wd wp Пошук:

Шчара

Шча́ра (афіц. транс.: Ščara) — рака ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях Беларусі, левы прыток р. Нёман. Даўжыня 325 км. Вадазбор 6730 км²[1]. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,2 . Агульнае падзенне ракі 77,7 м.

Паходжанне назвы

Паводле Казіміра Бугі, назва балцкая, ён параўноўвае яе з прускім гідронімам Skara і далей да літоўскага skaras «шпаркі».[2]

Агульнае

Пачынаецца на Навагрудскім узвышшы з возера Калдычава, упадае ў раку Нёман за 2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Дашкаўцы Мастоўскага раёна. Суднаходная ад аграгарадка Быцень (за 155 км ад вусця) у паўнаводны перыяд. Праз Выганашчанскае возера злучана Агінскім каналам з ракой Ясельдай (басейн Прыпяці).

Веснавое разводдзе пачынаецца ў пачатку сакавіка і доўжыцца ў сярэднім 65—80 сутак; ускладняецца нераўнамернасцю снегараставання і выпадзеннем дажджоў. Сярэдняе перавышэнне найвышэйшага ўзроўню над летне-асенняй межанню 1,8 м. Замярзае ў канцы снежня (найбольшая таўшчыня лёду 40—65 см), крыгалом у сярэдзіне сакавіка.

Паводле будовы даліны, рэчышча і ўмоў працякання Шчара падзяляецца на 2 участкі. Ад вытоку да ўпадзення р. Грыўда даліна трапецападобная (шырыня 1,5 км), са стромкімі схіламі вышынёй 15—20 м, пойма нізкая, забалочаная і купістая, перасечана асушальнымі каналамі. Шырыня разліву ад 200 м да 3 км. Ад вусця Агінскага канала пойма парэзана сеткай каналаў, па якіх (і па Агінскім канале) у веснавое разводдзе адбываецца пераліў вады з Шчары ў возера Выганашчанскае.

Рэчышча звілістае, акрамя каналізаваных участкаў у вытоку і перад упадзеннем Грыўды; яго шырыня 15—30 м, месцамі да 60 м. Берагі нізкія, пераважна тарфяністыя. На ўчастку ад упадзення р. Грыўда да вусця даліна трапецападобная, яе шырыня 3—5 км. Схілы стромкія, вышынёй 10—20 м, месцамі 35—40, у ніжнім цячэнні спадзістыя. Пойма забалочаная, яе шырыня ў пачатку ўчастка 1,5 — 2,5 км, у сярэдняй частцы 0,5—0,8 км, у ніжняй 50—300 м.

Асноўныя прытокі

Правыя: Ліпнянка, Мышанка, Лахазва, Іса, Воленка, Бярэзніца, Пад’яварка, Артычанка, Смалянка, Трыцаўка. Левыя: Ведзьма, Грыўда, Луконіца, Сіпа, Бабачка, Свідроўка.

На рацэ

Гарады: Слонім. Вадасховішчы: Даманаўскае (у сутоках з р. Грыўда), Чамялынскае. ГЭС: Мініцкая ГЭС. Зоны адпачыну: Шчара (на поўдзень ад г. Ляхавічы).

Геалогія

Шчара пачынаецца ў паніжэнні рэльефу паміж Навагрудскім і Капыльскім узвышшамі і працягваецца з поўначы на ​​поўдзень у напрамку да р. Ясельды (Палессе). Гэта старажытнае рэчышча існавала да вызвалення Нёманскай нізіны ад ледавіковага покрыва, што дазволіла вадацёкам павярнуць у бок Балтыйскага мора. На ўчастку скразной даліны Шчара заварочвае пад прамым вуглом, перахапляе вусце р. Мышанкі і з дапамогай рэгрэсіўнай эрозіі паварочвае на поўнач — паўночны захад да Слонімскаага ўзвышша. Працяг старажытнага мерыдыянальнага адрэзка Шчары разам з Выганашчанскім возерам паслужыў асноўным напрамкам Агінскага (Днепра-Нёманскага) канала.

Зноскі

  1. Основные характеристики речных бассейнов (с площадью водосбора ≥ 200 км²) Гродненской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь»
  2. K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1958. — P. 530.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Прытокі Нёмана
Катэгорыя·Рэкі Дзятлаўскага раёна
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Рэкі Баранавіцкага раёна
Катэгорыя·Рэкі Мастоўскага раёна
Катэгорыя·Рэкі Слонімскага раёна
Катэгорыя·Рэкі Ляхавіцкага раёна
Катэгорыя·Рэкі Івацэвіцкага раёна
Катэгорыя·Рэкі паводле алфавіта
Катэгорыя·Шчара