Прэмія «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці» (англ.: Civil Society Champions award) — штогадовая прэмія, якой адзначаюцца найбольш значныя, выбітныя і яскравыя асобы, арганізацыі і падзеі знакавыя для развіцця беларускага трэцяга сектара. Прэмія заснавана Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі (далей — Асамблея НДА) у 2009 годзе. Першая цырымонія ўзнагароджання адбылася 23 снежня 2009 года ў Мінску.[1]
Ідэя — адзначыць найбольш паспяховыя рэалізаваныя крэатыўныя ідэі ў грамадскім сектары, вызначыць усе цікавыя падзеі года ў жыцці грамадзянскай супольнасці і прыцягнуць да іх увагу беларускага грамадства.[2]
Пералік намінацый прэміі вызначаецца Праўленнем Асамблеі НДА. Сябры Рабочай групы Асамблеі НДА прапаноўваюць кандыдатаў на кожную намінацыю з абгрунтаваннем яе вылучэння. Шорт-ліст складае Праўленне. Максімальная колькасць намінантаў па кожнай намінацыі 7. За пераможцаў галасуюць сябры Рабочай групы, кіраўнікі і эксперты ўплывовых беларускіх грамадскіх аб’яднанняў, лаўрэаты прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці» мінулых гадоў. Галасаваць можна толькі за адну кандыдатуру ў кожнай намінацыі. Пераможцам абвяшчаецца кандыдат, які набраў найбольшую колькасць галасоў. Вынікі галасавання зацвярджаюцца Праўленнем Асамблеі НДА.[3]
23 снежня 2009 года ўпершыню адбылася нефармальная цырымонія ўзнагароджання найбольш выбітных грамадскіх ініцыятыў ды кампаній.
21 лютага 2011 года ў Галерэі «Ў» прадстаўнікі Асамблеі НДА адзначылі найбольш значныя ў 2010 годзе ініцыятывы. 2010 год прайшоў пад знакам прэзідэнцкай кампаніі. Аднак, грамадскія ініцыятывы і аб’яднанні спраўна дзейнічалі ў неспрыяльных умовах. 19 снежня 2010 адбыўся жорсткі разгон акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў, шэраг палітыкаў, грамадскіх актывістаў, журналістаў апынуліся ў турмах.[10] Салідарнасць і ўзаемную павагу можна адзначыць як асноўны прынцып дзейнасці трэцяга сектару ў 2010 годзе.
Цырымонія ўзнагароджання прайшла 7 лютага 2012 года ў Мінску ў «Арт-сядзібе». Пераможцы атрымалі ганаровыя дыпломы і гадзіннікі з выяваю персанажу Вож Проста Вож.
1 лютага 2013 года ў Мінску ў кнігарні «Логвінаў» адбылася цырымонія ўзнагароджання.
23 снежня 2013 года ў памяшканні «Арт Сядзібы» адбылася пятая штогадовая цырымонія ўручэння прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці». Сёлета паступіла рэкордная колькасць прапановаў па кожнай намінацыі — агулам больш за 160 прапановаў.
13 студзеня 2015 года ў Арт Сядзібе прайшла шостая цырымонія ўручэння прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці». Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый адзначыла выбітныя і яскравыя акцыі ў грамадскім сектары за 2014 год. Сёлета ў журы ўвайшло 100 чалавек з ліку лідараў трэцяга сектару, мінулагодніх пераможцаў і журналістаў, якія стала пішуць пра НДА.
15 студзеня 2016 года Асамблея зладзіла сёмую цырымонію ўганаравання пераможцаў прэміі «Чэмпіёны грамадзянcкай супольнасці», каб адзначыць лідараў і найбольш значныя падзеі трэцяга сектару за мінулы год. Журы складалася з 114 грамадскіх лідараў, экспертаў, журналістаў і пераможцаў мінулых гадоў, з якіх за намінантаў прагаласавала 75 чалавек.
23 снежня 2016 года ў Мінску прайшла восьмая цырымонія ўручэння прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці». Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый адзначыла найбольш выдатныя і яскравыя падзеі ў грамадскім сектары за бягучы год. Журы складалася з 116 грамадскіх лідараў, экспертаў, журналістаў і пераможцаў мінулых гадоў, а лонг-ліст намінантаў сёлета склаў 166 прапаноў.
21 снежня 2017 года Асамблея НДА зладзіла дзявятую цырымонію ўганаравання пераможцаў прэміі «Чэмпіёны грамадзянcкай супольнасці», каб адзначыць выбітных асобаў і важныя падзеі трэцяга сэктара Беларусі ў 2017 годзе. Журы складалася з 110 грамадcкіх лідараў, экспертаў, журналістаў і пераможцаў мінулых гадоў, з якіх за намінантаў прагаласавала 90 чалавек.
У чацвер 10 студзеня 2019 года ў культурніцкай прасторы «Корпус» у Мінску назвалі пераможцаў прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці». Дзясяты раз яе ўручала Асамблея НДА. У шорт-лісце было 57 намінантаў, а ў журы — 112 грамадскіх лідараў, экспэртаў і журналістаў з усёй Беларусі.
9 студзеня ў мінскім клубе «Брюгге» адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці-2019». Асамблея НДА ў адзінаццаты раз адзначыла асоб і важныя падзеі грамадскага сектару. Сёлета ў журы была рэкордная колькасць грамадскіх лідараў, экспертаў, журналістаў і пераможцаў мінулых гадоў — агулам 150 чалавек.