wd wp Пошук:

Зянон Пазняк

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Пазняк. Зяно́н Станісла́вавіч Пазня́к (нар. 24 красавіка 1944, в. Суботнікі, Іўеўскі раён) — беларускі палітык і грамадскі дзеяч, археолаг, мастацтвазнаўца, пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў «Мартыралогу Беларусі» (1988) і Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне» (1989—1999), старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі — БНФ (з 1999).

Біяграфічныя звесткі

Беларус, каталік. Унук беларускага дзеяча ў міжваеннай Польшчы Янкі Пазняка. Бацька загінуў на фронце ў снежні 1944. Скончыў Суботніцкую сярэднюю школу, мастацтвазнаўчае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (1967), аспірантуру пры Інстытуце этнаграфіі, мастацтвазнаўства і фальклору АН БССР (1972).

З 1960-х шмат рабіў для захавання гістарычнай спадчыны, помнікаў архітэктуры і гісторыка-архітэктурнага асяроддзя. У 1969 разам з Лявонам Баразной апублікаваў у газэце «Правда» артыкул «Заботясь о будущем», спрабуючы выратаваць ад знішчэння гістарычную вуліцу Няміга, што адтэрмінавала знішчэнне многіх гістарычна каштоўных будынкаў і кварталаў у цэнтры Мінска, у т.л. Траецкага прадмесця, Верхняга горада і Ракаўскага прадмесця.

Займаўся мастацтвазнаўствам. У 1974 пазбаўленны працы ў Інстытуце мастацтвазнаўства, з 1976 займаўся археалогіяй. Працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у аддзеле археалогіі Інстытута гісторыі АН БССР, вывучаў перыяд позняга Сярэднявечча ў Беларусі, займаючыся раскопкамі Мінска, Лоска і інш. У 1981 абараніў дысертацыю па гісторыі беларускага тэатра, з прычыны канфлікту з кіраўніцтвам інстытута абарона адбылася ў Ленінградзе.

У 1988 адкрыў і археалагічна даследаваў масавыя пахаванні людзей у Курапатах. У чэрвені 1988 у газеце «Літаратура і мастацтва» апублікаваў артыкул «Курапаты — дарога смерці» аб растрэлах у прыгарадзе Мінска тысяч мірных грамадзян у сталінскую эпоху. Масавая дэманстрацыя памяці ахвяр сталінізму («Дзяды-88») 30.10.1988 была разагнаная ўладамі з ужываннем дубінак і слёзатачывых газаў. Вынікам стаў рост апазіцыйных настрояў і ўтварэння Аргкамітэта па стварэнні Беларускага народнага фронту, начале якога стаў З. Пазняк. Старшыня Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» (1989—1999) і партыі БНФ (1993—1999).

Пазней Зянон Пазняк сказаў:[1]

"

Дачыненьні з электаратам у той час складаліся такім чынам, што калі не казаць праўду, то трэба было казаць хлусьню. Фронт адкінуў КПСС і здабыў Незалежнасьць краіны на ідэях праўды, служэньня народу і Айчыне.

Праціўнікі Фронту стаялі на ідэях СССР, КПСС, калгасаў і супраць незалежнасьці краіны.

"

Ужо ў першым туры выбараў 4 сакавіка 1990 года абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. З мая 1990 па студзень 1996 — дэпутат Вярхоўнага Савета XII склікання, кіраўнік апазіцыі БНФ. Дабіваўся адкрыцця праўды пра маштабы Чарнобыльскай катастрофы, зацвярджэнню бел-чырвона-белага сцяга і герба Пагоні як дзяржаўных сімвалаў, удзельнічаў у распрацоўцы сацыяльна-эканамічнага заканадаўства. У 1992 пад кіраўніцтвам З. Пазняка фракцыяй БНФ у ВС РБ створана Канцэпцыя эканамічнага развіцця Беларусі[2].

У 1994 годзе Зянон Пазняк ажаніўся з аднапартыйкай Галінай Вашчанка. Для 50-гадовага Пазняка гэта быў першы шлюб.

Вынікі Зянона Пазняка на выбарах прэзідэнта Беларусі 1994 года

З. Пазняк вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах 1994 года, атрымаў у першым туры 12,82 % галасоў, заняўшы трэцяе месца, і не трапіў у другі тур.

У студзені 1995 года, пасля ўварвання расійскіх войскаў у Чачню, апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце выступіла ў падтрымку народа Чачні. Наваабраны Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў адказ заявіў, што Зянон Пазняк заклікае беларусаў ехаць ваяваць. Апошні падаў у суд, Вярхоўны Суд прызнаў рацыю Пазняка і абавязаў Лукашэнку абвергнуць сказанае і выбачыцца; зроблена гэта не было[3].

