаваны Клаўдзіем Дуж-Душэўскім у 1917 годзе). Беларускія нацыяналісты карыстаюцца лозунгам-клічам: «Жыве Беларусь!», і зваротным адказам: «Жыве вечна!». Музычным спевам беларускіх нацыяналістаў з’яляюцца гімн «Пагоня» і духоўны гімн «Магутны Божа».

Гісторычныя перадумовы

Асноўны артыкул: Беларускае нацыянальнае адраджэнне Гістарычны падмурак беларускага нацыяналізму: фарміраванне беларускай дзяржаўнасці з Полацкага княства, гістарычная спадчына Вялікага Княства Літоўскага, Паўстанне 1863-1864 гадоў (звяртаецца ўвага на дзейнасць Кастуся Каліноўскага), абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі (1918), дзейнасць Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» (1988), дзейнасць партыі БНФ[5]

Ліцвінства

Асноўны артыкул: Ліцвінства Ліцвінства — філасофска-палітычная плынь у Беларусі, якая грунтуе гісторыю сваёй дзяржавы на спадчыне Вялікага Княства Літоўскага. Галоўная ідэя ідэолагаў ліцвінства палягае ў вяртанні этноніма «ліцвіны» ва ўжытак у дачыненні да цяперашніх беларусаў. Этнонім «ліцвіны», а разам з ім і назва краіны «Літва», супрацьпастаўляюцца этноніму «беларусы» ды назве краіны «Беларусь», бо апошнія прызнаюцца за каланіяльныя перажыткі мінуўшчыны, якімі спрабавалі знішчыць самасвядомасць ліцвінаў[6].

Нацыянал-анархізм

Асноўны артыкул: Пошуг (арганізацыя) Нацыянал-анархізм у Беларусі — з’ява новая. Да арганізацый, якія прытрымліваюцца гэтай ідэалогіі, адносіцца «Пошуг», які ўважае за сваю ідэалогію «этна-анархізм»[7]. Арганизацыя была заснаваная ў канцы 2012 года[8] або ў 2013 годзе[7]. Упершыню арганізацыя атрымала шырокую вядомасць у 2014 годзе дзякуючы відэа, на якім невядомыя здзіраюць з майкі хлопца надпіс «Я рускі» (руск.: Я русский)[7]. Этна-анархісты з «Пошугу» выступаюць супраць «культурнага генацыду», які вядзе «да акупацыі ўсходняй імперыяй»[7]. Таксама арганізацыя прапануе не плаціць падаткі і штрафы, хаваць справаздачнасць аб эканамічнай дзейнасці, актыўна ўдзельнічаць у шэрым і чорным рынках[8]. Арганізацыя таксама стаіць на экацэнтрычных пазіцыях, таму ейныя сябры з’яўляюцца веганамі ды вегетарыянцамі[7].

Нацыянал-сацыялізм

1930-я

Асноўны артыкул: Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя Партыя беларускіх нацыянал-сацыялістаў была ўтвораная ў Вільні ў 1933 годзе. Яе ідэолагамі сталі вядомыя беларускія дзеячы: Фабіян Акінчыц, Уладзіслаў Казлоўскі, Альбін Стаповіч, Лявон Дубейкаўскі. Быў таксама заснаваны часопіс «Новы Шлях». Вялікі ўплыў на развіццё беларускай нацыянал-сацыялістычнай думкі мела папулярная ў Еўропе, асабліва ў Германіі, нацыянал-сацыялістычная ідэя, заснаваная на нацыяналізме і антысемітызме.

Спалучэнне нацыянальнай ідэі з сацыялістычнай бачылася як галоўная ўмова аб’яднання і незалежнасці беларускага народа. Будучы адначасна нацыяналістамі і сацыялістамі, беларускія нацыянал-сацыялісты выпрацавалі адпаведную канцэпцыю беларускай дзяржаўнасці і яе ладу.

