Бара́навіцкі раё́н — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Брэсцкай вобласці Беларусі. Утвораны 15 студзеня 1940 года як Навамышскі, у 1957 годзе быў перайменаваны ў Баранавіцкі раён[5]. У сучасных межах існуе з 1962. Плошча 2,2 тыс. км². Працягласць з захаду на ўсход — 71 км, з поўначы на поўдзень — 100 км. Адміністрацыйны цэнтр — горад Баранавічы.
Раён уключае г. п. Гарадзішча, 240 населеных пунктаў, 14 сельскіх саветаў: Велікалуцкі, Вольнаўскі, Гарадзішчанскі, Жамчужненскі, Крошынскі, Ляснянскі, Малахавецкі, Маўчадскі, Мілавідскі, Навамышскі, Падгорнаўскі, Палонкаўскі, Пачапаўскі і Сталовіцкі.
Большая частка раёна размешчана на Баранавіцкай раўніне, паўночная частка — на схіле Навагрудскага ўзвышша. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, пераважаюць вышыні 180—240 м. Самы высокі пункт раёна 267 м знаходзіцца каля в. Зялёная.
Найбольшая рака — Шчара з прытокамі Мышанка, Лахазва, Іса, на поўначы — р. Сэрвач, на паўночным захадзе — Моўчадзь. Створана вадасховішча Гаць. Ёсць азёры Калдычэўскае, Дамашэўскае, Грэнкі.
Лясы займаюць 33 % тэрыторыі. Пад балотамі 18,7 тыс. га, амаль усе нізінныя, часткова асушаныя.
На тэрыторыі раёна знаходзяцца частка біялагічнага заказніка Баранавіцкі, Моўчадскае насаджэнне еўрапейскай лістоўніцы. Ахоўваецца помнік прыроды Карчоўскія дубы-блізняты.
Агульная плошча сельска-гаспадарчых угоддзяў 117 тыс. га, з іх асушаных 18,6 тыс. га.
Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя глебы.
Карысныя выкапні: торф, будаўнічыя пяскі, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял.
Сярэдняя тэмпература студзеня -6,1 °С, ліпеня 18 °С. Ападкаў 630 мм за год. Вегетацыйны перыяд 193 дні.
8 красавіка 1957 года Навамышскі раён перайменаваны ў Баранавіцкі. 14 кастрычніка 1957 года да раёна далучаны Гавінавіцкі і Мілавідскі сельсаветы скасаванага Быценскага раёна. 17 лістапада 1959 года скасаваны Балабанавіцкі і Лотвіцкі сельсаветы. 22 сакавіка 1962 года Люшнеўскі сельсавет перайменаваны ў Перхавіцкі, скасаваны Лаўрынавіцкі сельсавет. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Гарадзішча, Велікасельскі, Вольнаўскі, Гірмантаўскі, Душкавецкі, Карчоўскі, Крошынскі, Маўчадскі, Мядзеневіцкі, Падлясейскі, Пачапаўскі, Савіцкі, Сталовіцкі сельсаветы скасаванага Гарадзішчанскага раёна. 1 жніўня 1964 года Гавінавіцкі сельсавет перайменаваны ў Падгорнаўскі, у 1965 годзе Чэшаўленскі сельсавет — у Цешаўлянскі. 19 студзеня 1965 года скасаваны Велікасельскі сельсавет. 21 студзеня 1971 года Душкавецкі сельсавет перайменаваны ў Зялёнаўскі. 17 лютага 1975 года скасаваны Гірмантаўскі сельсавет. 6 жніўня 1979 года Гірмантаўскі сельсавет утвораны зноў, а Зялёнаўскі сельсавет скасаваны. 18 сакавіка 1985 года ўтвораны Жамчужненскі сельсавет, скасаваны Перхавіцкі сельсавет. 15 сакавіка 1986 года Мядзеневіцкі сельсавет скасаваны. 21 ліпеня 1986 года Савіцкі сельсавет перайменаваны ў Петкавіцкі, утвораны Паланечкаўскі сельсавет. 19 студзеня 1987 года скасаваны Падлясейскі сельсавет, адноўлены Мядзеневіцкі сельсавет. 26 чэрвеня 2013 года скасаваны Гірмантаўскі, Карчоўскі, Каўпеніцкі, Мядзеневіцкі, Паланечкаўскі, Петкавіцкі, Уцёскі і Цешаўлянскі сельсаветы, Гарадзішчанскі пассавет рэарганізаваны ў Гарадзішчанскі сельсавет[6].
Колькасць насельніцтва:
На працягу 1990-х гг. колькасць насельніцтва скарачалася.
Нацыянальны склад насельніцтва (1999): беларусы — 83,1 %, палякі — 9,0 %, рускія — 6,0 %, іншыя — 1,9 %.
Асноўныя галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля (буйная рагатая жывёла, свінагадоўля, авечкагадоўля), птушкагадоўля, бульбаводства. Вырошчваюць цукровыя буракі, збожжавыя культуры, лён, агародніну.
Прамысловасць раёна прадстаўлена прадпрыемствамі паліўнай (брыкет), дрэваапрацоўчай (піламатэрыялы, зрубы садовых домікаў), харчовай галіны.
У сістэме адукацыі раёна 19 дашкольных устаноў, 20 сярэднеагульнаадукацыйных школ, 10 базавых школ, дзіцячая спартыўная школа. Дзейнічаюць тэхналагічны тэхнмкум і тэхнікум лёгкай прамысловасці, медыцынскае, педагагічнае і музычнае вучылішчы, ПТВ.
Працуюць 67 бібліятэк, 5 бальніц.
Зоны адпачынку:
Па тэрыторыі раёна праходзяць чыгункі Масква — Мінск — Брэст, Вільнюс — Лунінец, Магілёў — Ваўкавыск — Асіповічы, аўтамабільныя дарогі Масква — Брэст, Кобрын — Івацэвічы — Стоўбцы, Баранавічы — Слонім — Гродна, Баранавічы — Палонка — Слонім, з Баранавічаў на Навагрудак, Ляхавічы, Нясвіж.
Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Баранавіцкага раёна
Крыжаўзвіжанская царква і Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі Ружанцовай (18 ст.) у г.п. Гарадзішча
Троіцкі касцёл у в. Ішкалдзь
Мемарыяльная капліца на месцы Мілавідскай бітвы 1863 каля в. Мілавіды
Паштовая станцыя ў в. Мілавіды
Царква ў імя святога прападобнага Сергія Раданежскага ў в. Мілавіды
Праабражэнскі касцёл (пач. 19 ст.) і Праабражэнская царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Новая Мыш
Свята-Антоніеўская царква ў в. Падгорная
Палац кн. Канстанціна Радзівіла (канец 18 ст. — пач. 19 ст.) і Юр’еўскі касцёл (19 ст.) у в. Паланечка
Свята-Пакроўская царква і Свята-Мікалаеўская царква ў в. Пачапава
Касцёл Сэрца Ісуса (19—20 ст.) і царква Іаана Хрысціцеля (18 ст.) у в. Сталовічы
Царква Святой велікамучаніцы Параскевы Пятніцы ў в. Чэрніхава
Палац Лашкевічаў (19 ст.) у вёсцы Стайкі