Напярэдадні рэфэрэндуму 1995 года, які быў ініцыяваны прэзідэнтам А. Лукашэнкам і тычыўся пазбаўлення «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга статусу дзяржаўных сімваляў, а беларускай мовы — статусу адзінай дзяржаўнай мовы, эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і права прэзідэнта распускаць парламент, дэпутаты апазіцыі БНФ абвясцілі галадоўку на знак пратэсту. Уначы з 11 на 12 красавіка яны былі гвалтоўна выдаленыя з будынку Вярхоўнага Савета. Як згадвае яго паплечнік, былы дэпутат Сяргей Навумчык: «Пазьняка ўдарылі нагой у грудзі, выціскалі вочы, білі аб сьцяну»[4].

На парламенцкіх выбарах у маі 1995 года балатаваўся па Ангарскай акрузе ў г. Мінску. Прайграў у другім туры і не атрымаў дэпутацкі мандат[5].

На парламенцкіх выбарах у лістападзе 1995 года балатаваўся ў г. Смаргонь. Паводле афіцыйных дадзеных набраў 47 % галасоў, ягоны супернік — 40 %, але 13 % прагаласавалі супраць абодвух кандыдатаў, і выбары не адбыліся[6].

У сакавіку 1996, пазбягаючы магчымага арышту, пакінуў Беларусь разам з Сяргеем Навумчыкам, праз месяц вярнуўся ў Мінск на Чарнобыльскі шлях-96, затым зноў пакінуў краіну. Некаторы час знаходзіўся ва Украіне, Чэхіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, пасля быў запрошаны ў ЗША, дзе ўрадам яму 24 жніўня 1996 дадзены палітычны прытулак. У эміграцыі займаецца палітычнай дзейнасцю, сустракаецца з грамадскасцю і журналістамі розных краін. Жыве з сям’ёй у Варшаве (Польшча). З 1996 выдае ў Варшаве бюлетэнь «Беларускія ведамасьці».

З. Пазняк вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах 1999 года, якія прызначылі дэпутаты Вярхоўнага Савета, верныя Канстытуцыі 1994 года. Але фактычна выбары не адбыліся. Восенню 1999 года крызіс, які ўзнік пасля вострай крытыкі Зянона Пазняка на адрас старшыні ЦВК Віктара Ганчара, скончыўся расколам БНФ на дзве структуры: партыю БНФ пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі і Кансерватыўна-Хрысціянскую партыю — БНФ на чале з Зянонам Пазняком.

Для прадухілення небяспекі, якая навісла ў гэты час над Курапатамі, Зянон Пазняк заклікаў да стварэння Народнага Мемарыялу і прапанаваў ідэю Крыжовага шэсця на Дзяды. Канцэпцыя Мемарыялу — тэхналогія, колькасць і размяшчэнне крыжоў — абмяркоўвалася ў лютым-сакавіку 2000 года, у тым жа годзе адбылося першае Крыжовае шэсце.

15.6.2001 была зарэгістравана ініцыятыўная група па зборы подпісаў для вылучэння яго кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у колькасці 1429 чал., кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Папкоў. Паводле звестак выбарчых штабоў, ініцыятыўная група З. Пазняка сабрала 104 600 подпісаў, але частка іх згубілася з-за таго, што подпісы рэгістравалі ў раёнах, дзе яны былі сабраныя, а не па месцы жыхарства іх уладальнікаў. У выніку ЦВК зарэгістравала толькі 75 818 подпісаў[7], а З. Пазняк заклікаў сваіх прыхільнікаў нікога не падтрымліваць.

21.12.2005 ініцыятыўная група лідара Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ па вылучэнні яго ў кандыдаты ў прэзідэнты падала спісы на рэгістрацыю. «Юридически г-н Позняк не имеет права принимать участие в данных президентских выборах», — заявіла Старшыня Цэнтрвыбаркама Л. Ярмошына. У склад ініцыятыўнай групы, якую ўзначаліў намеснік старшыні партыі С. Папкоў, уваходзіла 2405 чал. 26.1.2006 З. Пазняк заявіў, што яго ініцыятыўная група не будзе здаваць сабраныя подпісы. «У гэтай сітуацыі, калі маёй групе арганізавалі міліцэйскае пераследаванне, і мяне не будуць рэгістраваць па палітычных чынніках, мы не можам аддаваць адрасы і пашпартныя дадзеныя маіх прыхільнікаў у лапы гэтых марыянетак, каб людзей потым пераследвалі або выганялі з працы», — заявіў З. Пазняк.