Беларускі нацыяналізм патрэбны быў як супраціўленне палітыцы паланізацыі і русіфікацыі. Сацыялістычныя погляды вынікалі з крытыкі марксізму, гаспадаркі і палітыкі ў Савецкім Саюзе. Крытыкуючы марксізм, беларускія нацыянал-сацыялісты ставілі яму ў віну ідэю дыктатуры пралетарыяту як зусім не прыдатную ў беларускім, збольшага аграрным, грамадстве. Лічылі, што асновай гаспадаркі павінныя быць кааператывы. Адкідалі марксізм, даказваючы, што кожная нацыя мае свае асаблівасці, і сацыялістычная ідэя мусіць з імі лічыцца. Крытыкуючы сацыялістычнае будаўніцтва ў савецкіх вёсках (калектывізацыю, непісьменнасць старшыняў калгасаў), сацыялістычны лад на вёсцы ўяўлялі як такі стан, пры якім сяляне пазбыліся б усялякай эксплуатацыі, ці то буржуазнай, ці пралетарскай.

Галоўныя вехі беларускага нацыянал-сацыялізму зводзіліся да змагання за незалежнасць і паляпшэнне жыцця, за дабрабыт усяго беларускага народа. Найбольш шкодным для беларусаў лічыўся інтэрнацыяналізм (міжнародны сацыялізм). У ім бачылі пагрозу для самастойнага існавання народаў, асабліва тых, якія мелі нізкую нацыянальную свядомасць.

Галоўнымі лозунгам беларускай нацыянал-сацыялістычнай ідэалогіі было: «Супраць чужога і свайго капіталізму — свой сацыялізм, супраць чужога нацыяналізму — свой нацыяналізм»[9].

Асаблівае месца нацыянал-сацыялісты ў сваёй ідэалогіі адводзілі яўрэям — лічылі іх галоўнымі віноўнікамі эканамічнага заняпаду беларусаў. Палякаў абвінавачвалі ў паланізацыі, а рускіх — у русіфікацыі беларускага народу.

Стаўленне да рэлігіі вызначалі паводле карысці або шкоднасці для беларускай нацыі. Сцвярджалі, што каталіцкае і праваслаўнае духавенства на беларускіх землях галоўным чынам спрычынілася да паланізацыі і русіфікацыі, а таксама падтрымоўвання цікавасцяў абшарнікаў і капіталістаў. Заклікалі весці рашучую барацьбу з «польска-каталіцкім і маскоўска-праваслаўным клерам»[9].

1990-я

У 1994 годзе ў Беларусі была заснаваная беларуская рэгіянальная арганізацыя РНА. Арганізацыя мела прарасійскі характар, прытрымлівалася рускага нацыяналізму і ідэі трыадзінства. Назіральнікі адзначаюць, што пасля смерці ў 2000 годзе тагачаснага лідара беларускага філіяла РНА Самойлава арганізацыя заняпала. Паводле незалежных крыніц, на 2007 год у РНА было ўсяго 20 сяброў[10].

У 1995 годзе быў заснаваны гурт «Apraxia». Паводле заявы лідара гурту ў інтэрв’ю аднаму з правых часопісаў, «Apraxia» (з 2003 пад назвай «Молат») да ўзнікнення гурту «Оскал» з Віцебска (прыкладна ў 2005) з’яўляўся адзіным гуртом з Беларусі, які адкрыта і канкрэтна заявіў пра прыналежнасць да нацыянал-сацыялістычнага руху[11].

2000-я

У 2002 годзе ў Мінску быў створаны НСБМ-гурт «P.D. SS. Totenkopf». Асноўнай тэматыкай песень гурту з’яўляецца антысемітызм ды нацыяналізм. У тым жа 2002 годзе быў заснаваны РСК-гурт «Камаедзіца». Удзельнікі «Камаедзіцы» ўважаюць сябе за нацыянал-сацыялістаў, прытрымліваюцца антыхрысціянскіх пазіцый, падтрымліваюць ідэі трыадзінства (аб’яднання народаў Украіны, Расіі ды Беларусі, лічачы іх за адзін народ).

У лістападзе 2005 года была створаная ультраправая арганізацыя скінхэдаў «Белай Воля». Для яе ідэалогіі ўласцівыя папулізм, а таксама спекуляцыя на тэмы сацыяльных праблем — ад нелегальнай міграцыі да падзення ўзроўню нараджальнасці. Натхняльнікі «Белай Волі» вызначылі некалькі патэнцыйных пагроз для беларускага грамадства: транснацыянальныя карпарацыі, расійскія алігархі, лібералізм. Арганізацыя цалкам заняпала ўжо ў 2010 годзе.

2010-я

У 2010-я было створана некалькі НСБМ-гуртоў: «Wehrwolf» (2011), «Dies Nefastus» (2012), «Ulvkros» (2015).

Падзеі

Асноўны артыкул: Наш Грунвальд

Ян Матэйка. «Грунвальдская бітва» (1878)

Святкаванне 600-годдзя Грунвальдскай бітвы. Войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з Вітаўтам разам з войскамі Польскай Кароны ўчынілі разгром нямецкіх рыцараў Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве ў 1410 годзе, што паклала канец гегемоніі ордэна і змяніла геапалітычнае становішча Вялікага Княства Літоўскага.

«Бітва пад Оршай» (карціна, 16 ст.)
Асноўны артыкул: **[Аршанская бітва (фестываль)](/Аршанская_бітва_(фестываль) "Аршанская бітва (фестываль)")**500 гадоў бітвы пад Оршай у 2014 годзе. Бітва 8 верасня 1514 года ў час [маскоўска-літоўскай вайны](/Маскоўска-літоўская_вайна,_1512-1522 "Маскоўска-літоўская вайна, 1512-1522") (1512—1522) паміж войскамі Вялікага Княства Літоўскага і [Вялікага княства Маскоўскага](/Вялікае_княства_Маскоўскае "Вялікае княства Маскоўскае").

У Беларусі 8 верасня ў якасці Дня беларускай вайсковай славы неафіцыйна пачалі адзначаць яшчэ за часамі Перабудовы[12]. А ў гадавіну перамогі 8 верасня 1992 года на плошчы Незалежнасці 12 беларускіх афіцэраў і каля 3000 салдат запасу ўрачыста прысягнулі на вернасць свайму народу і Айчыне[13]. У прыняцці прысягі прымалі ўдзел і палітычныя дзеячы Беларускага Народнага Фронту. Побач стаялі знакаміты пісьменнік Васіль Быкаў, Зянон Пазняк і Анатоль Грыцкевіч.

Штогод адзначаюцца Дзяды (Курапаты), Дзень Волі, Чарнобыльскі шлях і Ноч растраляных паэтаў.

Палітычны стан

Беларускі нацыяналізм праяўляецца не як этнічны, а як грамадзянскі нацыяналізм.

Помнік «Змагарам за вольную Беларусь» у Саўт-Рыверы

У сучасных умовах у Беларусі існуе шэраг арганізацый з ідэалагічнай асновай беларускага нацыяналізму, у тым ліку Партыя БНФ, Кансерватыўна-Хрысціянская партыя — БНФ, Малады фронт і іншыя. Таксама ёсць шэраг арганізацый у беларусаў замежжа. У канцы 1980-х і пачатку 1990-х гадоў бачным дзеячам беларускага нацыяналізму быў Зянон Пазняк, які з 1996 года знаходзіцца ў эміграцыі[крыніца?].

Жалобная працэсія па загінулым беларусе Міхаіле Жызнеўскім у асяроддзі беларускіх бел-чырвона-белых, украінскіх і сцягоў арганізацыі УНА-УНСО на Крэшчаціку ў Кіеве. Міхаіл Жызнеўскі быў забіты падчас Еўрамайдану ў Кіеве.