Зянон Пазняк пасярод беларускіх студэнтаў у Варшаве, 15 верасня 2011

Пад яго кіраўніцтвам калектывам палітыкаў і спецыялістаў у 2017 годзе распрацавана праграма «Вольная Беларусь» як праект новай Беларусі[8].

Каментуючы тэму свайго магчымага вяртання на Беларусь, Зянон Пазняк заявіў, што Аляксандр Лукашэнка не змяняецца, і «прыезд Пазняка ў ягоны гэбісцкі калгас азначаў бы прызнанне ляяльнасці ягонай душагубкі і маральную капітуляцыю беларускага Адраджэння»[1].

У 2019 годзе ў звароце да дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларусі XII і XIII скліканняў Зянон Пазняк адзначыў, што народ пазбаўлены правоў чужароднай уладай. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на пагрозу беларускай незалежнасці і суверэнітэту з боку пуцінскай Расіі[9]. Галоўную задачу беларускай нацыі ён сфармуляваў так: «абараніць, захаваць, умацаваць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі»[1].

Навукова-даследчыцкая дзейнасць

Даследаваў археалогію і архітэктуру сярэдневяковых гарадоў і мястэчак Беларусі, беларускае мастацтва і мастацкую культуру, займаўся тэорыяй і практыкай аховы і аднаўлення культурна-гістарычнай спадчыны Мінска. Праводзіў раскопкі ў Мінску, Мядзеле, Лоску (Валожынскі раён), Суботніках (Іўеўскі раён), Курапатах пад Мінскам і інш. Аўтар кніг па мастацтву і архітэктуры.

Літаратурная і мастацкая творчасць

Зянон Пазняк чытае «Лісты з-пад шыбеніцы» К. Каліноўскага падчас Беларускай дыктоўкі ў Варшаве, 28 лютага 2013

Выдаў некалькі зборнікаў паэзіі і фотаальбомаў.

Узнагароды

Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі[10].

Ацэнкі

Зянон Пазняк, Варшава, 2011

Беларускі палітык і дыпламат Пётр Садоўскі называе Зянона Пазняка галоўным героем таго часу, калі здабывалася беларуская незалежнасць[11].

Пісьменніца Святлана Алексіевіч сказала, што Зянон Пазняк у эміграцыі «мае справу не з рэальнай Беларуссю, а з той, якая ў яго ў галаве»[12].

Галоўны рэдактар часопіса ARCHE Валерый Булгакаў заўважыў, што рыторыка Зянона Пазняка фактычна не змяняецца з канца 1980-х[13].

Бібліяграфія

Зноскі

  1. 1 2 3 svaboda.org
  2. Апублікавана ў «Народнай газеце» ад 16 красавіка 1992.
  3. nashaniva.by
  4. Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
  5. Вопреки очевидности/Владимир Мацкевич. — Невский простор, 2006. — 210 с. — с.78-80
  6. Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015. — С. 264
  7. http://rec.gov.by/sites/default/files/pdf/Archive-Elections-PRB2001-Soob3.pdf Архівавана 9 снежня 2017. Сообщение об итогах выдвижения гражданами Республики Беларусь кандидатов в Президенты Республики Беларусь(по результатам заседания Центральной комиссии 8 августа 2001 года)
  8. news.tut.by Архівавана 26 верасня 2019.
  9. svaboda.org
  10. Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100
  11. svaboda.org
  12. belsat.eu
  13. gazeta.arche.by Архівавана 28 чэрвеня 2020.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (24):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Паэты Беларусі
Нарадзіліся 24 красавіка
Узнагароджаныя медалём да стагоддзя БНР
Кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі (1994)
Супрацоўнікі ІМЭФ НАНБ
Нарадзіліся ў Іўеўскім раёне
Нарадзіліся ў Суботніках
Актывісты супраць русіфікацыі
Члены Беларускага народнага фронту
Члены Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі — БНФ
Кандыдаты мастацтвазнаўства
Нарадзіліся ў 1944 годзе
Палітыкі Беларусі
Дысідэнты Беларусі
Дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання
Грамадскія дзеячы Беларусі
Выпускнікі Беларускай акадэміі мастацтваў
Палітычныя эмігранты
Мастацтвазнаўцы Беларусі
Археолагі Беларусі
Пісьменнікі Беларусі
Вікіпедыя:Біяграфіі сучаснікаў
Асобы