Асноўны артыкул: Пагоня (атрад) Беларускі нацыяналізм таксама гістарычна можа быць злучаны з праявамі русафобіі[крыніца?]. Пасля пачатку вайны на ўсходзе Украіны ў 2014 годзе шэраг беларускіх нацыяналістаў ваявалі разам з украінскімі ўрадавымі войскамі[14][15][16] Помнік беларусам, якія загінулі за Украіну быў адкрыты 28 сакавіка 2016 года ў сталіцы Украіны Кіеве[17].

Нацыяналізм меў папулярнасць у пачатку 1990-х гадоў на хвалі крызісу камуністычнай ідэалогіі і эканамічнага крызісу ў краіне, пасля Еўрамайдана ва Украіне (2014), пасля жніўня 2020 года[крыніца?].

Мова

Значная частка беларускіх нацыяналістаў у пісьме выкарыстоўвае беларускую моўную норму, распрацаваную Браніславам Тарашкевічам у 1918 годзе, т. зв. «тарашкевіцы», у меншым памеры, найчасцей беларусамі замежжа, «лацінку»[крыніца?] (гл. беларускі лацінскі алфавіт) — варыянт запісу беларускай мовы лацінскім алфавітам.

Зноскі

  1. Прапаганда называе бчб нацысцкім сцягам(руск.) .
  2. Артыкул «Ці патрэбны беларусам беларускамоўныя школы?» Архівавана 25 верасня 2011.
  3. У Мінске затрыманы Зміцер Дашкевіч(руск.)  (недаступная спасылка). tut.by. Архівавана з першакрыніцы 3 кастрычніка 2016. Праверана 04.10.2016.
  4. “Завітала на акцыю, а яны на мяне пратакол!” “Малады Фронт” собраў подпісы за БЧБ-сцяг(руск.)  (недаступная спасылка). tut.by. Архівавана з першакрыніцы 4 кастрычніка 2016. Праверана 04.10.2016.
  5. Разбор хлусні пра беларускі нацыяналізм(руск.) .
  6. Пра ліцвінаў
  7. 1 2 3 4 5 Алесь Кіркевіч. «Пошуг» — новае слова ў нацыянальным лексіконе (бел.)  // Новы Час. — 08-11-2014.
  8. 1 2 Влад Шведович. «Прамень» против «Пошуга», «Черная роза» и «Черный крест» — чем отличаются группы белорусских анархистов(руск.)  // Наша Ніва. — 29.03.2017.
  9. 1 2 Лена Глагоўская. БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛ-САЦЫЯЛІЗМ і АСЯРОДЗЬДЗЕ “НОВАГА ШЛЯХУ”(бел. (тар.)) . — Ліпень 9, 2006.
  10. Алег Груздзіловіч. Рускі фашызм у Беларусі (нявызн.), Радыё «Свабода» (17 жніўня 2007). Праверана 6 сакавіка 2017.
  11. Гутарка з беларускай WP-NS бандай малацілі Архівавана 8 кастрычніка 2011 года, Часопіс «Белае Паволжа», № 1, 2005 года (копія артыкула на правым партале wpmusic.ru)
  12. 8 верасьня — Дзень беларускай вайсковай славы // «Наша Ніва», 8 верасьня 2007.
  13. Івашкевіч, Стась. Аршанская бітва: гісторыкі ваююць і па сёньня (нявызн.). Naviny.by (8 верасня 2003). Праверана 3 лістапада 2010.
  14. Belarusian ‘Vayar’ vs. ‘Black Hundred’ // InformNapalm
  15. Belarusians are fighting in Avdeevka? // WeapoNews.com
  16. Belarus Slowly and Carefully Walks Along the Ukrainian Path // stalkerzone.org
  17. Monument to Belarusians who died for Ukraine was opened in Kyiv // Belsat TV

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Старонкі з модулем Hatnote з чырвонай спасылкай
Катэгорыя·Культура Беларусі
Катэгорыя·Беларускі нацыяналізм
Катэгорыя·Артыкулы са сцвярджэннямі без крыніц